Асацыяцыя анлайн-навінаў апублікавала новыя стандарты для збору інфармацыі ў сацыяльных сетках
Асацыяцыя анлайн-навінаў (Online News Association (ONA)) выпусціла новы Этычны кодэкс, які вызначае стандарты збору навінаў з сацыяльных сетак – патрэба ў такім кодэксе наспела з вялікай колькасцю памылак, якія дапускаюць нават буйныя медыйныя арганізацыі пры апрацоўцы інфармацыі, што пакідаюць карыстальнікі сацсетак.
Узяць, напрыклад, відэа выбуху ў аэрапорце ў Бруселі, якое аказалася не з Бруселя; або відэа забойства паліцэйскага – сведка здарэння, які выклаў відэа, папрасіў не распаўсюджваць саму сцэну забойства, але СМІ гэту просьбу праігнаравалі.
СМІ сталі ўсё больш абапірацца на карыстальнікаў сацыяльных сетак, таму паўстае пытанне, як абыходзіцца з відавочцамі падзей, як весці перамовы пра выкарыстанне інфармацыі, як спраўджваць паходжанне і вызначаць аўтарства інфармацыі.
Кодэкс збору навінаў з сацыяльных сетак, складзены “Асацыяцыяй анлайн-навінаў”, уключае 10 прынцыпаў:
- Імкнуцца спраўдзіць аўтэнтычнасць кантэнту, створанага карыстальнікам сацсетак, перад публікацыяй ці распаўсюдам, прытрымліваючыся стандартаў, роўных тым, якіх вы прытрымліваецеся пры апрацоўцы інфармацыі, атрыманай іншымі спосабамі.
- Празрыста казаць аўдыторыі пра статус праверкі інфармацыі, атрыманай ад карыстальнікаў.
- Мець на ўвазе эмацыйны стан і бяспеку карыстальніка, які стварае кантэнт.
- Улічваць рызыку, якая вынікае з просьбы да карыстальніка сацсетак стварыць і прадаставіць інфармацыю; узважваць, ці не заахвочваеце вы карыстальніка браць на сябе непатрэбную рызыку.
- Прадумваць тэхнічныя меры, каб забяспечыць ананімнасць крыніц інфармацыі, калі гэта неабходна.
- Атрымаць інфармаваную добраахвотную згоду на выкарыстанне інфармацыі ад карыстальніка сацыяльных сетак праз прамую камунікацыю з гэтым чалавекам.
- Зразумела казаць пра тое, як кантэнт будзе выкарыстаны і як будзе перадавацца на іншыя платформы.
- Пазначаць належным чынам уласніка кантэнту, маючы на ўвазе патэнцыйныя наступствы, у тым ліку фізічны, разумовы і рэпутацыйны дабрабыт уласніка кантэнту.
- Імкнуцца інфармаваць і навучаць журналістаў, як супрацьстаяць небяспецы, што ўзнікае пры ўзаемадзеянні з крыніцамі праз сацыяльныя сеткі і пра лічбавы след, які яны пакідаюць пасля сябе (г. зн. інфармацыя пра інтэрнэт-актыўнасць карыстальніка).
- Прапаноўваць падтрымку і дапамогу журналістам, якія сутыкаюцца з графічным ці іншым цяжкім кантэнтам. Падтрымліваць культуру ў арганізацыі, якая дае магчымасць журналістам звяртацца па дапамогу, калі ім трэба абараніць псіхічнае здароўе.
У складанні кодэкса ўдзельнічалі больш за 20 укладальнікаў з New York Times, Associated Press і Паўночна-заходняга ўніверсітэта (Чыкага). Падтрымалі кодэкс пакуль што 10 арганізацый, у тым ліку BBC, CNN, Guardian і AFP.
Акрамя гэтай ініцыятывы, былі створаныя адмысловыя арганізацыі і сайты для спраўджвання кантэнту і навучання па гэтай тэме (Belling Cat, Meedan, FirstDraftNews.com).