«Раблю праграмы пра беларусаў у каўказскім рэгіёне»: радыйшчык Андрэй Мялешка пра працу і жыццё пасля экстранага пераезду ў Грузію
Андрэй Мялешка — спецкор «Беларускага Радыё Рацыя», рэдакцыйны офіс якога знаходзіцца ў Польшчы. Пасля ўцёкаў з Беларусі жыве і працуе ў Грузіі. Спадар Мялешка расказаў БАЖ, як трапіў у Батумі, як уладкаваны тут яго побыт і праца і чаму ўсё ж хацеў бы з'ехаць з Грузіі ў Польшчу.
Крыху больш за год журналіст Андрэй Мялешка жыве ў Грузіі. Як Літва і Польшча, гэта краіна, дзякуючы ў многім ліберальнаму візаваму заканадаўству, стала адной з найбольш папулярных для рэлакацыі для тых грамадзян Беларусі, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму праз пераслед з боку рэжыму.
«Адначасова прыйшлі запрашэнні на размову адразу з пяці кантор»
— Андрэй, выезд быў экстранным?
— 21 жніўня 2021 года мяне эвакуіравалі з Беларусі ў Грузію. Падставай стала тое, што мне адначасова прыйшлі запрашэнні на размову адразу з пяці кантор: з падатковай інспекцыі, дэпартамента фінансавых расследаванняў, Следчага камітэта, КДБ і ГУБАЗіКа. Напэўна, усе адразу, каб не сумняваўся ў далейшых кроках.
У пятніцу, 20 жніўня, прыйшлі запрашэнні на панядзелак — 23 жніўня. А ўжо 21-га я быў у Грузіі, прыляцеў адразу ў Батумі.
— Чаму апынуўся ў Грузіі? Наколькі я ведаю, у той час, калі выязджаў, у цябе была яшчэ дзейная польская віза.
— Візу меў, гэта так, але ў той час (з прычыны абмежаванняў на перасячэнне межаў праз пандэмію COVID-19, турыстычны выезд быў забаронены, — рэд.) прыезд на заходнюю мяжу можна было прыраўняць да паходу да спецслужбаў са зразумелым вынікам.
— Экстранны выезд — гэта заўсёды вельмі складана і напружана. Бярэш мінімум рэчаў, не паспяваеш загадзя знайсці месца, дзе будзеш жыць у новай краіне, падрыхтавацца да таго, як уладкаваць свой побыт на новым месцы. Калі прыляцеў, ці была тут на месцы адразу дапамога?
— У той час у Батумі была ўжо беларуская дыяспара. Мяне сустракалі яе прадстаўнікі. Прыйшоў нават грузінскі палітык, які і завёз на часовае месца пражывання. Аказалася, што раён дзе мяне спачатку пасялілі, называюць неафіцыйна «батумскім гета» (тэрытарыяльна, хто арыентуецца, гэта раён вуліцы Лермантава, каля самых гор).
Звычайны спальны раён, дзе жывуць мясцовыя жыхары, і дзе турысты не бываюць, ды і экспаты там пераважна не селяцца. Жыў у пяціпавярховым доме на шостым паверсе. Ён проста дабудаваны на версе старога савецкага будынка, у якім да таго ж не было ні дзвярэй у пад’ездах, ні вокнаў… У Батумі, дарэчы, такія з’явы не рэдкасць. Напэўна, таму і асацыяцыі з гета.
Пражыў я ў «батумскім гета» перад тым, як перабрацца ў іншае жытло, месяц. Прыйшоў у сябе пасля пераезду, асвоіўся крыху на новым месцы. І даволі хутка вярнуўся ў строй, стаў наладжваць працу.
Ужо ў верасні прыняў удзел у журналісцкай канферэнцыі ў Тбілісі. І адразу патрапіў у падарожжа амаль на дзесяць дзён па Грузіі і Арменіі разам з армянскімі, нямецкімі і украінскімі журналістамі.
Такі своеасаблівы прэс-тур, і магчымасць не толькі паглядзець на славутасці краін, але і прасякнуць іх каларытам.
«Значная частка маіх тэм тычыцца дапамогі, што аказваюць беларусы ўкраінцам у Грузіі»
— Андрэй, да рэлакацыі ў Грузію ты працаваў на «Беларускім Радыё Рацыя». Як удалося працягнуць працу ў Грузіі?
— Многія незалежныя беларускія журналісты зараз вымушаныя працаваць дыстанцыйна.
Зразумела, расказваць пра Беларусь і падзеі ў нашай краіне, не знаходзячыся ў ёй, не так проста, але магчыма.
Я праз некалькі месяцаў пасля прыезду ў Грузію, змог з’ездзіць у офіс сваёй рэдакцыі «Беларускага Радыё Рацыя» у Беласток. І з калегамі мы дамовіліся, што я магу працаваць у Грузіі як спецыяльны карэспандэнт па каўказскім рэгіёне. Бо беларускіх журналістаў-уцекачоў на той момант у Беластоку было даволі шмат, а ў Грузіі ж таксама беларусы, якія збеглі ад рэжыму, і важна, на мой погляд, каб яны таксама не былі інфармацыйна забытыя. Вырашылі, што я самастойна буду шукаць тэмы ў Грузіі.
— Ці лёгка іх знайсці?
— Гэта было не так ужо і складана, бо, сапраўды, беларусаў у Грузію рэлакавалася нямала. Моцная ж хваля пераезду была і пасля пачатку ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну.
Калі канкрэтна казаць пра тэматыку матэрыялаў, якія я раблю, гэта радыёрэпартажы з мітынгаў і акцый, што праводзяць тут суайчыннікі. А таксама з тых, што арганізуе ўкраінская дыяспара, бо ў іх заўсёды прымаюць удзел беларусы. Салідарнасць і падтрымка зараз вельмі неабходныя.
Многія беларусы, якія вымушана апынуліся зараз за межамі сваёй радзімы, гэта людзі прадпрымальныя, творчыя, крэатыўныя. Яны шмат ладзяць цікавых актыўнасцей і тут, у Грузіі. Штодня я пра іх расказваю: чым займаюцца ў рэлакацыі, якія адкрываюць бізнесы, як ствараюць сумесныя праекты разам з украінцамі. Зразумела, значная частка маіх тэм тычыцца дапамогі, што аказваюць беларусы ўкраінцам у Грузіі.
А калі казаць пра беларускі парадак дня, менавіта пра беларусаў у Беларусі, то у мяне яе, на жаль, засталося не шмат, прыблізна працэнтаў каля 10–15-ці з усіх матэрыялаў. У асноўным яны тычацца калегаў, якія ў Беларусі за кратамі, ці размоў на тэмы, за якія суразмоўцы не сядуць, да прыкладу, культурніцкія праекты. Ёсць, канешне, і матэрыялы, дзе аналізуюцца палітычная сітуацыя, развіццё падзей, але гэта ўжо інтэрв’ю з палітычнымі аглядальнікамі, эканамістамі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, у тым ліку і ў Грузіі.
А яшчэ нядаўна папрасілі расказаць пра баймапку. Гэта такая анлайн-мапа, на якой прадстаўленыя актыўнасці беларусаў па свеце, у тым ліку якія дзе бізнесы адкрываюць.
Такім чынам, кожны дзень я шукаю новыя тэмы, падыходы да іх асвятлення.
А яшчэ, магчыма, з лістапада-снежня буду выкладаць журналістыку для розных людзей, якія жывуць зараз у Грузіі, і для маладых беларускіх журналістаў, што знаходзяцца ў розных краінах.
«Я не бачу перспектывы тут для далейшай журналісцкай працы»
— Здаецца, больш менш уладкаваны зараз побыт. Нарэшце ўдалося перавезці ў Батумі сям’ю. Ёсць жаданне застацца ў Грузіі, бо там лічыцца больш танным пражыванне, ці ўсё ж хацелася б паехаць у іншую краіну?
Жыць у Грузіі больш танна, чым у Еўропе, было, магчыма, да пачатку вайны. З прычыны вялікай колькасці ўкраінскіх уцекачоў ды беларускіх і расійскіх рэлакантаў цэны на жытло ўзляцелі.
А што да працы, то я на гэта гляджу наступным чынам: колькасць беларусаў у Грузіі не павялічваецца, а, наадварот, памяншаецца. Пакуль турыстычны сезон, нямала суайчыннікаў выбіралі Грузію і менавіта Аджарыю, як часовае месца рэлакацыі. Прыемна пажыць пэўны час каля цёплага мора, атрымаць асалоду ад недарагой і смачнай мясцовай садавіны і гародніны. А вось, як справа дойдзе да зімы, ці ўжо ў лістападзе…
Наколькі я ведаю, частка беларусаў ужо з’язджае, нехта плануе пераезд, як пахаладае. Хтосьці ўсё ж плануе ў Тбілісі на зіму, але ў асноўным у іншыя краіны. Таму я не бачу перспектывы тут для далейшай журналісцкай працы.
— Апошнімі месяцамі нарабіла шуму навіна пра неадкрыццё банкаўскіх рахункаў беларусам…
— На жаль, сапраўды, у беларускіх рэлакантаў у Грузіі ўзнікаюць і іншыя складанасці. Нашумелая праблема неадкрыцця банкаўскіх рахункаў у першую чаргу юрыдычным асобам, але і для фізічнай гэта будзе нялёгкае выпрабаванне. Трэба заўважыць, што сітуацыя такая склалася пасля пачатку вайны, бо раней для беларусаў ніякіх праблем у гэтым не было. А без рахунка немагчыма весці бізнес, праводзіць неабходныя фінансавыя аперацыі.
Беларуская дыяспара ў Аджарыі, дарэчы, спрабуе вырашаць гэту праблему на розных узроўнях.
Так, у бліжэйшых планах абмеркаваць яе на ўзроўні топ-менеджмента асноўных банкаў і на ўзроўні нацыянальнага банка.
Ну а асабіста для мяне, маёй сям’і паўстае сацыяльнае пытанне. Вялікая праблема тут уладкаваць дзяцей у школу, дзіцячы садок — таму што мы беларусы, таму што ў нас сіні пашпарт. Да пачатку вайны можна было дамовіцца, што дзеці пойдуць у грузінскую школу з рускім сектарам ці ўкраінскім.
Але вельмі шмат прыехала ў Грузію ўкраінцаў, і зараз у школах кажуць: вы беларусы, для вас месцаў няма.
Нават за горадам, у Батумскім рэгіёне — месцаў няма. Пакуль адзіны выхад — старэйшая дачка будзе навучацца ў першай беларускай анлайн школе ва Украіне, яе робіць беларуска Наста Шпакоўская. А для малодшай мы так і не знайшлі варыянт, у які садок аддаць. І гэта для нас асноўная праблема тут. Вось у Польшчы, да прыкладу, другая сітуацыя. Іх беларускія школы не могуць набраць вучняў, таму што няма жадаючых.
— Так, можа ў Польшчу?
— Напэўна, паехалі б ужо, але скончылася віза, а атрымаць новую, знаходзячыся ў Грузіі, вельмі цяжка. Бо звычайна, калі гуманітарная віза, то выдаюць яе, калі чалавеку ў краіне, дзе ён жыве, ёсць пагрозы жыццю ці свабодзе. А для беларусаў Грузія — бяспечная краіна для пражывання. Атрымліваецца, быццам падстаў для гуманітарнай візы няма.
Я спрабаваў, падаваўся і па карце паляка, і на міжнародную канферэнцыю, што пройдзе ў верасні ў Польшчы. Але польскае консульства ў Грузіі мне дагэтуль не адказала, што ў мяне з магчымасцю атрымаць візу.
Пакуль чакаем, паглядзім, можа, перакантуемся годзік яшчэ ў Батумі. Але назад дадому, у Беларусь, я пакуль вяртацца не магу, не хачу сядзець. На жаль, за апошні час шмат непрыемнага здарылася: памёр бацька, некалькі сяброў, якія заставаліся ў Беларусі… Я не паехаў на пахаванне. Маці сказала, каб не ехаў, бо не хоча насіць перадачы да мяне ў турму.
Чытайце яшчэ:
Парушэнне аўтарскага права ці непаразуменне? Выстава Free Belarus у Празе выклікала абурэнне фатографаў
Рок адусюль, беларуская мова, бчб на БТ — якімі былі медыя ў 90‑я?
Узнагарода ад следкама, трэнінг на RT і паездкі на акупаваныя тэрыторыі Украіны. Чым адметныя прапагандысткі Людміла Гладкая і Ксенія Лебедзева