Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак Настассі Мацяш, асуджанай да двух гадоў зняволення
Cуддзя Вярхоўнага суда Сяргей Гураў 28 чэрвеня разгледзеў апеляцыйную скаргу Настассі Мацяш. Скаргу вырашана пакінуць без задавальнення, а вырак суда першай інстанцыі — без зменаў.
Такім чынам, Настассі Мацяш не ўдалося абскардзіць рашэнне Мінскага гарадскога суда, які прызнаў яе вінаватай ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса суддзя Святлана Макарэвіч пакарала жанчыну двума гадамі пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі і велізарным штрафам памерам 20 тысяч рублёў.
Таксама Мінскі гарадскі суд абавязаў Настассю Мацяш сплаціць дзяржаве 102 415 рублёў і 12 капеек — як «даход, атрыманы злачынным шляхам».
Паводле боку абвінавачання, Мацяш нібыта атрымала «злачынны даход» за супрацу з «Белсатам». Следства заяўляла, што з чэрвеня 2021 года да лістапада 2023 года, яна, «з’яўляючыся моўным кансультантам Польскага тэлебачання «TVP», у склад якога ўваходзіць польскі тэлеканал «Белсат tv Belsat», неаднаразова на загад кіраўніцтва «Белсат», прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем, ажыццяўляла правядзенне моўных кансультацый, пераклад, карэктаванне, рэдагаванне тэкстаў, якія ў далейшым выкарыстоўваліся ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання «Белсат» для экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам стварэння і распаўсюду з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі інтэрнэт».
Інтэрнэт-рэсурсы тэлеканала «БЕЛСАТ» былі абвешчаны «экстрэмісцкім фарміраваннем» 3 лістапада 2021 года. Адпаведнае рашэнне прынята Міністэрствам унутраных спраў Беларусі.
Неўзабаве пасля разгляду апеляцыйнай скаргі Вярхоўным судом Настассю Мацяш мусяць этапаваць у калонію для адбыцця прысуджанага тэрміну зняволення. 27 траўня Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала жанчыну палітычнай зняволенай.