• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СМІ Ў БЕЛАРУСІ Ў 2022 ГОДЗЕ

    mm22-blr

    УМОВЫ ДЗЕЙНАСЦІ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРУ

    ЗМЕНЫ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ

    ПАРУШЭННЕ ПРАВОЎ ЖУРНАЛІСТАЎ І СМІ

               

    Крымінальныя справы

    Справа Сяргея Сацука

    Справа Ксеніі Луцкінай

    Справа Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай

    Справа Дзяніса Івашына

    Справа Андрэя Пачобута

    Справа TUT.by

    Справа Валерыі Касцюговай

    Справа Аляксандра Івуліна

    Справа «Нашай Нівы»

    Справа БелаПАН

    Справа Генадзя Мажэйкі

    Справа Ірыны Слаўнікавай

    Справа Андрэя Кузнечыка

    Справа Алега Груздзіловіча

    Справа Змітра Лукшы

    Справа Святланы Гарда

    Справа Ігара Казмерчака

    Справа Аксаны Колб

    Справа Юрыя Ганцарэвіча

    Справа Канстанціна Залатых

    Справа Алеся Любенчука

    Справа Юрыя Гладчука і Юліі Мудрэўскай

    Справа Івана Мураўёва

    Справа Іны Можчанка

    Справа Яўгена Меркіса

    Справа Змітра Семчанкі

    Справа Аляксандра Лычаўкі і Сняжаны Інанец

    Крымінальны пераслед блогераў

    Пераслед распаўсюднікаў нефармальных выданняў

     

    Затрыманні і адміністрацыйны пераслед журналістаў

    Застасоўванне заканадаўства аб процідзеянні экстрэмізму

    Абмежаванне доступу да інфармацыі

    Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

     

    УМОВЫ ДЗЕЙНАСЦІ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРУ

    У 2022 годзе працягвалася рэпрэсіўная палітыка ўладаў у дачыненні да беларускіх незалежных журналістаў і СМІ ў рамках больш шырокай дзейнасці, якая мае характар цэнзуры і барацьбы з іншадумствам. На гэтую палітыку наклала свой адбітак поўнамаштабная ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны (з 24 лютага), падтрыманая ўладамі Беларусі: падаўляўся распаўсюд інфармацыі аб прычынах і ходзе ваенных дзеянняў, адрознай ад афіцыйнага расійскага пункту гледжання, выказванне падтрымкі Украіне, а таксама антываенныя выказванні.

    Рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага незалежнага медыясектара характарызаваліся сістэмнасцю, жорсткасцю і працягласцю. Метады ціску ўключалі:

    • крымінальны пераслед журналістаў, 

    • перашкода іх дзейнасці з боку сілавых ведамстваў, 

    • прымяненне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для абмежавання ўплыву незалежных медыя, 

    • адміністрацыйныя меры па абмежаванні доступу да інфармацыі.

    У апублікаваным да Сусветнага дня свабоды прэсы «Індэксе свабоды прэсы 2022» Беларусь заняла 153‑е месца з 180[1]. Гэта найгоршы вынік сярод дзяржаваў, якія знаходзяцца ў Еўропе (нароўні з Расіяй).

    За год было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах – журналісты і медыяпрацаўнікі атрымалі тэрміны пазбаўлення волі ад 1,3 да 14 гадоў. Журналістку Кацярыну Андрэеву, асуджаную ў 2020 годзе да двух гадоў пазбаўлення волі, незадоўга да заканчэння тэрміну пакарання прызналі вінаватай яшчэ і ў «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і другі раз прысудзілі да пазбаўлення волі – на гэты раз на восем гадоў (з улікам папярэдняга прысуду). Яшчэ 11 новых крымінальных справаў былі ўзбуджаныя, але пакуль не разгледжаныя судом.

    На канец 2022 года 33 журналісты знаходзіліся ў зняволенніПаводле дадзеных міжнароднай няўрадавай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», Беларусь замыкае пяцёрку краінаў свету з найбольшай колькасцю журналістаў за кратамі і знаходзіцца на чацвёртым месцы па колькасці зняволеных-журналістак (9)[2]

    Сілавыя ведамствы працягвалі ціск на незалежных прадстаўнікоў прэсы. У 2022 годзе БАЖ зафіксаваў 43 затрыманні журналістаў і 55 вобшукаў20 разоў журналісты зазнавалі пазбаўленне волі ў выглядзе адміністрацыйных арыштаў. Чатыры разы журналістаў прысуджалі да штрафу. Акрамя таго, прадстаўнікі сілавых ведамстваў выклікалі журналістаў для апытання, наведвалі сваякоў і абшуквалі дамы журналістаў, у тым ліку і тых, хто з’ехаў з Беларусі[3].

    Антыэкстрэмісцкае заканадаўства, як і раней, з’яўлялася зброяй барацьбы з незалежнай прэсай – перш за ўсё як падстава для абмежавання доступу да кантэнту незалежных СМІ і прыцягнення да адказнасці за любы ўдзел у іх дзейнасці. 

    Так, першая крымінальная справа па новым «экстрэмісцкім» артыкуле Крымінальнага кодэкса 130–2 (адмаўленне генацыду беларускага народа) была ўзбуджаная ў сувязі з публікацыямі ў незалежных СМІ – «Флагшток» і «Зеркало». Ваеннаму эксперту Ягору Лебядку было прад’яўленае абвінавачанне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па артыкуле 361–4 Крымінальнага кодэкса за каментарыі, якія ён даў «Еўрарадыё» (прызнанаму «экстрэмісцкім фарміраваннем» ужо пасля інтэрв’ю). 

    Больш за 5000 «экстрэмісцкіх злачынстваў» зафіксавала Генеральная пракуратура па выніках адзінаццаці месяцаў 2022 года[4]. Пры гэтым 76% ад дадзенай колькасці склалі выказванні ў інтэрнэце, як правіла, у кантэксце падзеяў 2020 года, якія вызначаліся ўладамі як паклёп на дзяржаву і вышэйшае кіраўніцтва, абразы прадстаўнікоў улады, наўмыснае распальванне варожасці, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь. 

    14 чэрвеня Вярхоўны суд прызнаў таварыства з абмежаванай адказнасцю «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» (раней найбуйнейшы анлайн-рэсурс Беларусі, супрацоўнікі якога знаходзяцца пад следствам) «экстрэмісцкай арганізацыяй»[5].

    Працягвалася ўключэнне сайтаў і старонак у сацсетках, якія належаць незалежным выданням, у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, а іх супрацоўнікаў, якія знаходзяцца пад следствам і асуджаныя па пэўных крымінальных артыкулах, – у пералікі «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». На працягу года 9 незалежных медыя былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

    Усяго на працягу 2022 года публікацыі каля 1500 інтэрнэт-рэсурсаў (галоўным чынам Telegram-каналаў і інтэрнэт-супольнасцяў) былі прызнаныя судамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а больш за сотню сталі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» па рашэнні КДБ ці МУС[6]. Гэта мела вынікам, як і раней, масавае прыцягненне карыстальнікаў інтэрнэту да адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкага» медыякантэнту. 

    Міністэрства інфармацыі працягвала рэпрэсіўную дзейнасць па абмежаванні доступу да «непажаданай» інфармацыі, забараняючы дзейнасць незалежных СМІ і выконваючы функцыі цэнзара.

    Паводле афіцыйных дадзеных, за студзень–лістапад 2022 года дзяржавай быў абмежаваны доступ, поўнасцю ці часткова, да 3002 інтэрнэт-рэсурсаў (галоўным чынам Telegram-каналаў і чатаў)[7]. Пры гэтым за сем папярэдніх гадоў такія абмежаванні зазналі крыху болей за 5000 рэсурсаў. Сярод СМІ, сайты якіх былі заблакаваныя, аказаліся «‎Вячэрні Бабруйск»[8], «‎Бабруйскі кур’ер»[9], «Народная Воля», Польскае радыё, CityDog.io[10], s13.ru і іншыя. Сацыяльная сетка «УКантакце» заблакавала шэраг старонак і груп беларускіх незалежных СМІ – «Хартыі-97» і «Флагштока» паводле скаргі Міністэрства інфармацыі Беларусі, «Зеркала» і беларускай «Медыязоны» паводле патрабавання Генеральнай пракуратуры Расіі. 

    Як вынік такой палітыкі, Беларусь пагоршыла свае пазіцыі ў сусветным рэйтынгу ўзроўню свабоды інтэрнэту, складзеным праваабарончай арганізацыяй Free­dom House, у параўнанні з далёка не простым 2021 годам, на тры пункты: працягваючы заставацца краінай з несвабодным інтэрнэтам, яна атрымала ўсяго 28 балаў з 100[11]

    Новай з’явай 2022 года стала блакіроўка доступу карыстальнікаў з Расіі да беларускіх незалежных медыя ў сувязі з тым, што ў іх асвятляўся вайсковы канфлікт ва Украіне. Па рашэнні Федэральнай службы ў галіне сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый (Раскамнагляд) ці Генеральнай пракуратуры Расійскай Федэрацыі былі заблакаваныя інфармацыйныя сайты Zerkalo.io, «Наша Ніва», «Еўрарадыё», «Медыя-Палессе», «Салiдарнасць» і іншыя. 

    Практычна ўсе буйныя незалежныя інфармацыйныя рэсурсы працягнулі функцыянаваць з‑за мяжы, пры гэтым некаторыя рэдакцыі перажылі паўторную рэлакацыю пасля пачатку вайны ва Украіне.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама ажыццяўляла сваю дзейнасць, знаходзячыся ў выгнанні. 

    3 мая ў Мантэвідэа адбылася цырымонія ўзнагароджання БАЖ Сусветнай прэміяй ЮНЭСКА/Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы. 

    «Сваім рашэннем узнагародзіць БАЖ мы выказваем сваю салідарнасць з журналістамі па ўсім свеце, якія крытыкуюць аўтарытарных палітыкаў і рэжымы, пярэчаць ім і праліваюць святло на іх дзеянні, распаўсюджваючы праўдзівую інфармацыю і абараняючы свабоду слова, – адзначыў кіраўнік Міжнароднага журы прэміі Альфрэд Лэла. – Мы сёння вітаем [такіх журналістаў] і ўсхваляем іх. Такім чынам мы кажам ім: мы з вамі і мы цэнім вашу мужнасць»[12]

     

    ЗМЕНЫ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ

    27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У выніку ў артыкул 4 быў уведзены панятак “ідэалогія беларускай дзяржавы” (вызначэння якому не існуе). Ідэалогія беларускай дзяржавы цяпер адзіная ідэалогія, на якую не распаўсюджваецца канстытуцыйная забарона вызначэння яе ў якасці абавязковай для грамадзянаў. Цяпер артыкул 4 гучыць наступным чынам:

    “Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на падставе ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама разнастайнасці палітычных інстытутаў і меркаванняў.

    Ідэалогія палітычных партыяў, рэлігійных ці іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных групаў не можа ўсталёўвацца ў якасці абавязковай для грамадзянаў”.

    Артыкул 54 быў дапоўнены часткай 2: “Захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца доўгам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”, якая па-сутнасці абмяжоўвае свабоду меркавання, у прыватнасці адносна гістарычных падзеяў, і павінна разглядацца ў кантэксце прымянення законаў “Аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму” (ад 14 траўня 2021 года” і “Пра генацыд беларускага народа”.

    Закон ад 5 студзеня 2022 года “Аб генацыдзе беларускага народа” заканадаўча замацаваў паняцце “генацыд беларускага народа” – гэта “здзейсненыя нацысцкімі злачынцамі і іх прыспешнікамі, нацыялістычнымі фарміраваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынствы, накіраваныя на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа шляхам забойства і іншых дзеянняў, якія прызнаюцца генацыдам у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і нормамі міжнароднага права”. Пры гэтым, пад “пасляваенным перыядам” маецца на ўвазе час да 31 снежня 1951 года, а пад “беларускім народам” закон разумее савецкіх грамадзянаў, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у вызначаны перыяд. Тым самым ігнаруюцца палажэнні Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго 1948 года, на якую ўтрымліваецца спасылка ў прэамбуле Закона – згодна з артыкулам 2 Канвенцыі генацыд можа быць накіраваны толькі на “нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу як такую”. Дадзеным законам таксама ўключаецца ў Крымінальны кодэкс новы артыкул 130–2 “Адмаўленне генацыду беларускага народа”, згодна з якім публічнае адмаўленне заканадаўча замацаванай трактоўкі гістарычных падзеяў 1941 – 1945 гадоў з’яўляецца злачынствам і караецца на тэрмін да 10 год пазбаўлення волі. Гэта новаўвядзенне таксама з’яўляецца парушэннем міжнародных стандартаў свабоды выказвання меркавання.

    31 сакавіка быў падпісаны прэзідэнцкі ўказ №марта был подписан президентский указ №131 “Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі”. Мэтай яго прыняцця было заяўлена забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага стану нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі і вытворчасці ў неабходным аб’ёме якаснага беларускага кантэнту, а прычынай называлася ўвядзенне санкцыяў супраць Беларусі ва ўмовах геапалітычнага канфлікту. Указам ўсталёўваецца збор за размяшчэнне рэкламы ў памеры 10% падчас размяшчэння вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце, а ў іншых выпадках – 20% ад кошту паслуг па пашырэнні рэкламы. Збор павінен выплочвацца рэкламадаўцамі і накіроўвацца на субсідыяванне дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Акрамя таго, была змененая стаўка падатку на даданую вартасць падчас аказання паслугаў па перадачы дадзеных з 25% да 26%.

    Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 2022 года №269 “Аб захадах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2022 г. № 131” вызначае, як будзе выдаткоўвацца дадатковы адсотак падатка, уведзенага ўказам №131. Для гэтага Міністэрствам інфармацыі ствараецца Камісія па вызначэнні атрымальнікаў субсідыяў на фінансаванне вытворчасці (кампенсацыя выдаткаў на вытворчасць) беларускага (нацыянальнага) кантэнту і памераў гэтых субсідыяў, якая павінна працаваць “на грамадскіх пачатках”. Гэты орган павінен сфарміраваць “адзіныя падыходы да вызначэння атрымальнікаў субсідыяў і іх памераў” і штоквартальна разглядаць хадайніцтва рэдакцыяў СМІ.

    22 сакавіка быў падпісаны прэзідэнцкі Указ №116 “Пра навінавыя агрэгатары ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт”, скіраваны на прадухіленне магчымасці распаўсюду матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны. Гэтым дакументам уводзіцца новы панятак – “навінавы агрэгарат”. Гэта інтэрнэт-рэсурс, які належыць юрыдычнай асобе або індывідуальнаму прадпрымальніку, на якім размяшчаецца не менш як 50 навінавых матэрыялаў у суткі на працягу пяці сутак запар, а колькасць запазычаных з розных крыніцаў навінавых матэрыялаў перавышае 50 адсоткаў ад агульнай колькасці матэрыялаў у суткі. Выключэннямі з’яўляюцца дзяржаўныя Смі і інтэрнэт-крамы. Навінавыя сайты абавязваюцца, пад пагрозай блакіроўкі рашэннем Міністэрства інфармацыі, не дапускаць распаўсюду матэрыялаў “заблакаваных” рэсурсаў і гіперспасылак на іх, а таксама надаваць Мінінфарму “звесткі, неабходныя яму дзеля аналізу інфармацыі” на працягу пяці працоўных дзён.

    19 верасня была выдадзена пастанова Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце (ААЦ), Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі №5/14/15, якая змяніла парадак абмежавання (аднаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсаў. Калі раней інтэрнэт-правайдэры правяралі спіс абмежаванага доступу адзін раз на дзень, то цяпер яны павінны гэта рабіць кожныя тры гадзіны на працягу дня і абмяжоўваць доступ да таго ці іншага “забароненага” інтэрнэт-рэсурсу на працягу чатырох гадзінаў з моманту ўнясення ў спіс.

    18 кастрычніка быў падпісаны прэзідэнцкі ўказ № 368 «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнет-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць», якім прадугледжана стварэнне спецыяльнай інфармацыйнай сістэмы электроннага ўзаемадзеяння са спецслужбамі. У якасці тых, хто можа сачыць за карыстальнікамі, вызначаны ААЦ і КДБ. Калі раней сачэнне ў рэжыме рэальнага часу вялося толькі за карыстальнікамі аператараў электрасувязі, то зараз яно стане абавязковым для пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Тыя з іх, якіх вызначаць ААЦ і КДБ, будуць абавязаны ў трохмесячны тэрмін зарэгістравацца ў сістэме і настроіць свае рэсурсы для бесперашкоднага доступу сілавікоў у рэжыме анлайн. Невыкананне гэтых патрабаванняў прывядзе да блакавання доступу да сайтаў-«парушальнікаў».

     

    ПАРУШЭННІ ПРАВОЎ ЖУРНАЛІСТАЎ І СМІ

    Крымінальныя справы

    За год было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах – журналісты і медыяработнікі атрымалі тэрміны пазбаўлення волі ад 1,3 да 14 гадоў. На працягу года былі ўзбуджаны 11 новых крымінальных спраў. На канец снежня 2022 года 33 журналісты знаходзіліся ў зняволенні. . Паводле дадзеных  міжнароднай няўрадавай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Беларусь замыкала пяцёрку краін свету з найбольшай колькасцю журналістаў за кратамі і знаходзілася на чацвёртым месцы па колькасці зняволеных-журналістак (9).

    Справа Сяргея Сацука

    25 сакавіка 2020 года быў затрыманы вядомы журналіст-расследавальнік і рэдактар інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук. Адным з яго гучных расследаванняў стала серыя публікацый у інтэрнет-выданні «Ежедневник» аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Пазней шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя быў абвінавачаны ў карупцыі. 23 сакавіка 2020 года на сайце «Ежедневник» (ej.by) была апублікаваная калонка Сяргея Сацука «Хто сее паніку вакол каранавіруса, прэзідэнт ці сайты і каналы?». У гэтым матэрыяле аўтар ставіў пад сумнеў афіцыйную статыстыку па захворванні каранавірусам у Беларусі. Праз два дні пасля гэтага, 25 сакавіка, ён быў затрыманы і змешчаны пад варту. Нагодай для крымінальнага пераследу па артыкуле 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару) стала нібыта атрыманне Сяргеем Сацуком грошай за падрыхтоўку і публікацыю артыкула аб карупцыі. Затрыманне Сацука і ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы выклікалі рэзкую крытыку з боку беларускай і міжнароднай грамадскасці. На дзясяты дзень пасля затрымання Генеральны пракурор адмяніў рашэнне аб яго змяшчэнні пад варту. Журналіста вызвалілі, аднак крымінальная справа ў дачыненні да яго не была спынена.

    8 снежня 2021 года Сяргей Сацук быў затрыманы паўторна. У гэты ж дзень у яго адбыўся ператрус і прайшоў допыт у Следчым камітэце. Сайт ej.by тады ж быў заблакаваны. Пасля допыту па старой справе аб хабары журналіста ўзялі пад варту. Пазней яму прад’явілі яшчэ два абвінавачанні — у распальванні расавага, нацыянальнага, рэлігійнага або іншага сацыяльнага разладу або варажнечы і ў перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў. Мінскі гарадскі суд абвясціў прысуд Сяргею Сацуку 26 кастрычніка 2022 года. Ён быў прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд прызанаў яго вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры (частка 2 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса), перавышэнні службовых паўнамоцтваў (артыкул 426), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці (артыкул 130).

     

    Справа Ксеніі Луцкінай

    Былая супрацоўніца дзяржаўнай «Белтэлерадыёкампаніі», лаўрэатка дзяржаўных прэмій за дасягненні ў прафесіі Ксенія Луцкіна была арыштаваная разам з супрацоўнікамі беларускага Прэс-клуба 22 снежня 2020 года прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. 31 снежня ім было прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства паводле артыкула 243 (частка 2) Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Пасля таго, як у жніўні 2021 года справу «Прэс-клуба» спынілі і выпусцілі ўсіх яго фігурантаў, якія напісалі прашэнне аб памілаванні, у дачыненні да Луцкінай, якая была пакінута пад вартай, нягледзячы на тое, што пакутуе ад пухліны галаўнога мозгу, была ўзбуджаная новая крымінальная справа. Ёй было выстаўлена новае абвінавачанне — змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (артыкул 357 Крымінальнага кодэкса), матываваная тым, што яна, нібыта, «узначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ» у Каардынацыйнай радзе беларускай апазіцыі, а таксама спрабавала стварыць грамадскае беларускае інтэрактыўнае тэлебачанне. для «утойвання і скажэння рэальных фактаў, эскалацыі пратэстнай актыўнасці, стымулявання расколу ў беларускім грамадстве, фарміравання ў людзей негатыўнага меркавання аб дзейнасці дзяржорганаў». 28 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў Ксенію Луцкіну да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

     

    Справа Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай

    18 лютага 2021 года журналісткі тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі прысуджаныя да двух гадоў пазбаўлення волі кожная па абвінавачанні ў арганізацыі дзеянняў, якія, нібыта, груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 (частка 1) Крымінальнага кодэкса) за тое, што 15 лістапада 2020 года журналісткі вялі наўпростую трансляцыю гвалтоўнага разгону мірных дэманстрантаў, якія прыйшлі аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку на месцы яго гібелі ў двары жылога дома. 7 красавіка 2022 года стала вядома, што за пяць месяцаў да выхаду з калоніі Кацярыны Андрэевай ёй было прад’яўлена новае абвінавачанне — у «здрадзе дзяржаве» (частка 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса). Яе справа ў закрытым рэжыме была разгледжана Гомельскім абласным судом, і 13 ліпеня 2022 года быў вынесены другі прысуд у выглядзе 8 гадоў і 3 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Дар’я Чульцова выйшла на волю 3 верасня 2022 г., адбыўшы ўвесь тэрмін пакарання.

     

    Справа Дзяніса Івашына

    Журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын быў арыштаваны 12 сакавіка 2021 года ў Гродне і стаў абвінавачаным па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса (умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў), які прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі. Івашын працаваў у газеце «Новы час». Ён таксама быў аўтарам і рэдактарам беларускай службы сайта Inform­Na­palm. Апошні артыкул, які ён апублікаваў у «Новым часе», быў прысвечаны былым супрацоўнікам украінскага спецпадраздзялення «Беркут», як мяркуецца, датычных да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да мірных дэманстрантаў у 2014 годзе ў Кіеве, якія пазней уладкаваліся на працу ў беларускую міліцыю (артыкул быў напісаны з выкарыстаннем дадзеных з адкрытых крыніц).

    2 верасня 2021 года яму было прад’яўлена яшчэ адно абвінавачанне. 14 верасня 2022 года Івашына асудзілі падчас закрытага працэсу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: артыкул 365 (умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў) і артыкул 356 (частка 1) (дзяржаўная здрада). Камітэт дзяржаўнай бяспекі абвінаваціў журналіста ў супрацоўніцтве з украінскай разведкай — украінскімі дыпламатамі. Ён быў прысуджаны да 13 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі і аштрафаваны на 4800 рублёў. Таксама журналіст павінен выплаціць кампенсацыю дзевяці пацярпелым у памеры 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя пацярпелыя, грамадскасці невядома. Агулам журналіст мае заплаціць больш за 9000 даляраў.

     

    Справа Андрэя Пачобута

    Журналіст польскага паходжання Андрэй Пачобут з Гародні, супрацоўнік польскага выдання “Gaze­ta Wybor­cza”, а таксама газеты “Nad Niem­nem”, быў арыштаваны разам з яшчэ некалькімі сябрамі Саюза палякаў Беларусі 25 сакавіка 2021 года. Ён быў змешчаны пад варту і абвінавачаны паводле артыкула 130 (частка 3) Крымінальнага кодэкса (распальванне расавага, нацыянальнага, рэлігійнага або іншага сацыяльнага разладу або варожасці). Яму пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Паводле афіцыйнай версіі, з 2018 года чальцы Саюза палякаў правялі серыю незаконных мерапрыемстваў з удзелам непаўнагадовых у Гародні і іншых гарадах вобласці “па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці”. Гэтыя дзеянні ўладаў адбываліся на фоне распаўсюджання дзяржаўнымі СМІ антыпольскай прапаганды, у якой Польшча апісвалася як агрэсар, які нібыта мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Рэспублікі Беларусь.

    У жніўні 2022 года Анджэю Пачобуту прад’явілі новае абвінавачанне — яму дадаткова інкрымінавалі «заклікі да абмежавальных захадаў (санкцыяў), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (артыкул 361 Крымінальнага кодэкса).

    8 лютага 2023 г. Гродзенскі абласны суд прыгаварыў А. Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

     

    Справа TUT.by

    18 траўня 2021 года беларускія ўлады распачалі беспрэцэдэнтную атаку на tut.by, найбольш уплывовы незалежны інфармацыйны рэсурс Беларусі. (Раней, 19 студзеня, ТАА «ТУТ БАЙ Медыя» было пазбаўлена статусу сродку масавай інфармацыі паводле рашэння суда). Дэпартамент фінансавых расследаванняў узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да яго супрацоўнікаў паводле артыкула 243 (частка 2) Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). У гэты дзень прайшлі ператрусы ў офісах tut.by у Мінску, Брэсце, Віцебску, Магілёве і Гародні, а таксама ў офісах звязаных кампаніяў hoster.by, av.by і rabota.by у Мінску, дамах шэрагу супрацоўнікаў. У той самы дзень Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заблакавала сайт tut.by для доступу як з Беларусі, так і з‑за мяжы.

    Рашэнне было прынятае на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры, якая выявіла «шматлікія факты парушэння Закона аб СМІ». У прыватнасці, мелася на ўвазе публікацыя матэрыялаў, якія зыходзяць ад фонду BYSOL, ініцыятывы па зборы сродкаў у падтрымку ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі. (Заканадаўства забараняе СМІ распаўсюджваць матэрыялы ад імя незарэгістраваных арганізацый.)

    Была ўзбуджаная крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (артыкул 243 Крымінальнага кодэкса). Было заяўлена, што, нібыта, з’яўляючыся рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій, кампанія «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» каля года атрымлівала выручку, не маючы на гэта правы. У рамках гэтай справы 13 супрацоўнікаў TUT.by і звязаных кампаніяў былі змешчаныя пад варту ці хатні арышт:

    1. галоўная рэдактарка Марына Золатава;

    2. генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна;

    3. галоўная бухгалтарка Анжэла Асад (выйшла на волю 11 сакавіка 2022 года, але засталася абвінавачанай);

    4. намесніца дырэктара Ірына Рыбалка (выйшла на волю 11 сакавіка 2022 года, але засталася абвінавачанай);

    5. галоўны інжынер Ала Лапатка;

    6. рэдактар Вольга Лойка;

    7. журналістка Алена Талкачова;

    8. намесніца галоўнага бухгалтара Марыя Новік заместитель главного бухгалтера Мария Новик (выйшла на волю 11 сакавіка 2022 года, але засталася абвінавачанай);

    9. намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка;

    10. менэджар Андрэй Аўдзееў;

    11. дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў (выйшаў на волю 1 верасня 2021 года);

    12. генеральны дырэктар Rock­et­Da­ta Дар’я Данілава;

    юрыстка Кацярына Ткачэнка (хатні арышт);

    1. былая юрыстка Ірына Касцючэнка (хатні арышт).

    Праз пэўны час кампанія выплаціла разлічаную следствам шкоду — больш за 1 мільён 120 тысяч еўра. Дзевяць фігурантаў справы заявілі хадайніцтвы аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці, і іх справы не дайшлі да суда.

    У кастрычніку 2021 года Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што ўзбуджана новая крымінальная справа супраць супрацоўнікаў выдання TUT.by – за распальванне варожасці (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса).

    У пецярых супрацоўнікаў з’явіліся абвінавачанні па іншых артыкулах. У студзені 2022 года выйшлі з СІЗА ў сувязі са змяненнем меры стрымання рэдактарка Вольга Лойка і журналістка Алена Талкачова. Яны таемна пакінулі краіну і былі абвешчаныя ў вышук таксама, як і юрыстка Кацярына Ткачэнка.

    25 красавіка 2022 года быў вынесены прысуд Дар’і Данілавай — 1 год і 4 месяцы пазбаўлення волі - паводле частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яе вызвалілі ў зале суда, бо яна адбыла ўвесь тэрмін, знаходзячыся пад следствам.

    9 студзеня 2023 года перад судом паўсталі галоўная рэдактарка Марына Золатава і генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Абедзве яны абвінавачваліся паводле часткі 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавага, нацыянальнага, рэлігійнага або іншага сацыяльнага разладу або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненае групай асоб або якое прывяло да цяжкіх наступстваў) і часткі 3 артыкула 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт). Людміле Чэкінай таксама прад’явілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Судовы працэс адбываўся ў закрытым рэжыме. 17 сакавіка 2023 года суддзя Валянціна Зянкевіч прысудзіла абедзвюм былым супрацоўніцам TUT.by па 12 гадоў пазбаўлення волі. Людміла Чэкіна таксама абавязаная выплаціць штраф у памеры 37 000 рублёў.

     

    Справа Валерыі Касцюговай

    30 чэрвеня 2021 Валерыя Касцюгова — палітолаг, аналітык, заснавальнік і рэдактар сайта экспертнай супольнасці «Наша думка», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка», кіраўнік групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе» — была затрымана пасля ператрусу ў яе доме, праведзенага супрацоўнікамі КДБ. Яе арышту папярэднічала выступленне ў эфіры “Еўрарадыё”, дзе яна адказвала на пытанні, ці можна дабіцца вызвалення палітвязняў санкцыямі і ці справакуе раскол з Захадам хуткае паглыбленне інтэграцыі Беларусі з Расіяй. З гэтага часу яна знаходзілася пад вартай. Касцюговай былі прад’яўлены абвінавачанні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 357 (спрыянне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), частцы 3 артыкула 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і частцы 3 артыкула 130 (распальванне іншага сацыяльнага разладу і варожасці). 17 сакавіка 2023 г. яе прыгаварылі (разам з даследчыцай Таццянай Кузінай) да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

     

    Справа Аляксандра Івуліна

    3 чэрвеня 2021 года быў арыштаваны Аляксандр Івулін, спартыўны журналіст, супрацоўнік Tribuna.com і аўтар Youtube-каналу «ЧестнОК». Ён быў абвінавачаны паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і 19 студзеня 2022 года быў прысуджаны суддзём Сяргеем Шацілам да двух год пазбаўлення волі.

     

    Справа «Нашай Нівы»

    8 ліпеня 2021 года паводле рашэння Міністэрства інфармацыі быў цалкам заблакаваны доступ да сайта анлайн-тыднёвіка «Наша Ніва» (nn.by) на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры “за размяшчэнне інфармацыі, распаўсюд якой забаронены часткай 1 артыкула 38 Закона аб СМІ”. У офісных памяшканнях і дамах чатырох яго супрацоўнікаў прайшлі ператрусы. Двое з іх, Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко, былі абвінавачаныя ў прычыненні маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу (артыкул 216 Крымінальнага кодэкса) і змешчаныя пад варту — яны нібыта аплачвалі камунальныя паслугі для рэдакцыйнага офіса па стаўцы для жытла.

    15 сакавіка 2022 года абодва яны былі прысуджаныя да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў судзе Заводскага раёна Мінска (суддзя Анжэла Касцюкевіч).

     

    Справа БелаПАН

    18 жніўня 2021 года ў офісе незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і дамах яго супрацоўнікаў у Мінску прайшлі ператрусы ў рамках расследавання крымінальнай справы паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сайты БелаПАН (belapan.by і belapan.com) былі цалкам заблакаваныя. Шэсць супрацоўнікаў былі дапытаныя ва Упраўленні Следчага камітэта. Увечары таго ж дня Следчы камітэт апублікаваў заяву аб тым, што была ініцыяваная падатковая праверка дзейнасці БелаПАН і ўжо выяўлены парушэнні падатковага заканадаўства. Дырэктарка БелаПАН Ірына Леўшына і былы дырэктар інфармацыйнай агенцыі Дзмітрый Наважылаў, якія сталі абвінавачанымі ў справе, паводле часткі 2 артыкула 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэкса, былі змешчаны пад варту. 18 лістапада 2021 г. стала вядома, што абаіх журналістаў таксама абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса). Гэтаму папярэднічала прызнанне ў якасці экстрэмісцкага фарміравання «групы грамадзян Беларусі з ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН».

    Былы супрацоўнік БелаПАН, медыя-мэнэджар і заснавальнік інтэрнет-выдання journalby.com Андрэй Аляксандраў знаходзіўся пад вартай з 12 студзеня 2021 года (як і яго дзяўчына Ірына Злобіна, з якой яны аформілі шлюб ужо за кратамі). Першапачаткова ім абаім было прад’яўлена абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка мерапрыемстваў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за «фінансаванне асоб, якія маюць дачыненне да масавых беспарадкаў і іншых пратэстаў». 31 жніўня 2021 года, пасля арышту былых калег Аляксандрава па БелаПАН, яго дадаткова прызналі падазраваным ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Аляксандраў і Злобіна таксама сталі фігурантамі “справы БелаПАН”, якая разглядалася судом цягам чатырох месяцаў у закрытым рэжыме. 6 кастрычніка 2022 года суд прызначыў медыяменеджэру Андрэю Аляксандраву 14 гадоў калоніі, яго жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў, былому дырэктару агенцтва БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў, галоўнаму рэдактару і дырэктару БелаПАН Ірыне Леўшынай — 4 гады:

    • Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ў падрыхтоўцы «не менш за 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (так следства трактавала аплату імі штрафаў, рахункаў за паслугі адваката і да т.п. для людзей, якія ўдзельнічалі ў поствыбарных пратэстах); іх жа абвінавацілі паводле часткі 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) за садзейнічанне фонду ByHelp у дзейнасці, «накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»;

    • Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава і Ірыну Леўшыну абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання з ліку работнікаў БелаПАН і іншых асоб, а таксама ў кіраўніцтве такім фарміраваннем паводле часткі 1 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса;

    • Андрэя Аляксандрава і Дзмітрыя Наважылава абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў БелаПАН паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса. (У Следчым камітэце заявілі, што супрацоўнікі БелаПАН нібыта ўхіліліся ад выплаты падаткаў на 449 тысяч рублёў за шэсць гадоў і атрымалі схаванае фінансаванне ад замежных арганізацый на суму у 1,6 млн даляраў з 2014 года).

     

    Справа Генадзя Мажэйкі

    Генадзь Мажэйка, журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі», быў затрыманы ў Маскве супрацоўнікамі спецслужбаў і высланы ў Мінск 1 кастрычніка 2021 года. Прычынай затрымання стала яго нататка на сайце kp.by, апублікаваная ўвечары 28 верасня. У ёй былы аднакласнік станоўча ахарактарызаваў праграміста Андрэя Зельцэра, удзельніка трагічнага інцыдэнту, у якім загінуў афіцэр КДБ і ён сам. Хоць праз некалькі хвілін рэдакцыя выдаліла гэты тэкст, на наступны дзень сайт kp.by быў заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі — у сувязі з публікацыяй інфармацыі, якая «спрыяе фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы». Генадзю Мажэйку, змешчанаму пад варту, было прад’яўлена абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — 130 (распальванне расавага, нацыянальнага, рэлігійнага або іншага сацыяльнага разладу або варожасці) і 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

    У сувязі з гэтымі падзеямі расійскі офіс «Камсамольскай праўды» вырашыў закрыць сваё прадстаўніцтва ЗАТ «БелКП-ПРЭС», якое выдавала газету «Камсамольская праўда ў Беларусі» з 1994 года. 23 сакавіка 2023 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў Генадзя Мажэйку да трох гадоў пазбаўлення волі.

     

    Справа Ірыны Слаўнікавай

    Ірына Слаўнікава (былая супрацоўніца тэлеканала «Белсат») 30 кастрычніка 2021 года была затрымана ў мінскім аэрапорце, калі разам з мужам вярталася з адпачынку. Пасля З0 сутак адміністрацыйнага арышту яна не выйшла на волю і была абвінавачаная паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. 3 жніўня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе Слаўнікаву прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі паводле двух крымінальных артыкулаў: артыкул 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або кіраўніцтва такім фарміраваннем або структурным падраздзяленнем у яго складзе). На рашэнне суда не паўплывала тое, што яна супрацоўнічала з тэлеканалам “Белсат” да таго, як Міністэрства ўнутраных справаў прызнала яго “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

     

    Справа Андрэя Кузнечыка

    Журналіст-фрылансер «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык быў затрыманы 25 лістапада 2021 года. Пасьля ягонага затрыманьня сілавікі ненадоўга здолелі атрымаць кантроль над Telegram-каналам «Радыё Свабода». На наступны дзень Кузнечыка асудзілі да адміністрацыйнага арышту, пасля яшчэ два разы — у агульнай складанасці на 30 сутак, — але на волю ён так і не выйшаў. 23 снежня сваякам Кузнечыка паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу. Пакуль журналіст знаходзіўся пад адміністрацыйным арыштам, 3 снежня, суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі каналы «Радыё Свабода» ў Telegram і YouTube, а таксама старонкі ў сацсетках. 8 чэрвеня 2022 года журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык быў прысуджаны паводле часткі 1 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, таму канкрэтныя абставіны справы невядомыя.

     

    Справа Алега Груздзіловіча

    23 снежня 2021 года быў затрыманы журналіст “Радыё Свабода” Алег Груздзіловіч. Летам 2020 года ён актыўна асвятляў грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі, вёў папулярныя стрымы “Радыё Свабода” з акцыяў пратэсту, хаця ў жніўні 2020 года быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС разам з большасцю журналістаў замежных СМІ. Першы раз Груздзіловіч быў затрыманы 16 ліпеня, падчас масавых ператрусаў у незалежных журналістаў у Беларусі, і дзесяць дзён ён правёў пад вартай. Пасля вызвалення журналіст застаўся падазраваным і знаходзіўся пад падпіскай аб яўцы. 23 снежня людзі ў масках забралі Груздзіловіча з дома ў Мінску, выламаўшы дзверы, пасля чаго сталася вядома, што яму змянілі меру стрымання.  Журналіст стаў абвінавачаным па крымінальнай справе, узбуджанай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Яму ставіўся ў віну ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў той час, калі яго як журналіста ўжо пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. 3 сакавіка 2022 года суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў яго да 1,5 года пазбаўлення волі. Пасля 9 месяцаў за кратамі Алег Груздзіловіч быў вызвалены на падставе прашэння аб памілаванні. Ён адразу ж пакінуў Беларусь.

     

    Справа Змітра Лукшы

    11 сакавіка 2022 года пазаштатны карэспандэнт казахстанскага тэлеканала «Хабар 24» Дзмітрый Лукша (былы супрацоўнік Белтэлерадыёкампаніі) быў затрыманы і змешчаны пад варту. Супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 342 (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Вядома, што нагодай для гэтага стаў яго апошні сюжэт, паказаны казахстанскім каналам. Паводле версіі абвінавачання, Лукша з мэтай дыскрэдытацыі краіны з дапамогай аператара і пры ўдзеле сваёй жонкі падрыхтаваў шэраг відэасюжэтаў, якія змяшчаюць загадзя недакладную інфармацыю. 2 снежня 2022 года быў вынесены прысуд: суддзя Наталля Бугук прызначыла журналісту чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 16 000 рублёў.

     

    Справа Святланы Гарда

    14 сакавіка 2022 года была апублікавана інфармацыя аб узбуджэнні пракуратурай Лунінецкага раёна крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка сеткавага выдання «Медыя-Палессе» Святланы Гарда (на той момант яна знаходзілася па-за межамі Беларусі) па факце злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі паводле артыкула 424 Крымінальнага кодэкса (у сувязі з нязробленымі падатковымі выплатамі і абавязковымі адлічэннямі).

     

    Справа Ігара Казмерчака

    1 красавіка 2022 года была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да заснавальніка рэгіянальнага навінавага сайта Orsha.eu Ігара Казмерчака, які на той момант пакінуў Беларусь. Абвінавачанні былі выстаўленыя паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (за абразу прэзідэнта). У снежні стала вядома, што Казмерчак быў аб’яўлены ў міждзяржаўны вышук — у рамках СНД.

     

    Справа Аксаны Колб

    20 красавіка 2022 года была арыштаваная Аксана Колб, галоўная рэдактарка газеты «Новы Час». (Сайт novychas.by быў заблакаваны ў Беларусі ў кастрычніку 2021 года, але працягваў працаваць.) Затым ёй было прад’яўлена абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 15 чэрвеня 2022 года Аксане Колб быў вынесены прысуд. Яна атрымала 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пазней яна пакінула Беларусь.

     

    Справа Юрыя Ганцарэвіча

    5 мая 2022 года быў затрыманы карэспандэнт баранавіцкага выдання «Intex-press» Юрый Ганцарэвіч. Затым супраць яго распачалі крымінальную справу за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361–4) у сувязі з перасыланнем зробленых ім фота расейскай вайсковай тэхнікі выданням «Люстэрка» і «Радыё Свабода». 14 ліпеня 2022 года ён быў прысуджаны да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі.

     

    Справа Канстанціна Залатых

    18 траўня 2022 года супрацоўнікі КДБ затрымалі і змясцілі пад варту дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых. Яму інкрымінавалі ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэкса: артыкул 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), артыкул 130 (распальванне расавага, нацыянальнага, рэлігійнага або іншага сацыяльнага разладу або варожасці), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) . 6 красавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў Залатых да чатырох гадоў пазбаўлення волі, разгледзеўшы яго справу ў закрытым рэжыме.

     

    Справа Алеся Любянчука

    26 мая 2022 года адбыўся ператрус у доме журналіста Алеся Любянчука (раней ён супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат») у вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна, пасля якога ён быў затрыманы ў межах крымінальнай справы і дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання ў Мінску. Яму было прад’яўлена абвінавачанне паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Справа журналіста разглядалася ў Мінскім гарадскім судзе, і 27 кастрычніка 2022 года Любянчука прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.

     

    Справа Юрыя Гладчука і Юліі Мудрэўскай

    16 чэрвеня 2022 года былі затрыманыя галоўны рэдактар сайта ABW.by Юры Гладчук і рэдактарка спецпраектаў Юлія Мудрэўская. Ю. Гладчук знаходзіўся пад вартай да суда, які адбыўся ў снежні, калі ён быў прысуджаны да 2,5 года пазбаўлення волі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і артыкула 368 ( абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Юлія Мудрэўская была абвінавачаная паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса і прысуджаная да 1,5 года пазбаўлення волі.

     

    Справа Івана Мураўёва

    Іван Мураўёў, журналіст, аператар і фатограф, быў затрыманы 29 жніўня 2022 года ў Мінску супрацоўнікамі Следчага камітэта, пасля чаго яму было прад’яўлена абвінавачанне паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Нагодай для пераследу стала відэаздымка для расследавання журналіста Станіслава Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале «Белсат» у ліпені таго ж года – сюжэт пад назвай «Сяброўка Ліліі Лукашэнкі і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў». У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня 2022 года Мураўёва прыгаварылі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі.

     

    Справа Іны Можчанка

    6 верасня 2022 года Брэсцкі абласны суд прызнаў экс-журналістку БелТА Іну Можчанку вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса) і распальванні сацыяльнай варожасці (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса) і прыгаварыў яе да трох гадоў калоніі строгага рэжыму з адбываннем пакарання на агульным рэжыме. Іна Можчанка была затрымана ў верасні 2021 года ў сувязі з яе адмоўнымі выказваннямі ў сацсетках аб загінуўшым супрацоўніку КДБ.

     

    Справа Яўгена Меркіса

    14 верасня 2022 года ў Гомелі быў затрыманы журналіст і краязнаўца Яўген Меркіс, які раней супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат». Паведамлялася, што ягоная справа нібыта тычыцца заклікаў да санкцый. Пазней стала вядома, што журналісту прад’яўлена абвінавачанне паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ён заставаўся пад вартай.

     

    Справа Змітра Семчанкі

    16 верасня 2022 года Зміцер Семчанка, былы супрацоўнік тэлеканала АНТ, які ўзначальваў прэзідэнцкі пул журналістаў, быў затрыманы і двойчы асуджаны да адміністрацыйнага арышту (у жніўні 2020 года ён звольніўся ў знак пратэсту супраць гвалту, пасля чаго працаваў у PR-сферы, быў супрацоўнікам кампаніі «Белагра”). Калі Семчанка 13 кастрычніка 2022 года не выйшаў на волю, стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса за распальванне варожасці. Ягоная справа была разгледжаная ў Менскім гарадскім судзе 23 сакавіка 2023 года, суддзя прызначыў пакаранне – тры гады пазбаўлення волі.

     

    Справа Аляксандра Лычаўкі і Сняжаны Інанец

    Сямейнай пары журналістаў – Аляксандру Лычаўку і Сняжане Інанец, – затрыманым 6 кастрычніка 2022 года, былі прад’яўлены абвінавачанні паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у сувязі з удзелам у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і падпіскай на «дэструктыўныя» Тele­gram-каналы. 13 студзеня 2023 года Інанец прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»), а яе мужа Аляксандра Лычаўку — да трох гадоў «хатняй хіміі».

     

    Крымінальны пераслед блогераў

    У 2022 годзе пачаў прымяняцца інстытут «спецыяльнай вытворчасці», прадугледжаны новым артыкулам 468–27 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. У выніку яго ўвядзення стала магчыма завочнае асуджэнне палітычных эмігрантаў, у прыватнасці апазіцыйна настроеных блогераў.

    27 верасня 2022 года Следчы камітэт пачаў працэс першай «спецыяльнай вытворчасці» па крымінальнай справе — ім стала справа, распачатая па артыкуле 130 (распальванне варожасці) і артыкуле 203–1 (незаконны збор і распаўсюджванне персанальных дадзеных) у дачыненні да пяці “адміністратараў” Telegram ‑канала «Чорная кніга Беларусі», які публікаваў інфармацыю аб прадстаўніках улады, якія абвінавачваліся ў датычнасці да пераследу апазіцыі. Сярод іх апынуўся грамадскі дзеяч і журналіст, сузаснавальнік Sports.ru, Зміцер Навоша. 18 студзеня 2023 года ўсе абвінавачаныя былі завочна прыгавораны да 12 гадоў пазбаўлення волі.

    30 снежня 2022 года Генеральная пракуратура паведаміла аб тым, што крымінальная справа ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча – блогераў, уцягнутых у дзейнасць Telegram-каналаў «NEXTA» і «Беларусь галаўнога мозгу», якія актыўна асвятлялі поствыбарныя пратэсты 2020 года, накіравана ў суд. У лютым 2023 года пачаўся разгляд гэтай справы: у дачыненні да Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка, якія знаходзяцца па-за тэрыторыяй Беларусі, — у парадку спецыяльнай вытворчасці. Раман Пратасевіч знаходзіўся пад хатнім арыштам у Беларусі з таго часу, як ён быў затрыманы ў выніку прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта авіякампаніі “Ryanair”, які ляцеў 23 мая 2021 года з Афін у Вільню, і паўстаў перад судом. Абвінавачаным інкрымінуецца ўчыненне не менш як 1,586 злачынстваў, прадугледжаных дзесяццю артыкуламі Крымінальнага кодэкса, «у мэтах рэалізацыі агульнага змоўніцкага плана з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам».

     

    Пераслед распаўсюднікаў нефармальных выданняў

    12 снежня 2022 года быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму трэнер з Салігорска Алег Гаўрылаў, затрыманы за распаўсюд пратэстных газетаў ў снежні 2021 года. Тады яму было прад’яўлена абвінавачанне ў паклёпе на прэзідэнта (артыкул 367 Крымінальнага кодэкса). Пазней, па выніках «экспертызы» тэкстаў «Сумленнай газеты», пералік абвінавачанняў быў дапоўнены яшчэ чатырма артыкуламі Крымінальнага кодэкса: артыкул 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), артыкул 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), артыкул 364 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і артыкул 130 (распальванне разладу або варожасці).

    26 кастрычніка быў затрыманы Андрэй Фамін, які прызнаў, што быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі пратэстных газет «Вестники», якія выдаюцца і распаўсюджваюцца актывістамі лакальных ініцыятыў (у сакавіку 2022 года яны аб’ядналіся ў газету «Беларускі веснік»). Ён быў абвінавачаны паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і змешчаны пад варту.

     

    Затрыманні і адміністрацыйны пераслед журналістаў

    У 2022 годзе БАЖ зафіксаваў 40 затрыманняў журналістаў і 55 ператрусаў (з іх 5 — у рэдакцыях СМІ). 20 разоў журналісты зазнавалі пазбаўленне волі ў выглядзе адміністрацыйных арыштаў. Чатыры разы журналістаў каралі штрафамі. Акрамя гэтага, прадстаўнікі сілавых ведамстваў выклікалі журналістаў для апытанняў, наведвалі сваякоў і абшуквалі дамы журналістаў, якія з’ехалі з Беларусі.

    Фактычна ўсе недзяржаўныя медыі і незалежныя журналісты як альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі знаходзіліся пад пільным кантролем сілавых ведамстваў.

    Напрыклад, 28 лютага рэдактара сайта «Народныя навіны Віцебска» і фатографа Сяргея Серабро затрымалі, бо меркавалі, што ён збіраецца здымаць акцыю супраць вайны ва Украіне на віцебскім вакзале. У яго забралі мабільны тэлефон, і ён правёў каля дзвюх гадзін у аддзяленні міліцыі. 23 жніўня ён жа быў выкліканы ў Віцебскі абласны аддзел ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў), дзе на працягу гадзіны яго апытвалі, а затым узялі пісьмовыя тлумачэнні аб асвятленні пратэстных шэсцяў пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

    Масіраваны пераслед зазнала незалежнае інтэрнэт-выданне «Бабруйскі кур’ер» і яго галоўны рэдактар Анатоль Санаценка. У сярэдзіне верасня журналіст быў затрыманы і двойчы прыгавораны да адміністрацыйнага арышту. У яго і ягоных калегаў прайшлі ператрусы і была сканфіскаваная тэхніка. 19 верасня быў заблакаваны сайт «Бабруйскага кур’ера», а 26 верасня суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў яго кантэнт «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 6 кастрычніка ў Telegram-канале мясцовага дзяржаўнага радыё «ЗефірFM» з’явіўся пяціхвілінны сюжэт пра газету «Бабруйскі кур’ер» і яе супрацоўнікаў, тэкст у якім чытаў галоўны рэдактар праўладнай газеты «Бабруйскае жыццё» Мікалай Сілкоў. Асноўная ўвага ў сюжэце надавалася Анатолю Санаценку, які ў той час адбываў адміністрацыйны арышт. Яго, у прыватнасці, бяздоказна абвінавачвалі ў выпрошванні грошай у ЗША і Германіі, публікацыі «фэйкаў» аб тэракце ў мінскім метро і сувязях з тэлеканалам «Белсат», які быў прызнаным “экстрэмісцкім фармаваннем”.

    Такі падыход стаўся тыповым для ліквідацыі ці “цэнзуравання” незалежных СМІ: ператрус у рэдакцыі з выманнем абсталявання, затрыманні і допыты супрацоўнікаў, іх судовы пераслед, практычна адначасовае прызнанне кантэнту “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. У выніку дзейнасць выдання станавілася немагчымай у поўнай меры ці часткова.

     

    Застасоўванне заканадаўства аб процідзеянні экстрэмізму

    Працягнулася і пашырылася тэндэнцыя выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання доступу да інфармацыі, якая распаўсюджваецца незалежнымі СМІ, і прыцягнення да адказнасці за любы ўдзел у іх дзейнасці.

    14 чэрвеня Вярхоўны суд прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» таварыства з абмежаванай адказнасцю «ТУТ БАЙ МЕДЫА», раней найбуйнейшы анлайн-рэсурс Беларусі, супрацоўнікі якога знаходзіліся пад следствам. У сувязі з гэтым экс-міністр інфармацыі Ігар Луцкі заявіў: “Адбыўся наўпросты замах на суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, фінансаванне гэтых СМІ, недзяржаўных, ажыццяўлялася звонку, і каардынавалася таксама звонку. Яскравы прыклад таму — цяперашняе рашэнне па TUT.BY. Яго прызналі экстрэмісцкім!”

    Пазіцыя міністра тычыцца фактычна ўсіх недзяржаўных СМІ, што было пацверджана і палітыкай, якая праводзіцца дзяржаўнымі ўладамі.

    Працягвалася ўключэнне кантэнту сайтаў і старонак у сацсетках, якія належаць незалежным выданням, у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, прызнанне незалежных СМІ “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, а таксама ўключэнне іх супрацоўнікаў, абвінавачаных і асуджаных па пэўных крымінальных артыкулах, у пералікі “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”.

    У спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» апынуліся ўключаныя сайты і анлайн-супольнасці пераважнай большасці незалежных беларускіх медыяў (усяго больш за 40). Акрамя таго, там жа апынуліся сайт і сацыяльныя сеткі газеты «Царква», якая асвятляла жыццё Грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі.

    На працягу года рашэннямі КДБ ці МУС былі прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” незалежныя медыя “Наша Ніва”, “Флагшток”, “KYKY.ORG”, “Еўрарадыё”, “Хартыя’97”, а таксама так званы “самвыдат” — пратэстныя друкаваныя газеты, якія выдаваліся і распаўсюджваліся непрафесійнымі журналістамі: «Сумленная газета», «Беларускі веснік», «Пратэстная Беларусь», «Пратэстны Гомель», «Слова Беларусаў» і «Газета «7Чыжоў». Па стане на сакавік 2022 года экстрэмісцкімі фарміраваннямі былі прызнаныя 18 медыяарганізацыяў, уключна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

    Усяго на працягу 2022 года «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» былі названыя больш за 100 інтэрнэт-рэсурсаў. Акрамя таго, публікацыі каля 1500 інтэрнэт-рэсурсаў (галоўным чынам Telegram-каналаў і інтэрнэт-супольнасцяў) былі прызнаныя судамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта цягнула за сабою, як і раней, масавае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці карыстальнікаў Інтэрнэту за распаўсюд “экстрэмісцкага” медыякантэнту (у прыватнасці, у рамках артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае арышт да 15 сутак). Асаблівасцю прымянення гэтага артыкула стала прыцягненне да адказнасці за рэпосты матэрыялаў, часам шматгадовай даўніны, якія на момант распаўсюджвання не былі ўключаны ў спіс як экстрэмісцкія.

    «Барацьба з экстрэмізмам» стала падставай для масавага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці. Больш за 5000 «экстрэмісцкіх злачынстваў» зафіксавала Генеральная пракуратура па выніках адзінаццаці месяцаў 2022 года. Пры гэтым, 76% з гэтага ліку склалі выказванні ў Інтэрнеце, як правіла ў кантэксце падзей 2020 года, якія вызначаліся ўладамі як паклёп на дзяржаву і вышэйшае кіраўніцтва, абразы прадстаўнікоў улады, наўмыснае распальванне варожасці, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.

    Першая крымінальная справа па ўключаным у 2022 годзе ў Крымінальны кодэкс «экстрэмісцкім» артыкуле 130–2 (адмаўленне генацыду беларускага народа) была ўзбуджана ў сувязі з публікацыямі ў незалежных СМІ — «Флагшток»(Гомель) і «Люстэрка» – пра месцы пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

     

    Пачаўся крымінальны пераслед за любую форму супрацоўніцтва з інтэрнэт-рэсурсамі, прызнанымі экстрэмісцкімі фарміраваннямі (гл. падрабязней “Крымінальныя справы”). Адпраўка інфармацыі, у тым ліку фота і відэа, рэгістрацыя ў ботах, даванне інтэрв’ю і да т.п. сталіся падставай для ўзбуджэння спраў паводле артыкула 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), які прадугледжвае пакаранне да сямі гадоў пазбаўлення волі.‎

    Гэтак, карэспандэнт баранавіцкага выдання «Intex-press» Юры Ганцарэвіч быў прысуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі з‑за перасылкі ім фота расейскай вайсковай тэхнікі выданням «Люстэрка» і «Радыё Свабода». За інтэрв’ю СМІ, прызнаным “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, былі асуджаныя вайсковы эксперт Ягор Лябедок і Дар’я Лосік, жонка палітвязня-супрацоўніка “Радыё Свабода” Ігара Лосіка (да пяці і двух гадоў у зняволенні адпаведна).

    Супрацоўнікі медыяструктур, прызнаных “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, часта прыцягваліся да адказнасці паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (“стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім”), які прадугледжвае санкцыю да 10 гадоў пазбаўлення волі. Большасць з іх былі затрыманыя да таго, як арганізацыі, да якіх яны мелі дачыненне, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Гэта значыць, што дадзены артыкул фактычна мае зваротную сілу. Напрыклад, Андрэя Аляксандрава (затрыманы ў студзені 2021 года), Дзмітрыя Наважылава і Ірыну Леўшыну (затрыманыя ў жніўні 2021 года) абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання з ліку работнікаў БелаПАН і іншых асоб, а таксама ў кіраўніцтве такім фарміраваннем, хаця рашэнне МУС аб прызнанні БелаПАН экстэмісцкім фарміраваннем было прынята толькі 1 лістапада 2021 (гл. падрабязней “Крымінальныя справы”).

    23 сакавіка 2022 года быў упершыню апублікаваны Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. У яго апынуліся ўключаныя блогеры Сяргей Петрухін і Аляксандр Кабанаў, якія на той момант былі ў турэмным зняволенні. Пазней да такіх асоб былі аднесеныя журналістка Кацярына Андрэева і філосаф Уладзімір Мацкевіч. Уключэнне ў гэты пералік накладае шэраг абмежаванняў, якія датычацца здзяйснення фінансавых аперацый, а таксама права займацца пэўнымі заняткамі і займаць пэўныя пасады.

    Блогер і супрацоўнік «Радыё Свабода» Ігар Лосік, прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама Анджэй Пачобут, журналіст і адзін з лідараў Саюза палякаў Беларусі, і былыя супрацоўніцы TUT.BY (галоўная рэдактарка Марына Золатава, дырэктарка Людміла Чэкіна , журналісткі Вольга Лойка і Алена Талкачова), якія знаходзіліся пад следствам, а таксама распаўсюджвальнік самвыдатаўскай “Сумленнай газеты” Алег Гаўрылаў былі ўключаныя КДБ у Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, што азначае забарону на фінансавыя аперацыі з іх удзелам.

     

    АБМЕЖАВАННЕ ДОСТУПУ ДА ІНФАРМАЦЫІ

    Міністэрства інфармацыі працягвала рэпрэсіўную дзейнасць па абмежаванні доступу да “непажаданай” інфармацыі адміністрацыйнымі мерамі, забараняючы дзейнасць незалежных СМІ і выконваючы функцыі цэнзара.

    У 2022 годзе гэта закранула не толькі беларускія анлайн-медыя, але і замежныя. Сваю ролю ў гэтым адыграла расійская агрэсія супраць Украіны, якая пачалася 24 лютага. Неўзабаве пасля гэтага на тэрыторыі Беларусі быў заблакаваны доступ да 6 украінскіх інфармацыйных сайтаў — «Гардон», «Обозреватель», РБК-Украіна, InfoRe­sist, «Новы час» і «Фокус» — у сувязі з тым, што ў іх асвятляўся ваенны канфлікт у Украіне ў духу, які быў адрозным ад афіцыйнай трактоўкі расійска-беларускай прапаганды.

    Новай з’явай 2022 года стала блакіроўка доступу карыстальнікаў з Расіі да беларускіх незалежных медыяў па тых жа самых прычынах. Рашэннямі Федэральнай службы ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый (Раскамнагляд) або Генеральнай пракуратуры Расійскай Федэрацыі былі заблакаваныя інфармацыйныя сайты Zerkalo.io, «Наша Ніва», «Еўрарадыё», «Медыя-Палессе», «Салiдарнасць» і іншыя.

    Сацыяльная сетка «УКантакце» заблакавала шэраг старонак і груп беларускіх незалежных СМІ — «Хартыі-97» і «Флагштока» па скарзе Міністэрства інфармацыі Беларусі, «Люстэрка» і беларускай «Медыязоны» па патрабаванні Генеральнай пракуратуры Расіі.

    Паводле афіцыйных дадзеных , за студзень-лістапад 2022 года дзяржавай быў абмежаваны доступ, цалкам або часткова, да 3 002 інтэрнэт-рэсурсаў – галоўным чынам Telegram-каналаў і чатаў. Пры гэтым за сем папярэдніх гадоў такія абмежаванні зазналі крыху больш за 5000 рэсурсаў. Сярод СМІ, сайты якіх былі заблакаваныя, апынуліся «Вячэрні Бабруйск», «Бабруйскі кур’ер», «Народная воля», Польскае радыё, CityDog.io, s13.ru і іншыя.

    У 2022 годзе былі ўнесеныя змены ў працэдуру блакавання непажаданых сайтаў, а таксама ў арганізацыю доступу спецслужбаў да кантэнту інтэрнэт-рэсурсаў (гл. падрабязней “Змены заканадаўства”).

     

    У Беларусі фактычна дзейнічала цэнзура, у тым ліку ў дзяржаўным медыя-сектары.

    У сакавіку Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні дзвюм папулярным беларускім радыёстанцыям — «Радыё Рокс‑М» і «Радыё Бі-Эй» — у сувязі з «распаўсюджваннем матэрыялаў, якія не адносяцца да складнікаў спецыялізацыі, якая адлюстравана ў рэгістрацыйных дакументах радыёпраграмы».

    Навінавы сайт Blizko.by быў часова заблакаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі. Пасля разблакіроўкі на ім не апынулася палітычных навінаў, у тым ліку архіўных.

    Прынамсі тры супрацоўнікі дзяржаўных СМІ былі звольненыя за выказванні, якія ўлады палічылі праявамі нелаяльнасці, некаторыя іншыя зазналі спагнанні.

    У 2022 годзе без указання прычынаў спыніў вяшчанне тэлеканал «БелБізнесЧэнэл». Гэта быў адзіны ў Беларусі тэлеканал аб бізнэсе, пабудаваны на рэтрансляцыі праграм расійскага тэлеканала РБК і здымцы ўласных праграм на беларускую тэматыку. Спынілі выхад незалежныя друкаваныя выданні – рэгіянальная газета «УзГорак» (без публічнага паведамлення прычынаў) і найстарэйшая газета Беларусі «Беларусы і рынак» (у адпаведнасці з загадам міністра інфармацыі).

    Наогул па выніках 2022 года істотна скарацілася колькасць зарэгістраваных Мінінфармам недзяржаўных друкаваных выданняў — з 764 да 560 (у той жа час колькасць дзяржаўных змянілася з 414 да 403).

    Трэба адзначыць, што абсалютная большасць недзяржаўных друкаваных выданняў, якія захавалі дзяржаўную рэгістрацыю, з’яўляюцца рэкламнымі, камерцыйнымі, «жоўтымі» і не закранаюць сацыяльныя і грамадска-палітычныя тэмы.

     

    ПАДЗЕІ Ў ДЗЯРЖАЎНЫМ МЕДЫЯСЕКТАРЫ

    25 сакавіка адбылася нарада аб пабежных пытаннях дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Адной з тэмаў нарады стаўся праект Указа № 131, які датычыцца рэкламы ў сродках масавай інфармацыі (гл. падрабязней «Змены ў заканадаўстве»). Лукашэнка заявіў, што «рэклама павінна быць на патрыятычных прадзяржаўных (не з пункту гледжання ўласнасці) каналах, якія абараняюць дзяржаву». Размова таксама ішла аб цяжкасцях фінансавання дзяржаўных медыяў ва ўмовах міжнародных санкцыяў, неабходнасці аптымізацыі іх дзейнасці ва ўмовах «поўнамаштабнай інфармацыйнай вайны» супраць беларускай дзяржавы. Заяўлялася аб тым, што дзяржаўныя СМІ ўсё часцей перахопліваюць павестку ў інтэрнэце, але пакуль там не дамінуюць.

    26 жніўня міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў заявіў, што вопыт стварэння медыяхолдынга, апрабаваны ў Мінскай вобласці, будзе ўкараняцца ва ўсіх рэгіёнах краіны, бо «сёння гэта адзіная магчымасць утрымаць ва ўмовах трансфармацыі аўдыторыю сваіх раёнаў». Маецца на ўвазе стварэнне ўзбуйненых рэдакцый для раённых дзяржаўных газет з цэнтральным упраўленнем і адзінай рэдакцыйнай палітыкай.

    Нягледзячы на тое, што дзяржаўныя друкаваныя СМІ фінансуюцца з бюджэту, у краіне захоўвалася практыка прымусовай падпіскі на такія выданні для супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў (пад пагрозай непадаўжэння кантракта, пазбаўлення прэміі ці недаплаты на суму кошту падпіскі). Паведамлялася, што паштовыя аддзяленні атрымлівалі планавыя заданні па падпісцы на дзяржаўныя выданні.

    На 2023 год запланавана выдаткаваць з рэспубліканскага бюджэту на дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі 162400000 беларускіх рублёў. З гэтай сумы на тэлебачанне і радыё – 133,6 млн, на друкаваныя СМІ – 9,1 млн, на «іншыя» СМІ — 19,7 млн. Фінансаванне ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» (тэлеканал СТВ) вырасце ў 4,7 разы. На патрэбы «Другога нацыянальнага тэлеканала» плануецца вылучыць 4,66 млн рублёў, што на 44% больш, чым у 2022 годзе. Белтэлерадыёкампанія атрымае 120,5 млн. рублёў. Хоць у параўнанні з мінулым годам прырост яе фінансавання склаў усяго 5 адсоткаў, пастановай Савета Міністраў № 751 на яе карысць былі пераразмеркаваны сродкі з рэспубліканскага бюджэту на 2022 год, якія прызначаліся для выплаты знешняга доўгу, але не былі выдаткаваныя з‑за адмовы Беларусі плаціць у валюце.

    На міжнародным узроўні былі ўведзены дадатковыя санкцыі ў дачыненні да дзяржаўных СМІ Беларусі, якая разглядаецца як краіна-агрэсар у расійска-ўкраінскім канфлікце.

    У чэрвені кампанія Globeсast прыняла рашэнне аб адключэнні тэлеканала «Беларусь-24» ад спадарожнікавага вяшчання на шэраг краін еўрапейскага і ціхаакіянскага рэгіёну. Гэта выклікала абурэнне Міністэрства інфармацыі Беларусі. Такую ж рэакцыю выклікала рашэнне Telegram цалкам выдаліць адыёзныя праўладныя каналы «Жоўтыя слівы» і «Вашы слівы», якія публікавалі «пакаянныя» відэа затрыманых і абразы ў адрас апанентаў улады.

    Таксама ў чэрвені Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) выключыў Белтэлерадыёкампанію са спісу афіцыйных вяшчальнікаў Лігі Нацый. У выніку матчы футбольнай зборнай краіны больш нельга паглядзець па тэлебачанні ў Беларусі (раней іх паказваў тэлеканал «Беларусь 5»).

     

     

     

     
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці