• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пераможца конкурса Vilniaus fotografijos ratas: Насамрэч паразы больш важныя за перамогі

    Сябра ГА “БАЖ” Таццяна Ткачова перамагла ў міжнародным фестывалі Vilniaus fotografijos ratas з фотагісторыяй “Маластоўка”. Прэс-служба паразмаўляла з Таццянаю пра тэхнічныя моманты адзначанага фотапраекта і важныя для творчасці моманты.

    http://baj.media/wp-content/uploads/2023/08/13495422_900488533384285_1688727651568354366_o.jpg

    — Фатографы — гэта такое кам’юніці, дзе ўсе адзін аднаго так ці інакш ведаюць. Ведаем мы і пра конкурсы, якія праводзяцца для фатографаў. Vil­ni­aus fotografi­jos ratas — гэта была мая мара. Я летась таксама туды падавала праект, вельмі хацела выйграць намінацыю “Маладыя фатографы. Хатняе заданне”. Канешне, факт перамогі важны, але яшчэ больш важна, калі ты нешта робіш і тваю працу ацэньвае журы.

    — Ці падаваліся на гэты конкурс іншыя беларускія фатографы?

    — Канешне.  Максім Сарычаў сёлета ўвайшоў у шот-ліст прэміі.

    — Распавядзіце пра сваю фотагісторыю «Маластоўка».

    — Фотагісторыя “Маластоўка” — дыпломны праект у акадэміі фотажурналістыкі і дакументальнай фатаграфіі “Фотаграфіка” ў Санкт-Пецярбурзе. Я вучылася там у 2015–2016 гадах. Гэта была мая дыпломная праца пад кіраўніцтвам Аксаны Юшко. Фотапраект прысвечаны маім унутраным успамінам пра малую радзіму. Я здымала ўсё лета цягам трох месяцаў.

    — Калі мы бачым працы-пераможцы, то адразу ўзнікаюць думкі, што гэта знята на крутую тэхніку, у рэчаіснасці ж гэта не заўсёды так. Распвядзіце пра тэхнічны бок працы.

    — Тэхніка, канешне, важная. Кожны фатограф хоча сабе добрую тэхніку, добрыя аб’ектывы. Але не гэта галоўнае, важна ў каго гэтая тэхніка ў руках. Праект «Маластоўка» быў сняты на самую першую люстраную камеру Canon 1100D і на kitовы аб’ектыў 18–55. Калі я перастала думаць пра тэхніку, а проста працавала з камерай і аб’ектывам, якія ёсць, усё пачало атрымлівацца.

    — У якім рэчышчы плануеце развівацца далей?

    — Можа быць, гэта пафасна гучыць, але фота — справа ўсяго майго жыцця, жарсць на ўсё жыццё, незалежна ад таго, дзе я буду працаваць (цяпер Таццяна працуе ў Музеі П. Броўкі — рэд.). Я нікуды не хаджу без камеры. Мы ўчора акурат размаўлялі з маёй сяброўкай фатографам пра гэта. Фота — гэта як кроў, яно ці ёсць ці яго няма.

    Цяпер часы постдакументальнай фатаграфіі. Я магу зрабіць рэпартаж, але я не майстар гэтага жанру. Ёсць дакументальнае фота, артфота, постдок. Маё — гэта недзе на стыку. Фота навін жыве адзін дзень. Напрыклад, сёння актуальная тэма Курапатаў,  знялі і заўтра гэтае фота будзе не актуальным.

    — Ці ёсць беларускія майстры фота, якімі вы захапляецеся?

    — Я не буду называць прозвішчы. Але так, ёсць у нас майстры высокага ўзроўню фота, я сачу за іх творчасцю, праектамі.

    — Вы мэтанакіравана ішлі па шляху навучання фотамайстэрству. Што маглі б сказаць, параіць сабе некалькі год таму, калі б была такая магчымасць?

    — Дарогу адолее той, хто ідзе. Калі ёсць мара і мэта, трэба сабе не хлусіць, а адносіцца да сябе як да інструмента. Штодня працаваць, не спрачацца з сабой, не шкадаваць сябе. Перамога — гэта насамрэч маленькі пункт. Яна была ўчора, а сёння ўжо аўторак і трэба думаць  далей.  Перамога была, а працаваць трэба штодня. Скажу, што перамогі робяць жыццё больш складаным, бо за табой пачынаюць сачыць, глядзець што здымаеш, і ўжо без права на памылку. Калі я прыйшла з нуля ў «Фатаграфіку», то мяне вучылі не толькі фатографы-майстры, але і мае аднагрупнікі, бо я знаходзілася ў гэтым асяродку. Было многа паразаў, але я зрабіла з іх правільныя высновы. Пройгрыш больш важны за перамогу, бо ён выхоўвае і прымушае ісці наперад.

    Сябра БАЖ Таццяна Ткачова — пераможца міжнароднага фестывалю

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці