Ад «Карамболя» да «Калыханкі». Што зараз з вядомымі беларускімі тэлевядучымі 1990–2000‑х
«Наша Ніва» успамінае некаторых беларускіх селебрыці, якія ўзрывалі медыяпрастору на мяжы стагоддзяў. БАЖ публікуе частку гэтай падборкі — гісторыі вядомых тэле- і радыёвядучых.
Ягор Хрусталёў
Яшчэ ў студэнцкія гады Ягор стаў вядоўцам першага беларускага ток-шоу — кажуць, праграму «Карамболь» распрацавалі спецыяльна пад яго. У 1997‑м Хрусталёва называлі сэкс-сімвалам.
Пазней вядоўца перайшоў на АНТ, дзе быў тварам праграмы «Выбар».
Паралельна з працай на тэлебачанні мужчына пісаў песні. Будучы ў шлюбе, Хрусталёў закруціў раман са спявачкай Галінай Шышковай. Неўзабаве ў пары з’явіўся сын Ваня. Вядучы прызнаў дзіця, але з афіцыйнай сям’і не сышоў. Рамантычныя стасункі з Галінай на гэтым скончыліся.
У 2009 годзе Хрусталёў на некаторы час з’ехаў у Расію — па яго словах, ён збег туды ад бурнага асабістага жыцця. У Маскве Ягор працаваў прадзюсарам на канале СТС, але праз 5 гадоў вярнуўся ў Беларусь. Цяпер ён кіруе прэс-службай у ТАА «Еўраторг» (сетка крам «Еўраопт»).
Святлана Бароўская
Ураджэнка Маладзечна з дзяцінства марыла стаць актрысай. Пасля школы яна паступіла ў Тэатральна-мастацкі інстытут, дзе ў хуткім часе пазнаёмілася з будучым мужам. Акцёр Анатоль Коценеў быў старэйшым за Святлану на адзінаццаць гадоў і старанна дабіваўся блакітнавокую прыгажуню. Шлюб творчых асоб пратрымаўся 25 год, але ў 2014‑м пара развялася — аказалася, што Анатоль шмат гадоў жыў на дзве сям’і.
Разлад у асабістым жыцці з лішкам кампенсавала кар’ера. Шмат гадоў Бароўская вядзе перадачы «Добрай раніцы, Беларусь» і «Добры дзень, Беларусь», а таксама выступае ў ролі канферансье на «Славянскім базары» і іншых буйных канцэртах.
Да статусу вядоўды дадаўся яшчэ адзін — Бароўская пачала выкладаць на факультэце журналістыкі БДУ: навучае студэнтаў акцёрскаму майстэрству і спецыфіцы жывых эфіраў.
У 2020 годзе Святлана выйшла замуж другі раз. Яе абраннікам стаў бізнэсмен з Санкт-Пецярбурга.
Сяргей Дарафееў
Сяргей Дарафееў быў зоркай тэлеканала АНТ — ён вёў ток-шоу «Выбар», якое, дзякуючы прафесіяналізму журналіста, набыло асаблівую вастрыню. Але ў снежні 2010 года папулярная перадача выйшла ў эфір апошні раз. Прычынай спынення праекта стала гарачае абмеркаванне прэзідэнцкіх выбараў і масавых акцый пратэстаў у эфіры. Тады Лідзія Ярмошына пакінула студыю.
На наступны дзень пасля выхаду праграмы Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на вядучага — Дарафеева адхілілі ад працы і фактычна выціснулі з беларускага тэлебачання.
Неўзабаве журналіст з’ехаў ва Украіну, дзе таксама пачаў будаваць кар’еру на ТБ. Потым Дарафееў 3,5 года пражыў у Празе, дзе працаваў на «Радыё Свабода», аднак у 2018 годзе вярнуўся ў Кіеў. Тут Дарафееў уступіў у штаб кандыдата ў прэзідэнты Украіны Рамана Бяссмертнага і пачаў займацца інфармацыйным суправаджэннем яго кампаніі.
Пад час 2020 года Дарафееў падтрымліваў пратэст, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне неаднаразова асуджаў дзеянні расійскіх ваенных. Мяркуючы па фэйсбуку вядучага, цяпер ён зноў жыве ў Празе і працуе медыя-менеджарам і прадзюсарам.
Ларыса Грыбалёва
Творчая кар’ера Ларысы пачалася з перамогі ў конкурсе маладых выканаўцаў «Маладзечна-94». Пасля яго маладая артыстка была запрошана ў Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, дзе ў якасці салісткі адпрацавала з 1994 па 2009 год.
У дзевяностых Грыбалёва заззяла на ТБ: тады Ягор Хрусталёў запрасіў дзяўчыну стаць вядучай забаўляльнай праграмы «Усё нармальна, мама!». Перадача зрабіла фурор і доўгі час заставалася ў топе ранішніх айчынных шоу. Паралельна Грыбалёва займалася развіццём свайго святочнага агенцтва.
Артыстка замужам, у шлюбе выхоўвае траіх дзяцей.
У лютым 2023 года стала вядома, што артыстка трапіла ў чорны спіс і цяпер не можа выступаць на тэрыторыі Беларусі. У лістападзе таго ж года з’явілася інфармацыя пра яе затрыманне.
Аляксандр Ждановіч
На «Калыханцы» з Маляванычам вырасла не адно пакаленне беларусаў. Без малога 20 год Аляксандр Ждановіч звяртаўся з пажаданнямі добрай ночы да дзетак усёй краіны. Аднак у 2015‑м тэлевізійная кар’ера Ждановіча завяршылася — новае кіраўніцтва вырашыла абнавіць склад вядучых.
Ждановіч працягнуў працаваць у тэатры. Доўгі час спектакль «Бег», пастаўлены па п’есе Міхаіла Булгакава «Дні Турбіных», паспяхова ішоў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. У гэтай пастаноўцы Ждановіч граў адну з галоўных роляў і ўражваў публіку глыбінёй свайго драматычнага таленту.
Восенню 2020 года, убачыўшы прыпаркаваныя мікрааўтобусы з амапаўцамі, Ждановіч дастаў з сумкі драўляны крыж, пачаў асяняць сілавікоў хросным знакам і чытаць малітву. За гэтую акцыю Аляксандр атрымаў 9 сутак арышту. Праз некалькі месяцаў ён быў звольнены з тэатра па артыкуле. Цяпер акцёр жыве ў эміграцыі і радуе гледачоў пазнавальнымі ролікамі у тыктоку.
Асабістае жыццё Маляваныча склалася трагічна. Жонка Аляксандра, з якой яны былі разам са студэнцкай лавы, памерла ў 2015 годзе. У пары засталося двое сыноў.
Аляксандр Аверкаў
Аверкаў — калега Ждановіча па «Калыханцы», у свой час ён агучваў лялечнага ваўка Вову.
Прапагандыст быў вядучым «Контураў» і «Нашых навінаў». Доўгі час ён лічыўся адным з любімых журналістаў Лукашэнкі. У 2004 годзе Аляксандр атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь, у 2006‑м быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 2010‑м атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры. У тым жа годзе Лукашэнка асабіста павіншаваў Аверкава з 50-гадовым юбілеем — вядучы прызнаваўся, што ад шоку «доўга не мог прыйсці ў сябе».
Сёння ён працуе вядучым у дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання АНТ. Журналіст двойчы быў жанаты. Першая жонка — Алена Акулёнак, яго аднакурсніца. Разам яны выхоўвалі дваіх дзяцей. Другая жонка — Анжаліка Чарняева, працуе прадзюсарам і рэжысёрам.
Тамара Лісіцкая
Зорка беларускага тэлебачання 90‑х запаміналася сваёй яркай знешнасцю. Энергічная рудавалосая прыгажуня хутка спадабалася гледачам. Яшчэ падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ Тамара пачала весці музычную тэлепраграму «Foxy Music» на «8 канале», а потым была аўтарам, вядучай і рэжысёрам штотыднёвага тэлечасопіса «12, або на Ноч гледзячы».
На тэлебачанні кар’ера жанчыны не спынілася. Лісіцкая стала папулярным дыджэем на радыё, а таксама аўтарам пяці кніг. Сёння Лісіцкая развівае новую сферу дзейнасці — яна працуе арт-тэрапеўтам.
Элеанора Язерская
Тэлевядучая і адна з самых экстравагантных жанчын беларускага бамонду 90‑х нарадзілася ў 1946 годзе і ўсё жыццё правяла ў Мінску. Яе голас беларусы ведалі па «Салоне Элеаноры Язерскай», які выходзіў на БТ, цыкле аўтарскіх перадач «Жанчыны XX стагоддзя» на СТБ і эфірах на радыё «Мір».
Язерская запомнілася яркімі аўтфітамі, смелымі выказваннямі і маладымі палюбоўнікамі. У 48 гадоў яна закруціла раман з 23-гадовым Віталём Жукавым. Мужчына спрабаваў раскруціць кар’еру ў якасці артыста размоўнага жанру Белдзяржфілармоніі, але потым пераключыўся на антыкварыят і нават адзін час жыў у Парыжы.
Пара рассталася па ініцыятыве Язерскай — яна казала, што занадта свабодалюбная, каб звязваць сябе сумесным жыццём з мужчынам.
Свецкая львіца памерла 16 мая 2014 года на 68‑м годзе жыцця. Меркаваная прычына смерці — вострая сардэчная недастатковасць. Яна пахаваная на Маскоўскіх могілках у Мінску. Праз год пасля смерці кватэра Язерскай была выстаўлена на продаж. Мяркуючы па ўсім, тады пакупнікоў элітнай нерухомасці не знайшлося і аб’ява ізноў усплыла ў СМІ некалькі месяцаў таму.
Чытайце яшчэ:
Шмат відэапраектаў, новыя сайты і інтэрнэт-кнігарня. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў другой палове 2023-га
Людзі з’язджаюць, але ствараюцца і развіваюцца новыя праекты: як жыве суполка беларускіх медыйшчыкаў у Батумі
Дзяржаўны тэлеканал АНТ абвесціў, што ягоны YouTube цяпер мае больш за 1 мільён падпісчыкаў. Чаму гэта выклікае сумнеў?