• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Баразенка зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне (вялікая гутарка)

    У турэмнай камеры Аляксандр зрабіў пярсцёнак з хлебнага мякішу і пасля вызвалення падараваў яго каханай Ірыне. Але да гэтага журналіст «Белсату» вытрываў содні без ежы, няволю і адсутнасць інфармацыі ад родных і блізкіх, маразм судовай сістэмы і моманты маральнага і прафесійнага ціску. Пра гэта Аляксандр распавёў калегам у размове пасля свайго вызвалення.

    – Якім быў апошні дзень перад вызваленнем?

    – Пачынаючы недзе з 10‑х содняў, я зрабіў сабе схему, каб лягчэй было чакаць. Замест содняў я лічыў гадзіны. Мне заставалася, напрыклад 72 гадзіны і я сядзеў, падлічваў, што 30 з іх – гэта сон, то бок застаецца пратрымацца ўсяго 42. Гэта вельмі дапамагае. У апошнюю ноч заставалася ўжо 20 гадзінаў, і з кожнай гадзінай было ўсё прасцей і прасцей. Увесь гэты час я жыў думкай пра тое, што калі выйду, адразу зраблю прапанову сваёй дзяўчыне.

    Ты зрабіў гэта проста там, каля Акрэсціна?

    – Не, адразу не атрымалася, бо я зрабіў пярсцёнак з мякішу белага хлеба і палажыў яго ў куртку. А калі выходзіў, было цёпла і куртку склаў у рэчы. Яшчэ вельмі баяўся, што яго могуць адабраць, таму што перад выхадам мяне зноў абшуквалі, заставілі распрануцца, праверылі ўсе кішэні, рэчы. Таму атрымалася дастаць яго толькі калі мы прыехалі дадому і я распакаваў рэчы. Такім чынам мы заручыліся.

    То прымай віншаванні!

    – Дзякуй вялікі, гэтае рашэнне дапамагала мне чакаць вызвалення.

    Ты ведаў, што цябе будуць сустракаць родныя, калегі на Акрэсціна. Якой сустрэчы ты чакаў?

    – Я чакаў нейкай «спецаперацыі» ад супрацоўнікаў міліцыі. Я быў здзіўлены тым, што мяне нікуды не вывезлі, не забаўляліся гульнямі ў казакі-разбойнікі. Бо звычайна, калі выходзяць актывісты або журналісты, то іх вывозяць, хаваюць па РАУСах, а потым адпускаюць, менавіта каб пазбегнуць гэтых масавых сустрэчаў. Мне было вельмі прыемна выйсці, пабачыць усіх. Было непрыемна толькі, што не аддалі карэспандэнцыю і праводзілі ізноў гэтую ганебную працэдуру вобшуку.

    А нашто яна? Што можна там скрасці?

    – Я не ведаю, раней можна было вынесці такія адмысловыя кубачкі, якія былі ў камерах. Цяпер нават лыжкі ўсе пералічваюць, калі выдаюць ежу. Можа, гэта такі «дзембельскі» падарунак на вызваленне, каб не проста так выпусціць…

    – Цябе затрымлівалі 25-га сакавіка з іншымі журналістамі. Як ты лічыш, чаму іх адпусцілі, а цябе пакінулі на содні з такім прысудам?

    – Магчыма, у кагосьці на мяне быў «зуб» у Маскоўскім РАУС. А яшчэ я думаю, што ўжо тады быў дадзены загад пачаць паляванне на «Белсат», і маё затрыманне стала першым крокам. Калі прыехаў Ластоўскі, мне здаецца, ён ужо ведаў, што я застануся.

    Судовае паседжанне было абсалютна абсурдным, сведчанні відавочна ілжывыя. Як ты адчуваў сябе ў судзе? Якія былі эмоцыі?

    – У мяне было адчуванне, што я ў цырку. Я разумеў, што ўсё загадзя вядома, а суддзя абсалютна несамастойная. Я чакаў, калі скончыцца працэс, каб даведацца, які загад дадзены на мяне, паглядзець на ўсю тую глыбіню маразму, да якой яны здольныя дайсці. Непрыемна здзівілі паводзіны суддзі Мотыль, якая абвесціла перапынак да 15‑й гадзіны, а потым сама перапыніла яго а 14:40 і не дачакаўшыся адваката зачытала прысуд. Тут быў бачны страх, было зразумела, што яна сама баялася таго, што робіць.

    Есць нейкая мяжа маразму, якая нават такіх людзей выводзіць з зоны камфорту. Ёй самой было прыкра, бо загад быў даць мне 15 содняў, а справа не каштавала абсалютна нічога.

    – Ты глядзеў у вочы суддзі, сведкам?

    – Спрабаваў, але яны адводзілі вочы.

    – Як прыйшла думка пра галадоўку? Гэта на знак пратэсту, ты чакаў рэакцыі або проста не ведаў, што больш яшчэ зрабіць?

    -Гэта крок хутчэй для сябе. Я не разлічваў на нейкую публічнасць, на тое, што акцыя па галадоўцы нешта зменіць ва ўмовах утрымання, ці ў галовах суддзяў, сведкаў. Гэта самастойны акт, каб у сваіх вачах не прыняць гэты прысуд, нават у такой дробязі, як гэтыя іхныя кашы і хлебныя катлеты. Я не абвяшчаў галадоўку ў ізалятары, не пісаў ніякай заявы, бо ведаў, што мяне могуць пакінуць без перадачаў, а для мяне вельмі важна была пітная вада. Часам я браў порцыю і аддаваў яе камусьці з суседзяў па камеры.

    – Як ты бавіў час у няволі? Нехта чытае мастацкую літаратуру, нехта малюе, нехта ўзмоцнена бярэцца за спецыялізаваную літаратуру для асабістага развіцця, на якую няма часу ў працоўнай штодзённасці. Што ты рабіў?

    – Для мяне паратункам стала менавіта мастацкая літаратура. У ізаляцыі час проста спыняецца. Трэба яго неяк прывесці ў нармальны рух, я ўжо не кажу пра тое, каб паскорыць. Я прачытаў тры разы Андруся Горвата, бо гэта была адзіная кніжка, што ў мяне была, якую мне перадалі на судзе. Я дачытваў і пачынаў спачатку. Наступная прыйшла толькі праз чатыры дні, гэта быў Уладзімір Вайновіч пра прыгоды салдата Івана Чонкіна.

    – Ці добрыя ўмовы на Акрэсціна, каб чытаць?

    – Для чытання ўмовы добрыя. Святла ў памяшканні хапае, выключаюць яго а 22‑й гадзіне, калі адбой. Але пры гэтым трэба заўважыць, што самі па сабе ўмовы на Акрэсціна даволі цяжкія. Было шмат парушэнняў правоў асуджаных, напрыклад, я не атрымліваў карэспандэнцыю. Гэта была поўная адсутнасць інфармацыі. Я ведаю, што яны нават вырашалі, якія газеты прапускаць ці не. Мне прапускалі толькі спартовыя газеты, а агульнапалітычныя, дзе можа было б даведацца пра навіны краіны, не прапускалі. Навіны я даведваўся толькі ад адваката і нейкім чынам адзін раз да нас трапіла «Народная воля» за 27 ці за 28 сакавіка. Там я прачытаў, чым усё скончылася ў Менску 25-га.

    Адсутнасць інфармацыі пра тое, як там мае родныя, як мая дзяўчына, гэта – галоўнае пакаранне, калі ты адбываеш арышт.

    – А ці быў час на нейкія глабальныя разважанні? Пра сябе ў журналістыцы, пра тое, што адбываецца з беларускай незалежнай журналістыкай, і ці не лепш сядзець дома?

    – Пытанне пра пасядзець дома даўно ўжо вырашана, калі я выбраў прафесію. Нейкіх глабальных думак таксама не было, выбар зроблены даўно і ў мяне ў ім няма сумневаў, таму нейкіх глабальных рэфлексій не было.

    -Матывацыя не згубілася, або можа, з’явілася злосць?

    -Не, матывацыя не згубілася, і злосці таксама няма. 15 содняў – гэта не тое, што можна нейкім чынам прымусіць адмовіцца ад любімай прафесіі.

    – Калі ты даведаўся, што ў офісах Белсату быў ператрус і забралі ўсю тэхніку, якія былі думкі?

    – Было разуменне, што гэта пачатак нейкага вялікага ціску, вялікага ўдару. Я не думаю, што гэта датычыцца толькі Белсату. Зараз на нас адпрацоўваецца адзін сцэнар. Для іншых незалежных медыяў могуць быць выкарыстаны іншыя, ці менш брутальныя, а можа, наадварот, больш, кшталту ўварвацца і вынесці ўсё. Я ўжо наўрад ці здзіўлюся чаму-небудзь ад беларускіх міліцыянтаў.

    – У цябе адабралі тваю асабістую тэхніку, з офісаў Белсату вынеслі камп’ютары. Скажы, ці можна спыніць працу журналіста такім чынам? Ці паўплывае гэта на якасць?

    -Я спадзяюся, што гэта ніяк не паўплывае на якасць. Трэба разумець, што час рухаецца наперад, метады распаўсюду інфармацыі змяняюцца. Цяпер акрамя прафесійных журналістаў ёсць блогеры, ёсць трансляцыі ў Face­book ад любога грамадзяніна. Таму ламай-не ламай, канфіскуй любую камеру, канфіскуй тэлефон, нічога не зменіцца. Кожны можа прыйсці, набыць новы тэлефон за невялікія грошы і пачаць стрыміць. Тыя метады, якімі спрабуюць зараз міліцыянты напужаць журналістаў, спыніць распаўсюд інфармацыі, абсалютна ўжо не працуюць.

    Аляксандр Баразенка выйшаў на свабоду з Акрэсціна (фота, відэа)

    Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці