• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Людзі гатовыя былі нават валанцёрыць — для іх было важна, каб «Трыбуна» з’явілася на беларускай мове». Інтэрв’ю з кіраўніком выдання

    Трэці год незалежныя беларускія медыя функцыянуюць ва ўмовах ціску і пераследу: станам на сёння 33 журналістаў улады трымаюць у зняволенні, блакуюць сайты СМІ і прызнаюць «экстрэмісцкімі». Пад ударам не толькі агульнанацыянальныя медыяпляцоўкі, але і спецыялізаваныя выданні, у тым ліку і спартовы праект «Трыбуна». Беларуская асацыяцыя журналістаў пагутарыла з яго кіраўніком Максімам Беразінскім пра ўмовы працы ў сённяшні няпросты час, цікавасць чытача да спартыўнай тэматыкі, падабенства між беларускім і ўкраінскім медыярынкамі.

    «Спартоўцы маюць быць моцнымі не толькі ў межах стадыёна, але і духам»

    — Калі казаць пра тое, што ёсць зараз, то «Трыбуна»…

    — Гэта галоўнае спартыўнае медыя пра спорт, якое прызнанае экстрэмісцкім медыя, і якое заблакаванае ў Беларусі. 

    Блакаванне — той важны фактар, які мы павінны ўлічваць з пункту гледжання дыстрыбуцыі, што мы робім, і з пункту гледжання ўмоваў, у якіх мы вымушаныя працаваць. Зразумела, што людзі, звыклыя да «Трыбуны», ведаюць, як нас знайсці праз ВПН ці іншыя сродкі, але мы страцілі тую частку аўдыторыі, якая цікавілася спортам «ад часу да часу», завітвалі да нас праз пошук, як правіла падчас буйных спартовых мерапрыемстваў, калі ўзрастаў інтарэс да тэмы.

    Мы адмыслова развіваем ютуб-напрамак і таксама напрамак вертыкальных відэа. Гэта тое, што дазваляе выходзіць за межы нашай «хардкорнай» аўдыторыі і гэта вельмі важна для нас. 

    Таксама, як у іншых незалежных медыя, у нас вялікія праблемы з доступам да інфармацыі, да публічных звестак. Напрыклад, калі стартаваў Чэмпіянат Беларусі па футболе, мы не мелі магчымасці ні адправіць туды чалавека, ні завітаць на прэс-канферэнцыю, каб запытаць у трэнера акалічнасці. 

    Найгоршае — ціск у дачыненні да людзей. У нас толькі ў лютым выйшаў на свабоду Саша Івулін. Гэта насамрэч было цяжкае выпрабаванне, якое скончылася. 

    — Што тычыцца асвятлення падзей у Беларусі: ці ігнаруеце пэўныя падзеі, бо частка спартыўных мерапрыемстваў выкарыстоўваецца для дзяржпрапаганды?

    — Мы з 2021 года, калі са спартоўцаў пачалі збіраць подпісы ў падтрымку Лукашэнкі, перасталі пісаць вялікія тэксты пра Чэмпіянат Беларусі па хакеі, бо там шмат вычварэнцаў, якія падтрымліваюць усё, што адбываецца ў краіне — для нас гэта непрымальна. Але нельга сказаць, што мы не пішам увогуле нічога пра хакей. Напрыклад, сітуацыя пра фанатаў хакейнага клуба «Нёман», якія перарвалі свой байкот і вярнуліся на трыбуны. А потым частку з гэтых людзей пасадзілі на суткі.

    Калі мы бачым, якім чынам падаць той ці іншы матэрыял (спаборніцтва ці выступ чалавека, які, напрыклад, падтрымлівае Лукашэнку), мы знаходзім варыянт і пішам пра гэта. Вядома, нам хацелася б больш пісаць пра прыстойных людзей, пра тых, хто можа сваім прыкладам паказаць, як трэба сябе паводзіць, бо спартоўцы маюць быць моцнымі не толькі ў межах стадыёна, але і духам. Пра гэта кажа і алімпійская Хартыя. 

    У нас няма цэнзуры, каб мы не маглі пісаць пра нейкія спаборніцтвы, дзе ўмоўныя літары «Z» ці сцягі не тыя. Наадварот, мы гэта падсвечваем і паказваем, якая лухта творыцца навокал. На нашу думку, гэта важная справа — паказваць падобнае і называць рэчы сваімі імёнамі. Калі чорнае — то чорнае.

    У вар’ятні, у якой мы зараз жывем, важна, каб было чуваць адэкватныя галасы, журналісты выконваюць цяпер і гэтую місію.

    «Футбол вельмі звязаны з тым, які эканамічны стан у прадпрыемстваў»

    — На колькі аўдыторыі цікавая тэма спорту пасля апошніх падзей у Беларусі?

    — Мы адчуваем і на сабе, і на нашых чытачах, што цікавасць да беларускага спорту змяншаецца. Па-першае, праз тое, што наш спорт амаль не прадстаўлены на сусветных пляцоўках. Нават калі тая ж тэнісістка Арына Сабаленка атрымлівае перамогу на Aus­tralian Open, частка аўдыторыі радуецца, частка пасылае ёй праклёны, сітуацыя неаднародная. Калі зборная Беларусі гуляе, то абсалютная большасць аўдыторыі жадае паразы, а не падтрымлівае яе. Жывем вось у такім свеце. Таму інтарэс да спорту ўнутры краіны цяпер значна меншы: асабліва няма за каго перажываць, няма спартыўных герояў, якія выклікаюць нейкі гонар.

    Па-другое, мы ведаем шмат людзей, што цікавяцца спортам, вымушана з’ехалі. Людзі не глядзяць тое, чым цікавіліся раней, напрыклад, беларускі футбол. 

    Зараз жа не можа быць ніякага развіцця. Бо футбол вельмі звязаны з тым, які эканамічны стан у прадпрыемстваў. Калі няма грошай, каб проста плаціць заробкі, то, вядома, на футбол яшчэ меней застаецца.

    І футбол, і хакей, і іншыя віды спорту — гэта адлюстраванне таго, што адбываецца ў беларускім грамадстве. Зразумела, што калі ў людзей на парадку дня пытанне бяспекі, то ім не да спорту і іншых забаў: проста трэба нейк дацягнуць, выжыць і захаваць сябе. 

    Пры гэтым мы бачым, што інфармацыя пра тое, што адбываецца ў спорце, якія там кадравыя рашэнні прымаюцца, напрыклад, перастаноўкі ў Федэрацыі футболу, Мінспорта, нейкія чорныя спісы футбалістаў — гэта цікавіць людзей. 

    — У вас кантэнт беларускамоўны. Наколькі зараз стаіць праблема з пошукам спецыялістаў, што і добра валодаюць роднай мовай, і разбіраюцца ў тэме?

    — Мяркую, што праблема са спецыялістамі ёсць ва ўсіх медыя, і гэта не залежыць нават ад мовы выдання. Зараз шмат людзей сыходзіць з прафесіі. Калі казаць пра жыццё за мяжой, то ёсць працы, дзе можна зарабіць больш грошай. Шчыра кажучы, жыццё за мяжой больш дарагое, некаторыя выбіраюць больш прыбытковыя шляхі для развіцця. Праблема гэта дакладна ёсць. Што з ёй рабіць і як вырашаць?

    Мы заўсёды, і калі былі ў Беларусі таксама, думалі пра тое, каб знайсці чалавека, які сапраўды цікавіцца спортам. Ён мог быць і не журналістам, але мы гатовыя былі даваць неабходныя веды, каб чалавек мог працаваць.

    Гэта тычыцца і журналістаў, што пішуць тэксты інтэрв’ю, і навінароў, і тых, хто працуе з сацсеткамі. У нас шмат людзей, якія прыходзілі да нас без асаблівага досведу. Зараз, хутчэй, праблема ў тым, што нам складаней адабраць людзей, якія хочуць займацца журналістыкай, думаем, як гэту варонку пашырыць. Разглядаем арганізацыю пэўных адукацыйных імпрэз, таксама востра стаіць пытанне бяспекі людзей у Беларусі. Карацей, вырашаем праблему як можам, гатовыя вучыць новых людзей.

    Нават калі сярод вашых чытачоў ёсць нехта, хто цікавіцца спортам, хоць і не мае профільнай адукацыі, то можна смела нам пісаць: паразмаўляем, падумаем, чым можа быць чалавек карысны. 

    «Да нас прыйшло значна больш рэзюмэ менавіта на беларускамоўныя вакансіі»

    — Што тычыцца мовы і аўдыторыі: некаторыя айчынныя СМІ абіраюць рускую мову, аргументуючы гэта больш шырокімі ахопамі. Як успрымаюцца беларускія тэксты?

    — Мы, калі запускалі беларускамоўную версію, арыентаваліся акурат на тое, што павялічыўся запыт. Калі мы гэта зрабілі, то адчулі вялікую падтрымку ад людзей, да нас прыйшло значна больш рэзюмэ менавіта на беларускамоўныя вакансіі. Людзі гатовыя былі нават валанцёрыць — для іх было важна, каб «Трыбуна» з’явілася на беларускай мове.

    Калі казаць пра лічбы, то прыкладна 37–39 адсоткаў наведнікаў — гэта людзі, што чытаюць беларускую версію. Гэта лічба нават большая, чым мы чакалі.

     Вельмі важна людзям даць менавіта паўнавартасную беларускую версію, каб не было такога, што некалькі тэкстаў выкладаюцца па-беларуску, а каб мелася магчымасць абраць мову і чытаць на ёй усе матэрыялы. Каб гэты кантэнт з’яўляўся аператыўна, а не тое, што спачатку руская мова, а толькі потым пераклад. 

    Па ўкраінскім праекце «Трыбуны» бачым, што адсотак праглядаў на ўкраінскай мове ўзрос да 85–90 адсоткаў. Людзі свядома абіраюць родную мову. Лічым, што менавіта нішавыя праекты могуць несці да людзей роднае: у Беларусі ж насамрэч няма вялікай праблемы з разуменнем беларускае мовы, так, ёсць цяжкасці з тым, каб размаўляць, але тэксты людзі разумеюць. Таксама бачым, што ў сацсетках пад беларускамоўнымі пастамі шмат хто намагаецца каментаваць па-беларуску.

    Гэта такі працэс двухбаковы: мы даем кантэнт па-беларуску, людзі пачынаюць адгукацца таксама па-беларуску. Так, з памылкамі, але лепш з памылкамі, чым аніяк. Для мяне стала адкрыццём, што ў нашай гісторыі і не было асобнага спартыўнага медыя на роднай мове. Быў невялічкі перыяд, калі «Фізкультурнік» выдаваўся па-беларуску, але гэта было літаральна год і хутка схлопнулася. Таму мы па-сутнасці, першае такое медыя ў краіне, гэты статус абавязвае, і мы будзем намагацца і надалей умацоўваць беларускую мову.

    — Украінскае аддзяленне «Трыбуны» існуе ўжо больш за 10 год, а наколькі яно звязана з беларускім?

    — Рэдакцыі асобныя, ёсць і там, і там галоўны рэдактар. Насамрэч, няма задачы, каб гэтыя праекты былі ўзаемазвязаныя. А вось у моманце тэхнічных рашэнняў шмат агульнага: распрацоўка сайтаў, дадаткаў і ўсяго, што звязана з ІТ. Такая праца на некалькі краін дае магчымасць скараціць выдаткі на распрацоўку.

    — Што тычыцца рознага падыходу: на колькі адрозніваецца беларускі і ўкраінскі медыярынак?

    — Зразумела, што ёсць своеасаблівасці. Напрыклад, беларускае медыяполе складаецца з безлічы дзяржаўных медыя і некаторых незалежных — такое супрацьстаянне паміж двума абсалютна рознымі лагерамі. Ва Украіне вельмі шмат розных медыягруп, што належаць ці алігархам, ці іншым групам уплыву, адпаведна можа быць не два меркаванні, а чатыры-пяць. Больш канкурэнцыі, змагання за аўдыторыю. Тэлебачанне ва Украіне дакладна не адстае ад таго, што мелася ў Расіі, а па некаторых праектах нават і апярэджвала яго. Пра беларускае такога не скажаш: наша тэлебачанне засталося на дапатопным узроўні 90-ых гадоў.

    Ва Украіне значна больш недакладных матэрыялаў. У беларускіх незалежных медыя я з такім не сутыкаўся, не бачыў такой адкрытай заказухі за грошы. Ва Украіне нават на пошту рэдакцыі можа прыходзіць прапанова ад нейкага дэпутата, напрыклад, за грошы апублікаваць той ці іншы матэрыял.

    Увогуле ва Украіне на абсалютна іншым узроўні расследаванні: гэта пастаўлена на паток, шмат журналістаў робяць на гэтым імя. У нас з расследаваннямі складаней — і праз небяспеку, і праз фінансавыя пытанні, бо раследвальніцкая журналістыка каштуе шмат грошай.

    «Калі чытач сочыць за канкрэтнай футбольнай камандай, то ён можа атрымліваць апавяшчэнне, калі яна забівае гол»

    — Распавядзіце пра вашыя дадаткі: для чаго яны ствараюцца, наколькі шмат карыстальнікаў ужо?

    — Мы распрацоўваем унутры кампаніі адмысловыя дадаткі, у нас усё ж такі больш складанае медыя, чым проста навіны — маем вялікую колькасць спартыўнай статыстыкі. Напрыклад, калі чытач сочыць за канкрэтнай камандай футбольнай, то ён можа атрымліваць апавяшчэнне, калі яна забівае гол. У нас ёсць досвед працы на розных рынках, і бачым, што для некаторых людзей каманда, якую яны падтрымліваюць, можа быць важнейшай за агульнапалітычныя навіны. Чалавек можа не ведаць, што адбываецца ў краіне і ў свеце, але хоча ведаць, ці перамог «Ліверпуль» альбо «Манчэсцер-Юнайтэд».

    Да таго ж для Беларусі зараз дадатак — гэта і магчымасць абыходзіць блакіроўкі, чытаць навіны спорту без ВПН.

    Мы канкуруем не толькі з «Прессболом», які зараз увёў цэнзуру і не піша, напрыклад, пра футбалістаў Алега Дулуба ці Васіля Хамутоўскага… Мы канкуруем з расійскімі спартыўнымі сайтамі, з фэйсбукам, цік-токам, інстаграмам, якія таксама адымаюць час у людзей. Нам важна, каб медыя таксама давалі якасныя тэхнічныя рашэнні, каб нашыя карыстальнікі бачылі сучасны дызайн, зручную навігацыю, каб наш прадукт задавальняў і інфармацыйныя патрэбы, і проста б быў прадуктам, якім прыемна карыстацца. Каб мы маглі дыстрыбутаваць кантэнт для людзей такім чынам, якім ім зручна спажываць, таму працуем і ў сацыяльных сетках, і распрацоўваем дадатак: намагаемся быць там, дзе наша аўдыторыя. 

    У тым жа дадатку назіраем большую глыбіню праглядаў: карыстальнікі могуць за сесію праглянуць і 5, і 10 старонак. На сайце такіх паказчыкаў дабіцца немагчыма, там глыбіня складае 2–3 старонкі.

    «Мне здаецца, беларускія журналісты значна хутчэй знайшлі выйсце з сітуацыі, чым расійскія медыя»

    — Якія вы бачыце перспектывы беларуская спартовай журналістыкі ў бліжэйшым часе? 

    — Я думаю, што спартовую журналістыку тут нельга вылучаць — след разглядаць сітуацыю агулам. Не ў дачыненні спорту, аўтамабіляў ці яшчэ нечага. Перыяд зараз цяжкі, шмат медыя працуюць у выгнанні, гэта накладае шмат праблем і з манетызацыяй, і з доступам да інфармацыі ў Беларусі, і з дыстрыбуцыяй. Пры гэтым беларускія медыя дастаткова хутка зразумелі, як працаваць у такіх умовах, шукаюць новыя варыянты, нехта перазапусціўся, нехта крыху пераарыентаваўся. З’явіліся і новыя медыя ў нас. Мне здаецца, беларусы значна хутчэй знайшлі выйсце з сітуацыі, чым расійскія медыя, якія пасля зачыстак шмат часу ўвогуле не разумелі, што рабіць. 

    Мяркую, адна з прычын таго, што беларуская армія не ўвайшла ва Украіну, гэта якраз праца нашых незалежных медыя, праз тое, што яны працягваюць паказваць рэальную сітуацыю вакол. Гэта вельмі важна. 

    Я вельмі ганаруся тым, як нашы журналісты працуюць тут і цяпер. На нейкай канферэнцыі гучала думка, што калі параўноўваць ахопы нашых медыя, то мы можам пераўзыходзіць расійскія медыя, маем больш уплыву, хоць і працуем з абсалютна іншымі бюджэтамі. Тое, што ёсць зараз у беларускай журналістыцы, — гэта выдатная праца.

    Чытайце яшчэ:

    Остаться в профессии. Вся помощь журналистам и медиа по одной ссылке

    Браты Сяргей і Аляксандр Сацукі адзначаюць юбілей. Першы — у калоніі, другі — у эміграцыі

    Зноў змаглі выйсці 25 мясцовых выданняў на прыфрантавой і дэакупаванай тэрыторыі Украіны

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці