• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Медыяспажыванне ў Беларусі. Здагадайцеся, у каго 3%?

    Дырэктар «DigitalHub» Міхаіл Дарашэвіч у эфіры «Delfi» расказаў, якімі асноўнымі крыніцамі інфармацыі карыстаюцца беларусы і як месцазнаходжанне ўплывае на спажыванне інтэрнет-кантэнту.

    — Неаднаразова праводзяцца даследаванні, адкуль сёння людзі бяруць інфармацыю і што з’яўляецца для іх асноўнай крыніцай інфармацыі. Калі гаварыць пра Беларусь, то можна даць даволі дакладную карціну, — гаворыць Міхаіл Дарашэвіч. — Бо, напрыклад, у межах нашай кааліцыі па лічбавых навыках мы праводзілі ўжо некалькі хваль даследаванняў медыяспажывання беларускай інтэрнет-аўдыторыі, і апошняе даследаванне, якое было ў кастрычніку мінулага года, уключала яшчэ і беларускую інтэрнет-аўдыторыю, што знаходзіцца за мяжой — у Літве, Польшчы і Грузіі.

    Мы можам дакладна (наколькі дакладным можа быць сацыялагічнае ці маркетынгавае даследаванне) сказаць, якое медыяспажыванне ў беларускай інтэрнет-аўдыторыі. Узровень пранікнення інтэрнету ў Беларусі, паводле звестак Сусветнага банка, які спасылаецца на даныя Міжнароднага камунікацыйнага саюза, — 80–85%. Калі глядзець глабальна, гэта някепскія лічбы, але Беларусі ёсць куды развівацца, бо існуе даволі сур’ёзная лічбавая няроўнасць паміж гарадскім і вясковым насельніцтвам — каля 20 пунктаў розніцы. Таксама адчувальная ўзроставая розніца. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярод людзей старэйшай узроставай групы (больш за 65 гадоў) выкарыстанне інтэрнету было толькі на ўзроўні 50%.

    Гэта важна ў рамках пытання медыяспажывання. У людзей, якія менш карыстаюцца інтэрнетам, будзе больш тэлебачання. Калі разглядаць даныя кампаніі «Тэлеметр», якая ажыццяўляе тэлевізійныя замеры беларускай аўдыторыі, то там цікавая розніца спажывання тэлебачання ў розных узроставых групах. Напрыклад, у моладзі на тэлевізар сыходзіць 1,5 гадзіны на дзень, а ў старэйшай узроставай аўдыторыі гэта больш за 6 гадзін. І трэба яшчэ адзначыць, што гэтае даследаванне праводзіцца толькі для гарадскога насельніцтва. То-бок, можна меркаваць, што ў вясковай аўдыторыі ўзровень спажывання тэлебачання будзе больш высокім. А калі ўлічыць яшчэ, што і тэлебачанне, і радыё, і газеты ў сённяшняй Беларусі — выключна дзяржаўныя, то высновы будуць несуцяшальнымі.

    Блакіроўкі і прызнанне «экстрэмісцкімі» незалежных рэсурсаў самым сур’ёзным чынам адбіваецца на медыяспажыванні, бо, згодна з нашымі даследаваннямі, людзі нячаста выкарыстоўваюць нейкія сродкі абыходу блакіровак, нячаста гэта ўмеюць і нават недаацэньваюць ступень пагрозы для бяспекі — бо гэта важна не толькі датычна блакіровак, але і агульнай лічбавай гігіены. Па-добраму, у публічных месцах — кавярнях, бібліятэках і г. д., — таксама трэба выкарыстоўваць VPN.

    Адпаведна, калі нейкае медыя блакуецца ці прызнаецца «экстрэмісцкім», гэта дадатковая пагроза ў выпадку праверкі тэлефонаў ці камп’ютараў для бяспекі грамадзян.

    Што датычна асноўных крыніц інфармацыі, то досыць нечаканым у даследаванні канца 2022 года стала тое, што крыніцай інфармацыі №1 для беларускай інтэрнет-аўдыторыі ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў стаў YouTube. Ад яго недалёка адстаюць сацсеткі, потым — вэб-сайты і анлайн-медыя, і толькі на чацвёртай пазіцыі знаходзяцца месенджары, якія часта пераацэньваюць — уключна з Тэлеграм-каналамі (40% карыстальнікаў). Пятую пазіцыю з 36% карыстальнікаў займае тэлебачанне. Яшчэ адна нечаканая, але істотная крыніца інфармацыі — так званае «сарафаннае радыё», вусны абмен звесткамі.

    Варта адзначыць таксама цікавы момант, што адным толькі YouTube карыстаюцца 6% апытаных, а глядзяць толькі тэлебачанне 3%. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што людзі ў асноўным выкарыстоўваць вялікую колькасць крыніц інфармацыі.

    Акрамя таго, трэба зафіксаваць гендарную розніцу ў медыяспажыванні, якая вельмі істотная. У жаночай аўдыторыі асноўная крыніца інфармацыі — гэта сацсеткі (61%), у той час як мужчынская аўдыторыя больш за ўсё атрымлівае інфармацыю з YouTube (59%). Спажыванне сайтаў і вэб-старонак знаходзіцца на адным узроўні. Ёсць невялікая розніца ў спажыванні тэлебачання — яго глядзяць 37% мужчын і 34% жанчын.

    Можна таксама прывесці топ‑5 сацсетак, якімі карыстаюцца беларусы. Унутры краіны ён будзе выглядаць так: Інстаграм(53%), «ВКонтакте» (45%), ЦікТок (40%), Фэйсбук (26%), «Аднакласнікі» (22%). У замежжы №1 — гэта Фэйсбук.

    Чытайце яшчэ:

    Ідэалагічны міжсабойчык. Ува што ператвараецца факультэт журналістыкі

    Васкрасенскі распавёў, як сустракаўся з Пачобутам дзеля яго вызвалення

    У Батумі распачаў працу «Медыя Хаб» — прастора для медыйшчыкаў, якую стварылі беларусы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці