«Душа захацела выгаварыцца». Што палітзьняволены журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык піша з калёніі
Палітзьняволены журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык працуе ў Наваполацкай калёніі на лесапілцы. Колькасьць прачытаных за кратамі за няпоўныя два гады кніг перасягнула сотню. Асабліва яго ўразіла апавяданьне «Вязень» Барыса Сачанкі, піша «Радыё Свабода».
Праца на лесапілцы цяжкая, палітвязень Кузьнечык вельмі схуднеў, просіць даслаць на зіму новую куртку, на пару памераў меншую.
«Нечаканая навіна „з палёў“. Апрануў год таму атрыманую ад вас куртку, а яна на мне як парашут. Трэба ўшываць і тулава, і рукавы. Мо вам прасьцей мне даслаць, як такая нагода, лацьвейшую? Выбачайце за позьнюю просьбу і дадатковыя выдаткі», — піша Андрэй у лісьце сваякам.
«Запаўняю філялягічныя свае прагалы»
Андрэй працуе 6 дзён на тыдзень, у адзіны выходны піша сваякам лісты і чытае — з апошняга прачытаў Вячаслава Адамчыка, Барыса Сачанку. У некаторых творах пазнае сябе і свае думкі.
«Узяў „Год нулявы“ Вячаслава Адамчыка, бацькі Адама Глобуса. Сюжэт у яго ня тое каб нікуды не сьпяшаецца, а проста вязьне ў батаніцы. Часам здаецца, што травы і кветкі больш галоўныя героі, чым пэрсанажы. Затое мова смачная, не раўня сучасьнікам зь літаратурных часопісаў. Запаўняю філялягічныя свае прагалы», — прызнаецца Андрэй Кузьнечык, філёляг па адукацыі, які шмат гадоў працаваў рэдактарам у вядучых незалежных СМІ.
Парадавала Андрэя і навіна пра пераклад на беларускую мову Гэмінгуэя і Фіцджэральда, хоць пад уплывам сьвежых чытацкіх уражаньняў яму б хацелася, каб гэта была Айн Рэнд. (Маецца на ўвазе раман амэрыканскай пісьменьніцы Айн Рэнд «Атлянт расправіў плечы». — РС).
«Цікава, што ў слоўніках, якія я знайшоў, ангельская дзеяслоўная частка назвы кнігі перакладаецца як „паціснуў“ (плячыма). Гордае „расправіў“ і недаўменнае „сьцепануў“ — цікавая гульня адценьняў і задачкі для перакладчыка», — разважае Андрэй Кузьнечык.
«Запала ў душу апавяданьне „Вязень“ Барыса Сачанкі»
Прачытаў Кузьнечык раман «Чужое неба» Барыса Сачанкі, напісаны ў 1975 годзе. Кнігу ўзяў у бібліятэцы пасьля публікацыі ў «Звяздзе» архіўнага дакладу ЦК КПБ.
«Сачанка быў сярод тых, у каго выявілі хібы, памылкі, там яшчэ і Караткевіч згадваўся. Лепшай рэкамэндацыі не прыдумаеш. Прозьвішча я ведаў з навінаў майго юнацтва — здаецца, ён узначальваў „Беларускую энцыкляпэдыю“ ў самыя плённыя часы. Спадабалася мова, шчырасьць, нават па мерках сёньняшняга часу. Шмат разважаньняў супала з маімі, трошку вусьцішнавата ад такіх суадносін, падумаўшы», — прызнаецца Андрэй.
Асабліва яму запала ў душу, «зрэзанавала» і «засугучнілася» апавяданьне «Вязень».
«Там бацька едзе ў раён за 20 кілямэтраў празь лес з ваўкамі на выклік да „органаў“, якія падазраюць яго ў шпегаўстве, бо ён быў на прымусовых работах у Нямеччыне — і гэты бацька цягне з сабой малога, каб жонка была спакойная, што ён не заверне да маладзіцы, да якой яна яго раўнуе. Сын на холадзе сядзіць у парку, пакуль бацька, якога могуць і арыштаваць, ходзіць па кабінэтах, і ў дзіцячым яго розуме столькі страхаў, што ў яго ногі ватнымі робяцца і ён ісьці ня можа. Хай сабе нядаўняя вайна, нялюдзкая сыстэма, беды-нягоды, але ну дужа я быў злы на гэтых бацькоў. Хоць аўтар наўрад ці гэтага хацеў бы, бо гісторыя, наколькі я разумею, аўтабіяграфічная», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі аб прачытаным цяперашні палітвязень Андрэй Кузьнечык.
«Душа захацела выгаварыцца, зь ёй па восені бывае»
Сваім дзецям Андрэй піша новыя вершы, уважліва сочыць за новымі звычкамі дзетак, знаходзіць анэкдоты для 9‑гадовай дачкі Яніны, кшталту гэтых:
— Ты не магла б выйсьці на працу ў нядзелю? — Добра, толькі ў нядзелю транспарт ходзіць вельмі рэдка. — А калі ты будзеш? — У панядзелак.
— У колькі ты павінен прыйсьці? — У сем. — А цяпер? — Сем гадзін дзевяноста тры хвіліны.
Напісаў Андрэй і «дарослы» верш, але турбуецца, ці ня надта ён выйшаў сумны і ці не падправіць яго. Раіцца з жонкай Алесяй, ці варта яго чытаць дзецям:
«Думаў пра прынагодна-жартаўлівы верш, а нарадзіўся сур’ёзны, крышку нават з калючых, зь лёгкай гарчынкай і сьветлай „сумавінай“. Значыць, душа захацела выгаварыцца, зь ёй па восені бывае. І хоць засталіся і казачнасьць, і чараўніцтва, вершык атрымаўся ня толькі для Яніны і Мацьвея, а мо і для цябе (мо нават і перш для цябе). Мо нават для Яніны ён сур’ёзны? Глядзі сама, ці чытаць», — разважае Андрэй.
Старэйшая дачка Яніна добра малюе, свае мастацкія творы дасылае бацьку. А ягоныя сябры нядаўна падарылі дзецям выяву драўлянага ката.
«Мухамор твой надзвычай прыгожы і прыцягальны. Яго мо таму і схавалі, каб дзеці не папанадкусвалі? І лялька твая мілая. А драўляны кот — як фантастычнае спраўджваньне мары. З такіх чароўных момантаў і складаецца ўражаньне пра шчасьлівае дзяцінства, я мяркую. Відаць, у дзетак ёсьць такія чароўныя падзеі, мне тут асабліва ўсьцешна. І вялікі дзякуй майстру-віртуозу, вядома!» — піша Андрэй.
«Адкрыцьцё беларускамоўнага гуртковага цэнтру — нейкі цуд»
Палітвязень шчыра радуецца, калі даведваецца пра новыя беларускамоўныя ініцыятывы, якія працягваюць прарастаць. Жонка Кузьнечыка Алеся з пачатку новага навучальнага году вядзе гурток для дзетак па вырабе лялек.
«Адкрыцьцё беларускамоўнага гуртковага цэнтру — нейкі цуд, які ня ўпісваецца ў лінію сюжэту, дзе, як у Айн Рэнд, усё толькі ляціць пад адхон і, як у Стывэна Кінга, зьядаецца лангальерамі. Значыць, нешта прарастае? Значыць, ёсьць нітачкі, за якія можна трымацца (ці якія трымаюць?) тут. І, наколькі я здагадаўся, у цябе будзе яшчэ менш вольнага часу? Спадзяюся, новы занятак будзе табе даспадобы? Шчыра радуюся і сардэчна віншую!» — піша ён.
Сваякі дасылаюць Андрэю шмат фатаздымкаў, каб ён бачыў, як растуць і сталеюць 9‑гадовая дачка Яніна і 3‑гадовы сын Мацьвей.
«Якія ж экспрэсіўныя здымкі ў лісьце!.. Фоткі шэдэўральныя, дзеткі — не налюбавацца! І падзеі ў вас — не засумуеш. Чаго толькі варты прыезд куранятак! Разумею, што за кадрам шмат клопатаў зь непаседамі, але ўражаньні сьвежыя і радасныя, цёплыя і сонечныя, як твае насычаныя летнім настроем фатаграфіі», — піша Кузьнечык.
Чытайце яшчэ:
Вынесены прысуд галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Аляксандру Манцэвічу
Выкрывайце правільна: аналіз і дэканструкцыя прапагандысцкіх наратываў
Инвазия пропаганды в Telegram и TikTok. Что кроется за тенденцией?