• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мы гуляем у футбол на мінным полі». Вялікая размова з галоўным рэдактарам «Салідарнасці» Аляксандрам Старыкевічам

    У Аляксандра Старыкевіча нетыповы журналісцкі лёс: пасьля школы паступіў у мэдінстытут, але правучыўся там толькі год праз грамадзкую актыўнасьць, у 20 гадоў ужо працаваў ва ўплывовых расейскіх выданьнях, 18 гадоў ачольвае «Салідарнасць», ведае, чаго бракуе незалежным мэдыя і чаму неабходна крытыкаваць апазыцыю.

    Сьцісла:

    • У 2003 годзе адрадзіў шматтыражку незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, будаўнікоў і зрабіў выданьне на 16 старонках.

    • У адрозьненьне ад іншых онлайн-рэсурсаў, якія сталі мультымэдыйнымі, здымаюць відэа, прадукуюць падкасты, «Салідарнасць» застаецца інтэрнэт-газэтай.

    • «Нас настолькі мала, што мы ня можам сабе дазволіць структураваньне на ўзроўні „аддзел палітыкі“, „аддзел эканомікі“. Любы піша і пра палітыку, і пра эканоміку, калі неабходна — і пра спорт».

    • «Падзеі 2020 году засьведчылі: відэа ў часе жнівеньскіх пратэстаў адыгралі такую выбітную ролю, якую тэксты не маглі адыграць».

    • «Чым больш улады ціснуць на прафэсійныя мэдыя, тым больш квітнеюць іншыя каналы, дзе няма ні стандартаў, ні абмежаваньняў».

    • Беларускім СМІ вельмі бракуе асэнсаваньня сытуацыі, не хапае крытычнага, сыстэмнага аналізу магчымых наступстваў, каб людзі прынамсі суадносілі рызыкі з вынікамі.

    • «Рэкамэндую ўсім палітыкам і людзям, якія цікавяцца прыродай улады, паглядзець першыя 5 сэзонаў «Гульні тронаў».

    • «Апазыцыя павінна знаходзіцца пад такім жа крытычным агнём незалежных СМІ, як і ўлада».

    У 12 гадоў стаў «антысаветчыкам», у 16 затрымалі за распаўсюд «самвыдату»

    Стоячы ў парку Янкі Купалы, Аляксандар Старыкевіч зь лёгкай настальгіяй узгадвае, што менавіта перад помнікам паэту больш за 30 гадоў таму па серадах зьбіралася «Талака» — першая нефармальная грамадзка-палітычная моладзевая тусоўка.

    «Тут мы размаўлялі, тут таемна прадавалася падпольная прэса, спачатку літоўскага Народнага фронту, потым зьявіўся беларускі самвыдат.

    Я быў адным зь першых затрыманых за гандаль падпольнай прэсай. Гэта быў 1989 год, мітынг Станіслава Шушкевіча, калі ён балятаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савету СССР. Я якраз сканчаў 10‑ю клясу, гэта здарылася перад самымі іспытамі. Мітынг быў даволі шматлюдны, я сыходзіў вельмі задаволены, бо распаўсюдзіў шмат выданьняў. Меўся ў той дзень яшчэ ісьці на аўташоў на стадыён „Дынама“. Натуральна, за мітынгам сачылі, і каб я сышоў з усімі, можа, мяне і не затрымалі б. А я сыходзіў адзін. Трапіў у пастарунак, выручалі мяне фронтаўцы і Сяргей Антончык (адзін зь лідэраў рабочага руху, пазьней дэпутат Вярхоўнага Савету. — РС). Часы былі перабудовачныя, мяне хутка выпусьцілі.

    Грамадзка-палітычная актыўнасьць і вывела мяне на сьцежку незалежнай журналістыкі», — мяркуе Аляксандар.

    «Салідарнасць»: 2,5 года на паперы, 15 — у онлайне

    У мэдыябрэнда «Салідарнасць» доўгая гісторыя. У 2003 годзе Старыкевіч ачоліў газэту «Салідарнасць», якая тады была органам Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, будаўнікоў, энэргетыкаў, аднак некаторы час не выходзіла. Зарэгістраваць новае выданьне ў той час было нерэальна. Давялося адраджаць шматтыражку — з 4 старонак зрабіць 16.

    «Мы пачалі з нуля. Я не магу сказаць, што прафсаюз моцна ўплываў на нашу дзейнасьць, усё было карэктна. Газэта праіснавала ў папяровым выглядзе 2,5 года. Наклад у яе тады быў каля 5,5 тысячы», — расказвае галоўрэд.

    Калі ўлады пачалі ціснуць на «БДГ» і летам 2003 году прыпынілі на 3 месяцы яе выпуск, галоўны рэдактар Пётар Марцаў зьвярнуўся да Аляксандра Старыкевіча, каб выпусьціць «БДГ» пад маркай «Салідарнасці». Выйшаў 1 нумар адноўленай «Салідарнасці» і «БДГ».

    «На нас «наехалі», друкарня адмовілася друкаваць, наслалі праверку, мы атрымалі буйны штраф. „Салідарнасць“ не выходзіла пару месяцаў, трэба было пераарыентавацца на друк газэты ў Смаленску. Лета — час для раскруткі неспрыяльны. Аднаўленьне аднесьлі на восень, нават удалося дамовіцца зь іншай беларускай друкарняй. Шмат праблем і цяжкасьцяў было.

    Не магу не ўзгадаць зьверскае забойства выбітнай, таленавітай журналісткі Веранікі Чаркасавай у кастрычніку 2004 году. Гэта боль. І мы дагэтуль ня ведаем праўды, яе забойства дагэтуль не раскрыта, дый улада не асабліва і імкнулася расьсьледаваць справу», — узгадвае трагічныя падзеі Аляксандар.

    Але пачаліся іншыя перашкоды: у 2005 годзе «Салідарнасць» выкінулі з падпіскі «Белпошты» і продажу ў шапіках «Белсаюздруку» — гэта было зроблена перад прэзыдэнцкай кампаніяй 2006 году. Што рабіць? Выданьне адносна новае, у нас ня тыя магчымасьці, як у той жа «БДГ», каб змагацца. Сваёй службы распаўсюду не было. Нават Пётар Марцаў спыніў выпуск БДГ. Я ацаніў свае магчымасьці. І прыняў рашэньне працягваць працаваць як онлайн-мэдыя. На той момант гэта было значна-значна таньней«, — расказвае Аляксандар.

    У 2006 годзе «Салідарнасць» была ўзнагароджана прэстыжнай прэміяй імя Герда Буцэрыюса (заснавальнік — фонд нямецкай газэты «Цайт» сумесна з нарвэскім Фондам свабоды слова).

    «Асабіста я — прыхільнік глыбіні». Чаму «Салідарнасць» ня стала мультымэдыя

    У адрозьненьне ад іншых онлайн-рэсурсаў, якія сталі мультымэдыйнымі, здымаюць відэа, прадукуюць падкасты, «Салідарнасць» застаецца інтэрнэт-газэтай.

    «У сучасным журналісцкім сьвеце існуе некалькі рэлігій, скажам так. І нельга сказаць, што нейкая горшая, а нейкая лепшая. Ёсьць тыя, хто пасьпяхова працуе па ўсіх кірунках, абапіраючыся на ўнівэрсальную журналістыку, ёсьць тыя, хто на гэтай унівэрсальнай журналістыцы прагарэў», — тлумачыць Старыкевіч.

    «Мы заўсёды былі невялікай рэдакцыяй. Рашэньне прымалася на мяжы 2005–2006 году — ужо тады пачыналася захапленьне відэакантэнтам. Паўстала пытаньне: а што мы можам зрабіць яшчэ? На той момант мы разумелі, што проста не пацягнем, надарвёмся, бо ўсё ж такі відэакантэнт значна больш дарагі ў стварэньні.

    Нас настолькі мала, што мы ня можам сабе дазволіць структураваньне на ўзроўні „аддзел палітыкі“, „аддзел эканомікі“. Калі патрэбна, любы піша і пра палітыку, і пра эканоміку, калі неабходна — і пра спорт. За гэты час значна пашырылі сваю эрудыцыю, свае веды ў розных галінах, і таму за ўзровень звычайна ня сорамна. А часам і вельмі прыемна — за эксклюзіў. У нас няма падгонкі пад адзін стыль, у кожнага шмат магчымасьцяў для творчай працы, для экспэрымэнтаў.

    Асабіста я — прыхільнік глыбіні. Каб той, хто робіць сваю справу, рабіў гэта добра. Мы ня ў стане дасягнуць жаданага ўзроўню, мы сапраўды па мінімуме займаемся мультымэдыя, відэакантэнтам, засяродзіўшыся на тэкставым фармаце», — аргумэнтуе сваю пазыцыю галоўны рэдактар «Салідарнасці».

    І акцэнтуе ўвагу, што падзеі 2020 году засьведчылі: відэа ў часе жнівеньскіх пратэстаў адыгралі такую выбітную ролю, якую тэксты не маглі адыграць.

    «У прынцыпе, ніхто ніколі не супрацьпастаўляў, відэа ці тэксты важнейшыя. Нават тое, што было зроблена па-аматарску, а не прафэсіяналамі, стварыла вельмі моцнае ўражаньне, і гэта было недасяжна ў такім маштабе ў тэкстах».

    «Чым больш улады ціснуць на прафэсійныя мэдыя, тым больш квітнеюць іншыя каналы, дзе няма ні стандартаў, ні абмежаваньняў»

    У апошні, няпросты для беларускай журналістыкі год ніхто з журналістаў «Салідарнасці» не сышоў, пацярпелі па мінімуме — на тле таго, што адбываецца зь іншымі СМІ.

    «Я мяркую, што сутнасьць наша засталася ранейшай. Зьмяніліся вонкавыя ўмовы, у якіх мы існуём. З 9 жніўня 2020 году сайт gazetaby.com заблякаваны, гэта сур’ёзна ўдарыла па наведвальнасьці. Хаця хто вельмі хоча нас чытаць, здолее гэта зрабіць.

    Ясна, што мы зараз гуляем у футбол на мінным полі. Ты разумееш, што кожны твой крок можа быць сур’ёзным па наступствах, сфармулюем гэта так. Займацца самацэнзурай я ня бачу сэнсу. Можа, мы сталі імкнуцца больш прафэсійна вытрымліваць журналісцкія стандарты.

    Але калі пастаўлена такая мэта, рашэньне, каманда: знайсьці, да чаго дачапіцца — знойдуць без праблем. Зараз увесь час нам працягваюць блякаваньне, знаходзячы для гэтага ўсё новыя і новыя падставы. „Новыя“ — у двукосьсі: то прычэпяцца да артыкула 2016 году, то да нататкі 2017 году», — кажа Аляксандар.

    Натуральна, ня ўсе сталыя прыхільнікі «Салідарнасці» карыстаюцца VPN. Таму галоўны рэдактар не хавае, што колькасныя паказчыкі пагоршыліся. Аднак якасныя, на яго думку, палепшыліся.

    «Людзі прыходзяць мэтанакіравана, ім патрэбна тое, што мы робім. Я не кажу, што мы ня рады выпадковым гасьцям, але ж працуем на больш сталую аўдыторыю», — характарызуе сваіх чытачоў Аляксандар.

    «Што тычыцца „пікаў“ наведвальнасьці, я ўжо стаміўся іх лічыць. Калі зьявіўся „Яндэкс Дзэн“, ён часам „насыпаў“ столькі! Здаецца, пік у нас быў у 2019 годзе — адзінкавы выпадак 300 тысяч, але за 100 тысяч бывала даволі часта. Аднак гэтая аўдыторыя прыходзіць з генэратара трафіку і ў значнай ступені выпадковая.

    Канечне, чым больш улады ціснуць на прафэсійныя мэдыя, тым больш пачынаюць квітнець іншыя каналы, дзе няма ні стандартаў, ні рамак, умоўна кажучы. То бок чым больш будуць ціснуць нас, тым больш улады будуць атрымліваць такі асымэтрычны адказ ад іншых каналаў, у якіх значна менш абмежаваньняў», — перакананы галоўны рэдактар «Салідарнасці».

    «Атрымліваецца нейкая поліфанія без працягу»: беларускім мэдыя не хапае асэнсаваньня сытуацыі

    Аляксандар перакананы (гэтае адчуваньне ў яго зьявілася яшчэ гады 2–3 таму), што беларускім СМІ вельмі бракуе асэнсаваньня сытуацыі.

    «Атрымліваецца нейкая поліфанія без працягу. Возьмем тое, што яшчэ адбывалася да жніўня 2020-га. Новыя людзі, якія раней не былі заангажаваныя ў палітыку, прыйшлі з настроем і перакананьнямі, што „мы ўсё ведаем, мы пасьпяховыя ў іншых галінах, мы свае веды і досьвед проста маштабуем і прыстасуем, і ўсё ў нас будзе ОК“. Не атрымалася ОК. Проста не атрымалася ў даволі разумных людзей, бо вельмі спэцыфічная гэтая гісторыя з палітыкай. Яна вымагае сыстэмнай працы, часам нуднай.

    А новыя лідэры, і беларусы, якія проста выходзілі на пратэсты ўпершыню, аказаліся вельмі наіўнымі і рамантычнымі. Магчыма, яны не былі такімі ў жыцьці, але яны падумалі: „Як жа так?“ Людзі, гэта працуе ўсё па-іншаму, па іншых законах!» — упэўнены Аляксандар Старыкевіч.

    Ён рэкамэндуе ўсім палітыкам і людзям, якія цікавяцца прыродай улады, паглядзець першыя 5 сэзонаў «Гульні тронаў».

    «Цудоўная рэч, фэнтэзі — там проста фон. „Гульню тронаў“ я паглядзеў менавіта праз прызму таго, што ўяўляе зь сябе ўлада, што ўяўляюць зь сябе людзі ва ўладзе. Гэта адна з магчымых і папулярных крыніц асэнсаваньня. Вось гэтага асэнсаваньня бракавала да выбараў, калі тых, хто мог быць лідэрам — і старых, і новых — фактычна ізалявалі. Людзі аказаліся безабаронна наіўнымі. Асэнсаваньня шалёна бракавала ў момант, калі падзеі разгортваліся імкліва», — мяркуе Аляксандар.

    На яго думку, патрэбна сыстэмная дыскусія, якая павінна мець ня толькі пачатак, але і працяг, спрэчкі, аналіз. І прывёў прыклады: бессэнсоўны заклік Сьвятланы Ціханоўскай у кастрычніку да агульнанацыянальнага страйку.

    «Было абсалютна ясна, што пратэставая хваля спадае, гэта была спроба штучна падтрымаць яе аднаразовым наркотыкам. Мітынг у апошнюю нядзелю кастрычніка быў яшчэ больш-менш масавы, а страйк у панядзелак — усе бачылі, што з гэтага выйшла. Асобная гісторыя пра заводы, якія не спыніліся. Але была і гісторыя асобных бізнэсоўцаў, якія закрыліся на сандзень і якіх перадушылі паасобку. У чым быў сэнс заклікаць да такіх дзеяньняў, калі нічога, акрамя шкоды, не атрымалася?

    Гэтыя падзеі сталі магчымымі таму, што не было папярэдняга абмеркаваньня ў мэдыя, прычым крытычнага, сыстэмнага, магчымых наступстваў, каб людзі прынамсі суадносілі рызыкі з вынікамі», — разважае галоўрэд «Салідарнасці».

    «Апазыцыя павінна знаходзіцца пад такім жа крытычным агнём незалежных СМІ, як і ўлада»

    Тады, магчыма, апазыцыя будзе вучыцца і больш адказна сябе паводзіць. А ў беларускіх СМІ заўсёды было недастаткова крытычнае стаўленьне да таго, што робіцца апазыцыйнымі палітыкамі

    «Яшчэ ў 1990‑х існавала такая тэорыя, што калі незалежныя СМІ крытыкуюць апазыцыю, яны тым самым ліюць ваду на млын Лукашэнкі. Ну ня так! Калі ты роцік зашываеш, нікому лепш ня робіцца. Апазыцыя таксама павінна знаходзіцца пад такім жа крытычным агнём, як і ўлада. Тады, магчыма, яны будуць вучыцца і больш адказна сябе паводзіць. Бо нельга пляскаць у далоні на любую ініцыятыву. Калі ты разумееш, што гэта, прабачце, „фігня“, але ня кажаш пра гэта наўпрост, а падаеш нэўтральна — так не павінна быць», — перакананы Аляксандар Старыкевіч.

    Мэдыя, на яго думку, павінны прапанаваць сваім чытачам і гледачам «інфармацыю для роздуму».

    «Мы ня маем адказаў на ўсе пытаньні і павінны разам са сваёй аўдыторыяй іх шукаць. Але хтосьці павінен кансалідаваць тыя думкі, тыя сэнсавыя часткі, якія існуюць, ствараць іх мэтанакіравана, „укідваць“ для дыскусій. Гэтым у ідэале і хацелася б займацца. Што атрымаецца — пабачым».

    Аляксандар Старыкевіч нарадзіўся ў 1973 годзе ў Менску. У 16 гадоў быў затрыманы за распаўсюд «самвыдату». Паступіў у Менскі мэдычны ўнівэрсытэт, правучыўся там адзін курс. У 21 год стаў уласным карэспандэнтам газэты «Известия» па Беларусі, пасьпеўшы да гэтага папрацаваць у расейскіх «Коммерсанте» і «Новой газете». У 29 гадоў быў прызначаны галоўным рэдактарам афіцыйнага органа Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі — газэты «Беларускі час». З 2003 году — галоўны рэдактар газэты «Салідарнасць», якая спачатку выходзіла на паперы, а з 2006 году стала папулярным інтэрнэт-выданьнем.

    Петр Кузнецов: Власти готовы крутить гайки до конца. И это большая ошибка

    «Прыйдзе час, і дзяржаўныя СМІ масава «перафарбуюцца». Вялікая размова з галоўным рэдактарам «Рэгіянальнай газеты» Аляксандрам Манцэвічам

    Гэта цыкль размоваў з галоўнымі рэдактарамі недзяржаўных СМІ. Гутарку з галоўрэдам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам можна пачытаць тут, з Алегам Гаруновічам з «Трыбуны» — тут. Размова з галоўным рэдактарам «Эўрарадыё» Паўлам Сьвярдловым — тут. З галоўнай рэдактаркай і дырэктаркай агенцтва БелаПАН Ірынай Леўшынай — тут. З галоўнай рэдактаркай выданьня Kyky.org Насьцяй Рагатко — тут. Размова з галоўнай рэдактаркай партала Tut.by Марынай Золатавай — тут. Размова з галоўнай рэдактаркай штотыднёвіка «Новы Час» Аксанай Колб — тут. Гутарка з заснавальнікам «Сильных новостей» Пятром Кузьняцовым — тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці