Тышкевіч: «Ключавая задача для прапаганды на гэты год — каб Лукашэнку ўспрымалі хаця б як найменшае зло»
Аналітык — пра будучыню незалежных медыя і прапаганды.
Гэты тыдзень пачаўся з чарговага гучнага судовага працэсу — больш чым праз паўтара года пасля затрымання пачалі судзіць супрацоўнікаў «T*T.BY»: галоўную рэдактарку Марыну Золатаву, гендырэктарку Людмілу Чэкіну, рэдактарку Вольгу Лойка, журналістку Алену Талкачову і юрыстку Кацярыну Ткачэнка.
Пасля пагрому партала ў траўні 2021 года і затрыманняў дагэтуль за кратамі застаюцца Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Астатнія супрацоўнікі правялі ў няволі розны час, былі выпушчаны да суда і пакінулі краіну.
Вядома, што Людмілу і Марыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса кожную, максімальнае пакаранне па якіх прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
У сваім звароце рэдакцыя назвала гэты працэс сюррэалістычным, «фінальным рыўком па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць, дзе сапраўдныя навіны — гэта зло».
Аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч, аналізуючы тое, што адбываецца, згадзіўся, што працэс па «справе T*T.BY» сапраўды з’яўляецца фінальным у шэрагу судоў над незалежнымі медыя.
Наогул пра расправу над вольнымі СМІ і задачы прапаганды аналітык распавёў «Филину». Таксама ён прадставіў свой прагноз перамен у медыяпрасторы краіны. На жаль, не аптымістычны.
— Працэс над «T*T.BY» — гэта не проста адзін з працэсаў над журналістамі. Была палітычная воля і неабходнасць знішчыць медыярэсурсы, якія могуць служыць інфармацыйнымі масткамі між рознымі групамі беларускага грамадства. І гэта было зроблена. А калі журналістаў пасадзілі за краты, іх мусяць асудзіць. І ў дадзеным выпадку тое, што адбываецца, лагічна, як бы цынічна гэта не гучала.
У момант разгрому рэдакцыі з яе рабілі ўзорна-паказальны рэсурс, які быццам бы нанёс нейкую шкоду. Адпаведна, наўрад ці тут трэба чакаць умоўныя тэрміны.
— За два гады былі асуджаны амаль усе астатнія журналісты, якіх затрымлівалі і да, і пасля. Чаму так доўга цягнулі з гэтым працэсам?
— Па іншых выданнях усё ж ключавым быў пераслед журналістаў пасля забароны выдання. З «T*T.BY» задача была іншая — паспрабаваць зачысціць поле незалежных медыя.
Таму гэты працэс меўся быць адным з апошніх, фінальных, такая ўмоўная кропка. Таму так доўга не было суда. Зыходзячы з гэтага, будзе падавацца і лінія абвінавачання. Зыходзячы з гэтага, будуць і прысуды.
Паўтару, што ўмоўныя тэрміны наўрад ці будуць. Самае лёгкае, што можа быць, гэта тэрміны, якія адпавядаюць іх знаходжанню ў СІЗА. Але я больш схільны думаць, што, на жаль, прысуды будуць жорсткімі.
— Што далей будзе адбывацца з незалежнымі медыя, чаго нам чакаць?
— Будуць далей ціснуць, тут пытанне і логікі ўнутрыпалітычнага крызісу ў краіне, і вайны, і таго, што ў Беларусі стаяць расійскія войскі. Таму ў бліжэйшыя паўгода пэўны ціск будзе.
Але далей узнікае пытанне: што ўлады могуць прапанаваць замест знішчанага? Таму што Лукашэнка вымушаны будзе ў пэўнай меры ажыўляць палітычны працэс. І тут гуляць у паслабленні для свабоды прэсы яму не хочацца, таму лагічна было б стварыць нейкі проксі-рэсурс, быццам бы незалежны.
Таму мне здаецца, што ўлады будуць спрабаваць раскруціць такія «незалежныя» новыя пляцоўкі, якія, безумоўна, не будуць мець нічога агульнага з незалежнай прэсай.
— Таксама неаднаразова агучвалі планы стварыць медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы.
— Гэта іншая справа. Тут пытанне ў тым ліку гульні і на расійскае, і на беларускае інфармацыйнае поле. Таму што ў беларускай інфармацыйнай прасторы электаральнае ядро Лукашэнкі глядзіць БТ альбо расійскія каналы.
Нейкім чынам абмяжоўваць апошнія не зусім хочацца і страшна. Давайце ўзгадаем, што расійскія медыя досыць доўга ў Беларусі ішлі ў запісе і таксама падчышчаліся. Да такой практыкі ва ўмовах аўтакратыі вяртацца лагічна, але не з Расіяй.
У той жа час медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы, з аднаго боку, гэта спроба пашырыць сваё поле, а з другога боку, гэта спроба згуляць на такім жа самым полі. Памятаеце, першы лозунг беларускага АНТ быў «не вместо, а вместе». Тады спачатку яны бралі кантэнт расійскага «Першага канала» і рабілі свае навіны, потым дадавалі болей і болей свайго.
І медыяхолдынг можа быць такой жа спробай: пачынаючы з лозунгу «не вместо, а вместе», далей трымаць рэдакцыйную палітыку ўсё ж такі пад сваім уплывам.
Здаецца, што ўплыў афіцыйнага Мінска на тую ж рэдакцыю ТРК «Мир» на парадак большы, чым на любое з прадстаўніцтваў расійскіх медыя ў Беларусі.
Беларуская прапаганда спрабуе паўтараць базавы набор расійскіх тэмнікаў, умоўна кажучы, працаваць па расійскіх шпаргалках — гэта натуральна ёсць. Іншая справа, што Мінску хацелася б уключыць сваё, месцамі змяняць нейкія акцэнты і, у тым ліку, спрабаваць працаваць і на расійскае інфармацыйнае поле.
Таму што па стане на сёння ідзе гульня ў адну браму: Расія пастаўляе кантэнт у Беларусь, а з Беларусі на расійскі рынак кантэнту наўпрост не патрабуюць.
ТРК «Мир» — адзін з нешматлікіх рэсурсаў, што хаця б тэарэтычна мае распаўсюджанне як у Беларусі, так і быццам бы ў Расіі. І для афіцыйнага Мінска лагічна шукаць выхад на расійскае інфармацыйнае поле, каб хаця б мінімальна прысутнічаць там не праз пасрэднікаў у выглядзе агенцтваў навін, а якраз праз такі холдынг са значна большай мерай свайго ўплыву.
Але гэты холдынг не будзе адрознівацца ад прапаганды. Гэта будзе прапаганда, толькі з іншымі акцэнтамі. У цяперашняй Беларусі дзяржаўныя медыя як мінімум яшчэ некалькі гадоў будуць працаваць у вельмі жорсткіх прапагандысцкіх рамках.
— Што значыць «некалькі гадоў»? Вы ўпэўнены, што яны захаваюцца некалькі гадоў?
— Давайце разважаць лагічна. Да заканчэння вайны ва Украіне Лукашэнка ў той ці іншай меры, верагодней за ўсё, уседзіць на сваім месцы.
Пры гэтым 2023 год мы можам назваць электаральным, таму што ў пачатку 2024-га павінны адбыцца выбары (плануецца абраць дэпутатаў усіх узроўняў і вылучыць дэлегатаў на УНС – С.), але рэальна ўсю інфраструктуру трэба падрыхтаваць у гэтым годзе, я маю на ўвазе закон аб выбарах, паспрабаваць штосьці зрабіць з палітычнымі партыямі і г.д.
Зараз для беларускай улады задача — выйсці з пасткі, умоўна кажучы, былой падтрымкі. Бо ў іх атрымалася не дапусціць разрастання пратэснай падтрымкі, але пры гэтым яны не выраслі і самі.
Старыя медыяпрыёмы ўжо не працуюць. Патрэбны нейкія новыя медыя, новыя падыходы, каб выйсці на іншыя групы беларускага грамадства, таму што яно зараз сегментаванае.
Ключавая задача пры гэтым — каб Лукашэнку ўспрымалі хаця б як найменшае зло.
У чалавека ёсць дзве вельмі моцныя эмоцыі — страх і надзея. Страх і адсутнасць надзеі згулялі з Лукашэнкам у 2020 годзе злы жарт. Фактычна ён сам загнаў краіну ў пастку страху. Напачатку быў страх перад кавідам, была завалена камунікацыя і было незразумела, як дзейнічаюць беларускія ўлады. Гэта прывяло да пэўнай актывізацыі значнай часткі грамадства.
Пасля была электаральная кампанія і зноў незразумелыя паводзіны Лукашэнкі — і страх перад тым, што будзе, калі ён застанецца далей. Страх зрабіў сваю справу: людзі ў значнай меры прагаласавалі супраць Лукашэнкі.
Пасля быў страх ягоных прыхільнікаў, а потым Лукашэнка рэпрэсіямі спрабуе ізноў загнаць людзей у страх. Але вечна жыць у страху немагчыма. Калі чалавека загнаць у кут, ён пачне агрызацца, як і любая жывёла, калі няма куды бегчы далей.
І вось апошнім часам ён пачаў казаць пра мір, пра тое, што мы самі выбіраем сабе будучыню, такім чынам Лукашэнка спрабуе зараз згуляць яшчэ апроч страху на надзеі.
«Нешта стабілізуецца, будзе лепей, нешта будзе ісці да паляпшэння» — хутчэй за ўсё, гэта будуць ключавыя тэзісы 2023 года. Менавіта таму ён абвясціў яго «годом мира и созидания».
— На ваш погляд, ці атрымаецца ў яго пераканаць кагосьці?
— Гэта галоўнае пытанне: ці павераць яму людзі, з’явіцца ў іх надзея ці не. А надзея можа не мець ніякага дачынення да рэальных змен. Але для таго, каб быць больш пераканаўчым, Лукашэнку патрэбна нейкая дэманстрацыя.
Вяртаючыся да медыярынку, адпускаць вольныя незалежныя медыя для яго небяспечна. Але можна паказаць, што пачаўся нейкі палітычны працэс, зʼяўляюцца нейкія новыя магчымасці, новыя сілы, магчыма, новыя медыя.
Вось над гэтым ён будзе працаваць. Пры гэтым прапаганда застанецца, яна будзе раскручвацца далей. І пасля выбараў 2024 года не абавязкова павінна быць адліга.
Але ёсць яшчэ адзін аспект. Калі не ў гэтым, то ў наступным годзе вайна ва Украіне скончыцца альбо выйдзе на фінішную прамую. І тады ўстане пытанне, хто з чым выходзіць з гэтай вайны.
Калі Лукашэнка да апошняга будзе трымацца за Пуціна, а Расія пацерпіць паражэнне, перад ім устане задача ўтрымаць інфармацыйнае поле, каб утрымацца самому альбо правесці мяккі транзіт улады — чалавеку, якога ён абярэ сам.
Гэта будзе азначаць, што ўвесь 2024 год прапаганда будзе працаваць у поўнай меры на выбары ў 2025‑м, таму што без гэтага нічога не атрымаецца.
Калі Лукашэнка вырашыць згуляць у пацяпленне з Захадам ці проста захоча адмежавацца ад Расіі, каб захавацца, для гэтага яму трэба будзе паказаць, які ён разумны, што быццам бы захаваў мір. І паказваць гэта ён таксама будзе з дапамогай прапаганды, каб паспрабаваць абрацца нанова.
Даруйце, магчыма, гэта не такі радасны прагноз, але я не бачу перадумоў, каб вось так, па пстрычцы пальцамі, праз паўгода наверсе сказалі: усё, прапаганда, стоп, далей працуем па стандартах журналістыкі.
Адзіны варыянт для прапаганды знікнуць раней, калі ці то ў выпадку вайны, ці то ў выпадку асабістага здароўя з Лукашэнкам нешта здарыцца.
Чытайце яшчэ:
Адціснуць TUT.BY не атрымалася, але мары пра нейкі «моцны медыяхолдынг» засталіся
«Кожны вызвалены палітвязень — гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты». Сваякі палітвязняў выпусцілі зварот да міжнародных лідэраў
«Дождь» переезжает из Риги в Амстердам