• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што хвалюе журналісцкія арганізацыі свету ў сакавіку

    Венесуэльскі папяровы крызіс прывёў да закрыцця найстарэйшай газеты

    У Венесуэле незалежная газета “El Carabobeño” выдала апошні свой друкаваны нумар: выданне, якое выходзіла 82 гады, спыніла выхад з-за недахопу газетнай паперы. Папяровы крызіс пачаўся тры гады таму, распавядае Камітэт абароны журналістаў: папера на друк імпартуецца ў Венесуэлу з ЗША і Канады, а з-за кантролю сацыялістычнага ўрада Мадура рэдакцыям складана набыць замежную валюту.

    Акрамя таго, некалькі кампаній па імпарце паперы былі аб’яднаныя ў адну дзяржаўную карпарацыю, і яе абвінавачваюць у тым, што яна адмаўляе ў продажы некаторым рэдакцыям. Ад пачатку крызіса закрыліся ўжо 8 газет, яшчэ 85 знаходзяцца пад пагрозай закрыцця. Акрамя таго, многія выданні пераходзяць на больш шырокі фармат, змяншаюць колькасць палосаў і мяняюць перыядычнасць. Рэдактар “El Carabobeño” Караліна Ганзалес кажа, што газета не атрымлівае дзяржаўнай рэкламы, а колькасць прыватных рэкламадаўцаў абмяжоўваецца адным дзясяткам. Штат рэдакцыі зменшыўся з 500 чалавек да 266. Аднак рэдактар лічыць, што будучыня газеты неадназначная, бо пакуль што СМІ пераключаецца на анлайн-фармат.

    Журналіст у Венесуэле асуджаны на 4 гады турмы за “паклёп”

    11 сакавіка ў Венесуэле ў паўднёваўсходнім штаце Балівар журналіста асудзілі на чатыры гады турмы і штраф у 20 тысяч долараў за паклёп на дзяржаўных служачых. У 2013‑м годзе журналіст расследаваў выпадак карупцыі і вымагальніцтва, у якім нібыта былі замешаны армейскія афіцэры і кампанія, што займаецца здабычай жалезнай руды. У выніку публікацыі некалькі менеджараў кампаніі былі арыштаваныя, але пазней адпушчаныя. Газета “Correo del Caroní”, для якой пісаў журналіст, знаходзіцца пад сістэматычным ціскам уладаў, і, па меркаванні “Рэпарцёраў без межаў”, гэта чарговая спроба задушыць журналістыку расследаванняў.

    “Артыкул 19” выпусціў даклад па злачынствах супраць журналістаў у Мексіцы

    17 сакавіка “Артыкул 19” выдаў справаздачу па правах журналістаў у Мексіцы за 2015 год. У мінулым годзе ў Мексіцы зарэгістравана 397 замахаў на журналістаў, у сярэднім па адным на дзень; з іх 7 забойстваў. З 2009 па 2015 гады былі зафіксаваны 1832 замахі на журналістаў; прыблізна ў 47% падазраюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў. Склалася культура беспакаранасці, якая стварае атмасферу страху ў рэдакцыях і робіць журналістыку амаль немагчымым заняткам, пішуць аўтары даклада. Арганізацыя адмыслова адрасуе даклад арганізацыям у Мексіцы, якія павінныя расследаваць злачынствы і гарантаваць свабоду выказвання – гэта спецыяльны пракурор па злачынствах супраць свабоды выказвання, нацыянальныя камісіі па правах чалавека і федэральны механізм абароны журналістаў.

    Азербайджан вызваліў 15 палітвязняў

    17 сакавіка Азербайджанскія ўлады вызвалілі 15 палітвязняў. Расул Джафараў агулам правёў у турме 593 дні; у той жа дзень Еўрапейкі суд па правах чалавека пастанавіў, што яго арышт быў палітычна матываваным. Кааліцыя “Спорт за правы”, у якую ўваходзяць арганізацыі “Артыкул 19”, “Рэпарцёры без межаў”, “Каміэт абароны журналістаў”і IFEX, вітаюць вызваленне, але падкрэсліваюць, што гэтых арыштаў не павінна было быць, і акрамя таго, дзясяткі іншых актывістаў застаюцца ў турме: напрыклад, не была памілавана журналістка Хадзіджа Ісмайлава, адвакат-праваабаронца Інтыгам Аліеў. Кааліцыя заклікае неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных.

    Эсэ Умберта Эка ў часопісе “Індэкса Цэнзуры”

    На знак памяці пра пісьменніка Умберта Эка “Індэкс цэнзуры” апублікаваў яго эсэ, надрукаванае ў зімовым нумары часопіса “Index on Cen­sor­ship” 1997 года, пад назвай “Нараджэнне этыкі” (The birth of ethics, даступна па-англійску да канца сакавіка).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці