ЕФЖ вывучае сацыяльную абароненасць журналістаў
Еўрапейская федэрацыя журналістаў правяла даследаванне сярод сваіх сябраў, каб высветліць сацыяльную абароненасць журналістаў лічбавых СМІ і журналістаў-фрылансераў.
У апытанні па лічбавых СМІ ўдзельнічаў 231 журналіст, 81% з іх уваходзяць у журналісцкія саюзы.
63% рэспандэнтаў сумяшчаюць працу для лічбавых СМІ з працай у традыцыйных СМІ. Каля 70% атрымліваюць навучанне ад сваіх саюзаў.
Большасць рэспандэнтаў працуюць ад 36 да 41 гадзін на тыдзень. Толькі 69% рэспандэнтаў атрымліваюць кампенсацыю за працу звыш нормы.
Для 61% рэспандэнтаў прысутнасць у анлайне і сацыяльных сетках з’яўляецца патрабаваннем.
Толькі 45% рэспандэнтаў задаволеныя сваёй працай. Сярод незадавальняльных фактараў працы анлайн: доўгі працоўны дзень, мала перапынкаў, начныя змены, недахоп супрацоўнікаў, стрэсы і інш.
У апытанні датычна абароненасці журналістаў-фрылансераў удзельнічалі прадстаўнікі 33 арганізацый з 28 краін. Даследаванне выявіла арганізацыі з вельмі высокім адсоткам фрылансераў (да 70% у нямецкай DJV і Польскай асацыяцыі журналістаў). Але ёсць асацыяцыі, дзе фрылансераў 0% (TGS, Турцыя, ESIEMTH, Грэцыя).
У 57% выпадкаў для ўступлення ў журналісцкі саюз трэба мець статус прафесійнага журналіста, як вызначана нацыянальным заканадаўствам.
Прыблізна чвэрць рэспандэнтаў маюць зніжкі па ўнёсках у свае асацыяцыі: напрыклад, у Іспаніі фрылансеры плоцяць толькі 2/3 ад кошту для штатных журналсітаў, у Румыніі – толькі 20%.
Апытанка яшчэ адкрыта, у ёй можна пакінуць уласныя адказы.
Камітэт абароны журналістаў уручыў Міжнародную прэмію за свабоду прэсы-2015
24 лістапада Камітэт абароны журналістаў (CPJ, Нью-Ёрк) правёў 25‑ю цырымонію ўручэння Міжнароднай узнагароды за свабоду прэсы. Сёлета прызёрамі сталі: суполка актывістаў “Raqqa is Being Slaughtered Silently”, адна з нешматлікіх надзейных крыніц інфармацыі, якая ананімна працуе ў Сірыі; карыкатурыст з Малайзіі Зунар, які асвятляе карупцыю ва ўрадзе; блогеры рэсурса “Zone 9” з Эфіопіі, якія правялі амаль год у турме па падазрэнні ў тэрарызме; парагвайскі журналіст Кандыда Фігерэда Руіс, які асвятляе дзейнасць кантрабандыстаў і наркакартэляў на мяжы Парагвая і Бразіліі і больш за 20 гадоў жыве пад кругласуткавай аховай паліцыі.
У Турцыі арыштаваныя два журналісты па абвінавачанні ў шпіянажы
У Турцыі 26 лістапада былі арыштаваныя журналісты выдання “Cumhuriyet” Джан Дзюрдан і Эрдэм Гюль па абвінавачанні ў падрыве дзяржаўнай бяспекі і ваенным шпіянажы. Як паведамляюць журналісцкія арганізацыі, у прыватнасці, ЕФЖ, справу адкрылі па заяве Рэсэпа Тайіпа Эрдагана на артыкул ад 29 траўня, у якім газета абвінавачвае турэцкія спецслужбы ў пастаўцы зброі паўстанцам у Сірыі. Міжнародны інстытут прэсы, які быў у складзе спецыяльнай місіі ў Турцыю ў міжвыбарны перыяд для даследавання сітуацыі са СМІ, заяўляе, што свабода слова ў Турцыі не проста пад пагрозай – яна пад пагрозай поўнага знішчэння. Міжнародныя арганізацыі патрабуюць вызвалення журналістаў.
Запушчаны сайты, прысвечаныя лічбавым правам
Запушчаны два праекты OnlineCensorship.org (пад кіраўніцтвам “Electronic Frontier Foundation”) і Ranking Digital Rights (праект Камітэта абароны журналістаў), прысвечаныя лічбавым правам. Праекты маюць мэту адсочваць, як тэхналагічныя кампаніі абараняюць свабоду слова і прыватнасць сваіх кліентаў і карыстальнікаў.
Кітайская журналістка-ветэран асуджаная на 5 гадоў турмы
26 лістапада апеляцыйны суд у Кітаі асудзіў журналістку Гао Ю на пяць гадоў турмы за разгалошванне дзяржаўнай таямніцы за мяжой. Журналістка была асуджана на сем гадоў турмы ў закрытым слуханні 24 лістапада. Апеляцыйны суд знізіў тэрмін да пяці гадоў, але вынік ўсё роўна застаўся абуральным. Гао Ю была арыштавана ў маі 2014 года па абвінавачанні ў прадстаўленні ў СМІ сакрэтнага дакумента. Пасля абвяшчэння прысуду 71-гадовая журналістка была адпушчана на лячэнне дахаты, але калі стан здароўя прыйдзе ў норму, яна адправіцца за краты.
Гао Ю з’яўляецца ветэранам журналістыкі і ўжо не першы раз трапляе за краты: у 1989 была арыштавана на год за артыкул пра студэнцкія пратэсты ў Ганконгу; у 1993 – 1999 г. правяла пяць з паловай гадоў у турме за публікацыі на палітычныя і эканамічныя тэмы. Гао Ю лічыцца дасведчаным экспертам па Камуністычнай партыі Кітая. З’яўляецца ганаровым сябрам чэшскага, дацкага і шведскага ПЭН-цэнтраў. Міжнародны ПЭН-цэнтр заклікае далучыцца да акцыі салідарнасці ў падтрымку Гао Ю і накіраваць зварот за вызваленне журналісткі.