Мова ў беларускай журналістыцы – пазіцыя або проста інструмент?
Разгледзелі моўную дыскусію, якая ўзнікла сярод новага ток-шоу
Як ніколі патрэбны круты беларускамоўны кантэнт?
Напачатку траўня на ютубе выйшла ток-шоу “Мне таксама не падабаецца”. Яе аўтар і вядоўца – журналістка, рэдактарка “The Village Беларусь”, якая цяпер жыве і працуе за мяжой, — Яўгенія Сугак.
Калі ў адным з журналісцкіх чатаў аўтарка новага ток-шоу падзялілася з калегамі, каб тыя ацанілі новы прадукт або нешта прафесійна параілі, у чаце разгарэлася дыскусія. Яе прадметам стала не прафесійная вартасць новай перадачы, а яе мова. На ток-шоу актуальныя для Беларусі і беларусаў праблемы абмяркоўваюць па-руску.
Частка калег выказала думку, што сёння, напэўна, як ніколі патрэбны круты беларускамоўны кантэнт, што ствараць яго трэба як мага больш і што беларускую мову разумеюць людзі з абсалютна рознымі палітычнымі перакананнямі. Іншыя ж прытрымліваліся пераканання, што паколькі большасць беларускай аўдыторыі па-ранейшаму рускамоўная, выкарыстанне рускай мовы ў перадачы цалкам лагічнае. Да таго ж нават суразмоўцы ў ток-шоу не заўсёды без напружання могуць гаварыць па-беларуску. Руская мова – гэта больш праглядаў і адпаведна шырэйшая аўдыторыя. І не варта мераць беларусчыну па моўным прынцыпе.
Дзе шукаць праўду? Хто з калег меў рацыю? Перш за ўсё, з просьбай пракаментаваць дыскусію БАЖ звярнулася да самой аўтаркі.
Яўгенія Сугак: Руская мова беларусаў не робіць іх менш беларускімі
— Рабіць ток-шоу з некалькімі людзьмі больш складана, чым інтэрв’ю. Але мне хацелася прыўнесці гэты не самы папулярны ў нас фармат, паспрабаваць, што з яго атрымаецца. Маё асяроддзе глядзіць шмат ютуба, і калі папрасіць іх пералічыць – амаль усё замежнае, — кажа Яўгенія. — Каб заняць некалькі сваіх вечароў на тыдзень праглядам беларускага на ютуб, кантэнту не хопіць.
Я, як і ўсе мы, хачу, каб беларусы больш слухалі меркаванне беларусаў па розных пытаннях і перасталі параўноўваць усіх з Дудзём.
— Акрамя таго, у нашым ютубе мала жанчын — і сярод гераінь, і сярод журналістак і вядучых. Ва ўсіх праектах, якімі займаюся, я сачу за тым, каб паказваць жаночую экспертнасць, каб жанчын было не менш. І калі ўсе адбываецца на рускай мове, гэта не робіць кантэнт і гэтых людзей меншымі беларусамі, — дадае суразмоўца.
Па словах аўтаркі ток-шоу, мова стала прадметам такой вострай дыскусіі толькі ў адным чаце. Ва ўсіх астатніх чатах, водгуках, каментарах ці пабліках пытанні мовы ўзнікалі хутчэй кропкава. Больш надавалася ўвага канцэпту і тэмам шоу, спрэчкам з меркаваннем герояў, абмеркаванняў.
Калегі выказваліся, з кім яны згодныя, а з кім – не, якія думкі блізкія, а якія сталі адкрыццем. Было дастаткова калег, якія напісалі аўтарцы асабістыя паведамленні з падтрымкай, але па нейкіх прычынах вырашылі не ўступаць у спрэчкі пра мову ў публічнай прасторы:
— Бо тут крок направа, крок налева — і вось цябе ўжо падымаюць на вілах, — адзначае суразмоўца.
Па словах Яўгеніі Сугак, руская мова ў ток-шоу “Мне таксама не падабаецца” – гэта ніякая не пазіцыя, а проста інструмент.
— Я разумею неабходнасць распаўсюджвання беларускай мовы, мару, што ўсе мы будзем размаўляць, а потым і думаць на ёй больш. Таму будуць выпускі і па-беларуску, — падсумавала журналістка.
Зоя Хруцкая: Нам казалі: хочаце зарабляць — дадавайце рускую мову
А як гэта ўвогуле: рабіць медыя па-беларуску ва ўмовах пераважна рускамоўнага насельніцтва краіны?
Гэта значыць, свядома паставіць місію вышэй за бізнес, перакананая журналістка Зоя Хруцкая, якая 11 год працавала ў адной з нешматлікіх цалкам беларускамоўных медыя – “Рэгіянальнай газеце” і некалькі год з’яўлялася намесніцай галоўнага рэдактара.
— Сярод 27 год гісторыі “Рэгіянальнай газеты” 11 прайшлі пры маім удзеле. Я прыйшла ў рэдакцыю ў 2010, і з года ў год назірала, як усё мацней закручваюцца гайкі, усё цяжэй выбіць каментары, усё часцей людзі гавораць аб праблемах, але баяцца назвацца, усё больш навязлівых наездаў з выканкамаў у наш бок. І да ўсяго гэтага дадаваўся моўны момант “пишите нормально, ничего не понятно”, — прыгадвае Зоя.
Рэдакцыі не раз казалі: хочаце зарабляць — дадавайце рускую мову.
— Зарабляць мы, вядома, хацелі. Але нам было важней, каб у Беларусі заставалася беларускамоўнае лакальнае медыя. І няхай мы не пашырым аўдыторыю, але застанемся вернымі тым прыхільнікам, якія палюбілі нас у тым ліку і за моўную прынцыповасць. Наколькі дорага каштуе такая пазіцыя вы зразумееце, калі паспрабуеце палічыць, колькі яшчэ ў Беларусі беларускамоўных лакальных выданняў, – кажа журналістка.
І ўсё ж нягледзячы на сваё асабістае змаганне, Зоя прызналася, што не збіраецца цкаваць і асуджаць калег, якія запускаюць рускамоўныя праекты:
— Вельмі зручна ўяўляць свет як нешта бінарнае: дабро-зло, чорнае-белае. Але рэчаіснасць нашмат больш складаная. Людзі і з’явы не складаюцца з адной уласцівасці. Мова — гэта наша каштоўнасць, якую нам так важна папулярызаваць. Але калі ацэньваць з’яву, у ёй будзе шэраг маркераў, і мова — адзін з іх.
Ёсць вельмі шмат цудоўных рускамоўных беларусаў, якія робяць важныя рэчы на карысць Беларусі. Хіба можна іх адсякаць толькі з‑за мовы?
Ну такая яна, наша рэальнасць — сярод беларусаў пакуль большасць рускамоўных і тысячы беларусаў пасля 2020 года выехалі з краіны. Напэўна, лепш шукаць тое, што нас яднае, бо прычыны для раз’яднання знойдуцца самі. Толькі разам мы можам асіліць буйныя задачы.
— Як жа зразумець, хто свой, а хто чужы, калі не па мове? І ці варта рабіць тут мову паказчыкам?
— Мне бачыцца, што чалавек мае права без асуджэння карыстацца той мовай, якой яму зручна. І гэтае правіла працуе ў абодва бакі. Калі рускамоўны чалавек не просіць пераходзіць з беларускай на рускую, то і я не прашу адваротнага. Мы абодва разумеем, што родная мова для нас — каштоўнасць, але адзін з нас вырашыў у дадзенай сітуацыі размаўляць не на ёй. Абодва скарысталіся выбарам.
Вельмі хочацца, каб у справе была і карысць, і мова, лічыць Зоя і бачыць праблему ў іншым:
— У нас яшчэ вельмі шмат працы па пашырэнні беларускамоўнай прасторы. І важна знаходзіць у сабе сілы для таго, каб ствараць пазітыўныя прыклады.
Выдатны ўзор — пераход Мікіты Мелказёрава з рускай мовы на беларускую. Але нават тут знаходзіліся тыя, хто замест падтрымкі, якая магла б заахвоціць і іншых, пісалі пра моўныя памылкі.
Безумоўна, у тысяч беларусаў, якія змагаліся за мову гадамі, шмат крыўдаў. Але калі сапраўды вашай мэтай было развіццё беларускай мовы, то пакажыце сваім прыкладам, што беларускамоўныя ініцыятывы падтрымаюць хаця б свае. Гэта дакладна спрацуе лепш, чым цкаванне ў фэйсбуку.
Хочаце публічна выказацца па гэтай тэме — напішыце Вашу калонку нам press@baj.by
Абмеркаваць артыкул можна на нашай старонцы ў Fecebook
Важный — холуй бумажный. Текстовый разбор белорусской пропаганды от Ирины Халип
«Двуличие? Кому-то карьера дороже». История экс-комментатора госТВ
«А ці ёсць яшчэ Беларусь?» Пост вядомага журналіста і прадпрымальніка выклікаў гарачае абмеркаванне