• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алег Гулак. Праз год пасля сыходу праваабаронцы

    16 снежня 2022 года ў Вільні памёр старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак. Яму было 55 гадоў. Праз год калегі стварылі ў сеціве імянную старонку, дзе сабралі ўспаміны ад яго калег і калежанак па праваабарончым сектары і міжнародных партнёраў. Мы працытуем узгадкі пра Алега ад прадстаўнікоў БАЖ.

    Алег Агееў, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

    Для мяне, яшчэ тады ў 2008 годзе, калі працаваў адвакатам, знаёмства з Алегам адбылося на канферэнцыі па правах чалавека ў гатэлі «Менск». Я да гэтага часу памятаю яго выступ, які ўразіў аглядным бачаннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Тады я ўпершыню пачуў многія фармулёўкі, якія ўжываю да гэтага часу.

    Але зблізіцца і пасябраваць з Алегам Гулаком у мяне атрымалася толькі гадоў праз пяць пасля гэтай канферэнцыі, якая стала для мяне першым прыступкам па праваабарончых усходах.

    Калі я працаваў каардынатарам адукацыйнага праекту BISH, мы запрашалі Алега, як старшыню БХК, экспертам для правядзення заняткаў для праваабаронцаў і юрыстаў. Тады я ўжо значна больш пачаў разумець структуру праваабарончага сектара Беларусі, ролю і пазіцыю БХК і падыход да праваабарончай дзейнасці, якую Алег Гулак фармуляваў і абгрунтоўваў.

    Я памятаю, як мы публічна абмяркоўвалі, якія стратэгіі будуць больш эфектыўнымі, якія аспекты правоў чалавека ёсць прыярытэтам на канкрэтны момант і якімі сродкамі лепш за ўсё іх абараняць і прасоўваць.

    Пазіцыя Алега заўсёды была ўзважанай, ўлічвала вялікую колькасць фактараў. Яго прагнозы адносна развіцця сітуацыі заўсёды выклікалі маю павагу. І маё ўменне планаваць такую працу да гэтага часу шмат у чым заснавана на падыходах Алега.

    Я памятаю, калі мяне ўжо сталі накіроўваць прадстаўніком БАЖ на вялікія міжнародныя мерапрыемствы, у тым ліку і з удзелам розных дзяржаўных служачых, я спытаў парады ў тагачаснага Старшыні БАЖ Жанны Літвіной, якую пазіцыю нам варта прасоўваць на чарговай канферэнцыі. Яна сказала, што лепш за ўсё выступаць пасля Гулака і прытрымлівацца яго прапановаў. Я і зараз часам прыслухваюся да голасу Алега ўнутры мяне, каб зразумець для сябе, што і як бы ён сказаў па тым ці іншым пытанні.

    Цяпер у канцы 2023 яго ўжо як год няма з намі.

     ўдзячны лёсу, што ў мяне была магчымасць шмат размаўляць з Алегам Гулаком. І сам-насам, і ў вузкай кампаніі, і ў дастаткова публічных мерапрыемствах. Гутарыць і нават спрачацца. Абмяркоўваць. Дзяліцца адчуваннямі і сумесна планаваць працу. Святкаваць поспехі і шкадаваць аб стратах. Парыцца ў лазні і плаваць на чоўне. Ездзіць у цягніках, машынах і аўтобусах. Лётаць на самалётах. Чакаць адпраўленні ў аэрапортах, на вакзалах і гатэлях. Удзельнічаць у канферэнцыях і семінарах.

    Назаўжды запомню нашу апошнюю шматгадзінную начную размову ў Страсбургу ў лістападзе 2022 года. Я тады яшчэ не ведаў, што гэта адна з нашых апошніх размоваў.

    Мы чакалі ад’езду ў гатэлі і не клаліся спаць, каб не праспаць аўтобус у аэрапорт. Самым цікавым былі развагі на тэму: «Чаму большасць праваабарончых дыскурсаў маюць яскрава выражаны левы парадак дня». Ці абавязкова палітычныя погляды «левакоў» і праваабаронцаў павінныя перасякацца па дэфолце, ці гэта не так. Спрэчка атрымалася доўгай і так і не была тады скончаная. Алегу трэба было з’яжджаць.

    Потым была цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму. Осла. Дамы былі ў вячэрніх сукенках, кавалеры ў смокінгах. Мы ганарыліся «Нобелем» Алеся, хоць і пачуццё горычы, што ён сядзіць за кратамі, азмрочвала ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання і наступны каралеўскі прыём.

    Кажуць, што менавіта апошняя сустрэча з чалавекам пасля яго смерці застаецца ў памяці на ўсё жыццё тых, хто яго памятае. Мусіць. Я сапраўды ніколі не забуду Алега ў смокінгу за сталом на банкеце ў прысутнасці караля Нарвегіі. Але я таксама буду памятаць і іншыя нашыя сустрэчы. Буду памятаць ягоны гумар. Буду памятаць яго ўзважаны і разважлівы падыход да планавання працы. Буду памятаць прынцыповасць па важных пытаннях. Памяць пра Алега Гулака са мной назаўжды.

    Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

    Алег Гулак быў адным са слупоў беларускага праваабарончага руху. Дзякуй, Алег, што пакінулі наступнікаў у гэтай справе.

    Я прыйшоў у грамадскую дзейнасць у пачатку 2000‑х. Выбары. Кампаніі. Назіранне.

    І ўжо тады ў мяне сфармармавалася разуменне «слупоў» праваабарончага руху: Бяляцкі, Паганяйла, Таццяна Процька, Раіса Міхайлоўская. І, канешне ж, Алег Гулак.

    Заўсёды арганізатар усіх праваабарончых кампаній і акцый. Лабіст правоў чалавека на ўсіх узроўнях: ад вулічных акцый да важных дакументаў і пазіцыі ў міжнародных арганізацыях.

    Дзякуючы Алегу беларускія ўлады не маглі нешта ціхенька што-небудзь увесці, прыняць і думаць, што гэта не стане вядома на міжнародных пляцоўках і дакладах міжнародных арганізацый. Дзякуючы міжнароднай працы Алега і іншых юрыстаў вышэйшай кваліфікацыі Беларусь не стала для Еўропы краінай трэцяга свету ў плане правоў чалавека.

    Раптоўная смерць Алега ў мінулым годзе стала ўдарам па праваабарончай супольнасці. Нібы з‑пад яе раптам выбілі адзін са слупоў падмурку. Але я вельмі ўдзячны Алегу не толькі за ягоную працу, але і за тое, што пасля сябе пакінуў наступнікаў у важнай для Беларусі справе.

    ***

    Нагадаем,  Алег Гулак нарадзіўся 1 верасня 1967 году ў пасёлку Жылічы на Магілёўшчыне.  Ён атрымаў дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спэцыяльнасці «правазнаўства».З 1990 па 1996 год працаваў юрысконсультам шэрагу арганізацыяў, з 1996 году – у Беларускім Хельсінскім камітэце. Ён браў удзел у стварэнні пінскай суполкі, з 1997 году юрыст, затым выканаўчы дырэктар, з 2007 году намеснік старшыні, з 2008 году старшыня.

    Прах праваабаронцы Алега Гулака перавезлі ў Беларусь. Ён пахаваны ў вёсцы Жылічы.

    Чытайце яшчэ:

    «Отдыхать от театра можно в любой момент. Только зачем?» Год назад не стало критика Алексея Стрельникова

    Шлях да Беларусі ляжыць праз перамогу ва Украіне? Дыскусія пра тое, як утрымаць наш інфармацыйны парадак у свеце

    Магілёўскі журналіст Сяргей Антонаў мусіў выехаць за мяжу пасля допытаў у КДБ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці