• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гомелі распачаўся суд над відэааператарам Андрэем Толчыным

     

     

    У Гомельскім абласным судзе сёння распачаўся працэс над відэааператарам-фрылансерам Андрэем Толчыным. Журналіста ўжо больш за пяць месяцаў трымаюць за кратамі. Яго вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

    Андрэю Толчыну высунулі абвінавачанні за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (частка 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса), «Паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (частка 2 артыкула 367 КК), «Дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (артыкул 369–1 КК).

    Справу разглядае суддзя Дзмітрый Казлоў, які ўжо неаднойчы судзіў жыхароў гомельскага рэгіёна па палітычна матываваных крымінальных справах.

    Андрэя Толчына затрымалі 27 верасня 2023 года. Спачатку яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а на наступны дзень, 28 верасня, у кватэры, дзе Андрэй жыў з жонкай, правялі ператрус. Следчыя забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Жонцы патлумачылі, што ператрус ладзіўся нібыта ў межах справы за экстрэмізм. Яшчэ праз некалькі дзён Толчына перавялі ў гомельскі СІЗА‑3, дзе трымаюць дагэтуль. У зняволенні ў 64-гадовага журналіста пагоршыўся стан здароўя, з якім і да таго ўжо былі праблемы: ён пакутуе на гіпертанію і вымушаны трываць боль у нагах.

    Летась 16 лістапада беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Толчына палітычным вязнем.

    На працягу апошніх гадоў Толчын супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі ў якасці відэааператара, яго неаднаразова затрымлівалі, штрафавалі і адпраўлялі «на суткі» па адміністрацыйных абвінавачаннях. У рэгіёне яго ведаюць не толькі як журналіста-фрылансера, але і як аднаго са стваральнакаў незалежнай гарадской газеты «Гомельскія ведамасці».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці