«Прыйдзе час, і дзяржаўныя СМІ масава «перафарбуюцца». Вялікая размова з галоўным рэдактарам «Рэгіянальнай газеты» Аляксандрам Манцэвічам
Пра тое, як восем супрацоўнікаў невялікага мясцовага выданьня амаль год асьвятляюць пратэсты жыхароў сямі розных раёнаў Беларусі.
Сьцісла
-
«У нас у штаце восем чалавек. Журналістаў толькі трое»
-
«За год ніхто ня звольніўся. Людзі нават самі не пайшлі ў адпачынкі»
-
«Нікога з нас не затрымлівалі, але пагрозы мы чуем»
-
«Спэцыялісты раяць пераходзіць на расейскую мову. А я не хачу»
-
«Таго, што адбылося ў 2020 годзе, я не чакаў. Спадзяваўся толькі»
-
«Прыходзіцца стрымлівацца, рацыянальна рабіць. Але гэта ня значыць хлусіць»
-
«Пасьля пераменаў „раёнкі“ хутка „перафарбуюцца“. Я такое ўжо бачыў аднойчы»
«У нас часам пішуць і тэхнічныя работнікі»
«Звычайны мой працоўны дзень выглядае цяпер гэтаксама, як і да ўсіх падзей, — расказвае спадар Аляксандар. — Раніцай прачынаюся і еду зь Вілейкі, дзе жыву, у рэдакцыю ў Маладзечна. Гэта цэнтар нашага рэгіёну, які абслугоўвае газэта, таму рэдакцыя знаходзіцца там. Вялейскі, Маладачанскі, Мядзельскі, Валожынскі раёны Менскай вобласьці, Смаргонскі, Астравецкі і Ашмянскі Горадзенскай. Маладэчна — гэта ж цэнтар былой Маладачанскай вобласьці, куды ўваходзілі гэтыя раёны. А яшчэ раней усё гэта была Віленшчына. У рэдакцыі займаюся ў асноўным адміністрацыйныім такімі рэчамі. Але бывае, што і пішу сам»
Аляксандар Манцэвіч расказвае, што шмат клопатаў мае з друкарняй, зь фінансамі. Кажа, што ўсё пастаянна неабходна адсочваць, шукаць рэклямадаўцаў, месцы продажу газэты. Цяпер з гэтым ёсьць праблемы — база рэклямадаўцаў скарачаецца, месцаў продажу «Рэгіянальнай газеты» таксама становіцца менш.
Па словах галоўнага рэдактара, яго выданьне сёньня лепш прадаецца ў харчовых крамах, чым у газэтных кіёсках. Але апошнім часам гандлёвыя сеткі пачалі адмаўляцца ад продажу «Рэгіянальнай газеты». З працы дадому ў Вялейку Манцэвіч вяртаецца кожны вечар.
«Летась у нас адбыліся зьмены, — расказвае галоўрэд. — У штаце „Рэгіянальнай газеты“ зараз працуе восем чалавек, журналістаў зь із трое. Але гэта ня значыць, што пішуць толькі трое. Тэхнічныя работнікі таксама часам пішуць. Мы заўсёды, калі шукаем кагосьці ў каманду, то імкнёмся, каб чалавек быў шматфункцыянальны. Каб умеў шмат што рабіць. Бо нас мала ж, а функцый многа. Таму пішуць і тэхнічныя работнікі».
Аляксандар Манцэвіч расказвае, што на пераломе вясны і лета 2020 году «Рэгіянальная газэта» пераходзіла на дыстанцыйную працу. Быў час, калі ў рэдакцыі знаходзілася толькі два чалавекі — галоўны рэдактар і спэцыяліст у рэкляме. Але пакрысе рэдакцыя вярнулася да звычайнага рэжыму працы.
«Пачалі зьяўляцца такія тэмы, якія неабходна было абмяркоўваць калегіяльна і лепей не праз інтэрнэт, — гаворыць спадар Аляксандар. — Ня ў чатах, а тварам у твар. Журналісты сталі вяртацца ў рэдакцыю. Яны гаварылі таксама, што ім было сумна працаваць дыстанцыйна. Не скажу, што дыстанцыйная праца неяк уплывала на вынік. У нас жа 24 старонкі штотыдзень, іх усё адно даводзілася рабіць. Сайт таксама абнаўляецца, сацсеткі. Але мы вярнуліся да працы ў рэдакцыі. Увесь цяжар працы ў асноўным ляжыць сёньня на штатных журналістах».
«Неяк абышлося без затрыманьняў, бяз гэтага „шчасьця“»
Аляксандар Манцэвіч кажа, што, акрамя штатнікаў, «Рэгіянальная газета» мае і пазаштатных супрацоўнікаў. Яны часта працуюць за «інтарэс», але іх у плян не ўнясеш, людзі працуюць з уласнага жаданьня.
«За год ніхто ў нас ня звольніўся, не сышоў, — гаворыць Аляксандар Манцэвіч. — У людзей зьявілася вялікая цікавасьць да працы. Спачатку праз каранавірус, а пасьля праз тое, што пачало адбывацца ў грамадзка-палітычным жыцьці. Нашая супрацоўніца Настасься Уткіна, вядомая таксама сваімі фота, вельмі добра расказвае пра гэта ў сваім інтэрвію. З 9 жніўня мы працавалі кожны дзень, фіксавалі ўсе падзеі на фота і відэа. Спачатку рабілі гэта таму, што падзеі адбываліся. А потым прыйшло разуменьне, што на нас ускладзеная місія фіксаваць усё».
Па словах галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты», журналісты могуць фіксаваць падзеі больш сыстэмна, чым гэта робяць людзі ў сацсетках і тэлеграме. Аляксандар Манцэвіч з калегамі ў тыя месяцы рыхтавалі своеасаблівую храналёгію падзей у іх рэгіёне.
«Асэнсаваньне таго, што адбывалася ў першыя месяцы пасьля выбараў, прыйшло пазьней, — расказвае галоўны рэдактар. — Мы пачалі вяртацца да тых тэмаў, ствараць своеасаблівую храналёгію падзей, літаральна па днях. 1‑ы дзень пратэстаў, 2‑гі дзень пратэстаў. Усё гэта можна знайсьці. Ня будзем сурочваць, але нашых журналістак абмінулі затрыманьні, жорсткасьць. Неяк абышлося бяз гэтага „шчасьця“. Хоць мы былі амаль паўсюль. У полі пастаянна працавалі ў першую чаргу Зоя Хруцкая, Насьця Уткіна, Ігар Палынскі, Аксана Ярашонак».
Аляксандар Манцэвіч расказвае, што на акцыі пратэстаў і суды над іх удзельнікамі журналісткі «Рэгіянальнай газеты» езьдзілі ня толькі ў Маладэчне, але і ў іншых гарадах рэгіёну — Ашмянах, Смаргонях, Вялейцы. А таксама ў дробныя населеныя пункты, куды журналісты сталічных выданьняў не даяжджалі зусім.
«Я размаўляў са сваімі журналістамі, чаму яны не звальняюцца, — прызнаецца Аляксандар Манцэвіч. — Пра гэта ў іх трэба пытацца. Але прычына ў тым, што сёньня ім працаваць цікава, гэтая праца прыносіць задавальненьне. Яны радуюцца, калі нешта атрымаецца зрабіць. Шкадуюць, калі некуды не атрымалася паехаць. Людзі працуюць зь вялікай ахвотай».
«Рабіць вінаватымі журналістаў у Маладэчне пакуль ня сталі»
Па словах галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты», адсутнасьць рэпрэсій супраць журналістаў выданьня не павінна ўводзіць у зман. Умовы працы ў іх зусім ня простыя.
«Пагрозы ў свой адрас мы чуем, — прызнаецца Аляксандар Манцэвіч. — У нас у рэдакцыі на вялікім аркушы напісана: „„Рэгіянальная газета“ шмат сабе дазваляе“. Гэта цытата аднаго з маладачанскіх міліцэйскіх начальнікаў. Ён гэтыя словы сказаў у прысутнасьці нашых журналістаў. Такі сыгнал мы пачулі. Я разумею, што ў нас сёньня ты працуеш згодна з нормамі права, але ўсё адно ня ведаеш, чым гэта скончыцца».
Манцэвіч прызнаецца, што ўлетку 2020 году ўпершыню адчуў набліжэньне небясьпекі ў працы для журналістаў, калі пабачыў у жывым эфіры затрыманьне журналісткі Радыё Свабода Аляксандры Дынько. Рэдактар гаворыць, што тады адчуў тое ж, што падчас далучэньня да Расеі Крыму ў сакавіку 2014-га: «Як такое магчыма ўвогуле? У камізэльках „Прэса“, абазначаныя — і ўсё адно затрыманьне».
«Магчыма, нам пашчасьціла проста, — разважае спадар Аляксандар. — Мы заўсёды працуем у камізэльках, абазначаныя. Але нас пакуль не затрымлівалі. Магчыма, проста з галавой усё ў парадку ў тых, хто тут у нас прымае такія рашэньні. Хаця, калі такое адбываецца навокал… Але ўсё адно да такой сваволі, як у Менску, у нас не даходзіла. Рабіць вінаватымі журналістаў у нас пакуль ня сталі».
«Мы тут працуем адны, журналісты са сталіцы прыяжджаюць рэдка»
Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газэты» гаворыць, што нейкага маральнага выбару перад тым, пускаць сваіх журналістак на працу ў небясьпечныя месцы альбо не пускаць, не было. Вырашаюць гэта самі супрацоўніцы ў першую чаргу, а ўсе яны вельмі хацелі працаваць менавіта на месцы падзей.
«Ну як не пусьціць? — гаворыць Аляксандар Манцэвіч. — Казаў толькі, каб сьцерагліся, заўсёды з галавой дзейнічалі на месцы. Бо калі затрымаюць, то хто заўтра будзе газэту выдаваць? Газэта ж у пятніцу мусіць выйсьці, сайт павінен абнавіцца. А нас тут няшмат зусім. Калі б было нас 100 чалавек, то я, магчыма, і не гаварыў бы такога. Ды і дзе іх спыніш! Яны свой прафэсійны абавязак выконваюць, сваю місію».
Спадар Аляксандар згадвае яшчэ адну асаблівасьць працы журналістаў недзяржаўных СМІ ў рэгіёнах — вельмі часта акрамя іх на месцы падзей проста больш нікога няма.
«Журналісты зь Менску да нас прыяжджалі, калі хавалі Мікіту Крыўцова (фанат футбольнага клюбу „Маладэчна“, знойдзены ў пятлі ў Менску неўзабаве пасьля 9 жніўня. Родныя і сябры Крыўцова перакананыя, што ён стаў ахвярай сілавікоў. — РС), — гаворыць Аляксандар Манцэвіч. — Справа Рамуальда Улана ў Смаргонях таксама была гучная. Магчыма, таму, што былы калега. Ён калісьці быў заснавальнікам незалежнай газэты ў Смаргонях. Прыяжджалі і туды калегі са сталіцы. А так толькі мы тут, сапраўды. Альбо яшчэ калегі зь дзяржаўных СМІ. Не хачу нікога пакрыўдзіць, са многімі я працаваў, добра ведаю людзей. Яны, можа, і хацелі б напісаць, што думаюць. Але мы бачым па тым, што выходзіць у выніку, што публікуецца. Яны ня могуць сказаць таго, што гаворым мы».
Па словах Аляксандра Манцэвіча, маладачанскія чыноўнікі ў кабінэтах чытаюць «Рэгіянальную газету». У ранейшыя часы часта нават званілі з райвыканкаму і казалі, што тое ня так напісаў, гэта ня так. Галоўны рэдактар прызнаецца, што «у позу» ніколі не станавіўся. Найперш дбаў пра тое, каб «Рэгіянальная газета» выходзіла.
Але пры гэтым выданьне заўсёды заставалася вернай праўдзе, факту, — гаворыць Манцэвіч. — Магчыма, вельмі патасна гэта прагучыць, але нас немагчыма абвергнуць. Няма фактаў, якія б маглі зьняпраўдзіць факты. Сёньня мы ведаем па рэпліках, па сацсетках, што нас чытаюць чыноўнікі. Магчыма, нехта нават з задавальненьнем. Гэта так, мае здагадкі. А хтосьці, магчыма, абураецца тым, што мы сабе дазваляем надрукаваць».
«Падпісчыкаў у Telegram стала больш у 10 разоў за 1 дзень»
Як зьмянілася за апошні год аўдыторыя «Рэгіянальнай газеты», Аляксандар Манцэвіч дакладна сказаць не бярэцца. Гаворыць, што для гэтага трэба праводзіць дасьледаваньне. А такое ягонае выданьне за ўсе гады працы змагло дазволіць сабе толькі аднойчы. Гэта займае час і каштуе значных сродкаў. Таму цяпер кіравацца можна найперш сваімі адчуваньнямі.
«На сайце ў нас людзей не прыбыло, — гаворыць Манцэвіч. — Мы ня можам пахваліцца вялізнай аўдыторыяй, якая ёсьць у расейскамоўных інтэрнэт-рэсурсаў. Мы адзін зь нешматлікіх цалкам беларускамоўных мясцовых рэсурсаў.
Беларуская мова ня вельмі добра ўспрымаецца робатамі, індэксуецца. І калі мы нешта нават вельмі цікавае напішам, а гэта потым перадрукуе хтосьці па-расейску, усе будуць чытаць там. Змагаемся з гэтым, некалькі гадоў таму зрабілі расейскамоўнае „люстэрка“ для сайту. Але ў адрасным радку яно займае падпарадкаванае месца, праз слэш. Спэцыялісты раяць вынесьці „люстэрка“ на першае месца. Але мы ня хочам гэтага рабіць. Нашая аўдыторыя нас любіць за беларускую мову таксама. Калі мы зьменім прыярытэты тут, то страцім нашага чытача».
Спадар Манцэвіч кажа, што наклад «Рэгіянальнай газеты» цяпер складае 3500 асобнікаў. У лепшыя часы было 11 тысяч. Зьніжэньне накладу ў выданьні зьвязваюць найперш з ціскам — «Рэгіянальную газэту» выкідалі з кіёскаў «Белдруку», выхад газэты нават прыпынялі ў 2004 годзе. Перажываць гэта было цяжка. Цяпер самы праблемы момант — продаж газэтаў у прадуктовых крамах сеткі «Эўраопт», якая адмовілася ад усіх газэт увогуле.
«Лепш падпісвацца, — кажа Манцэвіч. — Гэта пакуль гарантыя таго, што чалавек атрымае газэту, а мы зможам грошы ўкласьці ў друк. Такі варыянт самы аптымальны. Хаця аўдыторыя папяровай газэты скарачаецца. Зьнікае тое пакаленьне, якое прывыкла чытаць на паперы. Я згодны са словамі рэдактара „Народнай волі“ Ёсіфа Сярэдзіча, які кажа, што плача кожны раз, калі бачыць пахавальную працэсію. Бо гэта хаваюць ягонага чытача».
Спадар Манцэвіч таксама гаворыць, што не асабліва падрасла за год і аўдыторыя сайту «Рэгіянальнай газеты». А вось сацсеткі і Telegram растуць. Прычым часам значнымі рыўкамі.
«Калі адбываліся падзеі ў аграгарадку Лебедзеве, разгон АМАПам мясцовых жыхароў, у нас са 120 падпісчыкаў у Telegram стала пад 1500, — гаворыць Манцэвіч. — У 10 разоў больш за адзін дзень. Мы тады паехалі зь дзяўчатамі туды. Чытачы патэлефанавалі і сказалі, што ў Лебедзеве зьбіраюцца грамадзяне, каб перадаць ліст у сельвыканкам з прапановай спыніць гвалт з абодвух бакоў. Людзей тады зьбіраў мясцовы дэпутат Грымаць, сам былы міліцыянт. Сабраліся ля крамы, зачыталі пэтыцыю. Людзі падпісаліся і панесьлі ўручаць у сельвыканкам. Мы прыехалі з Зояй Хруцкай і Насьцяй Уткінай. Дзяўчаты выйшлі, а я паехаў да сельвыканкаму. І ў гэты момант усіх разагналі амапаўцы, дзяўчаты пасьпелі схавацца ў людзей і адтуль перадавалі інфармацыю пра разгон».
У аграгарадку Лебедзеве АМАП жорстка зьбіў і затрымаў мясцовага дэпутата і трох грамадзян
Зваротная сувязь з чытачамі ў «Рэгіянальнай газеты» за апошні год здаралася часта, кажа Аляксандар Манцэвіч. Людзі нават прыходзілі ў рэдакцыю асабіста, прыносілі торцікі. У ранейшыя гады такое здаралася значна радзей. Людзі дзякуюць за праўду, за тое, што журналісты «Рэгіянальнай газэты» не баяліся працаваць на месцах падзей.
«У людзей мінулым летам зьявілася надзея»
«Не чакаў я такіх падзей, безумоўна, — прызнаецца Аляксандар Манцэвіч, расказваючы пра свае ўражаньні ад лета і восені 2020 году. — Спадзяваньні заўсёды былі. На абуджэньне, на тое, што людзі будуць задумвацца аб тым, што навокал адбываецца. Пабачаць, што мы жывём у, мякка кажучы, недэмакратычных умовах. Але што ўсё гэта адбудзецца вось так зараз, гэта было нечакана. Для мяне відавочна стала, што нешта адбываецца, калі Ціханоўская стала езьдзіць па краіне зь перадвыбарчымі сустрэчамі».
Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» ўспамінае, як сам быў на такой сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай у Маладэчне. І пабачыў, колькі людзей туды прыйшло і зь якімі сымбалямі. Пасьлявыбарчыя падзеі для Аляксандра Манцэвіча часта станавіліся шокам.
«Цяпер ужо столькі ўсяго адбылося і кожны амаль дзень адбываецца, што цяжка зьдзіўляцца, — кажа спадар Аляксандар. — Але каб тады нехта расказаў, што будзе рабіцца праз паўгода, то гэта дакладна было б шокам. Даходзіць жа да абсурду, ужо спалучэньне колераў забаранілі».
Прычыны падзей лета і восені 2020 году Аляксандар Манцэвіч бачыць у тым, што ўлады перад мінулымі выбарамі на некалькі гадоў «папусьцілі лейцы». А калі кандыдаткай у прэзыдэнты стала Сьвятлана Ціханоўская, яе вырашылі не садзіць за краты.
«У людзей зьявілася надзея, што яны нешта могуць вырашаць, — кажа Манцэвіч. — Яны прыходзяць на сустрэчы, запаўняюць стадыёны. А ўлады не рэагуюць жорстка. Калі б хтосьці з уладаў разумеў, чым усё гэта абернецца, то яны б ужо тады жорсткія захады прымалі. Толькі дзе б мы тады сёньня былі? Цяжка на гэтае пытаньне адказаць, я ня ведаю адказу. І я б хацеў знайсьці такога чалавека, які б расказаў мне, што будзе далей. Зразумела толькі, што так, як было, ужо больш не будзе».
«Прыходзіцца часам стрымлівацца. Але гэта ня значыць, што прыходзіцца хлусіць»
На будучыню Аляксандар Манцэвіч тым ня менш глядзіць аптымістычна. Нягледзячы на тое, што цяпер часта даводзіцца стрымліваць эмоцыі, разумеючы, што за плячамі газэта і супрацоўнікі.
«Прыходзіцца часам стрымлівацца, вядома, — гаворыць Аляксандар Манцэвіч. — Рабіць рацыянальна. Але гэта ня значыць, што прыходзіцца хлусіць. Нашае выданьне заўсёды было больш культурна-гістарычным. Хоць і гэта спрыяла выхаваньню грамадзян. А сёньня мы вельмі шмат асьвятляем грамадзка-палітычных падзей. Усе суды, усе пратэставыя акцыі, размовы з рэпрэсаванымі — усё гэта ў нас публікуецца. Гэта другая наша прыступка ў інфармаваньні людзей, у выхаваньні актыўнай грамадзянскай пазыцыі».
Аляксандар Манцэвіч перакананы, што пасьля дэмакратычных пераменаў «Рэгіянальная газета» будзе прадавацца ў кожнай прадуктовай краме. З распаўсюдам і рэкламадаўцамі стане значна прасьцей. Але з другога боку, можа зьявіцца канкурэнцыя з боку ўчарашніх «раёнак».
«Яны мімікруюць, зоймуць іншыя пазыцыі, — кажа Манцэвіч. — Прыйдзе час, і дзяржаўныя СМІ масава „перафарбуюцца“. Стануць пісаць па-іншаму, і нам зь імі давядзецца канкураваць. Я ўжо бачыў гэта аднойчы, калі з развалам СССР тыя ж людзі, што пісалі ў газэтах пра ваяўнічы атэізм, сталі пісаць артыкулы пра рэлігійныя сьвяты і заклікаць людзей у царкву. Тыя самыя аўтары. І гэтак сама будзе зараз, абавязкова».
Пакуль жа журналістам «Рэгіянальнай газэты» даводзіцца працаваць у тых умовах, якія ёсьць, кажа Аляксандар Манцэвіч. І ён думае, што ў дэмакратычнай Беларусі, магчыма, ягоным супрацоўніцам ужо будзе ня так цікава. Прынамсі, летась яны ўпершыню за шмат гадоў самі адмовіліся ад адпачынкаў.
Даведка
Аляксандар Манцэвіч нарадзіўся ў Вялейцы ў 1958 годзе. Інжынэр-сыстэматэхнік прафэсіяй, у 1980 годзе скончыў радыётэхнічны інстытут у Менску (цяпер БДУІР. — РС). Шмат гадоў адпрацаваў на вялейскім заводзе «Зэніт», пасьля перайшоў на працу ў маладачанскую «раёнку». У сярэдзіне 90‑х зарэгістраваў уласную «Рэгіянальную газету» — адно зь першых прыватных выданьняў у Беларусі. Кіруе ёй з моманту заснаваньня.
Гэта цыкль размоваў з галоўнымі рэдактарамі недзяржаўных СМІ. Гутарку з галоўрэдам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам можна пачытаць тут, з Алегам Гаруновічам з «Трыбуны» — тут. Размова з галоўным рэдактарам «Эўрарадыё» Паўлам Сьвярдловым — тут. З галоўнай рэдактаркай і дырэктаркай агенцтва БелаПАН Ірынай Леўшынай — тут. З галоўнай рэдактаркай выданьня Kyky.org Насьцяй Рагатко — тут. Размова з галоўнай рэдактаркай партала Tut.by Марынай Золатавай — тут. Размова з галоўнай рэдактаркай штотыднёвіка «Новы Час» Аксанай Колб — тут. Гутарка з заснавальнікам «Сильных новостей» Пятром Кузьняцовым — тут.
«Ня думаю, што ўладам трэба ўкачаць нас у асфальт». Гутарка з заснавальнікам «Сильных новостей» Пятром Кузьняцовым
«Новы час» чытае як мінімум тысяча зняволеных: размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб
«Пачатак будзе тады, калі ўсё гэта скончыцца». Вялікая размова з Марынай Золатавай