Палітвязню Андрэю Кузьнечыку дазволілі спатканьне з жонкай Алесяй
Палітвязень, журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык працягвае пісаць кранальныя вершы сваім дзецям — 8-гадовай Яніне і 3-гадоваму Мацьвею. Гэтым разам зь верша бацькі дзеці даведаліся пра ажыны.
Палітвязень Андрэй Кузьнечык з‑за кратаў выхоўвае дзетак празь вершы
Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык рыхтуецца да этапаваньня з Магілёўскай турмы № 4 у Наваполацкую калёнію № 1. Палітвязень працягвае пісаць кранальныя вершы сваім дзецям — 8‑гадовай Яніне і 3‑гадоваму Мацьвею.
Палітзьняволенага журналіста Андрэя Кузьнечыка абвінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361–1 КК).
Пасьля разгляду апэляцыі Кузьнечыка ў Вярхоўным судзе (які пакінуў прысуд у сіле) палітвязьню дазволілі спатканьне з жонкай Алесяй. Цягам дзьвюх гадзінаў яны размаўлялі праз шкло.
«Хлопцы ў камэры жартам сябе называюць «эўразэкамі»
У Магілёўскай турме абмежаваная колькасьць кабінак для кантактаваньня зьняволеных з роднымі. Таму бацькам Андрэя давялося прыехаць зь Віцебску ў Магілёў і а 5‑й раніцы заняць чаргу для жонкі Алесі, якая ехала зь Менску з малымі дзецьмі.
Паводле ўражаньняў Алесі, Андрэй настроены пазытыўна. Пажартаваў, што перад этапам хацеў пагаліцца налыса, але вырашыў перад спатканьнем захаваць прычоску, каб не шакаваць жонку.
«Андрэй увесь час у адной і той жа камэры. На пачатку лета там знаходзілася некалькі „мацёрых“ крымінальнікаў, якія сядзелі за сур’ёзныя злачынствы. Зараз „адпетых“ у камэры няма.
Хлопцы ў камэры жартам сябе называюць „эўразэкамі“ — там шмат палітычных, у тым ліку айцішнікаў, а таксама сядзяць маладыя хлопцы па наркатычных артыкулах. Андрэй кажа, што ўсе нармальныя, адэкватныя людзі. Аднак яго, які заўсёды размаўляе па-беларуску, многія не разумеюць, таму ён вымушаны размаўляць па-расейску», — кажа Алеся.
З камэры забралі тэлевізар, Андрэй гэтаму вельмі рады. З крыніцаў інфармацыі засталося толькі радыё і пэрыёдыка, якую родныя выпісалі Андрэю.
«Андрэй ня дужа рады накіраваньню ў Наваполацкую калёнію, бо пра яе ходзяць ня вельмі добрыя чуткі. Але ён спадзяецца, што там будзе ўсё адно ня горш, чым у Магілёўскай турме, і дакладна лепей, чым у ЦІПе на Акрэсьціна», — дзеліцца падрабязнасьцямі размовы з мужам Алеся.
«Для Андрэя найважней сям’я, як і заўсёды»
У кожным сваім лісьце Андрэй дасылае дзецям свае вершы. Запытваецца, як рэагуюць дзеці, ці слухаюць і разумеюць іх. Апошні верш быў пра лясныя ягады.
Лес адвеку чалавеку
Дорыць процьму смачных лекаў.
Нейк, як гром між хвой драмаў,
З меху — хмары навальнічнай —
Пакаціліся чарнічкі
На далоні летніх траў
І ўсьміхнуліся суніцам:
«Можна з вамі пасяліцца?»
А цікаўныя маліны
Аж падбеглі да сьцяжыны —
Гоп у кош: «А пакажы,
Дзе над сонечнай палянай
Кружыць зёлак пах гаркавы,
Дзе пужлівы куст ажынаў
Пад ляшчынаю дрыжыць?»
Каля зыбкай балацінкі
Мох люляе журавінкі,
Шэпча: «Трошку пачакай,
Калі яркіх вітамінаў
Для прастуднай паравіны
Будзе ўвосень ураджай».
леся распавяла, што дачка Янка, паслухаўшы вершык, запыталася, што такое ажыны. Адразу пасьля спатканьня яны зь дзецьмі паехалі да бацькоў Андрэя на лецішча, дзе кожны год адпачывалі з татам. На бабуліным лецішчы дзяўчынка пакаштавала ажыны на смак. Дзеці з бабуляй увесь час згадвалі, як раней яны тут бавілі час з татам.
«Я адмыслова для Андрэя здымаю шмат фатаграфій і відэа дзяцей, каб неяк кампэнсаваць тое, што ён прапускае. Каб ён адчуваў сябе цесна зьвязаным з намі. Ён расказваў, што нагледзеўся там розных жыцьцёвых драм, распадаў сямей. Што людзі па-рознаму пераносяць сваё становішча. Але для Андрэя найважней сям’я, як і заўсёды. Ён шчыра дзякуе людзям, што падтрымліваюць нас», — распавяла Алеся.
Чытайце яшчэ:
Затрымалі фатографа Сяргея Марозава
«Денег пока на это не хватает»: в воюющей с Украиной России перестают финансировать проекты, реализацию которых люди ждали десятилетиями
Літоўскі юрыст перадае інфрмацыю пра беларускія арганізацыі прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай?