З’езд абраў новае кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў
20 красавіка 2018 года ў Мінску адбыўся чарговы справаздачна-выбарчы З'езд грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў". З'езд пераабраў кіраўніцтва арганізацыі, а таксама прыняў шэраг важных дакументаў. Старшынёй арганізацыі пераабраны Андрэй Бастунец.
На з’ездзе прысутнічалі 75 дэлегатаў з 80 вылучаных. На самым пачатку сабраныя ўшанавалі памяць сваіх калегаў, якія пайшлі з жыцця за 3 гады, што мінулі з часу правядзення апошняга з’езду: Аляксея Караля, Ганны Вольскай, Змітра Саўкі, Вольгі Караткевіч, Паўла Шарамета, Юрыя Шапрана, Уладзімера Жыгулова, Яўгена Сулыгі.
З’езд заслухаў справаздачы кіраўніцтва БАЖ, кантрольна-рэвізійнай камісіі, камісіі па этыцы, а таксама даў магчымасць выказацца прысутным.
Па выніках працы былі прынятыя некалькі дакументаў. Сярод іх Заява Х з’езду ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». У заяве звяртаецца ўвага на папраўкі ў закнадаўства аб СМІ, якія цяпер разглядае Палата прадстаўнікоў.
Удзельнікі з’езду заклікалі беларускія ўлады:
- правесці абмеркаванне прапанаваных зменаў у заканадаўства ў галіне СМІ з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў медыясектара, бізнесу і грамадства;
- дапрацаваць законапраект пры разглядзе ў другім чытанні з улікам усіх меркаванняў (у тым ліку заўваг і прапаноў ГА «БАЖ», якія перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў);
- прызнаць права фрылансераў збіраць і распаўсюджваць інфармацыю ў айчынных і замежных масмедыя.
Таксама была прынятая Пастанова з’езду.
Шляхам адкрытага галасавання З’езд абраў новыя кіруючыя органы арганізацыі.
Дэлегаты абралі намеснікаў старшыні БАЖ: Аляксандра Старыкевіча і Аліну Суравец, Алега Агеева і Барыса Гарэцкага.
Дэлегаты абралі Праўленне арганізацыі, у якое ўвайшлі старшыня БАЖ і яго намеснікі, а таксама Антон Сурапін, Юрась Карманаў, Марына Загорская, Жанна Літвіна, Зоя Хруцкая, Уладзімер Янукевіч, Ірына Віданава, Юлія Слуцкая.
У Раду арганізацыі ўвайшлі 33 асобы, сярод якіх Ягор Марціновіч, Марыя Савушкіна, Андрусь Клікуноў, Вольга Хвоін, Алена Насковіч, Мікола Бянько, Максім Хлябец, Алена Сцяпанава, Барыс Вырвіч, Вольга Бараноўская, Таццяна Смоткіна, Генадзь Кеснер, Павел Левінаў, Аляксей Мінчонак, Марыя Эйсмант, Валянцін Жданко, Святлана Гарда, Вікторыя Чаплева, Уладзімер Дзюба, Юлія Катаржынская.
У Камісію па этыцы абраныя: Валер Карбалевіч, Дзмітрый Падбярэзскі, Сяргей Ваганаў, Таццяна Равяка, Таццяна Мельнічук, Зміцер Панкавец, Анатоль Гатоўчыц.
Кантрольна-рэвізійная камісія: Ірына Карамышава, Аляксандр Жук, Міхаіл Пастухоў.