Тыктокерка Жанна Лаўрова на волі
Сёння ранкам Жанна Лаўрова выйшла ў эфір у тыктоку.
Падрабязнасці ўчорашняга дня яна не распавядала. Сказала, што застаецца са сваімі гледачамі і збягаць не збіраецца. «Я хачу жыць у сваёй краіне, мне тут спакойна, добра. Мільён разоў гэта казала».
Яна распавяла, што ўчора закрыла каментары — у сувязі «з перакручанымі відэа столькі бруду ліецца».
Таксама яна падзякавала тым, хто ўчора падтрымаў яе, і тым, хто «перакруціў ». «Гэта для мяне таксама вялізны досвед, вялізныя вывады, таму таксама дзякуй», — сказала яна.
Учора ГУБАЗіК напісаў, што Жанна Лаўрова затрыманая. Каналы жанчыны нейкі час былі недаступныя, але іх аднавілі.
У адным з апошніх стрымаў Лаўрова сказала, што «яе сасіскі троху падгарэлі, бо прыляцеў бумеранг, таму што ёй шкада і ўкраінскіх дзяцей». Гэтыя словы выдраў з кантэксту (з некалькіх хвілінаў роліку пакінуўшы 10 секунд) прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла. Ён апублікаваў у сваіх сацсетках допіс, дзе заклікаў сілавікоў арыштаваць жанчыну.
Лаўровай пагражалі крымінальнай справай за «прапаганду тэрарызму» і сямю гадамі турмы. У якім статусе знаходзіцца жанчына, невядома.