• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: Дайце эксперту надзець штаны!

    Паспрабую акрэсліць тыповыя грахі журналістаў, калі яны працуюць з экспертамі, і даць парады, як рабіць правільна.

    Тлумачце фармат

    Іншым разам журналіст пачынае сыпаць пытаннямі, не патлумачыўшы, дзе і якім чынам будзе выкарыстоўваць меркаванні эксперта.

    І зусім не адзін чорт, на якім рэсурсе, для якой аўдыторыі, у якім кантэксце і аб’ёме будуць пададзены словы. Ёсць рэсурсы з такой рэпутацыяй, якім я, напрыклад, каментары не даю прынцыпова.

    Далей: адна рэч, калі плануецца разгорнутае інтэрв’ю, і зусім іншая — калі з тваіх мудрых пасажаў збіраюцца зрабіць два радкі.

    Калі гэты момант адразу давесці да эксперта, то ён зарыентуецца, наколькі разгорнутымі мусяць быць адказы. Бо адну і тую ж думку можна выказаць з нюансамі, веерам аргументаў, прыкладамі, а можна і зусім сцісла, адразу ўзяўшы быка за рогі.

    Так што не прымушайце суразмоўцу дарэмна фантанаваць.

    Я, напрыклад, калі раблю свой артыкул, адразу тлумачу эксперту: гэта тэкст для Naviny.by на такую і такую тэму, хацелася б скарыстаць і ваша меркаванне, фармат сціслы, дам ад вашага імя некалькі фраз.

    Натуральна, суразмоўца можа сказаць болей (і гэта добра, будзе з чаго выбраць), аднак не стане крыўдзіцца, калі ў выніку пабачыць лапідарны пераказ сваіх разваг. І журналісту тады прасцей перапыняць занадта гаваркіх: «Дзякуй, усё гэта цікава, але ж давайце пра сутнасць, бо ўсё адно з вашых думак давядзецца рабіць выцісканку».

    Пераказвайце карэктна

    Дарэчы, наконт выцісканкі. Натуральна, доўгае цытаванне — не камільфо. Калі чалавек нешта каментуе экспромтам, то робіць агаворкі, паўторы, расцякаецца думкай па дрэве і г. д. Таму ў тэксце найлепей даць даслоўна адну-дзве фразы (ці ўвогуле толькі смачнейшыя кавалачкі фраз), астатняе ж — пераказаць.

    І вось тут выяўляецца майстэрства журналіста. Бо, каб дакладна пераказаць, трэба, па-першае, лавіць кожнае слова, схопліваць сутнасць, а дзеля гэтага — секчы фішку ў тэме. Па-другое, пазбягаць спакусы трошкі “падправіць” суразмоўцу, каб ягоныя рэмаркі ямчэй клаліся ў кантэкст, былі болей сугучныя аўтарскай канцэпцыі.

    На жаль, бывае і так, што, чытаючы нібыта тваё меркаванне на якім-небудзь рэсурсе, сам сябе не пазнаеш. Ад тваіх слоў пакінулі рожкі ды ножкі, астатняе — ну вельмі вольны пераказ.

    Кепска таксама, калі журналіст злоўжывае суб’ектыўнымі маркерамі кшталту “эксперт верыць, што…” (ці “не верыць”, ці “перакананы”, ці “спадзяецца”, “баіцца”, “прадказвае”).

    Я ж не вернік, не дагматык, не палахлівая інстытутка і не шаман. Я проста аналізую і прагназую, грунтуючыся на фактах.

    Не маніпулюйце

    Не буду хітраваць: калі раблю артыкул, то іншым разам званю эксперту, з вялікай доляй імавернасці прагназуючы, у якім ключы той выкажацца.

    Аднак жа калі меркаванне акажацца іншым, чым чакалася, то ні ў якім разе нельга яго падганяць пад жаданы варыянт. Мяняйце акцэнты ў матэрыяле, а не скажайце пазіцыю эксперта, каб упіхнуць яго абсечаныя, тэндэнцыйна адрэдагаваныя выказванні ў пракрустаў ложак сваёй задумы.

    Самае прыкрае, калі апынаюся ў шкуры эксперта, — адчуваць, што цябе хочуць цынічна скарыстаць. І маніпуляцыйнымі пытаннямі (кшталту: хіба не абуральна, калі рэжым…) падштурхоўваюць да той высновы, якую апрыёры хоча атрымаць з тваіх вуснаў аўтар.

    Так, я крытык рэжыму, але не хачу паліваць яго на замову. Далей, у кожнай з’яве стараюся ўбачыць розныя бакі. Але дыялектыка тваіх разваг (усе гэтыя “разам з тым”, “з іншага боку”, “дзеля справядлівасці адзначу”) іншым разам ігнаруецца, з разваг выкалупваюць, напрыклад, толькі негатыў супраць улады. У выніку эксперта падаюць у матэрыяле як прымітыўнага апазіцыйнага крыкуна.

    Пра элементарнае

    Ну і, нарэшце, пра элементарнае. Варта папярэджваць пра запіс (нібыта дробязь, суразмоўца звычайна і так здагадваецца, што яго пішуць, але гэта этыка). А таксама — выразна акрэсліваць, якія пытанні задаюцца дзеля матэрыялу, а якія — у парадку сяброўскай балбатні. Бо калі журналіст і эксперт даўно адзін аднаго ведаюць, то апошняму іншым разам цяжка ўлавіць, дзе канчаецца прыват і пачынаецца чыста прафесійная размова, калі любое тваё выказванне можа быць працытавана.

    І яшчэ: нават пры добрым знаёмстве журналісту варта ўдакладняць у суразмоўцы, як яго прадставіць. Мяне ж называюць то палітолагам (між тым як я на такі тытул не прэтэндую), то аналітыкам агенцыі БелаПАН (правільна: інфармацыйнай кампаніі). Драбяза, але асадачак застаецца.

    І апошняе. Варта ўдакладняць, наколькі зручна эксперту даваць каментар менавіта ў гэту хвіліну. На сваім досведзе (а торгаюць мяне і ў дні адпачынку) сведчу, што, стоячы пад душам ці адной нагой ў калашыне, фармуляваць канцэптуальныя высновы не надта зручна.

    Карацей, эксперт — таксама жывы чалавек. Дайце яму хоць штаны нацягнуць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці