• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Медыясупрацоўніка Алеся Марчанку МУС унёс у спіс «экстрэмістаў»

    Алеся Марчанку, асуджанага да зняволення па абвінавачанні ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», МУС Беларусі ўнёс у пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Імя палітвязня  28 чэрвеня з’явілася ў абноўленым спісе, які складае сілавое ведамства.

    Алесь Марчанка журналіст за кратамі

    Відэааператар Алесь Марчанка. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book

    У дакуменце пазначана, што зняволены ўжо адбывае пакаранне. Па звестках праваабаронцаў, Марчанку накіравалі адбываць прысуд у магілёўскую папраўчую калонію № 15.

    Сёлета 2 красавіка суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Макарэвіч прызнала Алеся (Аляксандра) Марчанку вінаватым паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Суддзя прыгаварыла Марчанку да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму.

    Не пагадзіўшыся з такім вердыктам, Алесь Марчанка падаў апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Яе разгляд адбыўся 4 чэрвеня, суддзя Аляксей Хлышчанкоў пакінуў вырак суда першай інстанцыі без зменаў, а скаргу без задавальнення. 

    Алесь Марчанка быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 19 кастрычніка 2023 года. На пачатку ён адбыў за кратамі два адміністрацыйныя артышты па 15 сутак. Праваабаронцам вядома, што другі з іх быў прызначаны 3 лістапада судом Цэнтральнага раёна Мінска. Тады суддзя Юлляна Шчэрба прызнала 63-гадовага Марчанку вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП). Пакуль мужчына знаходзіўся пад арыштам, сілавікі знайшлі падставы для крымінальнага пераследу.

    28 сакавіка 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алеся Марчанку палітычным вязнем.

    Вядома, што яшчэ ў лістападзе 2018 года Алесем Марчанкам цікавіліся, меркавана, супрацоўнікі КДБ. Спачатку яму тэлефанавалі і запрашалі «паразмаўляць». У адказ на просьбу даслаць афіцыйную позву прагучала пагроза: «Не хотите по-хорошему — будет по-плохому». У той самы дзень людзі ў цывільным прыязжалі дадому да Марчанкі, але яго не заспелі. Праз жонку яны зноў перадалі запрашэнне на «гутарку», але ніякай позвы не пакінулі. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці