• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    CPJ: «Беларускія ўлады павінны спыніць пераслед незалежных СМІ як у краіне, так і за яе межамі»

    Камітэт па абароне журналістаў выпусціў заяву з нагоды ўварвання сілавікоў у дамы выціснутых з краіны журналістаў. CPJ заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед журналістаў у выгнанні і забяспечыць свабодную працу СМІ як за мяжой, так і дома.

    Барыс Гарэцкі CPJ сілавікі ўварваліся ў кватэру

    Скрыншот: Другі нацыянальны тэлеканал (АНТ)/YouTube. Фота: БАЖ

    Беларускія ўлады ўзламалі дзверы, а потым апячаталі кватэру журналіста-выгнанца Змітра Казакевіча 16 траўня 2024 года.

    «Узлом і апячатванне майго дома ў Беларусі я расцэньваю як помсту. Гэта запрашэнне, якое я адхіляю», — сказаў Казакевіч CPJ.

    Раней улады праводзілі ператрусы ў кватэры Казакевіча тройчы ў перыяд з 2020 па 2021 гады, у тым ліку ў ліпені 2021 года. Казакевіч, журналіст-фрылансер, які асвятляў пратэсты 2020 года супраць спрэчнага пераабрання Аляксандра Лукашэнкі, быў аштрафаваны і затрыманы ў сувязі са сваёй працай і пакінуў Беларусь у 2021 годзе.

    17 траўня праваахоўнікі правялі ператрус у кватэры намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага па неўстаноўленай крымінальнай справе. Ці канфіскавалі супрацоўнікі нешта ў кватэры, пакуль незразумела, бо Гарэцкі выехаў з Беларусі ў 2021 годзе і ніякіх рэчаў там не меў.

    «Пасля задушэння незалежных СМІ ўнутры краіны беларускія ўлады не спыняцца ні перад чым, каб аказаць ціск на журналістаў у выгнанні, такіх як Зміцер Казакевіч, і на такіх, як Барыс Гарэцкі, які абараняе рэпрэсаваных прадстаўнікоў прэсы», — заявіла ў Нью-Ёрку прадстаўніца праграмы CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід.

    Яна заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед журналістаў у выгнанні:

    «Улады павінны неадкладна зняць любыя абвінавачанні супраць Гарэцкага і Казакевіча і спыніць пераслед незалежных СМІ як у краіне, так і за яе межамі», — падкрэслівае прадстаўніца CPJ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці