Прэс-сакратара A1 асудзілі за «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання», якога не існавала
ГУБАЗіК раскрыў падрабязнасці справы Мікалая Брэдзелева. Гэта дазволіла пабачыць, як фальсіфікуюцца палітычныя справы.
Пасля таго, як былому прэс-сакратару A1 Мікалаю Брэдзелеву абвясцілі прысуд чатыры гады калоніі, сілавікі вырашылі раскрыць падрабязнасці справы.
Згодна з гэтай інфармацыяй, яму закідалі арт. 361–2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання) за тое, што Антон Матолька на сваім канале піярыў A1 і быў знаёмы з Брэдзелевым. Адбывалася гэта ў перыяд са жніўня па снежань 2020 года. Праўда, тут ёсць два нюансы.
Першы ў тым, што на гэты момант канал «МотолькоПомоги» не быў прызнаны ані экстрэмісцкім фармаваннем (канал прызналі такім 17 сакавіка 2022 года), ані нават экстрэмісцкімі матэрыяламі (ён з’явіўся ў гэтым спісе 20 сакавіка 2021 года).
Гэта значыць, фактычна, закону надалі зваротную сілу.
У цяперашнім беларускім заканадаўстве пад «экстрэмісцкую» патрапляе любая дзейнасць, крытычная адносна ўлады Аляксандра Лукашэнкі.
У саміх рэкламных допісах няма нічога крымінальнага — там блогер расказвае пра новыя праекты A1 і час ад часу троху «накідвае» на канкурэнтаў кампаніі.
Такім чынам, быццам бы, A1 фінансавала «экстрэміста» Матольку.
Другі нюанс — ніводная з дамоваў, апублікаваных у канале сілавікоў, не была падпісаная ўласна Брэдзелевым. Матолька заключаў кантракт з PR-кампаніяй «Сетэ Студыя», якая уласна, і была нанятая для піяру А1.
Паколькі суд быў закрытым, дэталі яго невядомыя.
Мікалай Кірылюк, прававы дарадца Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва эмацыйна пракаментаваў гэту справу:
«Галоўная рэч у тым, што Мікалая Брэдзелева ўвогуле не мусілі затрымліваць. Няма розніцы ў прававым сэнсе, прызнаная нейкая супольнасць экстрэмісцкім фарміраваннем ці не — гэта палітычны пераслед.
І сам гэты закон не прававы. Заканадаўства, датычнае экстрэмісцкіх фарміраванняў, створанае выключна для пераследу праціўнікаў дзейнай улады. Яно супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным прававым актам у галіне правоў чалавека, якія Беларусь падпісала і любы міжнародны суд апраўдаў бы Брэдзелева».
Нагадаем, Мікалая Брэдзелева затрымалі 10 снежня 2021 года. Падчас затрымання яго катавалі, а пасля выклалі ягоныя інтымныя фота ў праўладныя каналы.
Гэта не першы выпадак, калі законам фактычна надаюць зваротную сілу. Артыкул 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) не раз выкарыстоўвалі, каб адправіць у калонію журналістаў.
Так, фрылансера Андрэя Кузнечыка асудзілі на 6 год калоніі ўзмоцненага рэжыму за супрацу з «Радыё Свабода». Журналіста затрымалі 25 лістапада 2021 года, медыя прызналі экстрэмісцкім фармаваннем толькі праз месяц пасля гэтага (23 снежня).
Галоўрэду БелаПАН Ірыне Леўшчынай прысудзілі 4 гады калоніі. Яе арыштавалі 18 жніўня 2021-га, агенцтва прызналі экстрэмісцкім фармаваннем толькі 1 лістапада.
3 лістапада 2021 года ў той жа спіс унеслі Белсат. Журналістку Ірыну Слаўнікаву, якую затрымалі за пару дзён да гэтага, асудзілі ў тым ліку па артыкуле 361–1 на 5 год калоніі.
Пад гэты артыкул падганяюць і прысуды актыўным грамадзянам. Так, у сакавіку мінулага года затрымалі маці пяці дзяцей Вольгу Залатар. Сярод абвінавачанняў — стварэнне чатаў «Ждановічы сёння», «Ждановичи 2020 — клуб любителей песен Цоя», якія прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі толькі праз 7 месяцаў пасля арышту жанчыны (у спіс МУС чаты ўнеслі 22 кастрычніка 2021-га).
Чытайце яшчэ:
«Из министерства поступила вводная: на первой полосе писать о Лукашенко». Сотрудница госСМИ — о внутренней кухне редакции
Чарговы суд, чарговы журналіст… Канвеер не спыняецца
Боролась за мужа и оказалась в тюрьме. История Дарьи Лосик