Пракурор запатрабаваў для аўтараў Regnum па 5 год турмы з адтэрміноўкай (АБНОЎЛЕНА)
У Менскім гарадзкім судзе 22 студзеня праходзяць спрэчкі бакоў па «справе Regnum», у якой Дзьмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку абвінавачваюць у распальваньні нацыянальнай варожасьці і (Паўлаўца і Шыптэнку) ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці за публікацыі на расейскіх рэсурсах, у тым ліку на сайце Regnum.
Пракурор запатрабаваў пакараць Дзьмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на тры гады. Калі прысуд будзе такім («з адтэрміноўкай»), абвінавачаныя ня трапяць за краты, калі ня будуць парушаць вызначаны рэжым.
Пракурор прасіў суд улічыць станоўчыя характарыстыкі абвінавачаных.
«Парушэньняў закону пры завядзеньні крымінальнай справы таксама не было», — пракурор
Пракурор Аляксандр Кароль мяркуе, што спэцыялісты, якія ўдзельнічалі ў экспэртызе артыкулаў падсудных, далі паказаньні, што не супярэчаць заключэньню — працэдура праводзілася законна, лічыць пракурор. Ён канстатуе, што экспэрты былі кваліфікаваныя і добра падрыхтаваныя, у тым ліку праходзілі навучаньне ў Расеі.
Як мяркуе Кароль, на судовым сьледзтве было даказана, што падсудныя атрымлівалі грошы за свае артыкулы, вялі перамовы з працадаўцамі аб аплаце, запазычанасьці па аплаце, узгаднялі іншыя фінансавыя пытаньні. Паводле пракурора, экспэрты абгрунтавана засьведчылі, што артыкулы падсудных узбуджалі нацыянальную варожасьць.
«Важны момант: адзначана экспэртамі, што нельга распаліць варожасьць толькі адной фразай, для гэтага патрэбна ўлічваць увесь тэкст і сытуацыю», — дадаў пракурор.
«Пры гэтым аўтар не прапановаў уступіць ў дыскусію, а паведамляў свае думкі як нібыта агульнапрынятыя факты».
Артыкулы падсудных, мяркуе ён, былі скіраваная на ўзбуджэньне варожасьці ня толькі паміж беларусамі і рускімі, але і супроць прадстаўнікоў «амэрыканскага і нямецкага сьвету».
Разам з тым, пракурор палічыў важным увесьці некаторыя карэктаваньні абвінавачаньня Алімкіна. У тым ліку ён адмовіўся ад згадваньня ў абвінавачаньні прадстаўнікоў «амэрыканскага і нямецкага сьвету», бо, паводле экспэртаў, гэта не ёсьць прыкметай нацыянальнасьці.
У Юрыя Паўлаўца, паводле пракурора, не даказаная вялікая сума грашовых пераводаў з‑за мяжы і таму адмовіўся ад часткі абвінавачаньня — аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Гэтак сама пракурор вырашыў адмовіцца ад такога абвінавачаньня і на адрас Шыптэнкі.
Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі. На Баранчыка завялі асобную справу.