Акаўнт незалежнага выдання Media-Polesye ў Instagram прызнаны “экстрэмісцкім”
Такое рашэнне 4 лістапада 2022 года прыняла суддзя Лунінецкага раёна Кацярына Клеўжыц. Праз некалькі дзён апаведны запіс з’явіўся ў абноўленым Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфарма.
Гэтая самая суддзя ў красавіку 2022 года прызнала “экстрэмісцкай” інфармацыйную прадукцыю, што была размешчаная ў групах Media-Polesye ў сацыяльных сетках “Вконтакте” и “Одноклассники”, але тады справа не тычылася акаўнтаў рэдакцыі ў Facebook, Instagram і Telegram. Тое пасяджэнне адбылося пасля звароту пракурора Аляксандра Кахаўца, які палічыў, што артыкул “Ціханоўская павіншавала беларускі народ з 2021 годам” ды іншыя з’яўляюцца “інфармацыяй экстрэмісцкай і антыдзяржаўнай накіраванасці”. Тое ж даводзіла ў высновах абласная камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў іх экстрэмізму.
Сёлета незалежнаму рэгіянальнаму інтэрнэт-рэсурсу Media-Polesye.by, які асвятляе падзеі ў Лунінецкім, Столінскім і Пінскім раёнах Брэсцкай вобласці, споўнілася 10 гадоў. З верасня 2021 года доступ да сайта ў Беларусі заблакаваны, рэсурс зараз дасяжны толькі праз VPN. У красавіку 2022 года абмежаваны доступ да Media-Polesye.by і ў Расіі — з прычыны публікацый пра расійскае ваеннае ўварванне ва Украіну.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, з ліпеня 2020 года суды Брэсцкай вобласці прызнавалі “экстрэмісцкімі” тыя ці іншыя пратэстныя чаты, каналы, сайты (і іншыя рэсурсы ў Інтэрнэце) больш за 100 разоў.
Чытайце яшчэ:
«Вясна»: силовики задержали фотографа, который снимал клипы для группы Tor Band
Я тебя спрячу. Telegram-бот «Гретель» для активистов
Нібыта “замах” на прапагандыста Азаронка пракваліфікавалі ў “тэракт”. Фігуранту пагражае жорсткі прысуд