• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алег Хаменка: Для мяне ёсць каля дзясятка аўтарытэтных журналістаў, да якіх я стаўлюся з надзвычайнай павагай

    Сайт БАЖ працягвае летнюю серыю публікацый "Медыйныя асобы пра журналістаў". У гэтай рубрыцы людзі, з якімі рэгулярна працуюць нашы калегі, распавядаюць пра свой досвед кантактавання з журналістамі.

    Сёння сваімі думкамі пра журналістыку, досведам камунікацый з журналістамі і пра давер медыям дзеліцца Алег Хаменка, лідар гурта «Палац», былы вядучы аўтарскай праграмы «Брама існасьці» на закрытым уладамі «Аўтарадыё», а цяпер аўтар праграмы «Фолк Брама» на “Беларускім Радыё Рацыя”.

    ПРА ЖУРНАЛІСТЫКУ

    Уся соцыякультурная прастора змяняецца. Сацыяльныя сувязі, якія прыйшлі з прыходам інтэрнэту, забілі адну з найгалоўнейшых рэчаў, на якой палягала журналістыка — аператыўнасць. У сувязі з гэтым прафесія журналіста моцна змянілася. Цяпер журналіст не можа перахапіць актуальнасць у, па-першае, відавочцаў. І, па-другое, у блогераў, якія даюць не інфармацыю, а эмоцыі.

    Ёсць і яшчэ адна змена, якая на беларускай прасторы пакуль не ўспрынятая сур’ёзным чынам. Другі слуп журналістыкі — аналітыка, да якой мы прызвычаіліся ў XX стагоддзі, на сёння вымагае вельмі шмат часу, высілкаў і грошай. А ва ўмовах беларускіх эканамічных варункаў гэтых рэсурсаў не хапае.

    ПРА КАМУНІКАЦЫІ З ЖУРНАЛІСТАМІ

    Як жыць музыканту без журналістаў? Любому соцыяактыўнаму грамадзяніну без той часткі ўлады, якую сабою ўяўляе прэса, жыццё немагчымае. Без медыяў не існуе ані дзяржава, ані паўнавартаснае жыццё любой асобы, у тым ліку, творчай.

    Для мяне ёсць каля дзясятка аўтарытэтных журналістаў, да якіх я стаўлюся з надзвычайнай увагай і павагай. А астатніх я не ведаю, яны мне не трапляюцца. Калі ж патрапяцца, я магу іх заўважыць ці не заўважыць.

    Момантаў, якія мяне раздражняюць у стасунках з журналістамі, практычна не бывае. За выключэннем некаторых. Сярод маіх блізкіх сяброў таксама ёсць журналісты. Час ад часу ў той момант, калі я кажу якую-небудзь інфармацыю, я заўважаю бляск у іх вачах. Яны хочуць як мага хутчэй інфармацыю апублікаваць, а я гэтага не хачу. І вось тады надыходзіць момант, калі я націскаю на сябра: «Толькі ты не пішы пра гэта!» Бачу, што ён прыціскае свой прафесійны абавязак на карысць сяброўскіх адносінаў са мною. Гэта крыху раздражняе. Не ведаеш, як гаварыць з чалавекам: як з журналістам ці як з сябрам? Бо гэта, канешне, розныя рэчы.

    Была адзіная сітуацыя, калі я прасіў не публікаваць мае словы, але журналіст усё адно выпусціў іх публічна. Пасля ў нас адбылася прыкладна такая размова:

    - Я прасіў пра гэта не пісаць?
    — Ну а што… Гэта ж для ўсех інцярэсна і ўсё такое…
    — Я не буду сітуацыю апублічваць, але папярэджваю: маю права заявіць, што гэта ўсё было прыдумана.

    Выпадак даволі лёгка вырашыўся. Я прыцярпеўся.

    Яшчэ адзін момант, які можа раздражняць у стасунках з журналістамі: калі журналісты пішуць мае словы на дыктафон, а потым дакладненька пераносяць іх у артыкул. Я лічу гэта альбо непрафесіяналізмам, альбо «лепш з такімі журналістамі ўвогуле не размаўляць». Таму што размоўная і пісьмовая мовы адрозніваюцца каласальна.

    Даволі часта мне тэлефануюць не журналісты, а, па сутнасці, графаманы. Да гэтых людзей я адношу блогераў і PR-дзеячаў, якія паставілі стварэнне навінаў на канвеер. Я добразычліва стаўлюся да графаманаў, яны таксама патрэбныя. І што раблю? Цярплю.

    Бывала, у кантактах з графаманамі я казаў: «Калі ласка, перад тым, як мы пачнем размову і пасля таго, як мы пагаворым, падумайце: вы бярэце ў мяне інтэрв’ю або даеце яго мне?» Мне падаецца, што шэраг графаманаў не адчувае гэтае адрозненне. Дарэчы, я калі сам браў інтэрв’ю, часам рабіў гэтую памылку.

    Што да прыемных момантаў. Не так даўно чалавек рабіў са мною інтэрв’ю-фотаэсэ. Журналіст быў з невялікім досведам, але ён так адказна падыйшоў да працы! Атрымалася вельмі цікава і эксперыментальна! Мяне гэта моцна ўразіла. Такія прыемнасці ў жыцці бываюць. 1–2 разы на год, але бываюць.

    ПРА ДАВЕР МЕДЫЯМ

    Я, як студэнты, падзяляю медыі на СМП (сродкі масавай прапаганды), СМІ (сродкі масавай інфармацыі) і СМК (сродкі масавай камунікацыі). Канешне, я прызвычаіўся працаваць са СМІ. Гэта значыць, з тымі, хто падае два сапраўды (!) адрозныя погляды. А не два «адрозныя» погляды, якія ідуць з адной крыніцы. Калі я ведаю сапраўдную крыніцу інфармацыі і ведаю яе як праўдзівую, то так, я давяраю СМІ.

    СМП цяпер маскіруюцца, выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі. Але яны таксама даюць інфармацыю. Канешне, каласальнымі аб’ёмамі нельга ўжываць гэта нават для аналізу.

    Зараз узмацнілася пазіцыя СМК. З аднаго боку, у іх адносна можна кантраляваць тое, ад каго ці ад чаго ты атрымліваеш інфармацыю. Калі крыніца сапраўды публічная, можна выходзіць на аналіз і прымаць на давер інфармацыю ад яе. З іншага боку, і там, бывае, забіваюць навіны, перакручваюць інфармацыю.

     

    ЗАМЕСТ ПАСЛЯСЛОЎЯ

    Напрыканцы скажу, што ўніверсальным журналістам быць немагчыма. Хоць таго патрабуюць абставіны ў нашай краіне. Не імкніцеся да гэтага. Знаходзьце сваю — няхай невялікую — мэтавую аўдыторыю і рабіце аналітыку менавіта для яе. І для вашай аўдыторыі, і для вас гэта будзе вельмі карысна. І, канешне, не імкніцеся перамагчы ў актуальнасці. У гэтым полі можна працаваць як графаманы.

    Звяртайцеся да вялікіх, глыбокіх артыкулаў. Няхай ён будзе адзін на год. Але ён будзе павагай да даўнішняй і вельмі важнай прафесіі журналіста, якая стварае публічную ўладу, вельмі патрэбную для дзяржавы, краіны і развіцця соцыуму.

    Таццяна Караткевіч: Непрызнанне прафесійных памылак пляміць недзяржаўную журналістыку

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці