Патрабуем неадкладнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго
29 траўня 2020 г. падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай, які адбываўся ў г. Гродна, супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала “Страна для жизни” Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у дадзеным пікеце.
Паводле інфармацыі журналістаў, якія непасрэдна прысутнічалі пры правядзенні пікета і вялі анлайн-трансляцыю, пікет адбываўся мірна, без парушэнняў грамадскага парадку, у адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 45.1 ВК Рэспублікі Беларусь.
Затрыманне адбылося пасля яўна незаконнага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскім.
30 траўня з тэлеграм-канала прэс-сакратара МУС стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел якім нібыта прымаў С. Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. На дадзены момант вядома, што Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых находзяцца ў ІЧУ г. Мінска.
Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню – заявы дзеючага кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі падчас наведвання МТЗ на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, незаконнае ўмяшальніцтва і затрыманне С. Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да С. Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя.
Аналіз відэазапісаў падзеяў і сведчанняў відавочцаў дазваляюць зрабіць высновы аб адсутнасці падставаў для затрымання С. Ціханоўскага, пералічаных ва УПК Рэспублікі Беларусь, што сведчыць аб адвольным і незаконным затрыманні С. Ціханоўскага.
Варта нагадаць, што гэта не першы выпадак пераследу С. Ціханоўскага за мірную рэалізацыю ім свабоды мірных сходаў, выказвання меркавання і распаўсюду і збору інфармацыі.
6 траўня гэтага года С. Ціханоўскі быў затрыманы пад г. Магілевам і змешчаны ў ІЧУ г. Гомеля. Падставай для затрымання блогера стала пастанова суда Савецкага р‑на г. Гомеля аб адміністрацыйным арышце, вынесеным яшчэ ў студзені 2020 г. за ўдзел у акцыі пратэсту супраць г.зв. паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі, якая адбывалася 20 снежня 2019 г.
19 траўня 2020 г. С. Ціханоўскі пастановай суда Савецкага р‑на г. Гомеля быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе арышту тэрмінам 15 сутак. Падставай для прыцягнення ад адказнасці стала правядзенне блогерам сустрэчаў з ягонымі падпісчыкамі ў г. Оршы і Брэсце.
Акрамя таго суд Савецкага р‑на г. Гомеля вынес пастанову аб 15-ці суткавым арышце С. Ціханоўскага за арганізацыю сустрэчаў з падпісчыкамі ў г. Салігорску і Міёрах.
Такім чынам агульны памер адмінстрацыйнага спагнання ў дачыненні да С. Ціханоўскага на бягучы момант складае 45 сутак. Па словах С. Ціханоўскага, на яго было складзена яшчэ сем пратаколаў аб адміністратыўных правапарушэннях па арт. 23. 34 КаАП за арганізацыю сустрэчаў з падпісчыкамі ў розных гарадах Беларусі, што пагражае яму доўгатэрміновай ізаляцыей.
Менавіта ізаляцыя С. Ціханоўскага непасрэдна пасля абвяшчэння выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і стварэнне перашкодаў з боку адмінстрацыі ІЧУ ў допуску адваката, не дазволіла яму зарэгістраваць ініцыятыўную групы па вылучэнні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у вызначаныя выбарчым заканадаўствам тэрміны.
Усе пералічаныя вышэй факты дазвалюяць зрабіць высновы, аб наяўнасці палітычнага матыва ў боку ўладаў у пераследзе С. Ціханоўскага, скіраваных на недобраахвотнае спыненне або змяненне ягонай публічнай дзейнасці.
Згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджаным беларускай праваабарончай супольнасцю на ІІІ Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі ў сувязі з негвалтоўным ажыцяўленнем свабодаў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.
Гэта дазваляе нам заявіць, што крымінальны пераслед С. Ціханоўскага з’яўляецца палітычнаматываваным, а сам С. Ціханоўскі палітычным зняволеным.
У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:
-
Неадкладнага вызвалення С. Ціханоўскага і спынення крымнальнага пераследу ў дачыненні да яго;
-
Вызвалення і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іншых затрыманых за ўдзел ў пікеце 29 траўня 2020 г. грамадзян, калі яны непасрэдна не здзяйснялі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”;
ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;Простае таварыства «Ініцыятыва Forb»;
Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права».
***
Заява не мае на мэце падтрымку палітычнай пазіцыі С. Ціханоўскага, ці асобы якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, ініцыятыўную групу якой ён прадстаўляе.