• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    22 верасня Вярхоўны суд будзе разглядаць апеляцыйную скаргу Паўла Падабеда

    Працэс паводле скаргі журналіста-фрылансера Паўла Падабеда, асуджанага да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, распачнецца а 9.30.  Пакуль не паведамляецца, будзе ён адкрытым ці закрытым. Суддзём прызначаны Юрый Руткоўскі.

    30 чэрвеня суддзя Мінскі гарадскі суд прызнаў Паўла Падабеда вінаватым паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса («Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і прыгаварыў да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

    Відэааператара абвінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», які быў прызаны «экстрэмісцкім фармаваннем» 3 лістапада 2021 года паводле рашэння Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

    У якасці доказаў у судзе першай інстанцыі дэманстраваліся відэасюжэты «пратэснага кантэнту», у тым ліку прысвечаныя знікламу ў 2000 годзе відэааператару Дзмітрыю Завадскаму і забітаму журналісту Паўлу Шарамету. Хоць прозвішча Падабеда ў тытрах не значылася, суд вырашыў, што ён мае непасрэдную датычнасць да здымкаў. У ходзе судовага працэсу стала зразумела, што тэлефон Паўла Падабеда праслухоўваўся і што сілавікі мелі доступ да ягонага ліставання ў месенджарах.

    Таксама журналіста вінавацілі ў «карыслівых матывах» і атрыманні фінансавай выгады ад журналісцкай дзейнасці — падставай стала наяўнасць карткі замежнага банка.

    Судовы працэс над ім прайшоў у рэкордна кароткі тэрмін: разгляд справы распачаўся 28 чэрвеня, і ўжо 30 чэрвеня прагучаў вырак, прычым суддзя Яўген Пісарэвіч цалкам падтрымаў прапанову дзяржабвінаваўцы наконт пакарання для журналіста. Павел Падабед сваёй віны не прызнаў.

    Да суду Падабед правёў за кратамі больш за паўгода, у траўні за кратамі ён сустрэў свой 44‑ы дзень нараджэння.

    Відэааператара-фрылансера затрымалі 20 студзеня 2023 года. У яго дома правялі ператрус, следчыя забралі на экспертызу ўсю аргтэхніку, мабільныя тэлефоны, а таксама відэакамеру. Першапачаткова міліцыянты склалі на Падабеда пратакол за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на падставе старых рэпостаў у сацсетках (за 2012 год). Суд пакараў журналіста 15 суткамі арышту паводле арт. 19.11 КаАП. Але напярэдадні меркаванага вызвалення яго забралі на допыт, пасля чаго перавялі ў сталічны следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. І ўжо там прад’явілі крымінальнае абвінавачанне. 

    Праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітычным вязнем: паводле меркавання праваабаронцаў, пераслед яго звязаны з прафесійнай дзейнасцю.

    Да сярэдзіны жніўня асуджанага ўтрымлівалі ў мінскім СІЗА № 1, потым этапавалі ў следчы ізалятар пры магілёўскай турме, дзе ён чакае разгляду апеляцыйнай скаргі Вярхоўным судом.

    Да слова, суддзя Юрый Руткоўскі, якога прызначылі разглядаць скаргу Паўла Падабеда, — той самы, які адмовіў у задавальненні апеляцыйнай скаргі Дар’і Лосік, жонцы асуджанага фрылансера Радыё «Свабода» Ігара Лосіка.  Сёлета 21 сакавіка Вярхоўны суд у асобе суддзі Руткоўскага пакінуў без зменаў прысуд жанчыне, якую прызналі вінаватай у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса. Падставай для абвінавачання стала інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» пра акалічнасці пераследу мужа, пакаранага па так званай «справе Ціханоўскага» на 15 гадоў зняволення ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Цяпер Дар’я і Ігар Лосікі абодва знаходзяцца за кратамі, іх чатырохгадовую дачку выхоўваюць бацькі асуджаных сужэнцаў.

    Чытайце яшчэ: 

    «Упершыню з’явілася адчуванне, што я ў гэтым жыцці зусім адна». Пяць гісторый журналістаў, з якімі спынілі адносіны родныя праз грамадзянскую пазіцыю

    «Самы пачварны дзень у маім жыцці». Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч распавёў пра свой арышт

    Что такое туркменизация журналистики? Это возможное завтра для белорусских медиа

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці