Фізічныя пагрозы, дэзінфармацыя, цэнзура. Шэсць сучасных выклікаў для медыя
Беларуская незалежная журналістыка апошнія гады знаходзіцца ў зоне турбулентнасці. Аднак, нягледзячы на выклікі, рэпрэсіі і крыміналізацыю прафесіі, прадстаўнікі медыясферы лічаць, што адбылася стабілізацыя. Якія ацэнкі яшчэ прагучалі падчас круглага стала, арганізаванага БАЖ і журналісцкай арганізацыяй Mixer (Польшча).
«Паўстае пытанне: быць ці не быць?»
Сітуацыя з незалежнымі беларускімі медыя добра вядома ў свеце. Прафесіяналы вельмі дасведчаныя ў гэтым пытанні. Нікому не трэба тлумачыць, чаму СМІ маркіраваныя «экстрэмісцкім» цэтлікам, а іх сайты заблакаваныя на радзіме.
— Вы самі ведаеце, як шукаць праўду ў той час, калі знаходзіцеся пад ціскам рэжыму. Паўстае пытанне: быць ці не быць? — адзначыла дырэктарка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ) Рэната Шродар.
Яна назвала шэсць выклікаў, якія паўстаюць цяпер перад журналістамі ў Еўропе і якія, у прыватнасці, выкліканыя вайной ва Украіне. Гэта тычыцца і беларускіх медыяў.
— Прадстаўнікі медыясферы знаходзяцца пад пастаянным наглядам з боку рэжымаў. З’явіліся новыя тэхналогіі, каб адсочваць людзей, і гэта ў першую чаргу адчуваюць журналісты, — назвала адну з рызык Рэната Шродар.
Паводле яе слоў, цяпер для рэпарцёраў сталі больш актуальныя фізічныя пагрозы і анлайн-паклёп. Як з боку звычайных грамадзян, так і з боку правага крыла, прыхільнікаў канспіралагічных тэорый.
— У гэтым сэнсе сфера ніколі не сутыкалася з такой колькасцю выклікаў як сёння, — падкрэсліла яна.
Таксама кіраўніца EFJ вылучыла судовы пераслед журналістаў у якасці стварэння перашкоды для прафесійнай дзейнасці. Усё больш еўрапейскіх медыяў становяцца ахвярамі неабгрунтаваных пазоваў у суд.
Наступны выклік — яшчэ больш небяспечны. Гаворка пра заканадаўства, якое становіцца больш жорсткім у дачыненні да медыяў. Ініцыятары паправак аргументуюць гэта пытаннямі нацыянальнай бяспекі, супрацьдзеянню распаўсюджвання фэйк-ньюс.
— Да таго ж значна вырасла роля расійскай дэзінфармацыі, якая запаланіла ўсю еўрапейскую прастору, — працягнула пералічэнне Рэната Шродар. — Рэгулярна з’яўляецца фэйкавая інфармацыя, прасоўваюцца прапагандысцкія наратывы.
Нарэшце, апошняя з шасці рызык — гэта адсутнасць бізнес-мадэлі ў многіх медыяў. Гэта надзвычай актуальная праблема для беларускіх незалежных СМІ. Цяпер яны працуюць не ў рыначных умовах, што не дазваляе інвеставаць у паляпшэнне кантэнту.
— Не бачу аб’ектыўных крытэрыяў, каб ацэньваць якасць медыя, — падзяліўся сваім меркаваннем старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — Але, калі казаць пра разнастайнасць, магчымасці значна знізіліся. І ўсё ж такі большасць выданняў працягваюць працаваць, прытрымліваючыся прафесійных стандартаў, хоць умовы значна пагоршыліся.
«Патрэбны своеасаблівы план Маршала для СМІ»
Падчас круглага стала былі агучаныя словы прэзідэнткі EFJ Маі Север, якая нарадзілася ў Харватыі і на сабе зазнала, што такое крызіс і вайна.
— На працягу 30 гадоў мы спрабавалі пазбавіцца ад вайны і працягнуць жыццё, развіваць краіну дэмакратычным шляхам, каб суадносіцца з еўрапейскімі каштоўнасцямі, — паведаміла яна. — Крызіс, падзел і паглыбленне страхаў грамадства не спрыяюць развіццю незалежнай журналістыкі. У такіх умовах наша прафесія становіцца першай ахвярай.
У той жа час яна лічыць, што экстрэмальная сітуацыя зрабіла журналістаў больш моцнымі і паказала, як важна шукаць праўду, уцягваць у працу большую аўдыторыю, даваць альтэрнатыўны пункт гледжання, выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, рабіць больш якасных даследаванняў.
— Каб паляпшаць якасць, трэба ўкладаць і ўкладаць, — мяркуе Рэната Шродар. — Напэўна патрэбны своеасаблівы план Маршала для СМІ. Аднак мы не павінны ўкладаць у забаўляльную журналістыку дзеля клікбэйтаў. Трэба інвеставаць у адукацыю і ў вывучэнне штучнага інтэлекту. З гэтай тэмай звязана многа рызык, але і магчымасцяў.
Неабходна паляпшаць нэтворкінг, і БАЖ у гэтым сэнсе — добры прыклад.
Таксама патрэбна ўкладацца ў псіхічнае здароўе. Больш падтрымліваць медыя ў выгнанні, не толькі грашыма, але і адукацыйна.
«Трэба забараніць дзяржаўныя СМІ»
Па-іншаму прапанаваў ацэньваць сітуацыю старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус, які таксама ўдзельнічаў у дыскусіі.
— У краінах, дзе няма грамадскага вяшчання, немагчыма дыскутаваць пра журналістыку, — лічыць ён. — Так, ходзяць людзі з гаджэтамі. Але гэта дазваляе ствараць прапаганду…
Прадстаўнік літоўскай медыясупольнасці выступае катэгарычна: за забарону дзяржаўных медыя. На яго думку, у дэмакратычнай краіне іх не павінна быць увогуле.
— ДзяржСМІ — гэта зло. Калі ёсць прамы ўплыў чыноўнікаў на медыя, то журналістыкі быць не можа, — адзначае Дайнюс Радзявічус.
Альтэрнатывай, кажа старшыня Саюза журналістаў Літвы, павінны стаць грамадскія медыя. Але аналізаваць сферу ў Беларусі ён не лічыць мэтазгодным: няма экасістэмы, магымасці зарабляць на рэкламе, уводзіць механізмы манетызацыі.