Як катавалі беларусаў: сябра ГА «БАЖ» выдаў кнігу даследаванняў “Час спагадлівым не бывае”
“Час спагадлівым не бывае” — так назваў сябра ГА "БАЖ" і Саюза беларускіх пісьменнікаў са Слоніма Сяргей Чыгрын сваю апошнюю кнігу, якую выдаў акурат пад занавес 2016 года. Гэта была яго чацвёртая, выдадзеная за год, кніга. Чытаю яе спераду назад і ззаду наперад ужо амаль месяц, чапляе.
Гісторыя сведчыць
Назва гэтага зборніка гісторыка-краязнаўчых і літаратуразнаўчых артыкулаў пессімістычна сцвярджальная і напоўніцу раскрываецца зместам кнігі.
У раздзеле “Як катавалі беларусаў” аўтар расказвае, як катавалі ў часы Другой Рэчы Паспалітай і падчас сталіншчыны ў СССР найбольш актыўных і таленавітых прадстаўнікоў нашага народа.
Так у дэфензіве слонімскіх паэтаў Леаніда Клёна (Бялькевіча, 1910 – 1931), а потым Уладзіміра Бялько (1911 – 1933) за любоў да роднай мовы, за патрабаванні беларускіх школаў і ўсяго беларускага кідалі на падлогу, на грудзі ім клалі дошку, па якой зверху білі цяжкай гірай. Потым са слонімскай турмы іх выпусцілі дамоў, дзе абодва хутка памерлі. Знешне ж не было відаць ніякіх пашкоджанняў. А вось беларускаму празаіку і літаратуразнаўцу Адаму Бабарэку ў польскіх турмах пашчасціла больш — яму палякі толькі зорку на спіне выразалі. Праўда, не дапамагла тая зорка Бабарэку ў сталінскіх лагерах — памёр у лагернай бальніцы ў 1938 годзе.
А ўжо што выраблялі сталіністы з беларускімі святарамі — нават чытаць страшна. Так архімандрыда Серафіма Жыровіцкага (Рамана Шахмуця, 1901 – 1946) пасля карцара з ледзяной вадой прывязалі за рукі і ногі да двух грузавікоў, якія раз’ехаліся ў розныя бакі, разарваўшы цела святара папалам. Абышліся з ім так за тое, што стаяў за беларускую царкву і на Вялікдзень сустрэў братоў па лагеры вітаннем “Хрыстос уваскрос!”.
Ідэолага і заснавальніка беларускага хрысціянскага руху ў 20 стагоддзі, тэарэтыка і практыка беларускага ўніяцтва Фабіяна Абрантовіча (1884 – 1946) адмыслоўцы з НКСУ катавалі з прымяненнем найвышэйшых нумароў сваёй іквізіцыі — заганялі іголкі пад пазногці ды ўлівалі ў лёгкія ваду, а таксама не давалі спаць, збівалі гумовымі дубінамі, ставілі на яго табурэткі і скакалі… Закатавалі ў ГУЛАГу і вядомага каталіцкага святара Адама Станкевіча… А колькі іх было малавядомых і невядомых зусім?
Гісторыя сведчыць, што беларускіх пісьменнікаў, светароў, людзей навукі і культуры ўсё ХХ стагоддзе катавалі асабліва моцна, жорстка і страшна. Так акупанты з Захаду і з Усходу забівалі душу нашага народа.
Пра больш ці менш выбітных беларусаў 20 стагоддзя, якіх той час не пашкадаваў, і піша Сяргей Чыгрын у сваёй кнізе “Час спагадлівым не бывае”. Але Чыгрын ва ўсіх сваіх кнігах пра гэта піша. І ўся навейшая беларуская гістарычныя літаратура — пра гэта. Дык што нам застаецца?
Што застаецца, альбо Аптымізм аўтографаў
Засталося ў голым астатку тое, што беларускія вытворцы беларускіх тавараў сёння не хочуць цэтлікі на іх па-беларуску пісаць, а беларуская мова ў беларускіх школах — папялушка. І гэта пры тым, што ёсць у нас цяпер свая ўласная краіна Рэспубліка Беларусь, дзе існуюць ажно два саюзы пісьменнікаў.
Сябры Купалаўскага яшчэ пісьменніцкага саюза ў ХХІ стагоддзі ў абсалютнай сваёй большасці самі выдаюць і самі распаўсюджваюць свае кніжкі, як гэта каторы ўжо год робіць Сяргей Чыгрын. Больш за тое, свае часопісы, літаратурныя альманахі і іншыя перыёдыкі СБП таксама выдае без аніякай дзяржаўнай падтрымкі і дапамогі. Іх мала, але я, для прыкладу, знаходжу там што пачытаць і час ад часу сам друкуюся ў той жа “Літаратурнай Беларусі”, “Новым замку” ды “Дзеяслове”.
Тым часам літаратары з пра- ці прыдзяржаўнага Саюза пісьменнікаў Беларусі кормяцца ганарарамі ад дзяржаўных выдавецтваў і рэдакцый дзяржаўных часопісаў ды газет. Іх, што праўда, таксама не так многа засталося і яшчэ менш — беларускамоўных. У іхняй літаратурнай перыёдыцы я амаль не знаходжу штосьці цікавае пачытаць. Самога мяне апошні раз надрукавалі ў дзяржаўным часопісе “Маладосць” у 2007 годзе. Кніжкі з дзяржаўных выдавецтваў — дарагія (ва ўсякім разе, для мяне — бывала і хацеў, а не купіў), каб іх набываць. Але самае галоўнае, што там сёння няма класікаў нашай літаратуры, якія пайшлі ў лепшы свет пры незалежнай ужо Беларусі — ні Васіля Быкава, ні Ніла Гілевіча, ні Генадзя Бураўкіна, ні Рыгора Барадуліна. Нават кнігі Купалы ды Коласа сёння не заўсёды знойдзеш у кніжнай краме.
Вось і атрымліваецца, што беларуская дзяржаваў ў яе цяперашняй рэдакцыі на беларускага пісьменніка (з яго творчым патанцыялам і прасоўваннем нацыянальнай літаратуры ў народ) «наклала» — на каго больш, на каго меньш.
У чытачах яна не зацікаўленая гэтаксама, як, наогул, у адукаваных грамадзянах. Праўда, пісьменнікаў цяпер не катуюць так, як пры сталінскім БССРы-СССРы. Хіба толькі Славаміра Адамовіча, Паўла Севярынца, Уладзіміра Някляева ды некаторых менш знаных з маладзейшых за краты кідалі. Але ж свае каты гірай па грудзях не білі. Бо свае — не маскалі, не ляхі, не немцы. І ў гэтым, як і ў сваёй дзяржаўнасці, ёсць, напэўна, наш сумны прагрэс. За яго, трэба думаць, заплацілі ў мінулым стагоддзі сваёй крывёй мільёны беларусаў… І так думаеш, калі чытаеш пра той не спагадлівы час у кніжцы Чыгрына ды зноў і зноў параўноваеш мінулае з нашай рэчаіснасцю. А тут жа, нават у Слоніме, яшчэ свежая памяць пра Анатоля Іверса, Рудольфа Пастухова, Івана Чыгрына, Васіля Супруна, Янку Карповіча, Міколу Арочку, Алега Лойку, Івана Шэгу… І для ўсіх іх час не быў спагадлівым.
Дык што ж застаецца нам, жывым яшчэ?… А вось такі аптымізм аўтографаў:
“Міколу Канановічу ад аўтара. Няхай у цябе будзе толькі спагадлівы, шчаслівы і добры час. Сяргей Чыгрын 27.12.2016. Слонім”.
Як жа мне хацелася б, каб так яно ў нас і было, паважаны Сяргей Мікалаевіч!
А для чытачоў-журналістаў-пісьменнікаў, хто цікавіцца творчасцю гэтага аўтара, хачу паведаміць, што сёлета Сяргей Чыгрын плануе выдаць толькі адну кнігу — пра гісторыю беларускіх запалак.
Кніга «Час спагадлівым не бывае» паступіла ў кнігарню «Акадэмічная кніга» ў Мінску. Цана — 5 рублёў.
Фота з архіва аўтара