Аляксандр Класкоўскі: Ці можна гнаць прапаганду дзеля святой справы?
Мацкевіч, адзін з айчынных лідараў меркаванняў, апошнім часам актыўна мабілізуе грамадскую думку на супраціў пагрозе аншлюсу з боку Расіі. І ў звязку з гэтым крытыкуе журналістаў, медыі, якія, на яго думку, ухіляюцца ад святой справы.
З ягоных разваг вынікае, што калі гаворка ідзе пра такую звышзадачу, як абарона незалежнасці, то медыйныя прафесіяналы не мусяць цурацца прапаганды. Наадварот, іх абавязак, місія — узяць у рукі гэту зброю.
Адметныя рысы — маніпулятыўнасць, скажэнне
Але давайце вызначым, што такое прапаганда. Вось як трактуе гэта паняцце “Брытанская энцыклапедыя”: “Наўмыснасць і адносна моцны ўпор на маніпуляцыю адрозніваюць прапаганду ад звычайных зносін ці вольнага і лёгкага абмену ідэямі. У прапагандыста маецца канкрэтная мэта ці набор мэтаў. Каб дасягнуць іх, прапагандыст наўмысна адбірае факты, аргументы і сімвалы і падае іх так, каб дасягнуць найбольшага эфекту. Каб максімізаваць эфект, ён можа ўпускаць істотныя факты або скажаць іх і можа спрабаваць адцягнуць увагу аўдыторыі ад іншых крыніц інфармацыі”.
Такім чынам, адметная рыса прапаганды — маніпулятыўнасць. Адзін з прыёмаў — скажэнне фактаў.
Вы ўяўляеце сабе рэдактара болей-меней прыстойнага СМІ, які скажа супрацоўнікам: ну, усё, паколькі Айчына ў небяспецы, з сённяшняга дня мы пачнем трошкі недагаворваць ды скажаць фактуру, карацей — маніпуляваць. Забудзьце ўсё, чаму вас вучылі, гэта фігня ў параўнанні з задачамі моманту.
З іншага боку, цяжка ўявіць сабе, што прафесіянал, які ведае сабе цану, згодзіцца працаваць такім чынам, ставячы пад удар сваю рэпутацыю.
Навіна з аўтарскай пазіцыяй — кепская навіна
А як жа грамадзянская пазіцыя, спытаеце вы. Давайце і тут раскладзем пытанне па палічках.
Калі ў інфармацыйны матэрыял журналіст упіхвае сваю асабістую пазіцыю, то гэта кепскі матэрыял і кепскі журналіст. Нармальны рэдактар такую нататку забракуе. Бо гэта некандыцыйны прадукт.
Так, я кажу аб прадукце, бо, напрыклад, інфармацыйная кампанія БелаПАН, дзе я працую, манетызуе свой кантэнт, прасцей кажучы — прадае інфармацыю. Ніхто не будзе купляць прапагандос пад маркай інфы.
Іншая рэч, што інфармацыя можа быць разгорнутай, у тэксце могуць адлюстроўвацца меркаванні дзейных асоб, экспертаў. Вось там у прынцыпе дапушчальны любы суб’ектывізм. Але, зноў жа, калі такім “гаваркім галовам” бракуе аргументацыі, калі сам іх падбор аднабокі, то гэта ў рэшце рэшт надакучвае чытачу і падрывае давер да матэрыялаў. Таму даваць у тэкстах слова толькі “нашым”, як гэта звычайна робяць прапагандысты, — няправільна.
Баявы лісток мала каму цікавы
Так, акрамя журналістыкі фактаў, існуе і журналістыка меркаванняў. Але яна рэалізуецца толькі ў пэўных жанрах. Немагчыма рабіць выданне з адных аўтарскіх калонак. Карт-бланш даюць найперш масцітым аўтарам.
Аднак на тое ён і карт-бланш, каб аўтар пісаў так, як думае. Ставіць яму задачу — напрыклад, каб даваў не меней за тры калонкі ў абарону суверэнітэту за месяц, — недарэчна. Як і адмаўляцца ад аўтараў, у якіх — свае тэмы, свае акцэнты.
Далей, ёсць узровень рэдакцыйнай палітыкі і планавання. І вось на ім кіраўніцтва медый сапраўды вызначае прыярытэты, пра што і як пісаць. Тут можна спрачацца пра долю, умоўна кажучы, незалежніцкай тэматыкі, публікацый, што выкрываюць падкопы, хітрыкі імперскай прапаганды.
Натуральна, што ў сённяшняй сітуацыі, калі Масква накідае сваю “паглыбленую інтэграцыю”, да такой праблематыкі мусіць быць асаблівая ўвага. Хаця, зноў жа, калі СМІ думае пра аўдыторыю, манетызацыю кантэнту, то трэба датрымліваць пэўны тэматычны баланс. Баявы лісток мала каму цікавы.
І ў кожным разе не мусіць ісці гаворка пра наш адказ Чэмберлену той самай прапагандысцкай зброяй. Гэта той выпадак, калі добрымі намерамі брукуецца дарога ў пекла.
Пра наўпроставы ўдзел журналістаў у інфармацыйнай вайне я ўвогуле не кажу. Гэта занятак для прафесіяналаў іншага кшталту. Тут трэба выбіраць: або-або.
Не маралізуйце, а ладзьце піяр
Разам з тым, медыі звычайна з задавальненнем (бо матэрыялаў, асабліва добрых, заўжды бракуе) даюць трыбуну талковым палітыкам, грамадзянскім актывістам ды іншым, хто не належыць да журналісцкага цэху, але мае што сказаць.
Прыклад — рубрыка “Меркаванні” на Naviny.by. Падобныя рубрыкі маюць і многія іншыя рэсурсы. Той самы Мацкевіч, дарэчы, на Naviny.by апошнім часам нярэдкі госць. Будзе дзесяць такіх Мацкевічаў — на здароўе, хай усе друкуюцца, ладзяць той самы інфармацыйны супраціў “русскому миру”.
Гэта ўжо пытанне найперш да грамадзянскай супольнасці, яе лідараў і структур: наколькі яны здольныя дамовіцца ды каардынаваць высілкі ў справе ўздыму нацыянальнай самасвядомасці, барацьбы супраць падступнай імперскай экспансіі. Наколькі здатныя ладзіць дачыненні з медыямі не праз маралізатарства і пошук несвядомых, а праз стварэнне інфармацыйных нагод, увогуле — праз пісьменны піяр.
Ахвяраваць канонамі прафесіі дзеля “скреп”?
А пра дарогу ў пекла кажу таму, што маецца вялікі гістарычны досвед, да чаго прыводзіла палітыка прапаганды дзеля святых мэтаў.
Класіка жанру — бальшавікі. Ленін у працы “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура” бэсціў журналістаў-эгаістаў, што не хочуць станавіцца пад сцяг барацьбы за перамогу пралетарыяту (большасць якога сапраўды жыла жахліва). Мы ведаем, у якую пародыю ператварылася ў выніку бальшавіцкая прэса.
Прапагандысты “русского мира” таксама, мусіць, не ўсе цынікі, частка пэўна ж верыць, што маніпулюе і падтасоўвае дзеля святой мэты — умацавання “духовных скреп”.
Увогуле спробы пасадзіць медыі ў любы акоп — гэта гвалт над журналістыкай. Ці як мінімум непавага да яе як да паўнавартаснай прафесіі са сваёй тэхналогіяй, методыкай, этыкай.
Журналісты супраціўляюцца спробам іх пашыхтаваць пад любой маркай, бо гэта разбурэнне рамяства. Пры тым што самі нашы медыйныя прафесіяналы (кажу, ва ўсякім разе, пра незалежную прэсу), паверце, не гараць жаданнем, каб тут запанаваў “русский мир”. Проста яны не рвуць кашулю на грудзях.