29 жніўня палітзняволенаму журналісту Вячаславу Лазараву спаўняецца 48 гадоў
Паўтара гады палітвязня трымаюць за кратамі. Віцебскага відэааператара-фрылансера асудзілі паводле «экстрэмісцкага» артыкула — ён быў абвінавачаны за супрацу з тэлеканалам «Белсат». Разам з Вячаславам Лазаравым судзілі і ягоную жонку Таццяну Пыцько, якую празналі вінаватай за дапамогу мужу ў прафесійнай дзейнасці.
Суд зменшыў першапачатковы тэрмін
Затрымалі віцебскага журналіста ўвечары 9 лютага 2023 года пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі — у кватэры ягонай маці. У яго забралі мабільныя тэлефоны і маленькую відэакамеру. Таксама ператрус сілавікі правялі па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Таццяны Пыцько , там у выніку забралі ноўтбук і два тэлефоны. Праз некалькі месяцаў Таццяну таксама затрымалі пасля чарговага ператрусу. Па вывучэнні дэвайсаў следчыя знайшлі падставы для крымінальнага абвінавачання сужэнцаў.
25 верасня 2023 года Віцебскі абласны суд прызнаў абодвух вінаватымі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Яўген Буруноў прыгаварыў Вячаслава Лазарава да 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Таццяну Пыцько — да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
21 лістапада апеляцыйныя скаргі Лазарава і Пыцько на прысуд у закрытым рэжыме разглядаў суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі. Ён перакваліфікаваў склад злачынства, новы вырак ім быў вынесены паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фарміраванні.
Выпадак Вячаслава Лазарава — адзін з нямногіх, калі Вярхоўны суд зменшыў першапачатковы тэрмін.
Па выніку разгляду апеляцыі Вярхоўны суд прызначыў іншае пакаранне: Вячаславу — 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Таццяне — 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выканання пакарання да таго часу, пакуль яе малодшай, агульнай з Вячаславам, дачцэ не споўніцца тры гады. У хуткім часе жанчыну вызвалілі з‑пад варты.
Дзевяць месяцаў у калоніі практычна без сувязі з блізкімі
Адбываць тэрмін пакарання Вячаслава Лазарава накіравалі ў магілёўскую папраўчую калонію № 15. Тым часам зняволенага відэааператра МУС унёс у ведамасны пералік «экстрэмістаў».
Падчас зняволення сямейная пара развялася. Звесткі пра тое, як расце ягоная дачка — Еве зараз 2 гады і 3 месяцы — Вячаслаў атрымлівае толькі з рэдкіх лістоў ад маці. Ліставанне нерэгулярнае, да ўсяго сын імкнецца не расстройваць маці-пенсіянерку залішнімі падрабязнасцямі нялёгкага жыцця за кратамі.
Жанна Аркадзеўна Лазарава мае інваліднасць, бо ў яе вялікія праблемы з апорна-рухальным апаратам, яна практычна не выходзіць за межы кватэры. 77-гадовая жанчына з кепскім здароўем не мае фізічнай магчымасці трапіць на спатканне з сынам — нават лісты да яго яна адпраўляе з дапамогай суседзяў, якія дапамагаюць ёй у побытавых справах.
Маці Вячаслава стаіць на чарзе на аперацыю па замене суставаў, але чарга рухаецца марудна. Сын збіраў грошы на платную аперацыю, але пасля затрымання ўсе грашовыя сродкі былі забраныя разам з ягонымі банкаўскімі карткамі.
Пра тое, як жыве віцебскі журналіст ва ўмовах зняволення, вядома няшмат. У сакавіку-красавіку ён хварэў на пнеўманію і адразу па вяртанні з лякарні яго накіравалі ў штрафны ізалятар. Пра гэта распавёў праваабаронца Павел Левінаў, які даведаўся пра навіны палітвязня з асабістых крыніц.
У Віцебску дагэтуль пераследуюць тых, каго Вячаслаў Лазараў здымаў для «Белсата»
Вядома, што ў Следчы камітэт па справе Лазарава і Пыцько выклікалі некалькі чалавек, якіх здымаў відэааператар. Паводле тых, хто пабываў на допытах, следчыя цікавіліся героямі інтэрв’ю, якія здымаліся ў 2022 годзе і раней. І нібыта такіх людзей ідэнтыфікавана па відэазапісах ужо некалькі дзясяткаў.
Праз гутаркі з імі следчыя шукалі доказы супрацоўніцтва Лазарава і Пыцько з тэлеканалам «Белсат», які быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаірваннем» у лістападзе 2021 года. Некаторыя з дапытаных былі сведкамі ў судзе над сямейнай парай.
Потым следчыя распачалі некалькі крымінальнах спраў ужо супраць тых, каго здымаў Вячаслаў Лазараў. На сёння вядома прынамсі пра адну такую справу, якую ўжо падрыхтавалі для перадачы ў суд.
Сябры і калегі занепакоеныя тым, што праз крымінальны пераслед сілавікі запалохваюць землякоў відэааператара-фрылансера і спрабуюць справакаваць негатыўнае стаўленне да незалежных СМІ. Што да Вячаслава Лазарава, то знаёмыя з ім людзі заўсёды адзначалі ягоны прафесіяналізм, памкненне ўдасканальвацца ў абранай справе і адданасць ёй.