• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме». Псіхолаг Вольга Вялічка напісала кнігу пра свет, якім бачаць яго дзеці палітвязняў

    За два гады, што псіхолаг Вольга Вялічка працуе з дзецьмі палітзняволеных, яна пачула каля сотні такіх гісторый. У пэўны момант пачала іх запісваць. Перачытаўшы – ўсвядоміла: атрымалася яркае і жахлівае адлюстраванне свету, ў якім жывуць сучасныя беларускія дзеці. Гэта кніга – магчымасць і дарослым азірнуцца вакол вачыма дзяцей. Для канала «Тётя Ира разрешила» яна расказала, як стваралася кніга. 

    «Мая мама ў турме, і мне яе бясконца шкада. Калі б я магла замяніцца з ёй… Я не ведаю, навошта яна там, бо яна нічога не зрабіла дрэннага. Я дакладна ведаю, што мая мама добрая», – кажа дзяўчынка, якой 8 гадоў.

    «Маму забралі ў турму. Тата даведаўся, дзе яна, і мы сталі збіраць ёй смачныя пасылкі, – успамінае дзевяцігадовая школьніца. – Я моцна сумавала аб маме ў глыбіні маёй душы. Я памятаю дзень, калі яна вярнулася, я не верыла – стаяла і не магла паварушыцца, а потым мы абняліся. Я не магла ад яе адліпнуць вельмі доўга. І я з ёй сплю ўжо цэлы год».

    «Я чытаю кожны дзень у інтэрнэце, як праходзіць Minecraft, і яшчэ ў тэлеграме групу «В*сны» – там часам пішуць пра майго тату», – сказаў дзесяцігадовы школьнік.

    Кніга выйшла з друку ў выдавецтве «Гутэнберг». Прадмову напісала нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Першая прэзентацыя пройдзе ў Беластоку 15 снежня. Грошы ад продажу кнігі будуць скіраваныя на падтрымку дзяцей палітзняволеных.

    Чаму гэтыя дзеці не такія, як павінны быць дзеці 

    «Гэтыя дзеці на ўласныя вочы пабачылі, як збівалі і забіралі іх бацькоў, як праводзілі вобшукі, — расказвае Вольга Вялічка. —  Раней я не сутыкалася з дзецьмі, якія перажылі такі траўматычны досвед».

    Найбліжэйшыя падобныя падзеі трэба было шукаць у мінулым, у рэпрэсіях 1930 — 50‑х гадоў.

    «Знайшла цыкл відэа “Мамы больш не будзе”. Там дарослыя людзі расказвалі, праз што давялося прайсці, калі забіралі бацькоў. Я пачала чытаць пра дзяцей, якія прайшлі праз Бухенвальд і Асвенцым. Вельмі добрая кніжка “Хлопчыкі Бухенвальда”. Там апісваўся дзіцячы досвед — пра што яны марылі ў канцлагерах, чаго хацелі, якія ім сніліся сны».

    Тады і з’явілася ідэя зафіксаваць рэчаістасць, у якой апынуліся беларускія дзеці. Бо успаміны дарослых усё ж не такія, як уражанні, што дзеці атрымліваюць тут і зараз.

    «Калі чалавек успамінае, то ўспрымае мінулае праз досвед усяго свайго дарослага жыцця. Дзіцячай непасрэднасці ва ўспамінах мала застаецца. Добра памятаю, што ў той дзень у мяне было можа пяць дзяцей адзін за адным і я вырашыла, што буду запісваць усё, што яны мне гавораць — казкі, мары — усё. Слова ў слова, як яны раскажуць». 

    Кніга, каб пасмяяцца і паплакаць

    Дзяцей сучасных вязняў Вялічка называе «на 100% палітызаванымі»: 

    «Яны разумеюць, што такое турма. Яны вельмі добра на ўзроўні адчуванняў апісваюць, што адбываецца з іх мамамі і татамі. Яны разумеюць, што такое “страх на максімалках”». 

    Незважаючы на ўсе жахі, пра якія гавораць дзеці, гэта не для таго, каб усіх настрашыць, кажа аўтарка: «Кніга напісана, каб было над чым паплакаць і з чаго пасмяяцца. Там шмат усяго дзіцячага, непасрэднага. Мне найбольш хацелася, каб гэты дзіцячы тон захаваўся ў кніжцы. З аднаго боку, такая непасрэднасць выклікае здзіўленне. З іншага, дае разуменне, як дзеці могуць праз гэта праходзіць, як гуляючы ці прамалёўваючы, могуць расказваць пра страшныя рэчы — як маму забіралі як перадачы збіралі і насілі, як пісалі лісты да таты. У гэтых дзяцей няма злосці, адчаю ці нянавісці. Ёсць толькі боль. Але яны вучацца спалучаць боль з рэчаіснасцю і не зацыклівацца на ім”. 

    Чаму лечаць казкі

    “У працы з дзецьмі у псіхолага не так шмат інструментаў, не дужа ёсць з чаго выбіраць, — кажа Вольга Вялічка. — Я паспрабавала праз казкі зайсці. Бо казка ў дзіцячым свеце спалучае цяжар і боль з нечым цёплым, светлым і міфічным”.

    Па словах Вольгі, дзецям лягчэй расказваць пра пакуты ці прыгоды казачных герояў, чым непасрэдна казаць, што гэта я перажыла ці перажыў нейкую складаную сітуацыю. “Тым і добрыя казкі, што яны даюць магчымасць расказаць пра сябе, як пра трэцюю асобу”. 

    “ У адной краіне Андыя жылі конь, аленяня, мама і тата з дзяўчынкамі і ільвяня. Каня звалі Тыльна, аленяня – Аўгусці, тату – Ігар і маму – Алеся, у іх былі дзве дзяўчынкі – Эля і Бары. Яны ўсе жылі ў доме, дзе было сем пакояў. Аднойчы да іх прыехаў дзядуля Граф. Ён стаў жыць з імі, бо быў старэнькі. Аднойчы Эля спала ў сваім пакоі, была ноч. Яна абдымала свайго мядзведзіка. Побач з імі спаў леў. Настала раніца. А дзвюх дзяўчынак не аказалася дома…” – так пачынаецца адна з дзіцячых казак, запісаная ў кнізе. 

    Чым яна скончыцца – даведаюцца чытачы. І не заўжды даросламу ўдасцца заранёў адгадаць, які фінал казкі раскажа дзіця, чыя мама ці тата ў турме.

    “У гэтым адрозненне дзяцей, якія сутыкнуліся з гвалтам сістэмы ў адносінах да іх блізкіх. Гэтыя дзеці больш не жывуць у ілюзіях. Ім ужо зразумела, што не ўсе казкі скончваюцца добра”, — кажа Вольга Вялічка. 

    Самае галоўнае, меркаваннем псіхолага, што дзеці ведаюць – іх бацькі нічога дрэннага не зрабілі. Што іх бацькі сядзяць у турме праз палітычныя погляды. Дзеці фармулююць так: “Яны хадзілі на маршы, бо хацелі для нас лепшага жыцця”. 

    “Звычайна людзі у 30 – 40 гадоў канчаткова ўсведамляюць, што свет не заўжды справядлівы, — кажа псіхолаг. – А гэтыя дзеці сутыкнуліся з такой сітуацыяй у дзяцінстве. Сустрэліся з акіянам несправядлівасці”. 

    Дзеці без зямлі пад нагамі

    У гэтых дзяцей, меркаваннем аўтаркі, не проста забралі дзяцінства. “У іх натуральна выбілі з‑пад ног адчуванне базавай фізічнай бяспекі. Бо для дзіцёнка бяспека – гэта калі бацькі побач”. 

    Але дзеці знаходзяць паратункі. Яны, хоць і мусілі стаць заранёў дарослымі, не развучыліся марыць: 

    «Людзі мараць, каб ім было добра. Калі мяне нехта пакрыўдзіў ці мама насварылася, то я абавязкова мару перад сном». 
    Іншы хлопчык, якому 8 гадоў, адказаў на пытанне так: «Мары – гэта вельмі важна. Без іх не было б такім прыгожым жыццё, і без мараў не зразумела, што чалавек хоча ў жыцці».

    Палітыка — справа дзіцячая

    У завяршэнні кнігі ёсць і артыкул пра тое, як гаварыць з дзецьмі пра палітыку. Бо калі мы не пагаворым, сцвярджае аўтарка, то яны самастойна і не заўжды канструктыўна прыдумаюць, як укласці ў сваёй галаве гэтыя палітычныя працэсы. 

    “Вельмі шмат працую з дзецьмі, якія застаюцца ў Беларусі. Яны прыходзяць у школы, дзе вісіць партрэт Лукашэнкі, дзе іх прымушаюць спяваць гімн, дзе усё прапітана ідэалогіяй, дзе ёсць дырэктыўны адзіна магчымы погляд на жыццё. А дома гэтыя дзеці збіраюць перадачы, пішуць лісты, робяць малюнкі для сваіх мамай ці татаў за кратамі, ездзяць у турму на спатканні. Мы разам шукаем спосаб, як зрабіць, каб той з бацькоў, хто ў зняволенні, не знікаў з жыцця дзіцяці”.

    “Спачатку была думка зрабіць рэкамендацыі, на што звярнуць увагу дарослым, якія зараз побач з дзецьмі. Але падалося, што гэта моцна перагрузіць кнігу. Найважнейшае, што я хацела ў ёй паказаць – гэта свет, у якім зараз жывуць дзеці. Магчыма, на наступны год мне хопіць розуму і досведу, каб у працяг гэтай кнігі напісаць рэкамендацыі для бацькоў

    Каму і навошта чытаць кнігу «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»

    Вольга адрасуе сваю кніга усім беларускам і беларусам, незалежна ад месца пражывання і палітычных поглядаў. “Мы самі сябе падзялілі. Але мы, беларусы, — такія, як ёсць. Іншых беларусаў у нас няма. Для мяне “ябацькі” — такія ж беларусы, як і “змагары”. Калі цікава, што мы ўсе разам нарабілі з дзецьмі, то пачытаць любому варта”.

    Чытайце яшчэ:

    Выйшла аўдыякніга «Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч у перакладзе Сяргея Дубаўца

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    «Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці