Адрэагавалі на скаргі чыноўнікаў? «Рудабельскую паказуху» тэлефоннага пранкера Павука абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Нашумелы праект блогера Андрэя Павука «Рудабельская паказуха», пад шыльдай якога ён робіць правакацыйныя тэлефанаванні беларускім чыноўнікам, прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
Пра адпаведнае рашэнне паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, хоць на сайтах упаўнаважаных на гэта сілавых структур адпаведнай інфармацыі пакуль няма.
«За публічныя заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў, арганізацыю дзейнасці дзеля падрыхтоўкі і здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь група грамадзян, аб’яднаных пад назвай «Рудабельская паказуха», прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем», — пішуць крыніцы, набліжаныя да сілавікоў.
«Рудабельская паказуха» ў апошнія гады стала сапраўдным мемам і адначасова «страшным сном» для высокапастаўленых функцыянераў. Блогер з пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне Андрэй Павук, які з прычыны пераследу пакінуў Беларусь, запачаткаваў моду на тэлефанаванне чыноўнікам рознага ўзроўню, вымагаючы суразмоўцаў адказваць на нязручныя пытанні (ці, хутчэй, рознымі спосабамі ад іх ухіляцца). А затым выкладаў запісы дыялогаў у публічным доступе.
Адным з апошніх, каго блогер давёў да «белага калення», стаў намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі, экс-кіраўнік сумна вядомага падраздзялення ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў. Пазнаўшы Андрэя Павука, абазваў яго «жывёлай» і прыгразіў, што абавязкова таго «знойдзе».
YouTube-канал «Рудабельская паказуха» мае амаль 50 тысяч падпісантаў, неаднаразовыя спробы дзяржаўных хакераў узламаць ці заблакаваць пляцоўку плёну не мелі.
Раней у Беларусі супраць Андрэя Павука ўжо пачалі шэраг крымінальных спраў. Напрыклад, паводле арт. 203–1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады), 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
Напраканцы мінулага года ўпраўленне ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры нават выпусціла адмысловую заяву з нагоды «свавольстваў» Андрэя Павука, які, называючы сябе суддзёй, тэлефанаваў пракурорскім работнікам і іх сваякам.
Адзначаецца, што ў гутарках з імі блогер «паведамляў загадзя ілжывыя звесткі пра палітычнае становішча Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваў паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы». Ведамства завочна прыгразіла тэлефоннаму пранкеру зняволеннем да 6 гадоў за «экстрэмісцкую дзейнасць».
Андрэй Павук родам з Нароўлі на Гомельшчыне, адзін з тысяч вымушаных чарнобыльскіх перасяленцаў. Ён сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, заснавальнік і аўтар папулярнага YouTube-канала «Рудабельская паказуха». За грамадзянскую пазіцыю неаднаразова затрымліваўся і прыцягваўся да адказнасці ў райцэнтры Акцябрскі, дзе жыў да эміграцыі.
У кастрычніку 2020 года, ратуючыся ад пераследу, з’ехаў з сям’ёй за мяжу. На пачатку быў у камандзе сайта зняволенага калегі-блогера Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни», затым засяродзіўся на эпатажным дуэце «Красная зелень» з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук, з якой запісваў сатырычныя ролікі «на злобу дня». Не так даўно дуэт распаўся, блогер зноў вярнуўся да індывідуальнай творчай дзейнасці.
Чытайце яшчэ:
Блогер Андрей Паук: «Власть и ее сторонники беззащитны перед свободой слова, правдой и открытостью»
Закладнік уласнай сістэмы. Чаму прапаганда так нязграбна рэагавала на знікненне Лукашэнкі
«Ватыкан праігнараваў свайго шчырага верніка Ігара Лосіка». «Хрысціянская візія» не атрымала адказу на зварот да Папы Рымскага