Чаму многія беларусы хочуць пакараць сілавікоў больш жорстка, чым паводле закона? Псіхіятр растлумачыў, да якіх наступстваў гэта можа прывесці
Чацвёрты год у Беларусі не сціхаюць рэпрэсіі. Нязгодных з дзейнай уладай працягваюць жорстка затрымліваць, збіваць, катаваць у СІЗА і калоніях. Ніводзін сілавік ці чыноўнік не адказаў за злачынныя загады, перавышэнне службовых паўнамоцтваў, пакалечаных і памерлых за кратамі. Лагічна, што ўсё гэта выклікае ў душы ярасць і жаданне, каб датычныя да такога гвалту пакутавалі не проста гэтак жа, а нават больш. Ці варта слухацца гэтай ярасці і да чаго мы можам так прыйсці? У калонцы для «Зеркало» пра гэта разважае псіхіятр і псіхатэрапеўт Сяргей Папоў.
З ростам жорсткасці і гвалту ў дачыненні да невінаватых людзей у Беларусі павялічваецца і гнятлівае пачуццё несправядлівасці. А з ім — гнеў і ярасць, што натуральна і лепш, чым абыякавасць. Аднак псіхіцы складана мець дачыненне з занадта моцнымі перажываннямі (ці, як гэта называецца ў псіхалогіі і псіхааналізе, — з афектамі). Калі афект вельмі моцны, ён можа пераўзыходзіць здольнасці псіхікі і нават мозгу. У такім выпадку яго немагчыма перапрацаваць і выказаць у бяспечнай і сацыяльна прымальнай форме, то-бок без гвалту. І тады ўсё, што мы называем у чалавеку чалавечым, змятаецца, як пабудаваны дом з пяску, хвалямі мора нашых жарсцяў.
У гэтым стане чалавек нібыта зноў «зпершабытніваецца», то-бок вяртаецца да сваіх вельмі простых і базавых рэакцый. І калі мы гаворым пра гнеў і ярасць, то адбываецца вяртанне да стратэгій: «вока за вока, зуб за зуб», атакаваць, забіваць, зневажаць, душыць. Адна з праяваў гэтага механізму — фантазіі і жаданне не проста заклікаць да адказнасці ў рамках закона, а «пакараць» з лішкам. Напрыклад, пасадзіць усіх чыноўнікаў, сілавікоў і прапагандыстаў, «ябацек» у яшчэ горшыя ўмовы, чым у сённяшніх палітычных зняволеных. Такое жаданне можна зразумець. Урэшце, яно прапарцыйнае перажываным болю і злосці.
Але што будзе, калі яго рэалізаваць? Так, магчыма, чалавек у такой сітуацыі адчуе мімалётную палёгку ад разрадкі вялікага напружання. Потым жа надыдуць цяжкія наступствы як для яго, так і для грамадства. І вось чаму.
Ёсць чатыры аксіёмы псіхічнага і сацыяльнага функцыянавання чалавека і грамадства.
Аксіёма першая. Усё імкнецца да паўтарэння. Тое, што рабілі з намі ў мінулым, тое, як да нас ставіліся, мы несвядома будзем рабіць з іншымі. З ранняга маленства дзіця ўбірае тое, як да яго ставяцца — клапоцяцца, любяць, злуюцца, караюць, грэбуюць, злоўжываюць і гэтак далей. Гэта робіцца ўнутранай матрыцай стаўлення да сябе і да іншых.
У той жа час стаўленне маці і бацькі да свайго дзіцяці таксама будуецца на матрыцы стаўлення іх бацькоў. Груба кажучы, дзеці бачаць — дзеці робяць. Так адбываецца перадача праз пакаленні базавых рэакцый і ўспрымання сябе, іншых і рэальнасці. У гэтым сутнасць паўтарэння як эвалюцыйнай стратэгіі выжывання і росквіту, і не толькі ў чалавека, але і ў жывёл.
Спосаб абыходзіцца з уласнай дэструктыўнасцю таксама «перадаецца» ад бацькоў праз іх стаўленне.
Напрыклад, такім спосабам можа быць скіраванне дэструктыўнасці на сябе, і тады гэта выяўляецца праз разнастайныя самаразбурэнні. Або скіраванне яе вонкі, што можа выяўляцца ў гвалце ў дачыненні да іншых. Мы можам супрацьстаяць гэтым аўтаматычным механізмам праз разуменне і ўсведамленне ўнутраных імпульсаў і з дапамогай спосабаў даць ім рады. Але гэта сапраўдная ўнутраная барацьба. Бо сіла, якая змушае паўтараць, вельмі вялікая, яна ідзе з больш ранніх і глыбокіх падкоркавых структур галаўнога мозгу.
Аксіёма другая. Гвалт нараджае гвалт. Гэта парадокс. Здавалася б, чалавек, які адчуў гвалт, зведаў на сабе, што такое разбурэнне, боль, жах, прыніжэнне, бяссільнасць. І ён не пажадае іншым нічога падобнага. Свядома, магчыма, ён так і будзе лічыць. Але несвядома, аўтаматычна ў той ці іншай форме стане рабіць гэта. Можа існаваць нават такое перакананне, што калі «добранька» пакараць агрэсара, то ён зменіцца да лепшага і перастане катаваць і мучыць іншых. Такі кругазварот гвалту можа доўжыцца бясконца.
Аксіёма трэцяя. Людзі цягам жыцця радыкальна не мяняюцца. Ядро асобы заўсёды застаецца ранейшым. Можна толькі палепшыць кіраванне неадаптыўнымі або гвалтоўнымі імпульсамі, стварыць новыя добрыя «звычкі», калі на гэта хопіць жыццёвага часу.
Але такія змены дакладна не адбываюцца пасля пакарання. Яны нараджаюцца з прызнання віны і пакаяння. Таму ўсімі намі жаданыя змены, каб грамадства аздаравілася, развівалася і рухалася да сталасці, не могуць наступіць цяпер. Змены адбываюцца ў наступным пакаленні. І толькі ў тым выпадку, калі чалавек ці грамадства прыкладаюць немалыя намаганні, каб не паўтараць усё тое жудаснае, што яны перажывалі на світанку свайго станаўлення.
Калі яны імкнуцца да дээскалацыі гвалту і лакалізацыі яго да ясных і празрыстых выключных сітуацый. Напрыклад, калі паліцэйскія выкарыстоўваюць мінімальна неабходны гвалт, каб спыніць ці ізаляваць злачынца. Калі настаўніка ці доктара, які спазніўся на працу не караюць прыніжэннем чалавечай годнасці. Калі злачынец у турме мае магчымасць захаваць базавую самапавагу. Калі не існуе такога паняцця, як прэвентыўная атака або напад.
Будучыня вызначыць тое, што будзе зробленае ці не зробленае сёння. Простая ісціна. Але яе заўсёды так лёгка адкідаюць. У які бок цяпер мы скіруем імпульс развіцця — у паўтарэнне? Або да нечага новага? Калі ў новыя часы і ў новай Беларусі з асуджанымі за злачынствы супраць чалавечнасці за кратамі будуць рабіць тое самае, што яны цяпер у дачыненні да палітвязняў, гэта будзе значыць, што нічога не змянілася. Што закон і роўнасць усіх перад законам не з’явіліся. Бо любы чалавек, нават той, што знаходзіцца ў турме за злачынствы супраць чалавечнасці, мае права на рэалізацыю сваіх патрэбаў — жыць, быць здаровым, мець пэўную ступень свабоды (нават у зняволенні), базавую самапавагу і ідэнтычнасць. Якім бы дзіўным гэта камусьці ні здавалася.
Аксіёма чацвёртая. Яе можна выказаць метафарай. Калі ў нейкім горадзе не арыштоўваюць злачынцаў, у тым ліку тых, што здзяйсняюць злачынствы супраць іншага злачынца ці кепскага чалавека, то хутка ў гэтым горадзе будзе поўна злачынцаў. У гэтым сутнасць негатыўнага адбору чыноўнікаў і сілавікоў у Беларусі. І заўсёды ёсць рызыка пасля абнулення і дэканструкцыі сістэмы пачаць гэты негатыўны адбор зноў, калі злачынства ў дачыненні да злачынца дазволенае.
Усё ж вяртаючыся да пачатку. Праз несправядлівасць мы перапоўненыя злосцю і ярасцю. Тут даводзіцца раздзяляць і працаваць на двух розных напрамках. Першы — устанаўленне закона і роўнасці ўсіх перад ім, як у здаровай сям’і, калі бацькоўскія правілы выконваюць і дзеці, і дарослыя. Тады пасля парушэння правілаў пакаранне прыводзіць да пакаяння, а не да помсты і «вайны». Другі — гэта прапрацоўка траўмы і ўсіх складаных пачуццяў, звязаных з ёй. Прапрацоўка не праз ідэнтыфікацыю з агрэсарамі і выкарыстанне іх метадаў, не праз прымітывізацыю сябе. А праз спазнаванне сваёй уласнай дэструктыўнасці, схільнасці да гвалту і праз працэс, які Зігмунд Фрэйд назваў «прыручэннем» сваёй дзікай, звярынай, першабытнай часткі. Тая праца, якую нізашто не хочуць рабіць прадстаўнікі ўлады ў Беларусі, масіўна прыпісваючы ўсё кепскае толькі іншым, распальваючы ксенафобію і патрэбу ў вайне.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі
Чытайце яшчэ:
«Защиты не предусмотрено» и «мордой в пол». Белорусский юрист и иностранные журналисты обсудили, как за ними следят
«Я сумую па сваёй маці…» Больш за паўсотні журналістаў па ўсім свеце знаходзяцца ў закладніках
Украінская журналістка выйграла суд супраць фігуранта свайго расследавання, які публічна яе зневажаў