12 загалоўкаў дзяржаўных медыя ператварыліся ў фотапраект
Праект беларускай фатографкі Сашы Вялічка «Стан адмаўлення» пачаўся з 12 загалоўкаў дзяржаўных медыя, апублікаваных у дзень, калі ў Беларусі адбываліся адвольныя арышты, піша Chrysalismagazine.
Фатографка, абапіраючыся на шалёныя газетныя загалоўкі, з дапамогай штучнага інтэлекту генеравала такія ж абсурдныя выявы. Гэтай серыяй яна хацела падкрэсліць чалавечую тэндэнцыю пазбягаць і замяняць невыносныя тэмы павярхоўным і забаўляльным лічбавым кантэнтам.
У серыю«Стан адмаўлення» трапілі загалоўкі, у якіх распавядалася пра затрыманні за малітву, беларускую мову, скрынку з‑пад тэлевізара, адмову здаваць кватэру, снегавіка і «хараводную справу».
Таксама спадарыня Вялічка стварае пастановачныя сцэны, якія паказваюць рэальную прычыну затрымання, бо яна не згадваецца ў дзяржаўнай прэсе. У сваім праекце яна аб’ядноўвае розныя тыпы выяў і кантэнту і імкнецца паказаць артэфакты са СМІ, каб адцягнуць увагу ад гэтых недапушчальных дзеянняў.
Зараз «Стан адмаўлення» выстаўляецца ў галерэі Zachęta у Варшаве. Там серыя беларускай мастачкі стала часткай групавой выставы «From the Ashes». Пазней праект паедзе ў Францыю як частка фестывалю маладой Еўрапейскай фатаграфіі CIRCULATION(S).