• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі», №2 (64), 2021. Пераслед журналістаў

    За год, які мінуў пасля прэзідэнцкіх выбараў, становішча ў беларускім медыясектары значна пагоршылася. Медыі і журналісты сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай хваляй рэпрэсіяў.

    Спампаваць электронны бюлетэнь

    ЧАСТКА 1. ПЕРАСЛЕД ЖУРНАЛІСТАЎ (СТУДЗЕНЬ – ВЕРАСЕНЬ 2021 г.)

    Агульныя звесткі

    За год, які мінуў пасля прэзідэнцкіх выбараў, становішча ў беларускім медыясектары значна пагоршылася. Медыі і журналісты сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай хваляй рэпрэсіяў.

    Больш як 500 разоў пасля выбараў прадстаўнікі сілавых структураў затрымлівалі журналістаў, больш за 130 калегаў былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту. 68 калегаў сутыкнуліся з гвалтам або былі параненыя. Больш за 60 прадстаўнікоў медыяў знаходзяцца пад крымінальным пераследам, з іх 29 асобаў – пад вартай (па стане на 03.10.2021 г.) або ў месцах пазбаўлення волі.

    Дзясяткі юрыдычных асобаў, у форме якіх дзейнічалі медыяарганізацыі, ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Інфармацыйная прадукцыя СМІ, сайтаў, блогераў масава прызнаецца экстрэмісцкай з забаронай яе распаўсюду іншымі суб’ектамі медыяполя.

    У офісах большасці незалежных нацыянальных і рэгіянальных медыяарганізацыяў і ў кватэрах іх супрацоўнікаў адбыліся каля 140 вобшукаў і аглядаў, якія суправаджаліся выманнем тэхнікі, дакументаў і грошай.

    Улады абмежавалі доступ да больш як 100 грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыяў. Большасць нацыянальных і рэгіянальных газетаў былі вымушаныя спыніць выпуск у друкаванай форме, але яны працягваюць выдавацца анлайн.

    Пад пераслед патрапілі і медыяарганізацыі, якія займаюцца падтрымкай журналістаў і масмедыяў. Улады пазбавілі юрыдычнага статусу больш за 270 грамадскіх арганізацыяў, у тым ліку Беларускую асацыяцыю журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, які ачольвае нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Супрацоўнікі «Прэс-клуба» таксама падпалі пад крымінальны пераслед. Сама арганізацыя была ліквідавана.

    Ціск на медыя ды іх супрацоўнікаў працягваецца і ўзрастае.

    Пераслед журналістаў (студзень – верасень 2021 г.)

    У 2021 г. працягнулася тэндэнцыя абмежавання правоў журналістаў і пагаршэння ўмоваў іх працы, якая ўзнікла пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 г. Рэпрэсіі супраць работнікаў незалежных СМІ мелі масавы характар і асабліва ўзмацніліся з ліпеня 2021 г. У выніку праца шматлікіх журналістаў у Беларусі сталася немагчымай, і яны былі вымушаныя пакінуць краіну.

    Сярод кірункаў, па якіх здзяйсняўся ціск на журналістаў, магчыма назваць наступныя:

    • затрыманні і штрафы ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю;

    • пагаршэнне прававых умоваў дзейнасці журналістаў;

    • масавыя вобшукі і затрыманні ў сувязі з крымінальнымі справамі;

    • крымінальны пераслед журналістаў і медыяработнікаў;

    • перашкода дзейнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і іншых арганізацыяў, якія падтрымліваюць журналістыку.

    Затрыманні і штрафы ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю

    Праца незалежных журналістаў у Беларусі суправаджалася затрыманнямі, выманнем прафесійнага абсталявання і носьбітаў інфармацыі, а таксама прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці. З пачатку 2021 года і да канца верасня БАЖ было зафіксавана 101 затрыманне. Сярод затрыманых былі замежныя акрэдытаваныя журналісты – Люцыя Чыркі (Швейцарыя) і Нікалас Канолі (Нямеччына).

    Найчасцей, у 32 выпадках, журналістаў штрафавалі па артыкуле 23.5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (у папярэдняй рэдакцыі – артыкул 22.9) за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Так, Аліна Скрабунова з Магілёва была аштрафаваная дзеcяць разоў, Зміцер Лупач з Глыбокага – сем. 17 разоў журналісты прыцягваліся да адказнасці паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, да якога атаясамлівалася іх асвятленне. Суддзі выносілі пастановы, як правіла, грунтуючыся выключна на паказаннях супрацоўнікаў сілавых структураў, чые імёны былі змененыя, а твары схаваныя. Акрамя гэтага, журналістаў судзілі на падставе артыкулаў 24.3 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню пасадовай асобы падчас выканання імі службовых паўнамоцтваў), 19.1 (дробнае хуліганства) і 19.11 (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

     У 23 выпадках журналістаў каралі адміністрацыйным арыштам, які яны адбывалі ў цяжкіх умовах – у перапоўненых камерах, без спальных месцаў, без прадметаў гігіены і г.д.

    https://baj.media/ru/analytics/represii-suprac-zhurnalistau-u-2021-godze

    https://www.srf.ch/news/schweiz/srf-korrespondentin-in-belarus-luzia-tschirky-maskierte-maenner-zerrten-mich-in-minibus

     

    Пагаршэнне прававых умоваў дзейнасці журналістаў

    Умяшальніцтва ў працу журналістаў з боку сілавых структураў суправаджалася пагаршэннем прававога рэгулявання дзейнасці СМІ і журналістаў.

    2 красавіка 2021 года ў Беларусі быў прыняты цэлы пакет зменаў у законы, у якіх былі замацаваныя надзвычайныя захады, якія ўжо фактычна застасоўваліся ў адносінах любых праяваў пратэставай актыўнасці, якую, як правіла, называлі «экстрэмісцкай дзейнасцю». Сярод іх найбольш закранулі ўмовы працы журналістаў папраўкі ў законы «Аб сродках масавай інфармацыі» і «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

    У прыватнасці, была ўведзена забарона на публікацыю вынікаў неафіцыйных апытанняў грамадскай думкі, якія датычыліся грамадска-палітычнай сітуацыі, рэферэндумаў і выбараў, і забарона асвятлення публічных мерапрыемстваў да іх дазволу ўладамі. На практыцы гэта азначае немагчымасць весці прамыя трансляцыі з несанкцыянаваных публічных мерапрыемстваў і ладзіць вулічныя апытанкі на палітычныя тэмы.

    Акрамя гэтага, недапушчальным прызнаецца збор інфармацыі журналістам «на карысць трэцяй асобы, у тым ліку юрыдычнай асобы, якая не з’яўляецца рэдакцыяй сродка масавай інфармацыі» (то бок журналіст фактычна не можа сумяшчаць працу ў некалькіх СМІ, калі ён або яна з’яўляецца супрацоўнікам аднаго з іх).

    У закон «Аб сродках масавай інфармацыі» былі ўпершыню ўключаны падставы для пазбаўлення журналіста акрэдытацыі, а менавіта: парушэнне парадку акрэдытацыі, распаўсюд звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, здзяйсненне якіх-колечы супрацьпраўных дзеянняў.

    https://isans.org/columns/popravki-v-belaruskih-zakonah-o-smi.html?fbclid=IwAR1RulJeFxr1ee0L0qz15QaWvrS0i2YZt1VwliSxmsrq7Ggn95B57yFmXBo

    Масавыя вобшукі і затрыманні

    З 8 ліпеня 2021 года беларускія ўлады пачалі ажыццяўляць скаардынаваныя масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў і СМІ, фактычна накіраваныя на знішчэнне незалежнага медыясектара. Гэта адбывалася ў межах так званай спецаперацыі па вызначэнні асобаў удзельнікаў «дэструктыўных чатаў».

    Каментуючы яе, Канстанцін Бычак, намеснік кіраўніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі, сказаў:

    «У цяперашні час ажыццяўляецца шырокамаштабная аперацыя па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў. Ладзяцца неадкладныя следчыя дзеянні і іншыя працэсуальныя дзеянні, у тым ліку вобшукі і затрыманні, у рамках якіх будзе правераная датычнасць кожнага ўдзельніка да ажыццяўлення злачынных учынкаў».

    https://www.tvr.by/news/obshchestvo/pravookhraniteli_belarusi_poluchili_dostup_k_informatsii_pozvolyayushchey_raskryt_prestupleniya_sove/

    На працягу 8–9 ліпеня па ўсёй краіне супрацоўнікамі міліцыі і КДБ быў зладжаны 71 вобшук у дамах журналістаў і рэдакцыйных памяшканнях незалежных СМІ. У якасці падставы для іх у большасці выпадкаў называлася расследаванне крымінальных справаў, у прыватнасці паводле артыкула 289 (акт тэрарызму) і артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Падчас вобшукаў было сканфіскавана прафесійнае абсталяванне, носьбіты інфармацыі і сродкі сувязі. Прынамсі 14 журналістаў былі затрыманыя і дапытаныя. Падчас затрымання галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «Наша Ніва» Ягор Марціновіч быў збіты і атрымаў траўму галавы.

    Другая масавая атака на незалежныя СМІ адбылася 16 ліпеня. Прайшлі вобшукі і затрыманні ў студыі тэлеканала «Белсат» у Мінску і офісе «Радыё Свабода», а таксама, як мінімум, у 26 незалежных журналістаў. Пяцёра журналістаў былі затрыманыя на тэрмін да дзесяці содняў. Супрацоўніца «Радыё Свабода» Інэса Студзінская ўвесь час знаходжання пад вартай трымала галадоўку.

    https://baj.media/be/content/za-poslednie-dni-obyski-proshli-v-redakciyah-i-u-zhurnalistov-bolee-desyati-media

    https://baj.media/ru/content/snova-massovaya-ataka-silovikov-na-zhurnalistov-po-vsey-strane

    https://baj.media/ru/content/na-svobodu-vyshli-zhurnalisty-radyyo-svaboda-i-belsata

     

    Крымінальны пераслед

    Адным з найбольш сур’ёзных выклікаў, з якімі давялося сутыкнуцца незалежным журналістам Беларусі, стаўся беспрэцэдэнтны паводле маштабаў крымінальны пераслед. Крыміналізацыя дзейнасці супрацоўнікаў незалежных СМІ ў Беларусі выявілася як у прыцягненні да адказнасці за асвятленне падзеяў, якія адбываюцца ў краіне, гэтак і ў абвінавачанні ў эканамічных злачынствах. Па стане на 3 кастрычніка 29 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ знаходзіліся ў няволі ў сувязі з крымінальным пераследам.

    З пачатку 2021 года 4 журналісты былі асуджаныя па крымінальных справах.

    Журналістка інтэрнэт-партала TUT.by Кацярына Барысевіч была асуджаная да шасці месяцаў пазбаўлення волі 2 сакавіка (яе судзілі разам з лекарам Арцёмам Сарокіным, які быў прысуджаны да штрафу і ўмоўнага пакарання ў выглядзе двух год пазбаўлення волі) за разгалошванне лекарскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы, паводле артыкула 178 (частка 3) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яна апублікавала інфармацыю пра смерць мірнага дэманстранта Рамана Бандарэнкі, які быў жорстка збіты людзьмі ў масках і дастаўлены ў аддзяленне міліцыі на фургоне без апазнавальных знакаў, пасля чаго памёр у шпіталі. Гэтая публікацыя супярэчыла афіцыйнай версіі яго смерці. Кацярына Барысевіч выйшла на волю 18 траўня 2021 года.

    https://baj.media/be/content/mingorsud-ostavil-v-sile-prigovor-zhurnalistke-katerine-borisevich

    https://baj.media/be/content/katerina-borisevich-vyshla-iz-kolonii-foto-video

    18 лютага дзве журналісткі тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі прысуджаныя да двух год пазбаўлення волі, нібыта за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342, частка 1 Крымінальнага кодэкса), за тое, што 15 лістапада 2020 года вялі прамую трансляцыю гвалтоўнага разгону мірных дэманстрантаў, якія прыйшлі аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку на месцы ягонай гібелі ў двары жылога дома. Яны адбываюць пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі.

    https://baj.media/ru/content/sud-vynes-prigovor-zhurnalistkam-belsata-devushkam-dali-po-dva-goda-kolonii-za-strim

     

    2 жніўня Іванаўскі раённы суд Брэсцкай вобласці прысудзіў Сяргея Гардзіевіча, карэспандэнта незалежнага рэгіянальнага навінавага сайта 1reg.by з горада Драгічын, да 18 месяцаў пазбаўлення волі. Журналіст абвінавачваўся паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса — 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 188 (паклёп) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады), нібыта за апублікаваныя ім паведамленні ў мясцовым чаце ў Viber. Суд абавязаў Гардзіевіча выплаціць па 2000 рублёў (каля 800 даляраў ЗША) кожнаму з двух міліцыянтаў, якія лічылі сябе пацярпелымі, у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Журналіст быў узяты пад варту ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду; да гэтага ён больш за 4 месяцы правёў пад хатнім арыштам.

    https://1reg.by/2021/07/19/bt-ne-dozhdalos-prigovor-drogichinskomu-zhurnalistu-gordievichu-ozvuchat-v-drugoy-raz/?fbclid=IwAR0HKD5pi6h1dansrva9YjOpGOKVMmYS09dC_3ZRZOhaliBdbxsEesdJyIA

     

    З 24 чэрвеня 2021 года ў закрытым рэжыме адбываецца суд над блогерам і кансультантам «Радыё Свабода» Ігарам Лосікам, які быў арыштаваны больш за год таму.

    Ён абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — 293 (удзел у масавых беспарадках) і 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

    https://baj.media/be/analytics/kto-takoy-igor-losik-kotorogo-zaderzhali-i-chto-za-telegram-kanal-vedet-obyasnyaem

    https://euroradio.fm/ru/v‑gomele-nachnyotsya-sud-nad-tihanovskim-losikom-statkevichem

     

    22 снежня 2020 года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў арыштавалі шэраг супрацоўнікаў беларускага «Прэс-клуба»: яго заснавальніцу, тагачаснага сябра праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага, відэааператара Пятра Слуцкага (сын Юліі Слуцкай), дырэктара Акадэміі «Прэс-клуба» Сяргея Якупава, а таксама былых супрацоўнікаў дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну і Дзяніса Сакалоўскага.

    Вядома, што Акадэмія «Прэс-клуба» зладзіла хакатон медыяпраектаў, накіраваных на прасоўванне свабоды слова, і праект Ксеніі Луцкінай стаўся адным з яго пераможцаў. 31 снежня затрыманым было прад’яўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства паводле артыкула 243 (частка 2) Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

    Сяргей Якупаў, грамадзянін Расійскай Федэрацыі, у той жа самы дзень быў дэпартаваны ў Расію. Юлія Слуцкая і яе калегі правялі восем месяцаў у СІЗА №1 Мінска ў цяжкіх умовах. У жніўні 2021 года ўсе абвінавачаныя па справе «Прэс-клуба» былі вызваленыя пасля падпісання прашэння аб памілаванні, за выключэннем Ксеніі Луцкінай, якая не зрабіла гэтага. Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь паведаміла пра спыненне вытворчасці па справе. Луцкіна, якая пакутуе ад пухліны, што расце ў яе мозгу, засталася пад вартай. Супраць яе была ўзбуджана новая крымінальная справа (сутнасць новага абвінавачання невядомая ў сувязі з тым, што яе адвакат павінен быў даць распіску аб неразгалошванні матэрыялаў следства).

    https://prokuratura.gov.by/ru/media/novosti/nadzor-za-resheniyami-po-ugolovnym-i-grazhdanskim-delam/generalnaya-prokuratura-prekrashcheno-proizvodstvo-po-ugolovnomu-delu-v-otnoshenii-sotrudnikov-kpu-zh/

    https://baj.media/ru/content/sotrudniki-press-kluba-belarus-osvobozhdeny-iz-sizo

    https://www.svaboda.org/a/31419958.html

    https://www.svaboda.org/a/31466692.html

     

    З 12 студзеня 2021 года знаходзіцца пад вартай медыяменеджар і заснавальнік інтэрнэт-выдання journalby.com Андрэй Аляксандраў (гэтак жа, як і яго сяброўка Ірына Злобіна). Абодвум было прад’яўленае абвінавачанне ў «фінансаванні асобаў, датычных да масавых беспарадкаў і іншых пратэстаў» паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка мерапрыемстваў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Незадоўга да сканчэння максімальна магчымага тэрміну папярэдняга ўтрымання пад вартай Аляксандраву было прад’яўленае абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса), паводле якога яму пагражае да 15 год пазбаўлення волі. 31 жніўня, пасля арышту былых калегаў Аляксандрава па працы ў інфармацыйнай агенцыі БелаПАН, яго таксама прызналі падазраваным паводле артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў).

    https://baj.media/ru/analytics/mesyac-za-reshetkoy-chto-izvestno-po-delu-andreya-aleksandrova

    https://baj.media/be/content/zhurnalistu-andreyu-aleksandrovu-predyavleno-obvinenie-v-izmene-gosudarstvu

    https://baj.media/be/content/mediamenedzhera-andreya-aleksandrova-sdelali-podozrevaemym-i-v-uklonenii-ot-uplaty-nalogov

     

    Журналіст-расследвальнік Дзяніс Івашын быў арыштаваны 12 сакавіка 2021 года ў Гродна як падазраваны па крымінальнай справе паводле артыкула 365 Крымінальнага кодэкса (умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў), які прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе трох год пазбаўлення волі. Івашын працаваў у газеце «Новы час». Ён таксама з’яўляўся аўтарам і рэдактарам беларускай службы сайта Inform­Na­palm.

    Апошні артыкул, які ён апублікаваў у «Новым часе», быў пра былых супрацоўнікаў украінскага спецпадраздзялення «Беркут», меркавана датычных да гвалтоўных дзеянняў супраць мірных дэманстрантаў у 2014 годзе ў Кіеве, якія ўладкаваліся на працу ў беларускую міліцыю (артыкул быў напісаны з выкарыстаннем дадзеных з адкрытых крыніц).

    https://novychas.by/hramadstva/dzjanisu-ivaszynu-prad-javili-dva-novyja-kryminaln

     

    Журналіст польскага паходжання Анджэй Пачобут з Гродна, супрацоўнік польскага выдання Gaze­ta Wybor­cza, а таксама Nad Niem­nem, абвінавачваецца паводле артыкула 130 (частка 3) Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы). Яму пагражае ад 5 да 12 год пазбаўлення волі. Журналіст быў арыштаваны разам з яшчэ некалькімі сябрамі Саюза палякаў Беларусі 25 сакавіка 2012 года, за кратамі ён перанёс каронавірусную інфекцыю COVID-19. Паводле афіцыйнай версіі, з 2018 года яны зладзілі серыю незаконных мерапрыемстваў з удзелам непаўнагадовых у Гродна і іншых гарадах вобласці «па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфарміраванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, займаліся рабаўніцтвам, забойствамі мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэннем маёмасці».

    Варта адзначыць, што гэтыя дзеянні ўладаў былі ўчыненыя пасля распаўсюду на дзяржаўным тэлебачанні антыпольскай прапаганды, у якой Польшча апісваецца як агрэсар, які нібыта мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Рэспублікі Беларусь.

    https://www.dw.com/ru/genprokuratura-belarusi-vozbudila-ugolovnoe-delo-protiv-glavy-spb-anzheliki-boris/a‑56986015

     

    18 траўня 2021 года беларускія ўлады пачалі беспрэцэдэнтную атаку на вядучы незалежны інфармацыйны рэсурс TUT.by. Дэпартамент фінансавых расследаванняў Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу супраць яго супрацоўнікаў паводле артыкула 243, частка 2 Крымінальнага кодэкса за ўхіленне ад выплаты падаткаў, што спрычыніла шкоду ў буйным памеры. 13 супрацоўнікаў TUT.by і звязаных з імі кампаніяў былі змешчаныя пад варту:

    галоўны рэдактар Марына Золатава;

    генеральны дырэктар Людміла Чэкіна;

    галоўны бухгалтар Анжэла Асад;

    намеснік дырэктара Ірына Рыбалка;

    галоўны інжынер Ала Лапатка;

    рэдактар Вольга Лойка;

    журналістка Алена Талкачова;

    намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік;

    намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка;

    менеджар Андрэй Аўдзееў;

    дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (выйшаў на волю 1 верасня, але застаецца пад следствам);

    генеральны дырэктар Rock­et­Da­ta Дар’я Данілава;

    юрыстка Кацярына Ткачэнка (хатні арышт);

    былая юрыстка Ірына Касцючэнка (хатні арышт).

    https://baj.media/ru/content/v‑tutby-prishyol-dfr-idut-obyski-sayt-tutby-zablokirovan-obnovlyaetsya

    https://reform.by/254218-gendirektora-hoster-by-sergeja-povalisheva-vypustili-iz-sizo

     

    23 траўня 2021 года блогер Раман Пратасевіч быў арыштаваны беларускімі ўладамі ў выніку прымусовай пасадкі пасажырскага самалёта, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Разам з ім была затрыманая яго сяброўка, грамадзянка Расійскай Федэрацыі Соф’я Сапега. У якасці прычыны для пасадкі самалёта была агучана меркаваная пагроза выбуху. Дзяржаўная інфармацыйная агенцыя БелТА паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка асабіста даў загад аб пасадцы самалёта ў Мінску і ўхваліў выкарыстанне знішчальніка МіГ-29. На момант арышту Пратасевіч, былы галоўны рэдактар Telegram-канала NEXTA, які сыграў важную ролю для грамадзян Беларусі падчас выбараў 2020 года, працаваў у іншым апазіцыйным Telegram-канале, «Беларусь галаўнога мозгу», пасля таго як яго рэдактар, блогер Ігар Лосік быў арыштаваны. Пратасевіч з 2019 года жыў у Польшчы і Літве з‑за клопату пра сваю бяспеку, бо ўлады сцвярджалі, што ён удзельнічаў у стварэнні дакументальнага фільма “Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы”, апублікаванага на YouTube-канале NEXTA.

    У лістападзе 2020 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь высунуў супраць яго абвінавачанні ў сувязі з падзеямі вакол прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года – у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкулы 293 і 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), а таксама «распальванне сацыяльнай варажнечы паводле прыкметы прафесійнай прыналежнасці» ў стасунку дзяржслужбоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз створаныя і кіраваныя ім каналы Telegram (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса). Ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Тады ж Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс яго ў Спіс арганізацыяў і асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Пасля затрымання Пратасевіч быў змешчаны ў СІЗА. 14 чэрвеня МЗС Беларусі правяло брыфінг з удзелам блогера, дзе ён заявіў, што добраахвотна супрацоўнічае са следствам. Напрыканцы чэрвеня ён і Соф’я Сапега былі пераведзеныя пад хатні арышт. Пратасевіч неаднаразова выступаў па тэлебачанні і ў Twit­ter, дэманструючы раскаянне ў сваёй былой дзейнасці.

    Арышт блогера ў выніку прымусовай пасадкі замежнага самалёта, які быў здзейснены беларускімі ўладамі, выклікаў надзвычайна шырокі розгалас у свеце, уключаючы рэакцыю генеральнага сакратара ААН. Ужо 24 траўня кіраўніцтва Еўразвязу вырашыла ўзмацніць санкцыйны ціск на беларускі рэжым, даручыла забараніць авіякампаніям з Беларусі выкарыстоўваць паветраную прастору ЕС і заклікала еўрапейскіх авіяперавознікаў не выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі.

    https://eng.belta.by/president/view/lukashenko-orders-to-land-ryanair-jet-in-minsk-after-bomb-alert-140132–2021/

    https://www.sk.gov.by/ru/news-usk-gminsk-ru/view/usk-po-gorodu-minsku-vyneseny-postanovlenija-o-privlechenii-v-kachestve-obvinjaemyx-stepana-putily-i-romana-9390/

    https://baj.media/ru/content/zaderzhan-byvshiy-redaktor-populyarnogo-telegram-kanala-raman-protasevich

    https://sk.gov.by/ru/news-usk-gminsk-ru/view/usk-po-gorodu-minsku-vyneseny-postanovlenija-o-privlechenii-v-kachestve-obvinjaemyx-stepana-putily-i-romana-9390/

    https://baj.media/ru/content/mid-provelo-brifing-s-uchastiem-romana-protasevicha-zayavil-chto-nikogo-ne-predaet-prosto

    https://baj.media/ru/content/romana-protasevicha-i-sofyu-sapegu-pereveli-pod-domashniy-arest

    https://news.un.org/en/story/2021/05/1092642

    https://news.un.org/en/story/2021/05/1092712

    https://www.consilium.europa.eu/en/press/press-releases/2021/05/24/european-council-conclusions-on-belarus-24-may-2021/

    https://naviny.online/new/20210913/1631512082-sk-v-dele-protasevicha-palchisa-i-putilo-bolee-600-tomov

     

    Затрыманыя 8 ліпеня 2021 года галоўны рэдактар анлайн-штодзённіка «Наша Ніва» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко з’яўляюцца абвінавачанымі ў крымінальнай справе аб прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу ў адпаведнасці з артыкулам 216, часткай 2 Крымінальнага кодэкса. Яны нібыта плацілі камунальныя паслугі за офіс па стаўцы для жытла.

    https://baj.media/be/content/galouny-redaktar-nashay-nivy-zastaecca-za-kratami-sledchyya-vyrashyli-zmyascic-yago-u-siza

    https://baj.media/be/content/zatrymanym-supracounikam-nashay-nivy-pradyavili-abvinavachvanne

     

    9 ліпеня 2021 года спартоваму журналісту Tribuna.by Аляксандру Івуліну, які на той момант ужо адбыў 30-дзённы адміністрацыйны арышт за тое, што нібыта вывесіў бел-чырвона-белы сцяг у вакне, было прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

    https://by.tribuna.com/football/1098979900-ivulinu-predyavleno-obvinenie-po-342-j-state-v-techenie-dnya-budet-izb.html?sl=1

     

    Палітолаг Валерыя Касцюгова, рэдактарка «Беларускага штогодніка», затрыманая 30 чэрвеня 2021 года, абвінавачваецца ў змове з мэтай захопу ўлады (частка 1 артыкула 357 Крымінальнага кодэкса) і садзейнічанні заклікам да захопу ўлады (частка 6 артыкула 16 і частка 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса). Яе арышту папярэднічаў выступ у эфіры «Еўрарадыё», дзе яна адказвала на пытанні, ці магчыма санкцыямі дабіцца вызвалення палітзняволеных і ці справакуе раскол з Захадам хуткае паглыбленне інтэграцыі Беларусі з Расіяй.

    https://www.currenttime.tv/a/obvinenie-kostyugova/31377931.html

     

    18 жніўня 2021 года былі арыштаваныя дырэктар незалежнай інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Ірына Леўшына і былы дырэктар агенцыі Дзмітрый Наважылаў, якія сталіся абвінавачанымі ў справе па частцы 2 артыкула 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэкса.

    https://baj.media/be/content/sk-vozbudil-ugolovnoe-delo-protiv-sotrudnikov-belapan-za-neuplatu-nalogov

    https://baj.media/be/content/byvshemu-i-nyneshnemu-direktoram-belapan-predyavili-obvineniya

     

    Перашкоды дзейнасці БАЖ

    Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) – грамадскае аб’яднанне, якое дзейнічае з 1995 года і налічвае больш за 1300 сябраў па ўсёй Беларусі. Яго дзейнасць уключае прасоўванне свабоды слова і ідэяў незалежнай журналістыкі, маніторынг парушэння правоў журналістаў і дапамогу іх ахвярам у Беларусі.

    У сувязі з рэзкім пагаршэннем становішча са свабодай слова ў Беларусі з пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года законная дзейнасць БАЖ па абароне правоў журналістаў была абцяжараная неправамерным умяшальніцтвам з боку ўладаў. У дзень выбараў адным з першых быў заблакаваны сайт БАЖ, а таксама нумар яго мабільнай гарачай лініі для журналістаў. Сайт быў недасяжны для карыстальнікаў у Беларусі з 9 па 27 жніўня, нягледзячы на адсутнасць якіх-колечы фармальных рашэнняў аб абмежаванні доступу да яго.

    16 лютага 2021 года міліцыя зладзіла вобшук у офісе БАЖ у Мінску, канфіскавала дакументы і абсталяванне, а потым апячатала памяшканне. У той самы дзень былі зладжаныя ператрусы ў дамах некалькіх сябраў БАЖ у розных гарадах, у тым ліку ў намеснікаў старшыні арганізацыі Алега Агеева і Барыса Гарэцкага.

    У Следчым камітэце Беларусі патлумачылі, што аперацыя ажыццяўлялася ў рамках папярэдняга расследавання фінансавання або арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак паводле артыкула 243 Крымінальнага кодэкса. Офіс БАЖ быў апячатаны на працягу амаль месяца пасля вобшуку, а прадстаўнікі яго кіраўніцтва некалькі разоў былі выкліканыя на допыт у Следчы камітэт.

    21 чэрвеня 2021 года Міністэрства юстыцыі пачало праверку дзейнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў. У лісце, атрыманым у гэты дзень, патрабавалася прад’явіць тысячы дакументаў з 1 студзеня 2018 года.

    Варта заўважыць, што гэты ліст быў датаваны 9 чэрвеня 2021 года, але прыйшоў 21 ліпеня, у дзень заканчэння тэрміну прад’яўлення дакументаў. Пазней прадстаўнік міністэрства перанёс скрайні тэрмін на 23 чэрвеня. БАЖ падаў у міністэрства тыя з запытаных дакументаў, якія атрымалася сабраць.

    14 ліпеня 2021 года супрацоўнікі праваахоўных органаў у другі раз правялі вобшук і апячаталі офіс БАЖ у Мінску (у адсутнасць прадстаўнікоў асацыяцыі). Банкаўскі рахунак БАЖ быў заблакаваны. На наступны дзень быў атрыманы ліст з Міністэрства юстыцыі пра тое, што 8 ліпеня намеснік міністра Сяргей Каліноўскі вынес БАЖ пісьмовае папярэджанне на аснове таго, што не былі пададзеныя некаторыя дакументы, а таксама на аснове таго, што дамовы арэнды некалькіх філіялаў БАЖ патрабавалі карэкцыяў. Указаныя ў папярэджанні парушэнні патрабавалася выправіць на працягу аднаго дня, да 16 ліпеня 2021 года.

    БАЖ накіраваў у Міністэрства юстыцыі ліст з просьбай перанесці скрайні тэрмін у сувязі з адсутнасцю доступу да статутных дакументаў, пячаткі і дамоваў арэнды з‑за таго, што офіс БАЖ быў апячатаны пасля ператрусу.

    Аднак 21 ліпеня 2021 года сталася вядомым, што Мінюст падаў позву ў Вярхоўны суд Беларусі аб роспуску Беларускай асацыяцыі журналістаў у сувязі з непрыманнем захадаў па выпраўленні парушэнняў з боку БАЖ і неаднаразовым (пасля пісьмовага папярэджання) парушэннем заканадаўства.

    27 жніўня суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Інэса Лазавікова задаволіла позву Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Гэтая падзея адбылася на тле масіраванай атакі на незалежную прэсу і няўрадавыя арганізацыі Беларусі, якая адбываецца з ліпеня 2021 года. Большасць супрацоўнікаў БАЖ былі вымушаныя пакінуць краіну, каб мець магчымасць працягнуць сваю дзейнасць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці