• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БАЖавец Сяргей Чыгрын са Слоніма атрымаў прэмію за краязнаўчую кнігу

    За кнігу “На радзіме Ігната Дварчаніна” прэміяй імя Марыі і Аляксандра Стагановічаў у гэтым годзе ўзгагародзілі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюзу беларускіх пісьменнікаў, краязнаўца Сяргея Чыгрына. З такой добрый нагоды — наша сённяшняя гутарка з лаўрэатам.   

    — Сяргей, колькі цябе ведаю (а пазнаёміліся мы яшчэ ў мінулым стагоддзі падчас тваёй працы ў слонімскай “раёнцы”), ты заўсёды шмат пісаў матэрыялаў пра гісторыю Слонімшчыны і бліжэйшых да яе краёў, а ўзнагарода за краязнаўчую кнігу знайшла цябе толькі цяпер. Чаму так?

    — За гісторыка-краязнаўчую, літаратуразнаўчую і журналіцкую працу я ўзнагароджваўся шмат разоў, толькі не заўсёды гэта агалошвалася — ціха атрымаў узнагароду і ўсё. Адна з мінулых узнагарод, якая для мяне і сёння дарагая, гэта —  другая прэмія конкурса імя Ежы Гедройца, якую я атрымаў у 2009 годзе за кнігу “Беларуская Беласточчына”. Але тут справа не ў прэміях. А найперш у павазе да чалавека, які займаецца ўсё жыццё гісторыка-краязнаўчымі пошукамі, даследуе лёсы вядомых і малавядомых людзей нашай Бацькаўшчыны. А гэта няпростая праца, марудная, цярплівая, але вельмі цікавая. Не ў кожным райцэнтры жывуць людзі, якія займаюцца гісторыяй свайго краю. І займаюцца яны ў вольны ад працы час, гэта іх хобі. Вось, каб было, як у Польшчы і ў іншых краінах, там такія людзі атрымліваюць спецыяльныя прэміі, гранты на адзін год, на два, на дзесяць гадоў і працуюць самастойна над канкрэтнымі тэмамі, а пасля іх працы выдаюцца асобнымі кнігамі. І яны шмат робяць па даследаванню гісторыі сваёй Радзімы. Мы з Сяргеем Яршом шмат папрацавалі над кнігай пра гісторыю слонімскага перыядычнага друку 1916–2016 гадоў. І летась кніга выйшла з друку. Палякі таксама выдалі падобнае выданне, але раней за нас і адшукалі ўвесь друк, які выдаваўся ў ХХ стагоддзі на тэрыторыі Польшчы, нават улічылі аднадзёнкі. А падобныя выданні павінны быць выдадзены ў нас па ўсіх райцэнтрах, бо іх у ХХ стагоддзі выходзіла шмат на рускай, іўрыце, польскай, нямецкай, украінскай, беларускай, літоўскай мовах. Але, на жаль, энтузіястаў сёння мала, бо ім трэба дапамога, ім трэба жыць, харчавацца і карміць сем’і. Таму яны і так працуюць на двух-трох работах, таму многім, асабліва сёння, не да гісторыі і краязнаўства. Толькі вялікія фанатыкі сёння падобнай справай займаюцца, прычым на дабрачыннай аснове.      

    — Ці помніш, калі і з чаго пачалося тваё захапленне гісторыяй наогул і гісторыяй роднай Слонімшчыны ды нашага Прынёманскага рэгіёну ў прыватнасці?

    — Пачалося з вершаў. Памятаю, калі вучыўся ў сёмым класе вясковай школы, зайшоў у сельскую бібліятэку, каб узяць пачытаць кнігу. І на адной з палічак трапіў у рукі невялікі зборнічак вершаў Анатоля Іверса “З пройдзеных дарог”, дзе былі надрукаваныя радкі:

    “Мной перажытае гора

    Памяць мая беражэ.

    Слонім — мой родны горад,

    Ты мне за ўсё даражэй…”.

    Так спадабаўся мне гэты верш, што я яго вывучыў на памяць і ўсё думаў, а чаму я не магу так напісаць. І паспрабаваў, і… атрымалася. Пісаў і вершы, і інфармацыі, і артыкулы пра людзей, якія друкаваў мясцовы, абласны і рэспубліканскі друк. Але перыяд паэзіі ўжо скончыўся, цяпер займаюся тым, чым займаюся і што ўдаецца лепш, чым рыфмаванне радкоў.

    — Чаму, на тваю думку, так адбываецца, што ў нас у Беларусі выходзіць вельмі мала літаратуры на краязнаўчую тэматыку, дый фільмаў дакументальных, тэлепраграм краязнаўчых таксама небагата робіцца?

    — Магчыма і малавата выдаецца кніг на краязнаўчую тэматыку, але яны выдаюцца. Я ведаю амаль усіх краязнаўцаў Беларусі і адсочваю іх справы. У гэтым дапамагае і “Краязнаўчая газета”. Добрыя кнігі выдаюць, напрыклад, Мікола Півавар з Віцебска, Іван Драўніцкі, Міхал Гіль, Ігар Пракаповіч — усе з Пастаўшчыны, Уладзімір Хільмановіч з Гродна, Алесь Зайка з Івацэвіччыны, Міхась Карпечанка з Бялынічаў, Міхась Казлоўскі з Маладзечна, Мікола Быхаўцаў з Ваўкавыска, Лявон Карповіч з Мастоўшчыны, Леанід Лаўрэш з Ліды і дзесяткі іншых даследчыкаў-краязнаўцаў. Бяда ў тым, што іх кнігі немажліва купіць, напрыклад, у Слоніме, Гродна, Брэсце, Гомелі, райцэнтрах. Цяпер у многіх раённых гарадах адсутнічаюць кніжныя крамы. Уяўляеш: горад ёсць, а кніжнай крамы — няма!.. Што датычыць кіно, дык, напрыклад, летась на беларускім кінафэсце “Bul­bamovie-2016” журы адабрала 12 мастацкіх фільмаў, 5 дакументальных і 7 анімацыйных. Так што ўсё пакрыху ствараецца і ёсць.

    Іншая справа, што няма шырокай рэкламы беларускім кнігам, фільмам, праектам. Па дзяржаўным тэлебачанні ў асноўным рэкламуюцца расійскія канцэрты, фільмы, святы, віншуюцца з юбілеемі палітыкі, літаратары і зоркі эстрады ў асноўным з Расіі. А сваіх быццам і няма. Гэта жахліва. І думаю, што падобнае робіцца спецыяльна, каб знішчыць усё беларускае, наша роднае, святое. І гэта трывожыць…    

    — Памятаю, падчас паездкі па польскай правінцыі нам, беларускім журналістам, у кожнай гміне прэзентавалі літаратуру па гісторыі гэтай мясцовасці, не кажучы ўжо пра стос падараваных кніг па гісторыі павятовай Дэмбіцы, выдатнай, дарэчы, паліграфічнай якасці. Я ж перад той паездкай у Польшчу ў Слоніме змог знайсці ў кніжнай краме толькі брашуру “Слонім” на рускай мове. Чым ты патлумачыш такі стан рэчаў у іх, і ў нас?

    — У іх — усё зразумела. У нас — не. Слонім — турыстычны горад, побач знаходзяцца Сынковічы і Жыровічы. Штогод на Слонімшчыну прыязджаюць тысячы турыстаў. Турызм — наш бізнэс. Але ніхто гэтым бізнэсам займацца не хоча. Я шмат разоў казаў, што каля касцёла Святога Андрэя на плошчы Льва Сапегі павінен працаваць кіёск са слонімскімі сувенірамі, там павінны прадавацца посуд, магніцікі, значкі, паштоўкі, кнігі, ручнікі — усё, што звязана са слонімскай гісторыяй. Бо адтуль пачынаюцца па Слонімшчыне турыстычныя маршруты. Сувенірная крама павінна быць і ў цэнтры горада са слонімскімі сувенірамі.

    Бо пасля Слоніма турысты едуць у Жыровічы, а ў Жыровічах яны пакідаюць усе свае грошы, купляючы выданні маскоўскага патрыярхату і рускай праваслаўнай царквы — чужыя для беларускіх вернікаў і выданні, і сувеніры. Пасля Жыровічаў турысты ў Слоніме ўжо сувеніраў купляць не будуць. І не купляюць. Але гэтага ў старажытным Слоніме няма. Таму грошы ўсе плывуць у кошык рускіх папоў. А маглі б заставацца ў бюджэце горада, і за іх можна было б выпускаць усё больш і больш сувеніраў, а таксама падарункаў для афіцыйных гасцей Слоніма.

    — Сяргей, пры далёкасці цяперашняй беларускай улады і сістэмы адукацыі ў краіне ад ведання, шанавання ды належнага вывучэння сапраўднай гісторыі Беларусі і яе рэгіёнаў, хто і як запаўняе гэты прабел, акрамя цябе, найперш, у нашым рэгіёне і наогул у краіне?

    — Я ўжо пералічыў прозвішчы некаторых гісторыкаў і краязнаўцаў, якія гэтым займаюцца. Іх, вядома ж, у нашай краіне значна больш. І яны працуюць, хоць многім аж да смерці не ўдаецца выдаць ніводнай кнігі, бо няма грошай, а дзяржава краязнаўцаў і гісторыкаў не падтрымлівае, а, наадварот, выкідвае з працы, як гэта здарылася з гродзенскімі гісторыкамі. Але людзі працуюць, шукаюць, пішуць, даследуюць, бо працы шмат. Мільёны дакументаў па гісторыі нашай Бацькаўшчыны ляжаць у архівах не толькі Беларусі, але і ў Расіі, Украіне, Францыі, Германіі, Швецыі і іншых краінах. Многія архіўныя дакументы стагоддзямі ніхто не чапаў, не глядзеў. Я нядаўна сканаваў каштоўныя дакументы, звязаныя з гісторыяй вёсак Слонімскага павета XVII cтагоддзя ў адным з архіваў Познані (Польшча) і прывёз у Слонім. Тысячы дакументаў, звязаных з паўстаннямі 1794 і 1863 гадоў, ляжаць у Томскім абласным ахіве ў Расіі, а таксама ў іншых рэгіянальных архівах гэтай дзяржавы. Каб паехаць у гарады і архівы і заняцца пошукамі беларускіх скарбаў – неабходна фінансаванне, каб даследчыку аплаціць дарогу, жыллё, капіраванне дакументаў і г.д. Акрамя папяровых – тысячы іншых беларускіх скарбаў знаходзяцца ў многіх краінах. Наша дзяржава адзіная ў свеце, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на Радзіме меней, чым за яе межамі. Прычынай таму – гэта мінулыя ваенныя навалы, бежанства, ссылкі, рэпрэсіі і, вядома ж, драпежніцкая палітыка суседзяў. Вяртанне нашых скарбаў ці хаця б іх копій — гэта сур’ёзная справа і яна павінна вырашацца заўсёды на самых высокіх узроўнях палітыкаў і грамадска-культурных дзеячаў.

    — Што, па-твойму, патрэбна, каб людзі больш цікавіліся гісторыяй свайго роду, сваёй вёскі, горада, краіны?

    — Усё пачынаецца з сям’і, дзіцячых садкоў, са школ. Некалькі гадоў таму назад, калі начальніцай Упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама была Таццяна Казакевіч, я прапаноўваў ёй, што магу напісаць і выдаць для школ Слонімшчыны падручнік па краязнаўству “Слонімазнаўства”. “Для школ я набуду толькі 30 асобнікаў”, — сказала тады спадарыня Казакевіч. Дык ці варта гэты падручнік выдаваць накладам 30 асобнікаў?.. Вядома ж — не. Хаця некаторыя раёны нашай рэспублікі падобныя выданні маюць. Напрыклад, Віктар Грыбко з Чашнікаў у 2007 годзе выдаў цудоўную і карысную для школьнікаў і настаўнікаў кнігу “Чашніказнаўства” накладам 550 асобнікаў. Менавіта са школы і павінны вывучаць дзеткі свой край, а з маленства іх бацькі павінны распавядаць пра сваіх дзядоў і прадзедаў, пра сваю зямлю і прывіваць любоў да роднай Бацькаўшчыны да яе слаўнай і няпростай гісторыі. Кожны сапраўдны беларус павінен ведаць не менш чым сем народных песень і праспяваць іх. І самае галоўнае — добра размаўляць на роднай мове. А таксама ведаць сваіх нацыянальных герояў, літаратараў, мастакоў, кампазітараў.

    — Скажы крыху пра саму прэмію. Як яе прысуджаюць, хто быў тут тваім канкурэнтам, якіх герояў абышоў твой герой Ігнат Дварчанін і яго зямлякі ў гэтай намінацыі?

    — Упершыню была ўручаная прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры ў красавіку 2015 года. Сёлета адбыўся другі сезон гэтай прэміі. Партнёрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэнні прэміі выступалі: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і выдавецтва “Лімарыус”. Прэмія давалася за кнігі, надрукаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў перыяд 2015—2016 гадоў. На конкурс было пададзена каля 30 кніг, якія, на маю думку, усе заслугоўваюць першых прэмій. Але конкурс ёсць конкурс, і журы вызначыла пераможцаў. Першае месца атрымала кніга Зміцера Бартосіка “Быў у пана верабейка гаварушчы…”, другое месца атрымаў Вітаўт Кіпель, які жыве ў ЗША, за кнігу “Жыць і дзеіць”. І трэцяе месца дасталося мне за кнігу, прысвечаную Дзятлаўшчыне, “На радзіме Ігната Дварчаніна”.

    — Напрыканцы не магу не запытацца. Дык як трэбна пісаць у СМІ пра гісторыю роднага краю, каб цябе чыталі, і пра што цяпер піша краязнавец Сяргей Чыгрын?

    — Пісаць трэба цікава і абавязкова, каб там былі новыя факты і знаходкі. Без навізны і пошукавых адкрыццяў матэрыял будзе нечытэльным. А працую я шмат над чым. Падрыхтаваў кнігу артыкулаў забытага археолага і краязнаўца, заснавальніка Ваўкавыскага краязнаўчага музея Георгія Пеха “Таямніцы археалагічных раскопак”. Дарэчы, ён пэўны час працаваў і ў Слонімскім музеі, вёў раскопкі Слоніма. Падрыхтаваў кнігу гутарак з беларускімі краязнаўцамі “Заўсёды ў дарозе”, а таксама кнігу “Слонімскія гісторыі” і іншыя. Пакуль шукаю сродкі, каб іх выдаць. З адным расійскім гісторыкам з Алтая працую над пошукамі звестак пра тых людзей, якія служылі ў арміі Калчака. Там шмат было беларусаў. З Дзятлаўшчыны быў родам Антон Кашко, які камандаваў батальёнам у Калчака, яго ў 1937 годзе расстралялі. Мужная асоба, заўсёды пісаў, што ён беларус. З французскім гісторыкам разам шукаем звесткі пра генерала арміі Напалеона, які быў родам з вёскі Сколдзічы Слонімскага павета, Яна Канопку. Я пра яго ўжо пісаў у сваёй кнізе “Такі іх лёс!” (Мінск, 2012). Шмат кантактую з польскімі гісторыкамі і, вядома ж, з нашымі гісторыкамі, літаратарамі, краязнаўцамі. А таксама выдаю з Сяргеем Яршом электронны часопіс “Слонімскі край”. Таму працы і задумак — безліч. 

    Даведка

    Сяргей Мікалаевіч Чыгрын, паэт, пісьменнік, краязнавец, журналіст

    Дэбютаваў вершам «Свеціць сонейка» у часопісе «Бярозка» (1975).

    Аўтар зборнікаў паэзіі «Шчырая Шчара» (1993), «Горад без цябе» (1999), «Лірыка» (2007), «Камень Міндоўга» (2009), кнігі гісторыка-краязнаўчых артыкулаў «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003), «Пакліканыя на родны парог» (2005), «Чамяры і чамяроўцы» (2006), «У пошуках слонімскіх скарбаў» (2007), «Беларуская Беласточчына» (2008), «Тэатр у Слоніме» (2008), «З беластоцкай зямлі» (2008), «Мастак Антон Карніцкі» (2009), «Жыў роднай песняй» (2010), «Па слядах Купалы і Коласа» (2012), «Такі іх лёс» (2012),  “Час спагадлівым не бывае” (2016) і іншых.

    Фота з архіва Сяргея Чыгрына

    Як катавалі беларусаў: сябра ГА «БАЖ» выдаў кнігу даследаванняў “Час спагадлівым не бывае”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці