«Востра адчуваецца недахоп галасоў зняволеных журналістаў». Дыпламаты ў Беларусі звярнуліся з адкрытым лістом
У Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў дыпламаты, якія знаходзяцца ў Беларусі, накіравалі лісты падтрымкі ўсім 33 зняволеным прадстаўнікам медыя. Тэкст апублікавала амбасада Германіі.
— На сёння ў Беларусі несправядліва знаходзяцца ў зняволенні 33 журналісты і работнікі СМІ, — падкрэсліваюць у сваім звароце дыпламаты. — У публічнай сферы Беларусі востра адчуваецца недахоп іх галасоў.
Паводле ацэнкі дыпламатаў, шматлікія рэпрэсіі супраць журналістаў і работнікаў СМІ ў Беларусі з’яўляюцца парушэннем міжнародных абавязкаў, прыхільнасць да якіх Беларусь як чалец Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, прызнае сама.
— Кожнаму і кожнай з 33 работнікаў СМІ, якія несправядліва знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі, сёння быў накіраваны ліст. Ніводны з гэтых адважных галасоў не забыты. І ніводны з іх забыты не будзе, — адзначаюць прадстаўнікі заходніх краін.
Ліст падпісалі прадстаўнікі дыпламатычных місій Германіі, Аўстрыі, Балгарыі, Чэхіі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Швецыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі.
Нагадаем, што ў 2013 годзе Генеральная Асамблея ААН прызначыла 2 лістапада Міжнародным днём спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў. У рэзалюцыі асуджаецца ўсялякае прымяненне сілы супраць работнікаў СМІ — у тым ліку і ў форме пазбаўлення волі.
Чытайце яшчэ:
«34. Гэта не лічбы, а нашы сябры і блізкія за кратамі». Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі працягваецца
ПЦ «Вясна»: з’явілася інфармацыя пра затрыманне тэлевядоўцы і спявачкі Ларысы Грыбалёвай
Былы супрацоўнік TUT.BY Аляксандр Дземідовіч выпусціў кнігу сваіх успамінаў «Записки несостоявшегося «химика»»