• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У 2015 годзе колькасць парушэнняў правоў журналістаў ва Украіне зменшылася ўтрая

    Украінскі Інстытут масавай інфармацыі апублікаваў маніторынг парушэнняў правоў журналістаў за 2015 год. Паводле справаздачы, у 2015 годзе ва Украіне зарэгістравана 310 такіх парушэнняў, што ў тры разы менш у параўнанні з 2014.

    У суме з тэрыторыямі Крыма і Данбаса колькасць парушэнняў склала 371 выпадак. Самае частае парушэнне – перашкода прафесійнай журналісцкай дзейнасці – здарылася 105 разоў і прыпала на перадвыбарны перыяд (верасень-кастрычнік 2015 г.) Негатыўнай тэндэнцыяй стаў рост выпадкаў абмежавання доступу да грамадска значнай інфармацыі – 33 выпадкі супраць 14 ў 2014‑м годзе і 13 – у 2013‑м. Доступ абмяжоўвалі галоўным чынам мясцовыя органы самакіравання.

    Загінулі два журналісты: ваенны карэспандэнт Сяргей Нікалаеў (на Данбасе ад асколка) і блогер Алесь Бузына (застрэлены ў Кіеве). У Крыме было адзначана 44 выпадкі парушэнняў; некаторыя рэдакцыі былі вымушаны зачыніцца; была адклікана ліцэнзія Крымска-татарскага тэлеканала ATR. У Данецкай і Луганскай абласцях было зафіксавана 17 парушэнняў – затрыманні, блакаванні, фізічныя замахі, цэнзура, і інш.

    МФЖ патрабуе вызваліць журналістку, якая год правяла ў палоне ў Луганску

    Міжнародная федэрацыя журналістаў падтрымала заклік сваіх украінскіх сябраў вызваліць журналістку Марыю Варфаламееву, якая знаходзіцца ў палоне ў Луганску з 9 студзеня 2015 года. Варфаламееву арыштавалі, калі яна фатаграфавала дамы ў Луганску, і абвінавацілі ў шпіянажы на карысць “Правага секатару”. МФЖ нагадвае пра Пратакол 1, артыкул 79 Жэнеўскай Канвенцыі, паводле якога журналісты не з’яўляюцца часткай арміі і абараняюцца законам як цывільныя грамадзяне.

    “Рэпарцёры без межаў” заклікаюць да санкцый супраць кітайскага тэлебачання

    “Рэпарцёры без межаў” паўторна заклікаюць ЕС накласці санкцыі на Кітайскае Цэнтральнае ТБ і навінавае агенцтва “Сіньхуа” з нагоды трансляцыі відэа прымусовых “прызнанняў”. 17 студзеня было апублікавана прызнанне тайскага кнігавыдаўца Гуй Мінхая, які знік яшчэ ў кастрычніку. 20 студзеня было паказана відэа са шведскім журналістам Пітэрам Далін, які прызнаў, што заахвочваў масы паўстаць супраць кітайскага ўрада. Журналіст працаваў з НДА, якая займалася юрыдычнай дапамогай грамадзянам.

    “Рэпарцёры” называюць яшчэ некалькі выпадкаў такіх пастановачных прызнанняў на галоўным тэлебачанні, чаму папярэднічала знікненне чалавека на пэўны час. “Свядома распаўсюджваючы хлусню і заявы, атрыманыя пад ціскам, Цэнтральнае ТБ і “Сіньхуа” становяцца зброяй прапаганды і перастаюць быць СМІ”, — кажа прадстаўнік “Рэпарцёраў” па Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне Беньямін Ісмаіл. “Улічваючы павелічэнне іх ролі на міжнародным узроўні – пра што сведчыць рост партнёраў і падпісак міжнародных СМІ на “Сіньхуа” – яны становяцца пагрозай свабоднаму абмену інфармацыяй на карысць грамадства.

    У Афганістане 7 журналістаў ТБ загінулі ў тэракце

    20 студзеня ў Кабуле загінула здымачная група Tolo TV з‑за выбуху, учыненага  тэрарыстам-суіцыднікам. Адказнасць за тэракт ўзяў на сябе Талібан. За некалькі месяцаў да выпадку рэдакцыя канала атрымала пагрозы, дзе іх называлі ваеннымі мішэнямі. Канал вядомы вострымі расследчымі рэпартажамі. Тэракт адбыўся на фоне станоўчага росту СМІ ў Афганістане. Міжнародны інстытут прэсы заклікаў ўлады ўзмацніць бяспеку для работнікаў СМІ.

    Іран вызваліў амерыкана-іранскага журналіста

    Журналісцкія арганізацыі віталі вызваленне ірана-амерыканскага журналіста Джэйсана Рэзаяна, які знаходзіўся ў турме Ірана з ліпеня 2014 года. Журналіст быў кіраўніком мясцовага аддзела “Wash­ing­ton Post”. Рэзаян быў абвінавачаны ў шпіянажы, асуджаны ў закрытым рэжыме ў кастрычніку 2015. Вызваленне адбылося па праграме абмену вязнямі паміж Іранам і ЗША.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці