• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Бастунец: Больш за 20 беларускіх медыяарганізацый прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»

    Беларускія ўлады працягваюць выкарыстоўваць заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для перашкоды дзейнасці незалежных медыя, адзначыў 13 снежня падчас пасяджэння дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які выступаў па анлайн-сувязі.

    Па яго дадзеных, больш за 20 беларускіх медыяарганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, прызнаныя беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

    — Гэта ставіць пад пагрозу не толькі супрацоўнікаў і аўтараў СМІ, але і іх аўдыторыю, — падкрэсліў старшыня БАЖ.

    Андрэй Бастунец таксама адзначыў, што ціск уладаў і вымушаная рэлакацыя большасці вядучых незалежных СМІ пагаршаюцца эканамічнымі праблемамі, з якімі сутыкнуліся рэдакцыі: скарачэнне рэкламных даходаў, даходаў ад продажаў, іншых магчымасцяў зарабляць сродкі пры адначасовым павелічэнні выдаткаў.

    — Аднак беларускі незалежны медыясектар захоўвае адзінства і дэманструе высокі ўзровень карпаратыўнай салідарнасці і каардынацыі. Гэта надае яму ўстойлівасць нават у гэты крытычны перыяд існавання, — лічыць кіраўнік журналісцкай арганізацыі.

    Ён нагадаў, што па ініцыятыве БАЖ у гэтым годзе праводзіўся Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі. Па ўсім свеце палітыкі, праваабаронцы, грамадзянскія актывісты выходзілі, каб падтрымаць нашых калегаў.

    — Сёння, падчас войнаў і канфліктаў, якія па аб’ектыўных прычынах выкідваюць з міжнароднага парадку дня Беларусь і яе праблемы ў сферы правоў чалавека, вельмі важна на ўсіх пляцоўках нагадваць пра Беларусь, незалежныя медыя і журналістаў за кратамі, — выказаў спадзяванне старшыня БАЖ.

    Як дадаў Андрэй Бастунец, цяпер у месцах зняволення знаходзяцца больш за 30 супрацоўнікаў беларускіх медыя. Некаторыя ўжо выйшлі на волю пасля адбыцця тэрміну пакарання, але адначасова адбываюцца затрыманні іншых журналістаў.

    — Гэта не проста лічбы. Большасць з калегаў у зняволенні — мае добрыя знаёмыя і нават блізкія сябры. Нават у страшным сне мне такое не снілася, — падсумаваў старшыня БАЖ.

    Чытайце яшчэ:

    «Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы

    Алег Агееў: Гэта выклік — як бараніць правы іншых, калі беларускія праваабаронцы самі з’яўляюцца ўразлівай групай

    Акцыю па падтрымцы зняволеных беларускіх журналістаў правялі ў Канадзе

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці