Маніторынг асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прэзентавала вынікі першага этапу маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года.
Ілюстрацыі і метадалогія — у далучаных PDF-файлах.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Маніторынг
“Асвятленне парламенцкіх выбараў 2019 г. у беларускіх СМІ”
(16 верасня — 18 кастрычніка 2019 г.)
1. Уводзіны
Маніторынг, які ладзіць ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (ГА “БАЖ”), мае на мэце:
- спрыяць фармаванню прафесійнай мадэлі асвятлення выбарчых кампаній у беларускіх СМІ;
- звярнуць увагу калег на абавязак неперадузята і поўна інфармаваць выбаршчыкаў пра электаральны працэс, праграмы кандыдатаў, а таксама пра меркаванні іх прыхільнікаў і апанентаў;
- вызначыць адпаведнасць апублікаваных матэрыялаў міжнародна прызнаным прынцыпам і стандартам асвятлення выбарчых кампаній, нормам журналісцкай этыкі;
- базуючыся на аналізе якасных і колькасных паказчыкаў, выявіць агульны характар асвятлення выбарчай кампаніі і ацаніць ролю ў ёй дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.
Аб’ектамі маніторынгу з’яўляюцца 14 беларускіх медыя, дзяржаўных і недзяржаўных, электронных і друкаваных, агульнанацыянальных і рэгіянальных.
Падчас пазначанага перыяду адбывалася фармаванне выбарчых камісій, рэгістрацыя ініцыятыўных груп, вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў.
2. Падсумаванне вынікаў
-
У аналізаваных дзяржаўных медыя дамінавала тэхнічная інфармацыя пра арганізацыю выбарчай кампаніі (пасяджэнні ЦВК, фармаванне выбарчых камісій, ініцыятыўных груп па збору подпісаў, інфармацыя пра прыезд назіральнікаў і да т. п.). Звычайна фігуравалі лічбы, а не прозвішчы ці канкрэтныя выпадкі парушэння правілаў збору подпісаў.
-
Галоўнымі суб’ектамі выбарчага працэсу былі Прэзідэнт краіны і ЦВК у асобе яе старшыні сп-ні Ярмошынай, якія сваімі выказваннямі вызначалі, як, з іхняга гледзішча, маюць прайсці выбары і якім павінен быць будучы склад парламента.
-
Пераважная большасьць іншых удзельнікаў (палітычныя партыі, прэтэндэнты на кандыдатаў, іхнія ініцыятыўныя групы, НДА) былі рэпрезентаваныя ананімна альбо ніяк не рэпрезентаваныя. Выключэнне, аднак, склалі назіральнікі ад СНД, БДІПЧ АБСЕ і некаторыя праўрадавыя арганізацыі.
-
Падаваныя матэрыялы не сведчылі, што выбары — гэта, перадусім, канкурэнцыя палітычных ідэй і поглядаў, спаборніцтва розных палітычных партый, платформ і праграм. Затое даволі часта дзяржаўныя СМІ выкарыстоўвалі савецкую рыторыку пра выбары як пра свята і пачэсны абавязак грамадзяніна.
-
Недзяржаўныя медыя, якія аналізаваліся падчас маніторынгу, былі даволі стрыманымі ў падачы матэрыялаў, прысвечаных выбарчай тэматыцы. Адводзілі нязначную плошчу тэхнічнай інфармацыі. Трымаліся пераважна нейтральнай манеры асвятлення выбарчага працэсу.
Гэтыя ды іншыя абагульненні абапіраюцца на канкрэтныя колькасныя і якасныя дадзеныя, што падаюцца ніжэй.
3. Колькасныя і якасныя паказчыкі
3.1 Дзяржаўныя медыя
Агульнанацыянальная навінавая праграма “Панарама” (“Беларусь 1”) у якасці галоўных актараў выбарчага працэсу падавала Прэзідэнта краіны (амаль 16 % часу параўнальна з іншымі суб’ектамі маніторынгу) і ЦВК (амаль 13 %), якія рэпрезентаваліся пазітыўна. Іншыя суб’екты моцна саступалі ім, за выключэннем апазіцыі (амаль 6 % часу), якая, аднак, падавалася імперсаніфікавана і адмоўна. Пазнавальнымі былі толькі некаторыя праўладныя арганізацыі (“Белая Русь”, БРСМ, Беларускі саюз жанчын і да т.п.).
Тэме выбараў праграма прысвяціла крыху менш за 3 % эфірнага часу; прагноз надвор’я заняў 7 % , а спорт — 10 % часу.
Другая агульнанацыянальная навінавая праграма “Наши новости” (ОНТ) адвяла Прэзідэнту крыху больш за 25 % часу параўнальна з астатнімі суб’ектамі выбарчага працэсу.
Тэме выбараў яна прысвяціла крыху больш за 3 % часу. І прыкладна 14 % — спорту і прагнозу надвор’я (звярну ўвагу чытача, што на графіках візуалізаваныя і добра чытаюцца гэтыя ды іншыя лічбы, а таксама бачна як рэпрезентаваныя суб’екты выбарчага працэсу).
Праграма “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё) падала пераважна дэперсаніфікаваную карціну выбарчага працэсу. Выключэнне складалі кіраўнік краіны, прадстаўнікі ўлады, выбарчых камісій і назіральнікі ад СНД. Іншыя ўдзельнікі не мелі голасу ў эфіры. Альбо не ўзгадваліся.
“Радыёфакт” прысвяціў выбарам каля 5 % часу. Спорту — амаль 9 %, а прагнозу надвор’я — крыху больш за 6 % ад агульнага часу.
У падачы выбарчай тэматыкі інтэрнет-партал БелТА нічым істотным (за выключэннем аператыўнасці) не адрозніваўся ад іншых дзяржаўных медыя. У тым жа рэчышчы асвятлялі яе і дзяржаўныя газеты.
Варта звярнуць увагу на змест выказванняў і меркаванняў, якія тыражавалі электронныя і друкаваныя СМІ.
Яны шырока распаўсюджвалі меркаванні Прэзідэнта краіны, што да выбарчага працэсу і будучага складу парламента. У прыватнасці, навінавая праграма “Панарама” (“Беларусь 1”) ад 16.09.19 цытавала:
“Парламент должен представлять все слои нашего общества. От зелёных ещё, только что пришедших в жизнь, взрослую жизнь, людей, до стариков. Там должны быть представлены все. Во-вторых, я бы очень хотел, чтобы активно действующие общественные организации, партии, если они настоящие партии — по закону — представляли и защищали своих кандидатов. Начиная от профсоюзов, мы уже с Ордой об этом говорили, и они выдвигают много своих кандидатов. Начиная от Белорусского Республиканского Союза молодёжи, я его называю «молодёжной партией». Женщины, женская партия. Военные, офицерский состав. Компартия. Если у нас существуют настоящие оппозиционные партии, и они должны представлять своих кандидатов, выдвигать своих кандидатов, и защищать их в ходе предвыборной кампании”.
Колькімі днямі пазней агульнанацыянальная навінавая праграма “Наши новости” (ОНТ) ад 20.09.19, асвятляючы паездку Прэзідэнта ў Карэлічы, цытавала: “Мы кампанию избирательную проведем, как всегда, спокойно, тихо”.
А тыднёвая праграма “Контуры” (ОНТ) ад 22.09.19 цытавала: “Я ж никогда не скрывал: есть люди, которых власть поддерживает. Президент хочет видеть вот такой парламент”.
У тых жа медыя час ад часу параўноўваліся розныя выбарчыя кампаніі. Паводле меркавання калег з дзяржаўных СМІ, выбары, што праводзяцца ў іншых краінах моцна прайграюць беларускім. Да прыкладу, праграма “Радыёфакт” ад 19.09.19 у сюжэце пра Еўрапарламент і “перазагрузку ўлады ва Украіне” казала пра спыненне дзейнасці ЦВК Украіны, паведамляючы, што ён абвінавачваецца ў неаб’ектыўнасці і палітычнай заангажаванасці. А ў публіцыстычным сюжэце на ОНТ ад 21.09.19 прагучала: “Белорусы привыкли выбирать по старинке и рассудительно. Это объясняет спокойное течение электоральных кампаний в нашей стране. В США или у наших соседей (в России и Украине) выборы являются, скорее, большой игрой. Там все средства хороши…”.
У ацэнцы выбарчай кампаніі некаторыя медыя спасылаліся на меркаванне прадстаўніка Выканкама СНД сп. Хутарана: “По моим наблюдениям, уже два раза я был, выборы в Беларуси проходят как праздник” (“Панарама” (“Беларусь 1”) ад 4.10.19). А кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД сп. Лебедзеў казаў: “Нас, честно говоря, радует вот этот спокойный, планомерный ход подготовки к выборам” (“Панарама” (“Беларусь 1”) ад 16.10.19).
Такім чынам, паводле ацэнак, падаваных дзяржаўнымі медыя, выбары ў краіне — добра арганізаваныя, маюць спакойны характар і з’яўляюцца радаснай падзеяй для выбаршчыкаў. Цікава адзначыць, што меркаванні журналістаў ніколі не разыходзіліся з афіцыйнай пазіцыяй, якую ў тых жа медыя агучвалі прадстаўнікі беларускай улады.
3.2 Недзяржаўныя медыя
Інтэрнет-партал TUT.BY не абмяжоўваўся адно афіцыйнай ці тэхнічнай інфармацыяй. Пазбягаў неперсаніфікаванай карціны выбарчага працэсу. Падаваў даволі вялікую колькасць прозвішчаў патэнцыйных кандыдатаў і кароткія матэрыялы пра некаторых з іх. А напрыканцы гэтага этапу маніторынгу адзначаў некаторых зарэгістравананых кандыдатаў.
Разам з тым, у агульнай карціне выбарчай кампаніі адсутнічаў шэраг палітычных суб’ектаў, што бяруць у ёй удзел. А некаторыя патэнцыйныя кандыдаты (напрыклад, “Міс Беларусь”) і арганізацыі (напрыклад, БРСМ) былі значна больш пазнавальныя за іншых удзельнікаў кампаніі.
Газета “Народная воля” пісала пра ЦВК, асноўныя палітычныя партыі і некаторыя НДА, прадстаўнікі якіх бяруць удзел у выбарах. Згаданых суб’ектаў яна партрэтавала нейтральна. Дзейнасць мясцовых уладаў характарызавала адмоўна. А пра ЦВК і апазіцыйную Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП) выказвалася нейтральна альбо негатыўна.
“Комсомольская правда” некалькі разоў інфармавала пра выбары і коратка пісала пра ўдзел у іх трох апазіцыйных палітычных партый.
Папярэднія высновы
Калі бягучую выбарчую кампанію параўноўваць з папярэдняй, то мадэль яе асвятлення ў дзяржаўных медыя ні ў чым істотна не змянілася.
Асноўныя “элементы” гэтай мадэлі наступныя: селектыўны падыход да асвятлення выбарчага працэсу і, перадусім, яго ўдзельнікаў; дамінацыя тэхнічнай інфармацыі; дэперсаніфікаваная рэпрезентацыя апанентаў і проста актыўных удзельнікаў; прамоцыя праўладных арганізацый і іх кандыдатаў; скіраванасць на забеспячэнне “спакойнай” і “ціхай” выбарчай кампаніі. Маргіналізацыя выбарчай тэматыкі — яшчэ адна асаблівасць гэтай мадэлі.
Недзяржаўныя медыя прытрымліваліся стрыманай манеры асвятлення выбарчага працэсу. Аднак пры гэтым прысутнічала выразная тэндэнцыя да мінімізацыі тэхнічнай інфармацыі, персаніфікацыі ўдзельнікаў кампаніі, рэпрезентацыі галоўных палітычных актараў і проста апанентаў дзеючай улады. Маніторынгаваныя недзяржаўныя медыя карысталіся і больш шырокай шкалой ацэнак удзельнікаў парламенцкай кампаніі.
Спампаваць:
Маніторынг
Метадалогія маніторынгу
Абагульняючыя графікі
Дакументамі, на падставе якіх робіцца якасны аналіз, з’яўляюцца Кодэкс журналісцкай этыкі (прыняты ў 2006 годзе на з’ездзе ГА “БАЖ”); Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста; Освещение выборов в СМИ (Беларусь). Редакция 2016 г.; Международные стандарты освещения выборов в СМИ (Юридические и этические стандарты, рекомендации СМИ и отдельным журналистам).
Адзначым, што ў спісе пераважаюць дзяржаўныя медыя, якія займаюць дамінантнае становішча ў інфармацыйнай прасторы краіны. І якія фактычна з’яўляюцца часткай ідэалагічнай вертыкалі дзеючай улады: электронныя СМІ: навінавая праграма “Панарама” (“Беларусь 1”), навінавая праграма “Наши новости” (ОНТ), штотыднёвая праграма “Главный эфир” (“Беларусь 1”), штотыднёвая праграма “Контуры”, праграма ”Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё), праграма “Навіны-рэгіён” (ТРК “Магілёў”); інтэрнэт-рэсурсы: www.tut.by і www.belta.by; друкаваныя СМІ: “СБ.Беларусь сегодня”, “Народная воля”, “Комсомольская правда” в Белоруссии”, “Звязда”, “Мінская праўда”, “Могилёвская правда”.
Маніторынгі асвятлення ў медыя папярэдніх выбарчых кампаній у нашым раздзеле «Аператыўныя справаздачы».
Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!