• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Таццяна Караткевіч: Непрызнанне прафесійных памылак пляміць недзяржаўную журналістыку

    Сайт ГА "БАЖ" запускае спецыяльную летнюю серыю публікацый "Медыйныя асобы пра журналістаў". У гэтай серыі людзі, з якімі рэгулярна працуюць нашы калегі, будуць распавядаць пра свой досвед кантактавання з прадстаўнікамі СМІ. Пункт погляду медыйных асобаў на журналістаў і журналістыку чытайце штотыднёва!

    Першай пагадзілася на размову экс-кандыдатка ў прэзідэнты, грамадскі і палітычны дзеяч Таццяна Караткевіч:

    Таццяна Караткевіч: Непрызнанне прафесійных памылак пляміць недзяржаўную журналістыку

    «Я гляджу на журналістаў у першую чаргу як на людзей, у якіх вельмі важная місія: звязваюць інфармацыйнымі нітачкамі нашае грамадства. Робяць яго больш інфармаваным, мабалізаваным, адчувальным. А палітыка ўвогуле не можа існаваць без журналістыкі.

    Гляньце: усе структуры і арганізацыі маюць свае медыі ці хоць прэсавага сакратара. Усе разумеюць, што без прэзентацыі сябе ў знешнім асяроддзі проста немагчыма існаваць. І час ад часу я таксама вяду сваі медыі. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў кандыдата ёсць каманда валанцёраў. Яна дапамагае і ў стасунках з прэсай, падрыхтоўкай публікацый… Аднак у міжвыбарны перыяд, апроч палітычнай дзейнасці, даводзіцца займацца і медыйнымі пытаннямі.

    Няёмкіх сітуацый, калі, напрыклад, журналісты патэлілі ў «непрацоўны час», я не ведаю і не прымаю. Гатовая супрацоўнічаць з вамі ў любы момант, таму што разумею, як хутка ляціць час і як важна асвяціць актуальныя падзеі менавіта зараз — чым аператыўней, тым лепш. І калі цябе з важнай нагоды “дастаюць” у зусім ужо нязручнай сітуацыі, заўсёды можна дыпламатычна перанесці размову ці сустрэчу, не бачу тут праблемы.

    Але свет неідэальны, зразумела. Здараюцца і прыкрыя гісторыі. Напрыклад, на пачатку маёй прэзідэнцкай кампаніі  журналіст «Белсата» Алесь Кіркевіч быў на маёй сустрэчы з грамадой у Гродне, пасля якой выдаў выніковы матэрыял з “памылкай”. Журналіст нібыта мяне працытаваў, але цытата тая была недарэчна вырвана з кантэксту і абсалютна не адпавядала сказанаму.

    Намаганнямі абураных сведкаў і актывістыў мы знайшлі аўдыё- і відэаматэрыялы, якія падцвярджалі непрафесійную тэндэнцыйнасць рэпарцёра. У звязку з чым звярталіся ў рэдакцыю «Белсата» па прабачэнні, але гэтага не адбылося. У Варшаве вырашылі заплюшчыць вочы на відавочны фальш…

    У гэтым я бачу важную праблему ў медыйным полі: прапаганда і журналістыка. Дзіўна, што некаторыя незалежныя майстры пяра, камеры і мікрафона горача кляймяць прапагандыстаў з дзяржаўных медыяў, але ці не такія самыя пазіцыі займаць іншым часам самі? Непрызнанне прафесійных ды й палітычных памылак пляміць недзяржаўную журналістыку.

    І яшчэ пра давер да медыяў. У мяне ёсць адзінае правіла па жыцці, яно вельмі простае: «Калі цябе не падвялі, вытрымалі слова, то трэба і варта давяраць». Калі ж здарыўся некі інцыдэнт, то я буду больш адказнай у стасунках з канкрэтнай рэдакцыяй ці журналістам.  Пакуль са мною працуюць шчыра і прафесійна, у адпаведнасці з законам і прафесійнай этыкай, я давяраю СМІ.

    У звязку з чым згадаю некалькі прыкладаў. Першы: у прэзідэнцкую кампанію была крытычная сітуацыя, звязаная са зборам подпісаў. Памятаеце, топавым раптам стала пытанне: «Ці сапраўды Караткевіч сабрала 100 000 подпісаў?» Добра, гатова адказаць, аднак ці не лепш, каб вы, шаноўныя карэспандэнты, самі паглядзелі тыя падпісныя лісты, палічылі, пазванілі дзеля праверкі падпісантам з розных рэгіёнаў краіны? Мне спадабалася, як павялі сябе асобныя рэдакцыі, хоць сказалі пра адчыненыя дзверы ўсім. І знайшліся журналісты, якія адгукнуліся. Глядзелі, лічылі, тэлефанавалі тым, чые подпісы падаліся падазронымі. Я адзначыла тады для сябе: вось ён — прафесіяналізм! — збіраць інфармацыю, пераправяраць і прэзентаваць яе нейтральна, з’яўляючыся медыятарам, які ўзмацняе праўду.

    Яшчэ адзін добры прыклад. Шмат для каго я існую толькі як публічная асоба. І часта людзі забываюцца, што любы палітык — яшчэ і проста асоба, чалавек, які трапляе ў найскладаныя сітуацыі, што вымушаюць выконваць і іншыя, незвычайныя сацыяльныя ролі. Мне спадабалася, напрыклад, праца журналісткі «Камсамольскай праўды», якая брала ў мяне інтэрв’ю і даведалася пра маю складаную сямейную сітуацыю. Як яна прафесійна, тонка, з павагай да маіх пачуццяў перадала інфармацыю аўдыторыі. Бо часта ж лічаць за “лепшае” менавіта дадаць жаўцізны і негатыву, каб сабраць больш “лайкаў».

    А тут я адчула тонкую чалавечую ўвагу да сябе. І праз гэта прыйшло асэнсаванне сітуацыі: «Я не адна!» І тое, як я пра гэта ўсё кажу, можа дапамагчы не толькі лайкі сабраць, але і камусьці зразумець свой выбар, сваю жыццёвую сітуацыю. Лічу, што такое інтуітыўнае пачуццё мяжы прафесійнай і асабістай часткі жыцця — вельмі важнае.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці