• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Агнешка Рамашэўская-Гузы: Гісторыя мінулых гадоў беларускіх медыяў — гэта гісторыя поспеху

    У Бруселі прайшла чацвёртая канферэнцыя Каліноўскага. На форуме абмеркавалі рэпрэсіі ў Беларусі і лёсы палітычных зняволеных, шляхі стрымлівання гвалту рэжыму Лукашэнкі, сітуацыю з незалежнымі медыямі ды дзяржаўнаю прапагандай у Беларусі. 

    Чацвёртая Канферэнцыя Каліноўскага, якую раней ладзілі ў Вільні, 21 чэрвеня ўпершыню праходзіць у Бруселі – сталіцы Бельгіі ды Еўразвязу. На форуме абмяркавалі рэжым Лукашэнкі ў кантэксце вайны ва Украіне, рэпрэсіі ў Беларусі і лёсы палітычных зняволеных, шляхі стрымлівання гвалту рэжыму Лукашэнкі, сітуацыю з незалежнымі медыямі ды дзяржаўнаю прапагандай у Беларусі.

    Сярод выступоўцаў на частцы канферэнцыі пра незалежныя медыі была кіраўніца «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы:

    «Гісторыя мінулых гадоў беларускіх медыяў – гэта гісторыя поспеху. Гэта можа гучаць парадаксальна, але гэта гісторыя поспеху. Чаму? Бо, я думаю, сёлета, калі Аляксандр Лукашэнка пастанавіў не ўводзіць сваёй арміі ва Украіну, прычынаю таго быў стан свядомасці беларускага грамадства. А ўплыў медыяў на гэты стан свядомасці немагчыма пераацаніць».

    Рамашэўская-Гузы заўважыла, як цікаўнасць беларусаў да незалежных медыяў расла з часу недармаедскіх пратэстаў 2017 года. У 2019‑м на перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага было відаць: на фармальна літоўска-польскай імпрэзе на тэрыторыі Літвы галоўнымі ўдзельнікамі былі беларусы. У пачатку 2020-га з кожным месяцам расла чытальнасць незалежных медыяў: было ясна, што свядомасць мяняецца і нешта адбудзецца.

    Цана таго была вялікая, заўважыла Рамашэўская-Гузы: дзясяткі журналістаў трапілі ў няволю (цяпер за кратамі застаюцца 30 журналістаў), у няволі ў тым ліку журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, філосаф і вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч, былая супрацоўніца «Белсату» Ірына Слаўнікава. Яшчэ дзясяткі журналістаў былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. Але гэта было таго варта, перакананая спадарыня Агнешка.

    Тым больш незалежным медыям даводзіцца супрацьстаяць не столькі беларускай, колькі нават расейскай прапагандзе, якая мае больш сродкаў і выглядае больш эфектна для гледача, а таксама ўмее ўкараніць сумневы ў рэчаіснасці: маўляў, можа, не ўсё там чорнае, мо не ўсё так адназначна.

    Чытайце яшчэ:

    Цяпер падтрымаць БАЖ можна і праз Patre­on

    Аўтамабільны сайт av.by перайшоў на беларускую мову на iOS- і Android-платформах

    «Радуецца душа, калі на аўто ў Нью-Ёрку бачу налепку з “Пагоняй”: журналіст з Ганцавічаў пераехаў у ЗША

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці