Амаль 200 журналістаў патрабуюць ад Мінінфарма выказаць сваю пазіцыю адносна збіцця калегі
Калегі сабралі некалькі соцень подпісаў пад зваротам да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч і генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. У звароце журналісты беларускіх выданняў звяртаюць увагу на відавочнае парушэнне заканадаўства з боку супрацоўнікаў міліцыі ў выпадку з Паўлам Дабравольскім і просяць беларускія ўлады адрэагаваць на сітуацыю.
У прыватнасці, аўтары звароту просяць Міністэрства інфармацыі выказаць сваю пазіцыю адносна недапушчальнасці перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў, рэалізацыі права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі і давесці яе да МУС і ўсіх яго структурных падраздзяленняў.
Генеральнага пракурора – узяць на кантроль ход, поўнасць, аб’ектыўнасць, бесстароннасць і законнасць правядзення праверкі па заяве Паўла Дабравольскага аб прыцягненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прадугледжанай законам адказнасці, а таксама прыняць меры да папярэджання паўтору падобных фактаў надалей.
Пад зваротам свае подпісы паставілі 182 журналісты друкаваных і электронных СМІ. У панядзелак удзень журналісты аднеслі зварот у Міністэрства інфармацыі. Лілія Ананіч і яе намеснік Сяргей Хільман адмовіліся прыняць яго асабіста і адправілі журналістаў рэгістраваць дакумент. Аналагічным чынам дакумент быў зарэгістраваны і ў Генеральнай пракуратуры.
Таксама калегі збітага журналіста некалькі дзясяткаў падобных зваротаў накіравалі у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, ГУУС Мінгарвыканкама і Вярхоўны суд Беларусі.
У гэтых зваротах, што адпраўляліся як у электронным, так і ў пісьмовым выглядзе, журналісты беларускіх СМІ просяць дзяржаўныя органы высветліць асобы супрацоўнікаў міліцыі, вінаватых у нападзе, і прыцягнуць іх да адказнасці.