Фёдар Паўлючэнка з Reform.by: Якасць беларускай журналістыкі застаецца высокая
У Беларусі пасля выбараў 2020 года практычна не засталося незалежных журналістаў. Дзясяткі працаўнікоў медыяў – за кратамі. Іншыя мусілі выехаць, каб застацца на свабодзе. Фёдар Паўлючэнка, медыяменеджар і галоўны рэдактар рэсурсу Reform.by распавёў пра сітуацыю са свабодаю слова ў нашай краіне.
У Беларусі не засталося практычна ніводнай рэдакцыі незалежных медыяў. Большасць журналістаў вымушаныя былі з’ехаць з краіны. Улады ледзь не штодня абвяшчаюць «экстрэмісцкімі» ўсё больш рэсурсаў і пагражаюць чытачам адказнасцю за распаўсюд інфармацыі.
Галоўны рэдактар рэсурсу Reform.by Фёдар Паўлючэнка ў размове з «Белсатам» кажа, што насамрэч гэтыя захады – прадуманая палітыка ўладаў дзеля здушэння свабоды слова.
– Улады Беларусі сапраўды прыклалі максімальныя высілкі, каб у краіне не тое што здушыць, але каб знішчыць свабоду слова праз зачышчэнне незалежных медыяў. І мы бачылі не толькі блакаванне, перашкоды працы рэдакцыяў, а проста арышты, фізічнае знішчэнне медыяў, разгром офісаў, рэдакцыяў, знішчэнне ўэб-архіваў. І ў гэтым сэнсе мне падаецца, што гэта нават не асобная ініцыятыва ўладаў Беларусі, але сінхранізацыя з расейскім парадкам, з іхным «уяўленнем пра цудоўнае». Да пачатку вайны гэта выглядала даволі дзіўна, такі звышгвалт у дачыненні медыяў, а пасля пачатку вайны ўсё стала на свае месцы. Гэта была такая зачыстка, якая дазволіла расейскім уладам, Крамлю выкарыстоўваць беларускія тэрыторыі для нападу на Украіну. Бо, на мой погляд, калі б у Беларусі паўнавартасна працягвалі працаваць незалежныя медыі, грамадзянская супольнасць, то гэтая задача – выкарыстаць беларускія тэрыторыі – была б больш складанаю, а можа, нават і не адбылося б гэтага.
– Рэдакцыя вашага рэсурсу таксама сутыкнулася з пераследам?
– Наш сайт са жніўня 2021 года заблакавалі ў Беларусі. Супраць журналістаў завялі крымінальныя справы паводле розных артыкулаў. Таму, ведаючы, што адбываецца з іншымі рэдакцыямі, мы вырашылі не чакаць, і большая частка журналістаў выехала з краіны.
У справе камунікавання з сваёй аўдыторыяй сапраўды ўлады Беларусі прыклалі максімальныя высілкі дзеля зачысткі інфармацыйнага поля. У адрозненне ад мінулых гадоў, цяпер зрабілі гэта больш паслядоўна. І магу сказаць, што яны даволі эфектыўна справіліся з задачаю, бо нас проста адрэзалі ад беларускай аўдыторыі. Я бачу гэта з наведвальнасці нашага сайту, як трапляюць людзі на старонку. І магу сказаць, што магчымасцяў для беларусаў атрымліваць незалежную інфармацыю з такіх рэсурсаў, як і наш, становіцца менш.
Сітуацыя істотна змянілася з пачатку вайны. З 24 лютага ў рэгіёне цалкам увялі ваенную цэнзуру. А гэта прадугледжвае, што ў нас няма магчымасці абыходзіць блакаванне. Каб даносіць наш кантэнт, мы выкарыстоўвалі сацыяльныя сеткі, экасістэмы «Yandex» і «Google», каб абыходзіць блакаванне. А пасля пачатку вайны Расея прыклала максімальныя намаганні, каб беларускія медыі не маглі болей карыстацца гэтымі сэрвісамі. Напрыклад, няма магчымасці прасоўвацца ў расейскіх сацыяльных сетках, папулярных сярод беларусаў, няма мажлівасці карыстацца для прыцягнення аўдыторыі «Яндекс.Новости», «Яндекс.Дзен». А гэта найбуйнейшыя навінавыя сэрвісы, папулярныя ў Беларусі. Ёсць праблемы з выхадам на аўдыторыю праз сэрвісы «Google», бо наш сайт заблакаваны ў Беларусі. У цэлым сітуацыя выглядае такім чынам, што рэалізаваная мэтанакіраваная стратэгія дзеля выціскання незалежных медыяў на перыферыю, дзеля іх маргінілізацыі, а ў фінале проста змяшчэння ў гета.
– Але нягледзячы на запатрабаванасць, нягледзячы на попыт і на прапанову з боку медыяў годнага кантэнту для чытачоў, можна казаць, што незалежныя медыі зрабіліся маргінальнымі?
– Я лічу сябе беларускім журналістам і магу сказаць, што якасць беларускай журналістыкі, нягледзячы ні на што, застаецца дастаткова высокая. І гэта не толькі наш праект. Калегі з іншых выданняў працуюць даволі прыстойна, узровень вельмі высокі. Але я гляджу вачыма медыяменеджара, і таму мяне цікавяць ахопы. Дык вось данясенне якаснай інфармацыі – сёння сапраўды праблема. Улады не толькі мэтанакіравана знішчалі рэдакцыі: так, у выніку многія выехалі, стварылі офісы за мяжой, але з’явілася праблема – як дасягнуць увагі тых беларусаў, для якіх мы працуем. І гэта не задача звычайнага беларускага карыстальніка – шукаць магчымасцяў, каб абыходзіць блакаванне. Людзі звычайна жывуць сваім жыццём, і гэта нармальна. А нашая задача – данесці інфармацыю найбольш зручным для іх чынам, а іхная задача – атрымаць інфармацыю і зрабіць нейкія высновы. Таму цяпер улады канцэнтруюць высілкі на тым, каб пазбавіць беларусаў шанцаў атрымліваць у зручным фармаце і выглядзе гэтую інфармацыю. І ўсе лічбы сапраўды паказваюць, што ахопы беларускіх медыяў істотна скараціліся. Якім чынам развязаць гэтую праблему – асобная тэма. Але цяпер такая праблема існуе.
Я схіляюся да думкі, што, калі верыць вынікам апытання Андрэя Вардамацкага, паводле якога 43 % беларусаў падтрымліваюць агрэсію Расеі ва Украіне, то гэта катастрофа для незалежнай краіны. Але, на маю думку, шмат у чым гэта звязана з тым, што ў беларусаў няма магчымасці атрымліваць альтэрнатыўную і незалежную інфармацыю.
– Сайт Reform.by займае даволі адметную нішу сярод беларускіх медыяў. Як вы ў рэдакцыі распрацоўваеце стратэгію развіцця свайго выдання?
– Каманда нашага рэсурсу ўяўляе сабою журналістаў з даволі вялікім прафесійным досведам. Я ўжо больш за 20 гадоў у журналістыцы. І мы стваралі наш рэсурс, каб зрэалізаваць у нашым разуменні ідэальнае інфармацыйнае агенцтва і працаваць паводле стандартаў інфармацыйнага агенцтва. Мы працуем выключна з першакрыніцамі, мінімальна выкарыстоўваем чужы кантэнт і ніколі нічога не крадзем. Мы для сябе вырашылі, што будзем рабіць агенцтва з стандартамі. І на гэты праект ужо навешваем дадатковыя праекты, прадукты, кшталту расследаванняў, інтэрв’ю. Але галоўным застаецца жаданне не страціць адчування аб’ектыўнасці. Я б не казаў пра нейтральнасць, бо ў нас у рэдакцыі ўва ўсіх ёсць пазіцыя, але мы не прымушаем аўдыторыі паверыць у нешта. Проста даем факты.
– Вы 20 гадоў у журналістыцы. На працягу гэтага часу не аднойчы перажылі ў тым ліку і эміграцыю?
– Я сапраўды працаваў раней на «Хартыі». У канцы 2010 года, калі ўлады разграмілі рэдакцыю, мне ўдалося выехаць з Беларусі, і я шэсць гадоў жыў у Літве. Але ў мяне ніколі не было планаў эміграваць або жыць за мяжой. І калі пабачыў, што нешта ў Беларусі мяняецца, я вярнуўся. Дарэчы, праект Reform.by – якраз той праект, з якім я хацеў развіваць беларускі медыярынак. Ён паўстаў у існым выглядзе ў 2018 годзе. А ў Беларусі я быў да 2021-га. У траўні, калі мяне пачалі выклікаць на допыты ў Следчы камітэт, задаваць дзіўныя пытанні, спрабавалі павесіць на мяне дзіўныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, то я палічыў, што ад мяне будзе больш карысці, калі я буду на волі. І цяпер я жыву ў Варшаве.
Так атрымалася, што ў пятніцу мяне выклікалі на допыт, у нядзелю ўлады пасадзілі ў Менску самалёт з Пратасевічам, і ў панядзелак апошнім самалётам кампаніі «Lot» я вылецеў з Беларусі. Гэты мой ад’езд адрозніваецца ад таго, які быў у 2010 годзе. Тады я выязджаў з адным камп’ютарам у руках, і даводзілася пачынаць усё з нуля. Я выдаткаваў шмат часу і грошай, то цяпер было прасцей. Мы развівалі праект адразу ж, стоячы на двух нагах. Мой калега з самага пачатку стварэння сайту жыў у Варшаве. Таму ў нас была падрыхтаваная база. Развязаныя тэхнічныя пытанні, побытавыя. Таму я прыехаў фактычна на ўсё гатовае, то лёгка пераехаў і лёгка адаптаваўся. Дзякуючы гэтаму ўдалося хутка аднавіць працу рэдакцыі, працу сайту. Такога стрэсу, як у іншых медыяў, у нас не было. Але проста гэта досвед.
Чытайце яшчэ:
Як слуцкая журналістка перайшла на беларускую мову і што з гэтага выйшла
Фотограф Мстислав Чернов: Перед глазами до сих пор тело этого маленького ребенка
Колькі беларусаў глядзяць палітычны YouTube? Паглядзіце вынікі даследавання