• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чарговы суд, чарговы журналіст… Канвеер не спыняецца

    Сёння ў Менску пачынаюць судзіць аператара і фатографа Алеся Любенчука. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Паводле такіх абвінавачанняў засудзілі раней дзясяткі іншых незалежных журналістаў. Ужо не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі вядома, што менавіта так цяперашнія ўлады ў Беларусі называюць рэдакцыі недзяржаўных выданняў. Алеся трымаюць у следчым ізалятары з 26 траўня. Затрымалі яго ва ўласным доме ў Крывічах.

    Ці шмат знойдзецца людзей, якія ніколі не бачылі гэтага невысокага ветлівага хлопца з камерай? Алесь у зусім маладым веку пачаў здымаць розныя моманты жыцця краіны. Яго можна было пабачыць на спартовых спаборніцтвах і на вулічных акцыях, на канцэртах і ў выставачных залах. З аднаго боку, ці мала хто здымае штосьці, маўляў, далі заданне – і робіць тое, што трэба. А з другога – было відаць: яму цікава назіраць за тым, што адбываецца.

    Калі я пазнаёмілася з Алесем, а было гэта дакладна больш за 12 гадоў таму, мяне вельмі ўразіла: як такі малады чалавек можа быць такім гаспадарлівым? Не «завісае» ў тэлефоне, а мае шмат розных справаў, усё робіць сам. Ён, учорашні школьнік з Пінску, арандаваў кватэру ў сталіцы, самастойна набываў сабе рэчы, абутак, прадукты. Сам зарабляў і не прасіў грошай у бацькоў. Мала таго, ён не проста гатаваў сабе ежу з любоўю і па-майстэрску, а часам мог нешта прыгатаваць і пачаставаць калегаў. На гэтую тэму мы часта жартавалі і казалі: «Які жаніх цудоўны! Вось ужо камусьці шчасце будзе!» А Алесь толькі ўсміхаўся…

    Шмат хто ведаў пра захапленне Алеся вандроўкамі з сябрамі, але мала хто ведаў пра ягоную дабрачыннасць. Ён даволі часта збіраў рэчы для дзіцячых дамоў, працаваў там валанцёрам у вольны час. Адкуль у хлопца такая патрэба? Падаецца, гэта менавіта той выпадак, калі можна казаць, што дабрыня ідзе з сям’і. Бацькі і толькі бацькі сваім уласным прыкладам падказваюць той самы верны шлях, якога варта трымацца ў жыцці.

    Нават не ўсе калегі Алеся ведаюць, што, апроч яго, у сям’і былі яшчэ два сыны. Калі дзеці выраслі, бацькі ўзялі апякунства над двума дзеткамі з дзіцячага дому. Алесь дапамагаў ім і вельмі шчыра займаўся з імі. Ці шмат людзей у нашым атачэнні могуць сказаць тое ж і пра сябе? Ці шмат людзей могуць пайсці на такое? А для ягонай сям’і гэта, відаць, справа прынцыповая. Што кажуць пра такіх бацькоў? Маюць залатое сэрца ды маглі выхаваць толькі добрых і годных асобаў.

    Можа, таму Алесь і набыў дамок у вёсцы на Гарадзеншчыне. Дамок быў старэнькі, трэба было займацца яго рамонтам. І вось тут таксама Алесь з галавою пайшоў у працу. Набываў дошкі, будаўнічыя матэрыялы, саджанцы дрэваў. З захапленнем распавядаў, якія расліны ўжо пасадзіў. Пакажыце сёння хлопца, які б з задавальненнем ехаў з бацькамі дапамагаць ім на лецішчы. Маю на ўвазе ад агульнай колькасці гарадскіх хлопцаў. А ён увесь час нешта вазіў і вазіў, капаў і капаў, садзіў і садзіў. Магчыма, марыў, што да яго будуць прыязджаць сваякі і сябры, ды яны будуць разам вандраваць па ваколіцах, а ўвечары распальваць вогнішча ці сядзець за сталом у хаце і распавядаць розныя гісторыі.

    Літаральна за пару дзён да арышту Алесь выклаў на сваёй старонцы ў Face­book фота раслінаў, якія ён паклаў сушыцца, каб потым зімою запарваць з іх гарбату. Было відаць, з якою любоўю ён гэта ўсё робіць. Гэта ж праўда: што б чалавек ні рабіў, абы рабіў з любоўю. Тады ўсё і ўдаецца. Думаю, гэты чабор так і застаўся ляжаць на тым месцы, а можа, падчас ператрусу яго скінулі на падлогу…

    Калі маладзён увесь час спрабуе нешта новае, то гэта ўспрымаецца як норма. Але ці шмат такіх сярод ягоных аднагодкаў? Мне падавалася, што Алесь увесь час хоча паспець паўсюль адначасова. То ён нешта ўсё возіцца са сваім старэнькім «Vol­vo», то ён ужо запісаўся ў конную школу і спрабуе засвоіць навыкі езніцтва. То ён бярэ ўдзел у рэстаўрацыі замку, то ў вандроўках.

    Увесь час думаю: чаму Алесь не з’ехаў? Адказ толькі адзін: ён быў упэўнены, што ні ў чым не вінаваты і таму яго абміне гэтая навала. Не абмінула…

    Сёння ў Беларусі чалавек з камераю бадай самы небяспечны для цяперашніх уладаў. Ясна, што нават школьнік можа на сучасны тэлефон здымаць даволі якасна і што заўгодна. Але прафесійны аператар – гэта зусім іншае. Гэта мішэнь, і ў яе раней ці пазней патрапяць тыя, хто ў яе цэліцца. Нейкая горкая гульня словаў: быў з камераю – значыць, будзеш у камеры…

    На Алеся Любенчука павесілі цэтлік экстрэміста. Гледзячы на тое, як разгортваюцца падзеі ў Беларусі, «экстрэмісты» цяпер адны з самых годных людзей у краіне. Безумоўна, бацькі могуць ганарыцца такім сынам, натуральна, калегі і сябры таксама. Але турма – гэта вельмі страшнае цяпер выпрабаванне нават для маладых і фізічна здаровых асобаў. Мы ведаем, у якіх умовах нашыя годныя суайчыннікі, і самае жахлівае, што мы не маем дастаткова рычагоў, каб спыніць гэты канвеер рэпрэсіяў.

    Пакуль жа ў Беларусі за кратамі застаюцца 32 журналісты. Больш за 400 журналістаў вымушаныя былі пакінуць свае дамы, цяпер яны ў замежжы. Можна пасадзіць у Беларусі ўсіх недзяржаўных аператараў і журналістаў, але што гэта дасць уладам? Ясна, што нічога. Інфармацыю схаваць сёння немагчыма. Тым не менш ператрусы, затрыманні і суды не спыняюцца дасюль.

    Вось і сённяшні суд над Алесем… Падаецца, што ўсе разумеюць, чаго чакаць і які будзе вырак. Алесь – шчыры вернік, і я ўпэўненая, што гэта дае яму сілы спадзявацца на лепшае і пераадольваць выпрабаванні. Сілы яму цяпер вельмі патрэбныя.

    Чытайце яшчэ: 

    Журналістку Кацярыну Андрэеву дадалі ў спіс «экстрэмістаў» МУС

    Камісія па журналісцкай этыцы Украіны выходзіць з Альянсу незалежных саветаў друку Еўропы

    Былому прэс-сакратару А1 Мікалаю Брэдзелеву прысудзілі 4 гады калоніі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці