Адвакатка «рэгнумаўца» Шыптэнкі назвала бел-чырвона-белы сьцяг сымбалем калябарацыянізму
23 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе працягваюцца судовыя спрэчкі на працэсе над аўтарамі пракрамлёўскага сайту агенцтва Regnum.
Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку абвінавачваюць паводле 1‑й часткі артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу аб распальваньні ў складзе групы варожасьці паводле нацыянальнай прыналежнасьці.
Напярэдадні пракурор Аляксандар Кароль запатрабаваў пакараць Дзьмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку 5 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 3 гады. Калі прысуд будзе такім («з адтэрміноўкай»), абвінавачаныя ня трапяць за краты, калі ня будуць парушаць вызначаны ім рэжым.
Пракурор адмовіўся ад абвінавачваньня Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнкі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а таксама скарэктаваў абвінавачаньне ў адрас Дзьмітрыя Алімкіна. 22 студзеня выступіў абаронца Алімкіна адвакат Мікалай Хлебавец, які заклікаў суд да мінінімальнага пакараньня свайго падабароннага.
Тое, што Шыптэнка схаваўся за псэўданіамам, «не даказана»
Сёньня першай выступіла адвакатка Марыя Ігнаценка, абаронца Сяргея Шыптэнкі, які працаваў рэдактарам часопіса «Новая эканоміка» і друкаваўся ў Regnum пад псэўданімам Артур Грыгор’еў.
«За нашымі сьпінамі сядзяць не злачынцы, а людзі, якія пацярпелі за свае выказваньні», — адразу заявіла адвакатка. На яе думку, крымінальнай справы супраць аўтараў Regnum не мусіла быць адразу, паколькі падсудныя рэалізоўвалі сваё права на свабоду слова, гарантаванае беларускімі законамі і міжнароднымі пактамі, падпісанымі Беларусьсю.
Абаронца прааналізавала абставіны ўзьнікненьня высновы Рэспубліканскай экспэртнай камісіі, на падставе якой была заведзеная крымінальная справа супроць яе падабароннага. На думку адвакаткі, паседжаньне камісіі было праведзена з парушэньнямі і на замову зьверху.
Марыя Ігнаценка мяркуе, што сьледзтва так і не знайшло пераканаўчых доказаў, што тэксты, выстаўленыя яе падабароннаму Сяргею Шыптэнку, сапраўды ім былі напісаныя.
«Не даказана і тое, што ў яго быў карысьлівы матыў, нават сьледзтва не спрабавала гэта даказаць, хоць інкрымінавалі эканамічнае злачынства».
Экспэрты «палітычна ангажаваныя»
Шмат крытыкі ад абаронцы дасталося заключэньню Рэспубліканскай экспэртнай камісіі. Адвакатка заўважыла, што экспэртызу тэкстаў Шыптэнкі, кандыдата гістарычны навук, праводзілі людзі без спэцыяльнай гістарычнай адукацыі, таксама яны не мелі адмысловых ведаў у галіне экстрэмізму. З гэтай прычыны, паводле Марыі Ігнаценкі, была зробленая памылковая экспэртыза. «Менавіта словы экспэртаў Кірдун і Андрэевай спрычыніліся да незаконнага ўзяцьця пад варту майго падабароннага Шыптэнкі», — мяркуе абаронца.
Адвакат Марыя Ігнаценка лічыць, што ў Беларусі недастаткова разьвітыя навуковыя дасьледаваньні ў галіне экстрэмізму. Абаронца назвала некалькі вядомых у Расеі экспэртаў у галіне экстрэмізму, у прыватнасьці Марыю Галяшыну, да якіх магло зьвярнуцца сьледзтва, але не зрабіла гэтага. У выніку Марыя Ігнаценка сама зьвярталася да гэтых спэцыялістаў па аналіз тэкстаў Сяргея Шыптэнкі, і яны не знайшлі ў іх экстрэмізму.
Паводле адвакаткі, экспэрты былі палітычна ангажаваныя і нібыта самі гэта прызналі, калі заявілі ў судзе, што «тэксты пісаліся ў момант абвастрэньня стасункаў паміж Беларусьсю і Расеяй праз цэны на энэрганосьбіты».
«З высновы экспэртаў я так і не зразумела, паміж кім і кім распальвалася нацыянальная варожасьць тэкстамі майго падабароннага? Экспэрты, думаю, і самі гэтага не зразумелі. Паводле іх, распальвалася, і ўсё», — сказала Марыя Ігнаценка. Чаму, на думку адваката, узьнікла блытаніна? Бо экспэрты памылкова атаясамлівалі кіраўніцтва Беларусі зь беларускім народам, што не адно і тое ж. Так, Шыптэнка крытыкаваў беларускае кіраўніцтва, але не беларускі народ, прызнала Ігнаценка.
Экспэрты зрабілі выснову, што тэксты аўтараў Regnum, у тым ліку Сяргея Шыптэнкі, распальваюць варожасьць да беларускага народу ў Расеі.
Паводле абаронцы, у тэксте Шыптэнкі наконт падзей ва Ўкраіне насамрэч былі перасьцярогі, але не распальваньне варожасьці.
«Шыптэнка парасьцярагаў ад этнічнага нацыяналізму, які можа прывесьці да падзей, якія цяпер адбываюцца ва Ўкраіне. Але экспэрты блытаюць нацыяналізм з нацызмам, для іх гэта адно і тое ж», — мяркуе абаронца.
Таксама, як мяркуе абаронца, Сяргей Шыптэнка нідзе ў сваіх тэкстах ня кажа пра тое, што працэсы беларусізацыі наносяць шкоду Расеі. Паводле яе, Сяргей Шыптэнка — пасьлядоўны прыхільнік адзінства расейскага і беларускага народаў.
Аб «распрацоўцы» беларускай мовы
Частку свайго выступу абаронца прысьвяціла выказваньням Сяргея Шыптэнкі пра беларускую мову і таму, як іх ацанілі экспэрты.
Паводле абаронцы, экспэрты самі прызналі, што навуковая беларуская мова распрацоўвалася ў 20‑я гады мінулага стагодзьдзя, а гэта, паводле адваката, часткова пацьвярджае словы яе падабароннага пра штучнае стварэньне беларускай мовы.
«Не хапіла ведаў экспэртам, каб напісаць сваё заключэньне па-беларуску, а мы былі б ня супроць», — сказала адвакатка Марыя Ігнаценка.
Хіба бел-чырвона-белы сьцяг — гэта «сьвятыня»?
Адвакат мяркуе, што бел-чырвона-белы сьцяг быў сымбалем калябарацыянізму і акупацыі Беларусі. «Гэта так», — згодна Марыя Ігнаценка са сваім падабаронным Сяргеем Шыптэнкам, які так сьцьвярджаў у адным са сваіх артыкулаў. Паводле адваката, яе падабаронны меў права ставіцца не як да сьвятыняў да бел-чырвона-белага сьцяга і беларускай вышыванкі.
Адвакатка папрасіла суд апраўдаць падсуднага і зьняць арышт з маёмасьці.